Актыўны адпачынак, гульні і спаборніцтвы, экскурсіі і падарожжы – усё гэта дапамагло чытачам бібліятэчных філіялаў ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” ярка і незабыўна правесці канікулы.
Восеньскія канікулы – гэта злёгку запознены працяг лета. За вокнамі свеціць яркае сонейка, цёплае надвор’е так і вабіць выбегчы на двор, і дзецям так хочацца пакінуць школьную парту і правесці час у тых месцах, дзе можна адпачыць, набрацца сіл пасля вучобы ды і папоўніць свой багаж ведаў.
У дні восеньскіх школьных канікул у бібліятэках Лідчыны прайшлі самыя разнастайныя і пазнавальныя мерапрыемствы, майстар-класы, віктарыны і кон-курсы. Кожнае мерапрыемства было скіравана не толькі на тое, каб пацешыць, але і на тое, каб даць магчымасць даведацца што-небудзь новае, нечаму навучыцца, здабыць новых знаёмых і сяброў.
Філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая” сабраў хлопчыкаў і дзяўчынак падчас восеньскіх канікул, каб пацешыць, павесяліць і дадаць ведаў. Для малодшых школьнікаў праводзілася экскурсія пад назвай “З кнігай прызначана сустрэча”. Бібліятэкары пазнаёмілі з дзіцячым фондам і асноўнымі правіламі, якія павінен выконваць кожны наведвальнік бібліятэкі.
Філіял “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Тарнова” сустрэў юных чытачоў у сваіх сценах на гутарцы ля кніжнай выставы “Аб роднай зямлі з любоўю”. Ёсць на зямлі шмат цудоўных і дзіўных месцаў, якія нібы зачароўваюць сваёй прыгажосцю, прыцягваючы да сябе невядомай сілай. На мерапрыемстве дзеці атрымалі магчымасць праявіць сваю любоў да таго адзінага месца Зямлі, якое лічаць родным. На выставе былі прадстаўлены маляўнічыя выданні, з якіх маленькія чытачы даведаліся шмат цікавых фактаў пра беларускую зямлю. Веды аб краі, развіццё цікавасці да мінулага – гэта прыступка да далейшага ўсведамлення сваёй Радзімы, яе гісторыі і культуры.
4 лістапада дзверы філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 3” ветліва расчыніліся для дзяцей 3-га класа ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Ліда”. Навучэнцы паспрабавалі сябе ў інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “З кнігай весела крочыць”, у якой быў прапанаваны турнір “Марскі бой”. Дзеці з задавальненнем разгадвалі крыжаванкі, рэбусы, вызначалі, каму з казачных герояў належаць рэчы, адказвалі на розныя пытанні і знаходзілі памылкі ва ўрыўках твораў. Удзельнікі мерапрыемства “знішчылі” ўсе караблі свайго суперніка і выйгралі турнір, тым самым паказаўшы свае бліскучыя веды ў галіне літаратуры.
У той жа дзень філіял “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” наведалі хлопчыкі і дзяўчынкі з прышкольнага лагера ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”, загадзя прачытаўшы кнігу А.А. Мілна “Віні Пух і ўсе, усе, усе”, і з велізарным энтузіязмам прынялі ўдзел у займальным літаратурным спаборніцтве “Віні Пух у госці да нас спяшаецца!”.
Стала добрай традыцыяй для Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы работа з дзецьмі, якія наведваюць школьны лагер падчас восеньскіх канікул. Так, 4 лістапада праводзілася экскурсія па бібліятэцы для дзяцей з прышкольнага лагера ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Ліды”. На абанеменце дзецям распавялі, як стаць чытачом бібліятэкі, пазнаёмілі з размяшчэннем кніжнага фонду, у вершаванай форме распавялі аб неахайных чытачах і правілах карыстання кнігамі. У чытальнай зале госці здзейснілі экскурс у далёкае мінулае. Ім распавялі пра гісторыю з’яўлення пісьменства, паказалі розныя пісьмовыя прыналежнасці, а пасля прапанавалі самім стаць пісцамі тых часоў. Скончы-лася экскурсія ў канферэнц-зале мультымедыйным падарожжам па казачнай краіне, падчас якога дзеці сустрэліся са сваімі любімымі кніжнымі героямі. Бібліятэкары імкнуліся ў займальнай форме пазнаёміць дзяцей з бібліятэкай, стварыць добрую і вясёлую атмасферу на мерапрыемстве і, вядома, выклікаць цікавасць да чытання.
5 кастрычніка філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 1” наведалі навучэнцы ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Ліды” на бібліяагляд “Рэ-валюцыя 1917 года на старонках кніг”. З вялікай цікавасцю дзеці слухалі экскурс у гісторыю гэтага свята. Прысутныя прынялі ўдзел у бліц-апытанні, праслухалі агляд літаратуры па гэтай тэме, а таксама іх увазе быў прапанаваны мультфільм “Мальчыш-Кібальчыш”.
5 кастрычніка ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 1” адбылася экскурсія па бібліятэцы “Рады мы заўсёды гасцям, запрашаем у госці да нас” для вучняў ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Ліда”. Супрацоўнікі бібліятэкі гасцінна сустрэлі дзяцей і прапанавалі здзейсніць займальнае падарожжа ў свет кнігі. Хлопцы і дзяўчаты з вялікай цікавасцю слухалі расказ бібліятэкара. Яна пазнаёміла дзяцей з калекцыяй кніг, часопісаў, распавяла аб правільным карыстанні кнігамі, як выбіраць кнігі і як паводзіць сябе на абанеменце і ў чытальнай зале, а таксама аб прынцыпах размяшчэння кніжнага фонду на кніжных паліцах. У заканчэнне юныя чытачы з задавальненнем прымалі актыўны ўдзел у казачных віктарынах.
Тыдзень прайшоў весела, займальна і, што вельмі важна, з карысцю для кожнага з прысутных. Словам, кожны дзень канікул дзяцей чакалі сюрпрызы і мора станоўчых эмоцый. Кожны чытач змог знайсці сабе занятак па душы: пагуляць у настольныя гульні, пагартаць дзіцячыя часопісы, узяць кніжкі, якія спадабаліся, дадому. Акрамя таго – і знайсці новых сяброў.
Бібліятэкар аддзела
бібліятэчнага маркетынгу
К.С. Сандакова.