Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Шануюць роднае слова на Скідзельшчыне

Шануюць роднае слова на Скідзельшчыне

23 сакавіка 2022, 23:07 Мова 16
Шануюць роднае слова на Скідзельшчыне

Падчас святкавання Міжнароднага дня роднай мовы  сустрэчу  са скідзельскай  паэткай  Тамарай  Мазур наладзілі   вучні  6 “А” класа  СШ № 1 г. Скідзеля. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Давыдаўна Радзецкая ўжо неаднаразова запрашала Тамару Міхайлаўну на вечарыны і паэтычныя імпрэзы. Рыхтаваліся да свята вучні, вядоўцы Алеся Міхно і Салей Аляксандра,  і сама госця. Паэтка старалася зацікавіць і паяднаць усіх вучняў адной  ідэяй: любоўю да роднага слова; імкнулася акунуць іх у святло і хараство роднай мовы, наталіць іх душы яе звонкасцю і мілагучнасцю. Паэтцы ўдалося наладзіць кантакт са сваімі цікаўнымі слухачамі так, быццам гэта была не першая сустрэча з імі, а шчырая размова з даўно знаёмымі сябрамі – аматарамі беларускай паэзіі. Вучні задавалі пытанні нашай зямлячцы. Адным словам, сустрэча атрымалася шчырай і цёплай.

Вучні школы таксама наведалі выставу твораў “Роднай мовы пералівы” у бібліятэцы. Вялікай папулярнасцю карысталася  фота- і інстаграмзоны.

На працягу ўсяго тыдня, прысвечанага Міжнарод-наму дню роднай мовы, у сярэдняй школе №2 праходзіла акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Вучні  9″В” класа – адзінага класа з беларускай мовай навучання сярод усіх школ Скідзеля,  разам са сваім класным кіраўніком Аленай Мікалаеўнай Волчак запрасілі наведаць гасцёўню “Шануй сваю мову”. Галоўнай высновай  мерапрыемства стала вялікая  значнасць роднай мовы для захавання беларускай нацыі.

     У дзень роднай мовы была адзначана старанная праца  вучаніцы 10 класа  Святланы Ціцяк, якая ў складзе прадстаўнікоў Гарадзенскага раёна прымала ўдзел у абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Сярод сваіх сяброў па раённай  камандзе яна  набрала самую вялікую колькасць балаў, але, на жаль, да прызавога месца іх трошкі не хапіла. Гэта быў першы яе ўдзел у алімпіядзе такога ўзроўню. Пажадалі  Святлане поспехаў на наступны год.

     Вучні 5 “А” класа прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Сваімі словамі”. Дзецям весела было разгадваць крыжаванкі, маляваць малюнкі, выконваць заданні на развіццё ўважлівасці і логікі. Таксама вельмі цікавай здалася вучням гульня ў фанты: адзін удзельнік імкнуўся правільна патлумачыць зададзенае беларускае слова, а другі гулец “ламаў галаву” над адказам.

На мерапрыемстве панаваў вясёлы і пазітыўны настрой. Усе вучні былі вельмі задаволеныя, бо ўзбагацілі свой беларускі слоўнікавы запас і папоўнілі веды.

Вучні і настаўнікі  школы далучыліся да 15-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Удзельнікі акцыі напісалі тэкст пра свой скідзельскі край, яго слаўнае гістарычнае мінулае, узгадалі літаратурных дзеячаў Скідзельшчыны, паслухалі цудоўную сучасную беларускую музыку, павіншавалі адзін аднаго са святам.

Шчыра падзякавала ўсім намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Аляксандраўна Бычэнка, якая чытала  тэкст дыктоўкі. Яна пажадала, каб дзень роднай мовы стаў годам роднай мовы, стагоддзем роднай мовы, вечнасцю роднай мовы!

 

Кожны год у сярэдняй школе № 3 г. Скідзеля цікава адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета мерапрыемствы ў час правядзення тыдня роднай мовы таксама  былі   разнастайныя: агульнаабласная дыктоўка, конкурсы перакладчыкаў і чытальнікаў, квэст-гульні, паэтычны чэлендж, арт-выставы, караоке-перапынкі з выкананнем народных і сучасных беларускіх песень і шмат іншых.

Па запрашэнні настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Кошчыц да навучэнцаў СШ № 3 г. Скідзеля завіталі скідзельчанкі, якія пішуць і выдаюць уласныя кнігі.   

Тамара Мазур пазнаёміла старшакласнікаў з пяццю сваімі зборнікамі, у якія ўвайшлі вершы, паэмы, апавяданні і нарысы, сярод іх апошняе выданне з адметнай назвай “Як мае быць”. Паэтка і журналістка акцэнтавала ўвагу на роднай мове, з якой усё жыццё чэрпае натхненне на творчую працу

Таццяна Савянкова, захавальніца літаратурна-краязнаўчага музея на малой радзіме сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі ў вёсцы Мількаўшчына,  прэзентавала сваю  кнігу гістарычна-краязнаўчых артыкулаў “Ад роднай зямлі”. Асноўная частка кнігі прысвечана гісторыі вёсак, мястэчак, жыццёваму шляху слаўных жыхароў Гарадзеншчыны. Вучні 9 “Б” класа з цікавасцю слухалі аповед пра змест раздзела кнігі  “Быць беларусам”, дзе  асаблівая ўвага  звернута на значнасць ведання сваіх каранёў, свайго роду, захавання сваёй гістарычнай і культурнай спадчыны і, галоўнае,  вернасці сваёй  роднай мове – мове дзядоў і прадзедаў.

Выхаванцы дзіцячага садка № 1 г. Скідзеля ў  Міжнародны дзень роднай мовы падарожнічалі ў мінулае роднага слова. Яны пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю  першадрукара Францішка  Скарыны, убачылі, як выглядала першая друкаваная кніга  і даведаліся, што  беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях. Зараз яна разам з рускай мовай з’яўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь. Вынік свята: мы – беларусы і абавязкова  павінны ведаць сваю родную мову.

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў дзіцячым садку № 5 была надзвычай святочная атмасфера. Песнямі, танцамі, вершамі, вясёлымі забаўлянкамі адзначалі свята беларускай мовы.  Прыгожая і мілагучная мова гучала ва ўсіх групах. Ніхто не застаўся абыякавым, усім  вельмі спадабалася.

Таксама кожны чацвер у дзіцячым садку праходзіць беларускамоўны дзень – гэта заняткі на беларускай мове ў групах сярэдняга і старэйшага ўзросту. На іх рэалізуюцца задачы раздзела “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. У гэты дзень педагогі арганізуюць адукацыйны працэс (заняткі, святы, гульні, віктарыны і інш.) на роднай мове, што садзейнічае фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці і станоўчых адносін да роднай мовы, краіны,  культуры беларускага народа. 

Таццяна Савянкова.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0616
Далучайцеся да нас