Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

28 чэрвеня 2022, 20:08 Культура 9
ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

У Маладзечна 10-11 чэрвеня праходзіў ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. У гэтым годзе форум упершыню ладзіўся без яго ідэйнага натхняльніка, народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Памяць легендарнага дырыжора ўшанавалі прэзентацыяй дакументальнай стужкі і выстаўкай, якая распавядае пра асобу маэстра. На фестывальных пляцоўках размясціліся экспазіцыі, прысвечаныя важным для гісторыі нашай краіны датам – 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама выстава “Памяць пакаленняў” да Года гістарычнай памяці.

Адметнасць форуму ў гэтым годзе – экспазіцыя “Партал часу” да Года гістарычнай памяці, прадстаўленая рэгіёнамі Менскай вобласці. Жодзіна, напрыклад, зладзіла інсталяцыю, якая распавядае аб горадзе ў 50-60-х гадах мінулага стагоддзя. Манахромныя рэпартажныя фотаздымкі, агітплакаты, сцягі. Сімвалы таго часу – каваны падшкляннік, які ёсць у кожным цягніку, тэрмас, старыя шалі ды таблічка: “Заўсёды ў продажы: гарбата, кава, какава, кефір, запалкі, тытунь”. Нясвіж вылучыўся сваімі старажытнымі традыцыямі – прыгожыя дамы, рыцары, высвятленне адносін паміж шляхцюкамі, прывіды замкаў і, канешне ж, музыка тых часоў. Прыцягнуў увагу і Чэрвень. На пляцоўцы пад назвай “Чэрвеньшчына: ад вытокаў да зор” можна было пагуляраць у касмічны квэст і сфатаграфацца з фігурай знакамітага беларуса, ураджэнца Чэрвеня, касманаўта Алега Навіцкага.

У чаканні канцэртаў завіталі ў Менскі абласны краязнаўчы музей, у ім размясціліся адразу дзве выставы. Першая, пад назвай “Дрэва жыцця”, дэманстравала работы навучэнцаў Маладзечанскай школы выцінанкі. Работы прасякнуты фальклорнымі матывамі. Створаныя ў сучаснасці, яны вяртаюць да вобразаў мінулага, да традыцый. Наступная выстава, “Песняры роднага краю”, прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, Янкі Купалы і Якуба Коласа. У экспазіцыі прадстаўлены замалёўкі Сымона Геруса з серыі “Знаёмства з Якубам Коласам”, работа Уладзіміра Пасюкевіча “Янка Купала і Цішка Гартны ў Капылі”, а таксама фотаздымкі Якуба Коласа, якія паказваюць класіка падчас ягонага адпачынку – у грыбах, у гасцёўні дома ў Менску, на беразе возера Нарач.

Надвор’е ў першы фестывальны дзень выпрабавала на трываласць кожнага госця форума – спякота стаяла жудасная. Тым прыемней зайсці ў прахалодную залу кінатэатра “Радзіма”. Там, на мой погляд, адбылася адна з галоўных падзей фестывалю – прэзентацыя дакументальнага фільма “Імправізацыя”, прысвечанага памяці маэстра Міхаіла Фінберга.

Перад паказам слова ўзяла заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела:

– Фільм, які вы пабачыце, вельмі правільны – ён дакладна апісвае жыццё Міхаіла Якаўлевіча. Фінберг заўсёды прыходзіў на рэпетыцыю а палове восьмай, хаця пачыналася яна ў дзевяць. Нам нельга было спазняцца. Але калі раптам такое адбывалася і я тэлефанавала, каб папярэдзіць, ён казаў: “Дачушка, усё добра”.

У стужцы выкарыстаны архіўныя кадры Менска мінулага стагоддзя, партрэт маэстра ствараецца, дзякуючы ўспамінам ягоных сяброў і калег. Суседка Міхаіла Фінберга, якая памятае яго з дзяцінства, распавядае пра кволага хлопчыка, які кожны дзень іграў на губным гармоніку ў двары. Калі іншым дзецям гэта надакучвала, яны з акенцаў кідалі ў маленькага Мішу каменьчыкі… З такіх падрабязнасцяў і складаецца жывы партрэт гістарычнай асобы. Дакументальны фільм “Імправізацыя” быў створаны здымачнай групай тэлеканала “Беларусь 3”.

Таксама ў холе кінатэатра была зладжана выстава “Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг”. У экспазіцыю ўвайшлі асабістыя рэчы народнага артыста Беларусі – касцюмы з канцэртаў, фотаздымкі, узнагароды і нават квіткі з мерапрыемстваў, у якіх маэстра прымаў удзел.

Немагчыма ўявіць “Маладзечна-2022” без Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Конкурсныя этапы традыцыйна прайшлі ў Палацы культуры.

Адметна, што сярод удзельнікаў былі юныя таленты, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях, і моладзь, якая ўжо дасягнула пэўных вышынь. Напрыклад, хтосьці ўжо і сам выкладае вакал для маленькіх дзетак. У суправаджэнні аркестра гучалі песні на вершы Максіма Багдановіча, слухачы пазнавалі знакамітыя мелодыі Уладзіміра Мулявіна, а таксама беларускія народныя песні.

Фінальнае мерапрыемства першага дня – урачыстае адкрыццё ХХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, цэнтральнай падзеяй якога стала канцэртная праграма “ХХІ – адлік новага часу. Пачатак” у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Бела-русі пад кіраўніцтвам Максіма Расохі.

Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў – Гран-пры атрымала Ганна Рыбакова. Дзяўчына скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.Куляшова па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва, рытміка і харэа-графія”. Зараз яна працуе педагогам-арганізатарам у магілёўскай школе.

На працягу фестывальных дзён Маладзечна змянілася, у розных куточках горада можна было адчуць, што зараз адбываецца нацыянальнае свята. Недзе стаіць каляровая лаўка, распісаная імёнамі класікаў беларускай літаратуры, з магазіна чуваць “Белавежскую пушчу” у выкананні “Песняроў”… Але галоўны адбітак беларускай культуры нясуць у сябе ўдзельнікі і госці форуму. Людзі, якія адмыслова прыехалі ў Маладзечна, каб дакрануцца да нашай мовы, паэзіі і музыкі.

Арына КАРПОВІЧ.

Фота Лізаветы ГОЛАД.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0018
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4518
Памёр Чэслаў Сенюх
Культура

Памёр Чэслаў Сенюх

21 кастрычніка 2021, 08:4718
У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы
Мова

У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы

10 сакавіка 2020, 17:1515
Далучайцеся да нас