Моладзь Слоніма пра кампазітара, паэта і мастака Міхаіла Гарабца (1921-1991), які пасля Другой сусветнай вайны жыў у Слоніме, нічога не ведае. Яго памятаюць толькі людзі старэйшага пакалення, найперш тыя, хто працаваў на ніве слонімскай культуры. А ў пасляваенны час гэты чалавек у горадзе над Шчарай быў вельмі папулярным і вядомым. Калі я патэлефанаваў былому начальніку аддзела культуры Слонімскага райвыканкама, а цяпер пенсіянеру Анатолю Мікалаевічу Цярэніну і сказаў, што хачу напісаць пра Міхаіла Гарабца матэрыял у газету, Анатоль Мікалаевіч ад пачутага аж павесялеў:
– Гэта цудоўна! Міхаіл Іларыёнавіч быў унікальным чалавекам, вельмі шчырым, інтэлігентным, адукаваным. Ён добра разумеў народны гумар. Ён шмат карыснага зрабіў для нашай культуры. Без яго ў Слоніме не праходзіла не адно культмасавае мерапрыемства. Вельмі часта ўспамінаю Міхаіла Іларыёнавіча. Праўда, ён больш лічыў сябе паэтам, а не кампазітарам. Але найперш ён праявіў сябе ўсё ж, як кампазітар, музыкант, чалавек, які шчыра быў адданы песні і музыцы.
Сапраўды, Міхаіл Гарабец у пасляваенныя гады ў Слоніме з’яўляўся “славай і гонарам горада”, як згадала пра яго былы бібліятэкар Алена Лепка ў кнізе “Есть у города слава гордая”. Хаця Міхаіл Іларыёнавіч быў не беларусам, і Слонім не з’яўляўся яго маленькай радзімай. Ён нарадзіўся 10 кастрычніка 1921 года на Украіне ў Днепрапятроўскай вобласці. Музыку палюбіў з самага маленства. А ў 15 гадоў ён ужо кіраваў аркестрам народных інструментаў.
Калі пачалася вайна, юнак добраахвотнікам пайшоў на фронт. І ваяваў, вызваляючы разам з Савецкай Арміяй беларускія гарады – Оршу, Віцебск, Ліду, Гародню, так дайшоў да Кёнігсберга. А потым лёс прывёў яго ў Слонім, дзе да канца жыцця ён працаваў у Слонімскай дзіцячай музычнай школе (цяпер дзіцячая школа мастацтваў).
Міхаіл Гарабец не толькі вучыў дзетак іграць на музычных інструментах, ён прымаў непасрэдны ўдзел у самых розных мерапрыествах Слоніма і раёна. Творчая інтэлігенцыя горада ў другой палове ХХ стагоддзя, кажучы сучасным слэнгам, тусавалася каля Міхаіла Іларыёнавіча, а ён быў заўсёды з імі. Музыкант не толькі ўмеў іграць на многіх музычных інструментах, але і сам пісаў музыку і тэксты да песень. Яшчэ ў 1960 годзе ён напісаў песню “Слонімская лірычная”. Да сённяшніх дзён да яе звяртаюцца мясцовыя музыкі і салісты. А ў 1960-х-1980-х гадах без гэтай песні ў Слоніме не праходзіў ні адзін канцэрт. Было нават за гонар уключаць “Слонімскую лірычную” ў свой рэпертуар. Песню перапісвалі ад рукі ў школах і клубах. Яе спявалі ўсе – і школьнікі, і дарослыя. Потым па просьбе чытачоў тэкст і ноты гэтай песні ў 1963 годзе апублікавалі на старон-ках Слонімскай раённай газеты. Былы кіраўнік Слонімскага аркестра народных інструментаў Марат Малікаў, назваў гэтую песню гімнам Слоніма.
Напачатку 1970-х гадоў Міхаіл Гарабец напісаў некалькі дзесяткаў песень. Гэта песні на беларускай, украінскай і рускай мовах. Сярод якіх – “Квітней, наша маці – Радзіма” на словы паэта з Ваўкавыска Сяргея Бандарэнкі, “А пушча гамоніць…” на словы паэта Эдуарда Валасевіча, “Чырвоны клён” на словы Л. Таццянічавай”, “Пісня серця” на свае ўласныя словы, “Залаты лянок” і “Калыханка” на словы Авяр’яна Дзеружынскага, “Развітанне” на словы Л. Кулікова і многія іншыя.
У 1963 годзе рэспубліканскі Дом народнай творчасці Беларусі ў Менску выпусціў вялікі зборнік “У дапамогу калектывам мастацкай самадзейнасці”. Сярод песень у зборнік уключылі і песню Міхаіла Гарабца “Квітней, наша маці-Радзіма”.
Міхаіл Гарабец у той час вельмі любіў Слонімскі народны тэатр. Галоўным рэжысёрам тэатра быў Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Знайсці здольнага кампазітара, які б разумеў тэатральнае мастацтва і ўмеў музыкай узмацніць рэжысёрскую сцэнічную задумку, было сапраўдным шчас-цем. Слоніму пашанцавала, бо жыў тады Міхаіл Іларыёнавіч. У той час ніякіх фанаграмаў не пісалі, а спектаклі музыкай суправаджалі аркестры. Аркестрам падчас спектакляў Слонімскага народнага тэатра дырыжыраваў Марат Малікаў, а музыку ствараў Міхаіл Гарабец.
Калі рэжысёр Мікалай Варвашэвіч працаваў над спектаклямі, прыходзіў той дзень, які асабіста для яго быў радасным, святочным і нават урачыстым. Гэта дні першых рэпетыцый з музыкай. У такія дні ўжо адрэпеціраваныя сцэны спектакляў нібы зноў нараджаліся, убіраючы ў сябе святло аднаго з самых выдатных мастацтваў – музыку. Для Варвашэвіча гэтыя дні былі звязаныя з імем Гарабца. Гэта ён тады напісаў музыку да ўсіх спектакляў, якія рэжысёру давялося паставіць у Слонімскім народным тэатры. Музыка Міхаіла Гарабца заўсёды была меладычнай. У ёй моцна спалучаліся народныя традыцыі і сучаснасць. Напрыклад, у спектаклі “Васа Жалязнова” кампазітар стварыў лейтматыў, які вельмі дакладна адпавядаў ідэі спектакля.
Для драматычнага тэатра пісаць музыку не проста. У кампазітара павінны быць асаблівае, вобразнае ўспрыманне п’есы, яе драматургіі, разуменне задумкі рэжысёра і акцёрскіх магчымасцей. Словам, трэба быць “тэатральным чалавекам”, каб выпалі на долю такія ўдачы, як музыка Міхаіла Гарабца да спектакляў “Паўлінка” па п’есе Янкі Купалы, “Дзіўны доктар” па п’есе Анатоля Сафронава, “Ганка” па п’есе Уладзіслава Галубка, “Васа Жалязнова” па п’есе Максіма Горкага. Бывала так, што песні, напісаныя да спектакляў, пераходзілі свае межы і станавіліся ўпрыгожаннем нейкай канцэртнай праграмы. Так здарылася і з песнямі Міхаіла Гарабца да спектакля “Дзіўны доктар”: песні “Ля сцяжынкі, ля дарожанькі” і “Лодачка” гучалі пазней на многіх канцэртах. Музыку слонімскаму кампазітару да спектакляў нельга было напісаць толькі дзякуючы яго таленту. Такую музыку ён пісаў жыццём і сэрцам. У яго было яркае меладычнае дараванне. Песні кампазітара запаміналіся і лёгка спяваліся. Іх інтанацыі быц-цам падслуханы ў жыцці. У песнях Гарабца працуюць, думаюць, любяць, кахаюць, разлучаюцца і знаходзяць адзін аднаго цікавыя нам людзі. Рэжысёр Мікалай Варвашэвіч пры жыцці неяк шчыра прызнаўся пра Міхаіла Гарабца, што “з павагай заўсёды я адчуваю яго ў нашай супольнай рабоце не толькі як чалавека, што напісаў музыку да спектакляў, але і як аднаго з аўтараў калектыўнай працы, які заўсёды стаіць разам з намі і ў задумках, і падчас рэпетыцый, і тады, калі спектаклі ўжо падрыхтаваныя да прэм’еры”.
Рэжысёр і кампазітар у свой час вельмі адчувалі вялікую адказнасць перад мастацтвам і гледачамі, і гэтая адказнасць ім заўсёды дапамагала. І Мікалай Варвашэвіч жадаў, каб заўсёды на тэатральных афішах было напісана “Музыка Міхаіла Гарабца”. Так яно і было, пакуль жыў у Слоніме Міхаіл Іларыёнавіч.
У 1976 годзе ў Таліне адбыўся трэці па ліку традыцыйны фестываль народных тэатраў Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Талінскі глядач вельмі цёпла сустракаў выступленне Слонімскага народнага тэатра, які паставіў спектакль “Папараць-кветкі” па п’есе Івана Козела. Спектакль рэжысёра Мікалая Варвашэвіча адразу прывабіў гледачоў сваёй музычнасцю, этнаграфічнай дакладнасцю, пластычнасцю пабудовы мізансцэн масовак, ансамблевасцю пастаноўкі. А музыка, напісаная Міхаілам Гарабцом, у выкананні аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Марата Малікава, здзівіла ўсіх гле-дачоў арыгінальнасцю і народнасцю, прынесла на эстонскую зямлю подых беларускага краю. Пра гэта ў той час пісалі многія сродкі масавай інфармацыі.
Прозвішча кампазітара Міхаіла Гарабца некалькі дзесяцігоддзяў не сыходзіла з афіш, яго песні гучалі па рэспубліканскім і абласным радыё, ён часта выступаў на Беларускім тэлебачанні разам са слонімскім аркестрам і народным тэатрам. А яшчэ Міхаіл Іларыёнавіч пісаў вершы, найбольш іх было прысвечана вайне, якую франтавік прайшоў ад Ржэва да Кёнігсберга…
Вось такі чалавек жыў у ХХ стагоддзі ў Слоніме. А прыгадаў я Міхаіла Гарабца з нагоды яго 100-гадовага юбілею, які сёлета супаў з Днём работнікаў культуры.
Сяргей ЧЫГРЫН.