Гарыць сёння ў нашых удзячных сэрцах нязгасная зорка Максіма. Яна асвятляе нам шляхі да ўзвелічэння (за што ён усё жыццё змагаўся) роднай краіны, мовы і літаратуры… да духоўнага ўзвышэння саміх сябе.
Уладзімір Барысенка.
Сёння кожны неабыякавы да беларускай культуры чалавек па-свойму ўшаноўвае імя нашага класіка, яго паэзію, кожны можа знайсці ў ёй тое, што так неабходна, каб узбагаціцца душой, узвысіцца…
Максім Багдановіч займае асаблівае месца ў творчым жыцці Хрысціны Лямбовіч, народнага майстра па ткацтве Валожынскіх паясоў, кіраўніка дзіцячага калектыва “Жаронцы” пры Ракаўскім цэнтры народнай творчасці. А пачалося, як сказала спадарыня Хрысціна, яшчэ ў дзяцінстве, калі старэйшая сястра падаравала кніжачку, паэму М. Багдановіча “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык”. Выданне было аздоблена прыгожымі, яркімі ілюстрацыямі, якія трымаюцца ў памяці і па сёння. Гісторыя, апісаная ў паэме, глыбока запала ў дзіцячую ўражлівую душу. Усё там нагадвала сапраўдны луг з рачулкай Сівічанкай, які рассцілаўся адразу за бацькоўскай хатай, у вёсачцы Пілюжына, што на Валожыншчыне, са стракатым дываном пахучых кветак, з зумканнем пчолак, чмялёў, мушак… І настолькі ўсё выразна ўяўлялася, што захацелася некаторыя дзеі, апісаныя ў паэме, адлюстраваць у рэальнасці, захацелася пагуляць, і гуляла – спраўляла пахаванне камара, чым і заканчваецца паэма. (Дарэчы заўважыць, гэтая традыцыйная абрадавая дзіцячая гульня, якая апісана М. Багдановічам у паэме, называецца “Пахаванне камара”, была распаўсюджана ў некаторых рэгіёнах Беларусі. І сапраўды, лішні раз пераконваешся ў справядлівасці слоў: “Чытайце класіку!”)
Потым ішло дарослае жыццё… І калі Хрысціна Станіславаўна арганізавала тэатральны гурток, і калі надыходзіла дата святкавання 125-годдзя (2016 г.) з дня нараджэння класіка, і думалася-гадалася, як жа найлепшым чынам ушанаваць памяць вялікага паэта, тады і ўсплылі дарагія сэрцу ўспаміны аб дзіцячых уражаннях ад сустрэчы з багдановічаўскай “мушкай-зелянушкай…” Тады і было вырашана паставіць з гурткоўцамі лялечны спектакль па паэме М. Багдановіча “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык”. Ну, і справа закруцілася-завярцелася, пачалася актыўная падрыхтоўка: праца над вобразамі паэмы, яе тэкстам, стварэннем лялек. Строі для іх шыла сама Хрысціна Станіславаўна (вось жа як спатрэбіліся навыкі шыцця, атрыманыя ад маці і ў швейнай вучэльні!). Рабіліся дэкарацыі, затым падбіраліся акторы, размяркоўваліся ролі, пачаліся рэпетыцыі. Адным словам, так узнік шырмавы тэатр лялек на трасцінах. А потым пачаліся так жаданыя паказы спектакля: спачатку паказвалі ў сябе, у ЦНТ, на фэсце керамікі “Таракот”, на свяце сям’і, у Валожынскім краязнаўчым музеі, “Мушка…” заляцела і ва ўніверсітэт імя М. Танка, і ў Палац мастацтваў на фестываль “Радасць”, які ладзіў Свята-Елізавецінскі манастыр, і інш.
У гэтым жа годзе, рыхтуючыся ўжо да 130-ай гадавіны з дня нараджэння М. Багдановіча, тэатр расшырыў і ўзбагаціў сваю дзейнасць: адбылася рэканструкцыя лялек, абнавіліся дэкарацыі, паказы спектакля пачалі адбывацца ў суправаджэнні жывой музыкі, спеваў, сталі актыўнымі ўдзельнікамі розных выстаў, экскурсій, майстар-класаў, конкурсаў. Для прыкладу назаву самыя значныя: удзел у выставе батлеечных тэатраў “Традыцыі і сучаснасць”, якую ладзіў музей-гасцёўня У. Галубка г. Менска;
18 лістапада паказ спектакля адбыўся перад дэлегатамі акцыі “Беларусы свету”;
4 снежня гурткоўцы былі запрошаны ў госці са сваёй “Мушкай…” у музей “Беларуская хатка”, дзе аўтар дзіцячай паэмы нейкі час пражываў падчас наведвання ім Беларусі; выступалі і перад турыстамі з Асіповічаў…;
11снежня гурток “Жаронцы” прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемстве “Зорка Венера ўзышла над зямлёю”, што ладзіў Ракаўскі цэнтр народнай творчасці. Дарэчы заўважыць, што на свята, прысвечанае М. Багдановічу, прыехалі вельмі паважаныя госці: стваральнік, кіраўнік народнага батлеечнага тэтра “Капялюш” з Наваполацка Андрэй Рэцікаў, які прэзентаваў традыцыйныя батлеечныя інтэрмедыі; з цёплым прывітальным словам выступіла Таццяна Лабада, загадчыца музея “Беларуская хатка”; залу ажывіла, асабліва самых маленькіх ракаўцаў, з’яўленне Маляваныча – акцёра тэатра і кіно Аляксандра Ждановіча, які падрыхтаваў цікавую прэзентацыю на тэму М. Багдановіча, зачароўваўючы ўсіх вытанчанай прафесійнай ігрой, узнёслым мастацкім словам, таямнічымі казкамі- аповедамі.
Важнай падзеяй для гуртка “Жаронцы” стаў удзел у рэспубліканскіх конкурсах (Магілёў, Гомель), у IV Міжнародным шматжанравым фестывалі “Белавежская зорка” (Берасце), на якім прэзентавалі свой любімы спектакль “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык”. У фестывалі бралі ўдзел многія салісты, творчыя калектывы, музыканты, мастакі і тэатралы з усіх абласцей рэспублікі, краін блізкага і далёкага замежжа. Па вядомых прычынах конкурсы адбываліся ў фармаце анлайн. Парадуемся за канкурсантаў – ва ўсіх трох конкурсах выйшлі пераможцамі: тры першыя месцы (!), а кіраўнік быў адзначаны Падзякай за асабісты ўклад у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне падраста-ючага пакалення. Асаблівыя эмоцыі і ўцеху пераможцы атрымалі, калі кожнаму ўдзельніку былі ўручаны па тры Дыпломы I ступені самім Маляванычам падчас свята ў Ракаўскім ЦНТ.
Хочацца заўважыць, што такія поспехі былі дасягнуты, толькі дзякуючы працаздольнасці і старанню саміх актораў, мэтанакіраванай працы кіраўніка Лямбовіч Хрысціны, яе любові да дзяцей і той справы, якой займаецца, а таксама падтрымцы бацькоў і дапамозе настаўніцы Ракаўскай СШ Настассі Іванаўны Васілеўскай.
Цяпло Максімай зоркі сагравае, атуляе, асвячае ўсім шлях і кожнага вядзе да духоўнага ўзвышэння…
Людвіка Таўгень.