6 верасня Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Лідскі гістарычна-мастацкі музей правялі Навукова-практычны семінар “Збіральнік скарбаў зямлі беларускай (да 170-годдзя з дня нараджэння Міхала Федароўскага і да 700-годдзя горада Ліды)”.
У праграме семінара былі наступныя даклады:
Юрый Внуковіч: “Этнічныя намінацыі і катэгорыі ідэнтычнасці ў працы Міхала Федароўскага “Люд беларускі на Русі Літоўскай”.
Зміцер Скварчэўскі: “Паданне “Аб даўнейшай веры” са збору Міхала Федароўскага. Да пытання пра паходжанне і ўплывы”.
Сяргей Грунтоў: “Чытанне Міхала Федароўскага на сучасных беларускіх могілках: уяўленні пра душу і замагільны свет раней і сёння”.
Юры Пацюпа: “Паэма “Суседчык гавайскі” Вільгельма Пратасэвіча і кан’енктуры да яе Міхала Федароўскага”.
Яніна Грыневіч: “Уладзімір Дубоўка чытае Міхала Федароўскага: старыя падыходы да новых матэрыялаў”.
Таццяна Валодзіна: “Народная медыцына ў працах Міхала Федароўскага: да пытання аб раянаванні традыцыйнай культуры”.
Таццяна Кухаронак: “Дародавыя звычаі, прыкметы, вераванні беларусаў у даследаваннях Міхала Федароўскага”.
Ала Сідаровіч: “Агонь, святло, зіхценне як праява сустрэчы з боскім (у працы Міхала Федароўскага “Люд беларускі на Русі Літоўскай”)”.
Вольга Трубач: “Свет эмоцый у беларускіх парэміях (паводле збораў Міхаіла Федароўскага)”.
Ірына Смірнова: “Работа Г.Н. Есимонтовского “Описанпе Суражского уезда” как источник для изучения истории и культуры белорусов Черниговской губернии в XIX в.”.
Семінар распачаўся прывітальным словам дырэктара музея Вольгі Лук’ян і рэдактара часопіса “Лідскі летапісец” Станіслава Судніка. С. Суднік прадставіў удзельнікам семінару тры лідскія фальклорныя зборнікі, якія выйшлі за апошнія 6 гадоў, і падарыў календары з серыі “Скарбы Лідчыны”.
Вяла семінар доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна.
Падчас выступаў прагучала шмат цікавай інфармацыі пра розныя аспекты этнічнай культуры і самасвядомасці беларусаў, якія зафіксаваў Міхал Федароўскі ў сваёй 8-мі томнай працы “Люд беларускі”. Як Напалеон Орда зрабіў зрэз беларускай архітэктуры, так Міхал Федароўскі зрабіў зрэз усяго этнасу.
Нажаль, не так шмат увагі было ўдзелена бияграфіі Міхала Федароўскага, таму мы ні на крок не прыблізіліся да раскрыцця асобы Лідзіі Падул – першай памочніцы Міхала Федароўскага ў Варшаве, якая была з Лідскага павета, вучылася ў Варшаўскай кансерваторыі. “Па словах Янкі Саламевіча, даследчыка творчасці Федароўскага, Лідзія Падул нават запісала 7 песень для Федароўскага ў Лідскім павеце. Дзяўчына шмат дапамагала фалькларысту, нават пэўны час жыла ў яго на кватэры. Але больш звестак пра Лідзію Падул адшукаць не ўдалося. Магчыма, пасля заканчэння кансерваторыі, яна пакінула Варшаву”. (Сяргей Чыгрын. Збіральнік беларускіх перлаў. Наша слова.pdf № 36, 6 верасня 2023 г.). Трэба спадзявацца, што лідскія краязнаўцы знойдуць сляды Лідзіі Падул і яе імя зойме сваё месца ў шэрагу лідскіх фалькларыстаў.
А неўзабаве спадзяёмся на зборнік дакладаў, з якім можна будзе больш глыбока ўнікнуць у пачутае на семінары.
Яраслаў Грынкевіч.