Гэтай восенню мы адзначаем дзве вельмі важныя даты ў гісторыі беларускай культуры і мастацтва. У кастрычніку споўнілася сто гадоў з часу стварэння Інстытута беларускай культуры і 125 гадоў з дня нараджэння ўнікальнага чалавека, гісторыка мастацтва і архітэктуры, выкладчыка і педагога Мікалая Шчакаціхіна.
Калі ён апынуўся на Беларусі, прыехаўшы сюды з Расіі, то так захапіўся нашай культурай, гісторыяй і мовай, што ўжо ў 1923-1924 вучэбным годзе, будучы выкладчыкам БДУ, прачытаў па-беларуску для студэнтаў універсітэта ўпершыню курс па гісторыі беларускага мастацтва, пачынаючы з эпохі неаліту. Абараніўшы па гэтай тэме кандыдацкую дысертацыю і стаўшы дацэнтам БДУ ў 1925 г. ён быў запрошаны на працу ў Інстытут беларускай культуры, дзе стварае Камісію гісторыі мастацтва і ставіць пытанне аб стварэнні ў Беларусі вышэйшай мастацкай школы альбо акадэміі.
Адначасова ён вывучае помнікі старажытнага дойлідства ў Полацку і Менску і збіраецца напісаць і выдаць пяць тамоў па гісторыі беларускага мастацтва. Першы том, які разглядае гісторыю нашага мастацтва ад старажытнасці да ХVI ст. выдае ў 1928 годзе друкарня Інбелкульту пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага. У 1929 г. ён становіцца навуковым супрацоўнікам Беларускай Акадэміі навук, дзе працягвае плённа працаваць.
Аднак пачаліся сталінскія рэпрэсіі, і летам 1930 г. яго арыштавалі і выслалі на пяць гадоў у Башкірыю, дзе ён і памірае, маючы толькі 44 гады.
Я хачу спыніцца толькі на вывучэнні Шчакаціхіным беларускага мураванага дойлідства ХІ – ХVI стст. і адзначыць яго досвед у гэтым пытанні.
Даследчык адзначаў, што першым навукоўцам, які ў 1918-1919 гг. вылучыў беларускае мастацтва як самастойную еўрапейскую плынь, быў нямецкі даследчык Альбэрт Іпель. М. Шчакаціхін прадоўжыў яго думку і напісаў для сваёй кнігі вялікі раздзел “Царкоўная архітэктура ХІ-XII стст.” Ён адзначаў вялікі ўплыў на беларускае мураванае дойлідства візантыйскіх архітэктурных формаў, у тым ліку і пераробленых правінцыйных візантыйскіх формаў1.
Акрамя таго, ён падрабязна апісаў муроўкі Полацкага Сафійскага сабора XI ст. і ўказаў сярэднюю таўшчыню плінфы з гэтай муроўкі (2,5 см). У якасці аналагаў прывёў муроўку кіеўскіх і чарнігаўскіх храмаў. М. Шчакаціхін дэталёва вывучаў муры і Дабравешчанскай царквы ў Віцебску. Ён адзначыў, што муроўка храма вельмі падобная да візантыйскіх узораў. Яна складаецца з тонкай, даўгаватай, але часам і з квадратнай плінфы, якая пакладзена разам з тоўстымі вапняковымі плітамі. Прычым два пласты цэглы чаргуюцца з вапняковым пластом, але ёсць выпадкі, калі колькасць пластоў цэглы даходзіць да трох (нават чатырох). М. Шчакаціхін пісаў: “…у першапачатковым відзе фасады царквы не мелі аднастайнае афарбоўкі, але ажыўляліся праслойкай чырвонае цэглы на жоўта-шэрым фоне вапняку”. Даследчык прасачыў цэглу XIV ст. у рэштках ранейшых скляпенняў храма, што сведчыла пра яго рамонт у часы Альгерда. Звярнуў увагу навуковец і на муроўку Спаса-Праабражэнскай царквы. Гэта чыста цагляная муроўка “…з асобным прыёмам маркіроўкі прамежкавых шэрагаў цэглы з дапамогай досыць шырокіх пластоў надворнага тынку”. (Цяпер мы гэтую муроўку называем муроўкай са схаваным шэрагам.)
М. Шчакаціхін падрабязна разгледзеў будаўнічую тэхніку Каложскай царквы XII ст. Ён лічыў, што ўжыванне ў якасці асноўных дэкаратыўных элементаў сцен Каложскага храма разнастайных паліваных плітак і шліфаваных гранітных камянёў, размешчаных у пэўным парадку, мае аналогіі ў мармуровых і алябастравых аздобах, уласцівых для храмаў Візантыі і Усходу. Аналізуючы шматлікія галаснікі, умураваныя ў сцены царквы, ён палічыў, што частка з іх, якая знаходзіцца ў сярэдніх частках сцен храма, – гэта галаснікі-рэзанатары, а тыя, што залягаюць у верхніх частках муроў, мелі яшчэ і тэхнічныя мэты. На яго думку, “калажанская галасьніковая сыстэма, калі не цалком, дык часткова, магла мець заходняе пахаджэньне”.
Мікола Шчакаціхін быў першым беларускім даследчыкам, які звярнуў увагу на будаўнічую тэхніку нашых замкаў. Ён пісаў, што асноўныя замкавыя муры будавалі з “груба апрацаваных вапняковых пліт, або нават з натуральнага неапрацаванага каменьня, да якога часам прымешваліся кавалкі бітае цэглы, і ўсё залівалася цэмантнай рашчынай. Чыстая цэгла ўжывалася параўнальна рэдка, і амаль што ніколі ня была выключным будаўнічым матар’ялам. Толькі ў некаторых выпадках мурам надаваўся выгляд цаглянае будовы, – але гэта дасягалася з дапамогаю абліцоўкі муроў, збудаваных тэй самай вышэйпамянёнай зьмешанай кладкай”.
Грунтоўнае вывучэнне замкавага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага (далей – ВКЛ) дазволіла яму ўпершыню вылучыць некаторыя рысы беларускай готыкі, напрыклад паступовае ўзнікненне і развіццё гатычнай спічастай аркі і замена яе на паўцыркульную ці пашырэнне зорчатых скляпенняў.
У сваёй кнізе М. Шчакаціхін не абмінуў будаўнічую тэхніку Мірскага замка. Ён пісаў, што замак зроблены з камянёў і добра абпаленай ды роўна пакладзенай цэглы. Муроўка ўсюды вельмі моцная, а форма цэглы – звычайная, падоўжаная. Яшчэ адна прыкмета беларускай готыкі, вылучаная М. Шчакаціхіным, гэта існаванне чатырохвежавага царкоўнага ці касцельнага будынка XVІ ст. Фактычна М. Шчакаціхін першым вызначыў розныя напрамкі будаўнічай тэхнікі беларускага мураванага дойлідства XI-XII і ХІV-ХVІ стст.2
Алег Трусаў,
кандыдат гістарычных навук.
1 Шчакаціхін, М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва / М. Шчакаціхін. – Менск, 1928. – Т. 1. Перавыдадзена ў 1993 г.: Шчакаціхін, М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва / М. Шчакаціхін. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993.
2 Шчакаціхін, М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва / М. Шчакаціхін. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – С. 79, 114, 134, 144.