Сябры Валожынскай суполкі ТБМ выпусцілі буклет для музея ксяндза Чарняўскага, што ў Вішневе.
Як вядома, узнік музей, дзякуючы альтруізму і намаганням яго гаспадыні – настаўніцы мясцовай школы Бітэль Тарэзы. Музей існуе ўжо 5 гадоў, створаны ён быў на 100-гадовы юбілей ксяндза Чарняўскага, гэтага высакароднага чалавека, вялікага беларуса, легенды роднага краю. Ён адзіны на Беларусі святар, які ў савецкія часы бога-служэнне вёў па-беларуску. Паслядоўнік Скарыны, ён з дабраслаўлення Папы Рымскага пераклаў Біблію і літургічныя тэксты на родную мову. Працаваў у Вішневе з 1953 г. Ушанаваны ордэнам “Гонар Айчыны”, узнагароджаны медалём імя Ф. Скарыны, занесены ў кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”. Сёлета ксяндзу Чарняўскаму споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння і 5 гадоў музею. Нам хацелася, і мы лічым сваім абавязкам як-небудзь адзначыць гэтую падзею. У канцы 2020 года выпусцілі каляндар на 2021 г. з юбілейнай тэматыкай (“Наша слова” аб гэтым пісала), а ў гэтым годзе – буклет. Грошы на друк ахвяраваў неабыякавы чалавек да беларускай культуры Міхаіл Ёда, за што мы вельмі яму ўдзячныя. Больш за 300 асобнікаў падаравалі музею. Цяпер наведвальнікі будуць мець магчымасць, акрамя экскурсіі, яшчэ і атрымаць памятку аб сустрэчы з Вішневам, яго гісторыяй, духоўнасцю. Рады, што такім чынам мы маральна, ды і матэрыяльна, падтрымалі высакародную справу загадчыцы музея.
У буклеце ёсць старонка і старэйшага сябра ТБМ, юбіляркі (80-годдзе) Марыі Трапашкі, настаўніцы, арганісткі, творчага чалавека, у свой час памочніцы ксяндза Чарняўскага ў справе беларушчыны.
Па замове Бітэль Тарэзы змешчаны гістарычны матэрыял пра Вішнева (нагада-ны асноўныя гістарычныя падзеі), інфармацыя пра ўплывовы ў часы ВКЛ магнацкі род Храбтовічаў, пры якіх Вішнева дасягнула найбольшага развіцця. Таксама нага-даны вядомыя асобы, якія цесна звязаны з гэтай зямлёй, – гэта С. Будны, Шымон Перас, Нахум Гольдман, К. Буйло, Х.Чэрня, У. Луцэвіч. Змешчана рэдкае фота ў адзенні праваслаўнага святара Пятра Біталя, пісьменніка, настаўніка, патрыёта, заложніка бальшавіцкай сістэмы.
На тыльным баку буклета размешчана фота галоўнага будынка паляўнічай рэзідэнцыі Храбтовічаў, які вабіць нейкай таямнічасцю і нагадвае пра далёкае, незваротнае мінулае (ды і не зусім кепскае) вішнеўскай зямлі. Не так даўно пабывалі мы тут. Убачанае ўзварушыла да глыбіні душы. Палац напаўразбураны, яшчэ ў горшым стане знаходзяцца іншыя два двухпавярховыя будынкі, размешчаныя побач. Усё занядбана, змрочна, нават вусцішна… На лясной дарозе бачны свежыя адбіткі конскіх капытоў – гэта цікаўныя турысты верхам на конях аб’язджалі сядзібу: канешне, 50 га пешшу цяжка асіліць. Падумалася: а каб усё ўзнавіць, адбудаваць – дык не толькі нашы турысты, а замежнікі зацікавіліся б… А колькі такіх куточкаў на нашай Беларусі… Пакуль яны ёсць. Пакуль…
Дарэчы, у Вішневе і яго ваколіцах знаходзіцца нямала аб’ектаў, якія маюць гістарычную і архітэктурную каштоўнасць. Так што, даражэнькія, запрашаем усіх на Вішнеўшчыну, каго цікавіць духоўная і матэрыяльная культура нашых землякоў.
Людвіка Таўгень,
старшыня Валожынскай
суполкі ТБМ.