Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:45 Культура, літаратура, Мова 17
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

Светлай радасцю, лірычным настроем і атмасферай сапраўднага адзінства быў насычаны апошні тыдзень маладзечанцаў. Штогадовы нацыянальны фестываль песні і паэзіі зноў аб’яднаў сотні людзей, якія неабыякавыя да мілагучнага беларускага слова. З мінулага года, дзякуючы перадфестывальным дням, у кожнага беларуса ёсць магчымасць дакрануцца да гэтай маштабнай культурнай падзеі і пазнаёміцца з сучасным айчынным мастацтвам.

Культурная праграма ХХІV Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі парадавала насычанасцю і разнастайнасцю. Для дзяцей і дарослых быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў – ад майстар-класаў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, цікавых гульняў і вясёлых імпрэз да пазнавальных выставачных праектаў, лірычных канцэртаў і цёплых сустрэч.

– Ужо другі год мы практыкуем перадфестывальныя тыдні, якія дазваляюць ахапіць больш шырокую масу людзей. Сёлета ўжо 10 чэрвеня стартавалі перадфестывальныя мерапрыемствы, самым запамінальным з якіх можна назваць “Майскі вальс” з удзелам як прафесійных духавых аркестраў, так і народных, аматарскіх калектываў. У музыкальнай частцы фестывалю ўпершыню прынялі ўдзел творчыя калектывы Смаленскай і Бранскай абласцей. Лейтматывам мерапрыемства стала тэма 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Адкрыццё і закрыццё фестывалю былі прысвечаны памяці выбітных беларускіх культурных дзеячаў – паэту-песенніку Алегу Елісеенкаву і мастацкаму кіраўніку ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну, – расказала галоўны спецыяліст аддзела культуры Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Аксана Курчына.

 Алег Елісеенкаў многа ўвагі надаваў фестывалю ў Маладзечне і ўсяму беларускаму музычнаму мастацтву. Са сцэны амфітэатра прагучалі вядомыя творы аўтара ў выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Ф. Фінберга. У канцэртнай праграме “Незабыўнае…”, прысвечанай творчасці Уладзіміра Мулявіна і ансамбля “Песняры”, прынялі ўдзел лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Пётр Елфімаў і Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча.

Будучыня за маладымі

 

Самай напружанай і багатай на інтрыгу часткай фестывалю стаў Нацыянальны конкурс маладых выка-наўцаў беларускай эстраднай песні. Рэпертуар удзельні-каў сёлета вылучыўся разнастайнасцю. Гледачы і журы пачулі кампазіцыі сучасных беларускіх аўтараў і даўно забытыя матывы мінулага. Нагадаем, што ў абласным этапе прынялі ўдзел 145 творцаў. Самымі актыўнымі канкурсантамі сталі прадстаўнікі Гарадзенскай і Менскай абласцей. У заключным этапе ў Маладзечне выступілі 20 выканаўцаў.

Па словах старшыні журы конкурсу, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга Максіма Рассохі, удзельнікі сёлетняга музычнага спаборніцтва парадавалі разнастайнасцю твораў. Аднак выбраць пераможцу было складана.

– Самы сладаны тур гэта трэці – ён і вызначыў пераможцу. Зусім іншы выбар твораў, зусім іншая тэхніка выканання, бо патрэбна спяваць у суправаджэнні аркестра. Для кагосьці гэта добрая магчымасць раскрыць свой талент, а для некаторых апошні раўнд аказаўся няўдалым. Сёлета многія зрабілі акцэнт на свой вакал ці на экстраваганты касцюм. На першы погляд, усе малайцы і ў гэтым журы абсалютна згодны, а з другога боку было вельмі цяжка выдзеліць пераможцу. На другім этапе не знайшлося лідара, які б задаў планку для астатніх. Да апошняга захоўвалася інтрыга як сярод гледачоў, так і сярод журы: ці будзе ў гэтым годзе прэтэндэнт на гран-пры, – расказаў старшыня журы Максім Рассоха.

 Аднак сумненні не апраўдаліся і гран-пры, а таксама галоўны прыз Уладзіміра Мулявіна – крыштальную гітару, атрымала ўдзельніца з Менскай вобласці Ганна Варанко. Першае месца прысуджана канкурсантцы з Гомельскай вобласці Лізавеце Свірыдавай, другое падзялілі Наталля Ігнатава і Віталь Дроб з Менска, трэцяе месца занялі Ангеліна Самалётава (Гомельская вобласць) і Сяргей Ганак (Віцебская вобласць).

“Прыгожыя вершы павінны стаць песнямі”

 

Як адзначыў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі, няма добрых песняў без добрай паэзіі, а ў Беларусі вялікая колькасць выбітных аўтараў, якія пішуць на роднай беларускай мове. Па яго словах, прыгожыя вершы павінны стаць песнямі і ісці ў народ, каб людзі слухалі і падпявалі.

Літаратурная частка фестывалю таксама не расчаравала аматараў прыгожага беларускага слова. Праграма была насычана цёплымі сустрэчамі, паэтычнымі чытаннямі і пераемнасцю традыцый былых пакаленняў. У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча адбылася імпрэза “Паэтычнае сугучча Беларусі”, дзе першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і старшыня Менскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў урачыста павіншавалі пераможцаў конкурсу імя Міколы Мятліцкага. З творамі маладых талентаў можна пазнаёміцца ў газеце “Літаратура і мастацтва” (№ 22 за 13.06.2025).

 – Бібліятэка з’яўляецца важным удзельнікам фестывалю. Штогод мы ладзім сустрэчы з выбітнмі беларускімі пісьменнікамі, а галоўная мэта нашай дзейнасці – папулірызаваць сучасную беларускую кнігу, давесці яе да ўважлівага чытача. Дзякуючы перадфестывальным дням, значна пашырыўся шэраг літаратурных мерапрыемстваў – ад майстар-класаў да сустрэч з пісьменнікамі. Мы стараемся ахапіць розную аўдыторыю: і дзяцей, і дарослых.

Сумесны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Літаратурны алімп Беларусі” таксама наведаў фестываль Нацыянальнай песні і паэзіі. Маладзечанцы атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з асабістым і творчым жыццём паэтэсы Людмілы Кебіч і пачуць песні на яе вершы ў выкананні аўтара. Лёс даўно звязаў пісьменніцу з фестывальным горадам – яна скончыла аддзяленне тэорыі музыкі Маладзечанскага музычнага вучылішча. Атмасфера настальгіі і цёплых успамінаў аб’яднала паэтэсу і слухачоў у шчырым душэўным дыялогу, дзе кожнае слова і кожная нота былі прасякнуты любоўю да роднага краю і багатай культурнай спадчыны Беларусі.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА, “Звязда”.

Фота БелТА.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас