Welcome to the Land of Enchantment” і яго іспанскі аналаг з “Bienvenido” – такое вядомае запрашэнне для наведвальнікаў гэтага сурова маляўнічага амерыканскага штата. І гэтым запрашэннем у Нью-Мексіка скарыстаўся не адзін беларус і яўрэй, паляк з Беларусі.
Леан Гаспар (1882-1964), чыё французскае прозвішча нібыта паходзіла ад прадзеда, гугенота, які эмігрыраваў у Расію, нарадзіўся нібыта ў Віцебску. Гэта аказалася прозвішчам жонкі, а яго ўласнае было Шульман, яўрэйскае, і мастак да канца жыцця падтрымліваў выдуманыя факты пра сваё паходжанне (варыянтаў з месцам нараджэння некалькі, уключаючы Смаленшчыну) і іншае ў яго біяграфіі. Па легендзе і па фактах, перад тым, як пачаць вучыцца на мастака ў Юдаля Пэна, жыў у Смаленску і ў час трохгадовага падарожжа пазнаёміўся з культурамі карэнных жыхароў Сібіры, Кіргізіі, дзе яго бацька займаўся гандлем футрам.
У каталозе рэтраспектыўнай выставы Гаспара, якая праходзіла ў Сан-Францыска ў ліпені-жніўні 1967 г., на адным развароце прадстаўлены гарадскія і вясковыя краявіды з Дзвіны і карціна “Апачы” (на адной старонцы сустрэліся тры конныя апачы і віцебскі вазніца). Апачам прысвечаны і іншыя яго карціны: “Апач”, зноў “Апачы”, “На танец (Апачы)” і іншыя. Наваха і апачы нагадвалі яму манголаў.
Яго жыццё на Паўднёвым Захадзе даволі добра апісана, напрыклад, у кнігах пра яго Фрэнка Уотэрса. Гаспар аб’ездзіў рэгіён, наведваў пуэбла ў Нью-Мексіка, на Рыа-Грандэ, і ў Арызоне, выконваючы там свае работы. Сярод яго сяброў былі Мэйбл Додж Лухан, Д. Г. Лоранс (Лоўранс), скульптар Морыс Стэрн, жывапісцы Джон Марын і Мікалай Фечын, а таксама многія з тых, пра каго Луіс Рыбак сказаў (у інтэрв’ю з Мэры Фулер у 1975 г.): “Быў раптоўны наплыў людзей з усяго Паўднёвага Захаду, якія тут для таго, каб эксплуатаваць індзейскую містыку або матыў, або як бы вы ні хацелі гэта называць. Яны выпускаюць амаль як машыны прадукцыю з гэтага матэрыялу”.
Луіс Рыбак (1902-1979) нарадзіўся ў заходняй Беларусі (у розных крыніцах называюцца Канстанцінава – яўрэйская вёска ў Пружанскім раёне, знішчаная фашыстамі, “Ружаны, СССР”, Літва, “Літвак, Расія”, губерня “Градзіна” ў Літве і іншае падобнае). Набыў вядомасць у Нью-Ёрку ўдзелам у выставах, у т. л. Клуба Джона Рыда, накіраваных “супраць імперыялізму, класавай няроўнасці і класавага прыгнёту”, але потым адышоў са “сцэны канфлікту”, пераехаў у Таос у 1943 г., а ў 1947 г. адкрыў тут Мастацкую школу даліны Таос, якая дзейнічала да 1953 г. Яго ранняя творчасць нью-ёркскага перыяду характарызавалася рэалізмам, але культура і асабліва пейзаж Паўднёвага Захаду зрабілі з яго абстракцыяніста, выпрацаваўшы ў ім своеасаблівы стыль “поўнай абстракцыі”, або Аbstract Expressіonіsm. Пры гэтым ён “адчуваў, што адзіны спосаб адэкватна зразумець індзейца, было быць ім, перажываць (to lіve the experіences) з індзейцам” (Дональд Стрэл), і маляваў, рабіў эцюды з жыцця ў індзейскіх паселішчах, у час цырымоній, танцаў, якія ён асабліва часта адлюстроўваў.
Такім чынам, значную частку з больш чым 800 яго жывапісных работ займаюць вобразы індзейцаў, жы-вёльны і раслінны свет рэгіёна. Да індзейскіх работ першых двух гадоў адносіцца карціна (каля 1945 г.) “Іndіan Rіder”. “Нью-Ёрк таймс” пісала пра яго персанальную выставу ў Нью-Ёрку 1946 г.: “Сярод многіх прадметаў, якія ён паказвае, ёсць некалькі відаў на індзейцаў, што ўдзе-льнічаюць у прымітыўных цырымоніях, з вышыні палёту птушкі”. З апошніх кніг, у якіх згадваецца Рыбак, – “Indians in Color: Native Art, Identity, and Performance in the New West” (2016) Нормана Дэнзіна. Тут знаходзім і пра ўплыў Рыбака на індзейцаў – у прыватнасці, на мастака-таосца Хуана Мірабаля, вядомага таксама як Тапаю, або Чырвоны Танцор, які вучыўся ў яго школе.
Падобна Гаспару, Луіс Рыбак шмат падарожнічаў па свеце і, наведваючы Мексіку, цікавіўся рэшткамі дакалумбавых збудаванняў і там.
Мы не ведаем, ці зблізіліся гэтыя мастакі з індзейцамі не ў мастацтве, а ў рэальным жыцці так моцна, як славуты аўтар кніг пра індзейцаў, наша зямлячка Соня Блікер (па мужу Зім або Цым) – яўрэйка і квакер, бацька якой меў не вельмі тыповае для яўрэя імя Іван (мы думаем, што гэта мог быць міжнацыянальны шлюб, да таго ж Соня пісала, параўноўваючы вяскоўцаў Беларусі і Нью-Мексіка, што ў яе сям’і гадавалі свіней, што таксама не вельмі характэрна для дарэвалюцыйных яўрэяў). Спосаб жыцця ў пуэбла нагадваў Соні Блікер яе радзіму. Таксама можна пашукаць паралелі ў пранікненні ў індзейскі свет з вядомай сям’ёй Рохліных у Арызоне – род з яўрэйскага мястэчка Шчадрын на Жлобіншчыне, больш за тысячу жыхароў якога загінула ў адзін дзень.
Трэці мастак у нашым аглядзе – Тамара Стагановіч, або Ст. Тамара (з навагрудскай вёскі Несутычы), магчыма, не вельмі добра вядомая шырокаму колу, але даволі вядомая беларуска-арыентаваным знаўцам мастацтва. Выйшла яе аўтабіяграфія “Абрэзкі з мінулых гадоў”. Яе досвед з Паўднёвым Захадам і з індзейцамі адлюстраваны ў двух лістах, якія мы атрымалі ад яе. Мы расшыфравалі іх цалкам, акрамя P. S. (арфаграфія, не лічачы яўна выпад-ковых дэфектаў, і пунктуацыя арыгіналаў захаваныя).
“5/12/90
Вельмі Паважаны Сп. Сімакоў!
Вельмі прыемнай неспадзяванкай было паведамленьне Др. Кіпеля пра Вашае зацікаўленьне ды працу над Амэрыканскімі індыянамі.
Таксама, што Вы зацікаўлены маімі карцінамі з амэрыканскіх індыянаў рэзэрвацыі.
Я таксама цікаўлюся імі, асабліва іхнім мастацтвам ды архітэктурай.
Некалькі разоў наведвала іхнія рэзэрвацыі, старынныя пасёлкі, іхнія мастацкія фэстывалі. Прыгаджосьць іх дамоў (зробленыя з adobe = “цэгла” з балота ды саломы), іхніх касьцюмаў, танцаў, а асабліва іхняй керамікі ды срэбных вырабаў – гэта нешта надзвычайнае.
Найбольш прыгожыя з іх гэта рэзэрвацыі ў штаце Новае Мэксыко й Арызоне.
Стыль керамікі адрозьнівае плямёны, бо іх тут, як Вы ведаеце, досыць шмат.
Перасылаю Вам 7 здымак з маіх алейных карцін, з рэзэрвацыі Таос Пуэбло ў Новай Мэксіко (так! – А. С.).
Я-бы вельмі хацела ведаць дзе Вы бачылі маю карціну (адбітак)? Каторую?
Перасылаю таксама біографічную даведку – можа Вам будзе цікава прачытаць.
З Пашанай – Ст. Тамара”.
“23-III-1992 г.
Вельмі Паважаны Сп. Сімакоў!
Найперш выбачце мне за так запозьнены адказ на Ваш ліст. Сямейныя хваробы ды трагэдыі прымушаюць чалавека да прыгнёту, адхіляюць яго ад плыні жыцьця. За гэты час я купіла, ды перасылаю аддзельнай пачкай, National Geographic, Oct. 1991 гдзе вельмі цікава прадстаўлены амэрыканскія індыяне – 1491 America Before Columbus – 1491 Амэрыка перад Калумбусам.
Таксама высылаю Вам кнігу The Norh American Indians [in Early Photographs, by Paula R. Fleming and Judith L. Luskey, 1988 – “з найшчырэйшымі пажаданьнямі ў сьветлую будучыню, ды добрае сяброўства”], пра іхняе трагічнае жыцьцё спрычыненае белымі людзьмі. Гэтая частка амэрыканскае гісторыі не ёсьць вельмі прыемная.
Натхняюся Вашым зацікаўленьнем пра іх. Але мушу зазначыць, што яны ня вельмі вераць белым людзям, незалежна адкуль яны паходзяць. Помню як адзін раз я сядзела з адной маладой індыйкай у часе аднаго з іхніх традыцыйных танцаў, ды мы гаварылі пра накіданьне хрысьціянства на індыянаў. Яны-ж былі вельмі проці чужое рэлігіі. Я плакала, узварушаная іхнім лёсам, параўноўваючы ды расказваючы ёй пра лёс Беларусі. Хаця яна скончыла каледж, але індыйскі традыцыйны лёс вязаў яе да іх, дык яна ня вельмі цікавілася маёй гісторыяй.
Я падзіўляю іхнюю рэлігію – гэта жыцьцё чалавека зусім звязанае з зямлёю – прыродаю, што робіць шмат сэнсу, асабліва цяпер як нішчыцца ўсё. Яны былі і ёсьць першымі эколагамі, ахоўнікамі прыроды, ды дзякавалі ёй за яе дабрачыннасьць. Згодна з іхнімі традыцыямі (гэта было на Гопі (Hopi) рэзэрвацыі яна запрасіла нас як гасьцей на парог свае хаты, адкуль мы глядзелі на іхнія танцы ды сьпевы. Традыцыйна яна частавала гарохавай зупай, а мы прынесьлі ёй падарак торт. Яны далей вераць, што калі-б хто рабіў з іх фотаграфію дык тады забіраецца ад цела душа (але не ў значэньні забіраньне душы гэта смерць так як мы гэта разумеем).
На той-жа самай рэзэрвацыі я пазнаёмілася з адным мастаком-ювелірам у якога я купіла некалькі сярэбраных рэчаў. Мы дагаварыліся, што ў наступны дзень я прыйду ў ягоную краму паказаць яму свае медзярыты, забраць срэбныя рэчы ды зрабіць разам зьнімку. Ён ня вельмі быў рады калі я яго прасіла разам сфатаграфавацца. А калі я прышла – яго не было ўдома, заступіла яго дачка. Бачыце, як і далей яны трымаюцца сваіх традыцыяў!
Мажліва іхняя варожасьць да белых і ёсьць таму, што вельмі вялікая колькосць турыстоў прыяжзджае на іхнія рэзэрвацыі, хоць з гэтага яны маюць добры заробак, але маладым гэта не падабаецца. Мне адна маладая дзяўчына злосна казала: забірайся дадому! Гэта было ў Таос, маёй улюбленай рэзэрвацыі. Там-жа ў горадзе ў іхнім малым музэі я дырэктару раз’ясьняла, што Віцебск не ёсьць Расея – а Беларусь. Абяцалі, што зьменяць, але другі раз трэба будзе дапільнаваць.
Так, таоская школа зусім натхнёная індэйскімі матывамі і жыцьцём, але-ж як яно іначай магло быць, калі Таос рэзэрвацыя тут-жа пад бокам, а ў крамах пераважна індыянскія [?; “ідыйскія”, “й” выпраўлена на “ы” і надпісана “ян”] вырабы? У штаце Новае Мэксыко мы адведалі пачці ўсе рэзэрвацыі. Дзьве з іх вельмі знаныя вырабамі чорнае керамікі – цудоўныя! Адна з рэзервацыяў ляжыць высока, высока на скале – як стол, гдзе таксама вырабляюць свае спэцыфічныя гаршкі. Яшчэ ў аднэй мы трапілі якраз на базар гдзе прадаўцы зялёнага каменя – turquoise – прывезьлі ў той-толькі дзень, раз на месяц прадаваць іх, ды толькі індыянам [два апошнія словы падкрэслены]. Было цікава глядзець на масу зялёных каменяў разкладзеных і на сталох і на зямлі, пад навесам, ды глядзець як індыйскія ювеліры іх выбіраюць. Мне пашанцавала там-жа купіць ад аднае індыянкі вельмі прыгожыя пацеркі з гэткага-ж каменя. Спалучэньне серабра з гэтым зялёна-сінім каменем вель-мі прыгожае. Некаторыя майстры вырабілі сабе добрую апінію сярод белых амэрыканцаў, ды і калектары такіх рэчаў плацяць вялічэзныя за іх грошы.
Напішэце мне за мастацкія гурткі ў Гомелі? Магчымасьці выставы?
Буду чакаць ад Вас адказу. Цешуся, што маем шмат супольнага-цікавага. Ёсць некалькі маляроў ды скульптараў індыянаў вельмі ведамых на амэрыканскім мастацкім рынку.
З Пашанай да Вас
Ст. Тамара”.
Мы сапраўды атрымалі ад мастачкі фотарэ-прадукцыі сямі яе карцін з пуэбла Таос – пра гэта было і ў дзённіках Зоры Кіпель, выдадзеных кнігай “Дні аднаго жыцця” (2010): “Перадала яна здымкі са сваіх працаў, зьвязаных з індэйцамі, – Том [Бэрд] перавязе для “Беларускага Індэйца””. Работы Ст. Тамары былі прывезены і выстаўлены і на яе радзіме. З нагоды выставы 1994 г. быў выдадзены 32-старонкавы каталог “Амэрыка – мая Амэрыка”. Тэматычна творчасць Ст. Тамара ўключае, напрыклад, і анімалістычныя ілюстрацыі для амерыканскіх кніг, і партрэты вядомых беларускіх дзеячаў. Адзнакай апошняга з’яўляюцца яе творы, якія яна даслала, у прыватнасці, у музей-лабараторыю Францыска Скарыны ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце.
Тэма беларускіх мастакоў на Паўднёвым Захадзе на гэтым не скончана. Напрыклад, ёсць указанні, што Ірэна Рагалевіч-Дутко (з вёскі Лутоўе Жыткавіцкага раёна, 1942-2020) адлюстравала ў сваёй творчасці жыццё індзейцаў пуэбла, Георгій Паплаўскі наведаў Вялікі каньён і, магчыма, маляваў яго…
Алесь Сімакоў,
даследчык апачаў і прысутнасці
беларусаў на амерыканскім
Паўднёвым Захадзе.