Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Этнабум у Шчучыне!

Этнабум у Шчучыне!

21 верасня 2021, 20:35 Культура 21
Этнабум у Шчучыне!

На абласны фестываль “Панямоння жыватворныя крыніцы” з’ехаліся лепшыя фальклорныя калектывы Гарадзеншчыны

З ранку на вялікай арт-пляцоўцы ля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ліліся беларускія народныя песні, а шчучынцы сустракалі гасцей літаральна з усіх раёнаў вобласці. Ля возера раскінуўся горад майстроў, дзе залатарукія і таленавітыя ганчары, ткаллі, вышывальшчыцы, фларысты, разьбяры па дрэве не толькі дэманстравалі свае арыгінальныя вырабы, але і давалі адмысловыя майстар-класы, паказвалі ўсе тонкасці свайго рамяства: толькі вучыся, пераймай досвед, што дастаўся ад нашых таленавітых продкаў! У разнастайных экспазіцыях з рэгіёнаў – брэндавыя сувеніры: са Свіслачы – свістулькі, з Астраўца – саламяныя кветкі, са Слоніма – какошнікі, а яшчэ – свіцязянскія туфлікі, зэльвенскія падкоўкі, воранаўскія лялечкі… Проста “на ўра” раскупляліся магніцікі з відарысамі Шчучына і іншыя вырабы нашых умельцаў.

 

Але вось фанфары клічуць да галоўнай пляцоўкі абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. На сцэну выходзяць нашы чароўныя “Вяргіні” – народны фальклорны калектыў Ракавіцкага Дома культуры. Самабытную аўтэнтычную песню “Туман ярам, туман далінаю” падхопліваюць не толькі падрастаючыя юныя “вяргінькі”, але ўсе творчыя калектывы вобласці, што прыехалі сёння на такі прыгожы фэст і стракатымі калонамі, у народных строях і са сваімі штандарамі, урачыста прайшлі да сцэны. І ўжо здаецца, што гэта гучаць галасы нашых продкаў – прабабуль, бабуль, матуль. Народныя песні – бы шчырыя гімны роднай зямлі, каханню, працы, чалавеку… Нашы продкі ўмелі спяваць і шанаваць духоўную спадчыну. І мы, сённяшнія, падхопліваем гэту надзвычай важную для нашага духоўнага развіцця навуку.

Вядоўцы Дзмітрый Паноў і Алена Барэль нагадваюць, што сённяшні фестываль, які аб’ядноўвае людзей самых розных зацікаўленняў і ўзростаў у іх гарачым памкненні падзяліцца народнымі скарбамі, прысвячаецца Году на-роднага адзінства. Сярод ганаровых гасцей – выкладчык этналогіі і мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Козенка, які, дарэчы, з’яўляўся і старшынём прафесійнага журы фестывалю.

 – Для мяне вялікае шчасце сёння тут прысутнічаць, бо столькі цікавага сканцэнтравана ў адным месцы! – выказаў сваё захапленне Мікалай Аляксеевіч. – Адчуваецца, што і абласная, і раённая ўлада падтрымлівае культуру рэгіёна. Вельмі важна захаваць свае карані. Ад кожнага з нас залежыць, ці зберажом мы сваю гістарычную памяць, ці пакінем будучым пакаленням незлічоныя скарбы фальклору…

Цёпла віталі ўдзельнікаў свята начальнік упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч і старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. Яны шчыра падзякавалі работнікам культуры, самадзейным артыстам, народным майстрам за тое, што захоўваюць нашу духоўную спадчыну, беражліва перадаюць лепшыя традыцыі маладому пакаленню.

– Мы вельмі рады вітаць усіх вас на гасціннай шчучынскай зямлі. Добрых танцаў і песень, творчых перамог! – пажадала шматлікім удзельнікам свята Ганна Станіславаўна Хвядзюк. – У добры шлях, фестываль!

 Фальклорны марафон распачынае Дзятлаўшчына. Натхнёна гучаць народныя беларускія песні, паданні, сівыя легенды – цудоўная краса ў кожным слове! Працягваюць бясконцы ланцужок народнай творчасці ваўкавыскія і іўеўскія, свіслацкія і бераставіцкія, навагрудскія і слонімскія захавальнікі духоўных пярлін… Да самай глыбіні душы кранае лірычная пранікнёнасць фальклорнага гурта “Талер” з Ліды, кліча ў скокі жодзішкаўская “Нальшчаначка” з вянком беларускіх танцаў, уласцівых Смаргоньшчыне, выклікаюць шчырае захапленне дзівосы мажэйкаўскага народнага ансамбля побытавых інструментаў, дзе граюць нават на… граблях, косах ды саганчыках! А як пяюць – салаўям на зайздрасць!

Мабыць, сапраўдным адкрыццём для шчучынскіх аматараў фальклору стаў і ўнікальны музыка з Гарадзенскага раёна Мар’ян Скрамбялевіч – чалавек-аркестр, што адначасова грае на некалькіх інструментах, многія з якіх сам і вырабляе, аднаўляючы старажытныя тэхналогіі. Творчасць гэтага майстра, які да таго ж з’яўляецца кіраўніком аматарскага аб’яднання “Местачковыя музыкі” Адэльскага цэнтра культуры, уключана ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі.

Безумоўна, яркай і адметнай кветкай у этнаграфічным вянку Панямоння стала выступленне прадстаўнікоў Шчучынскага раёна. Танцы “Лысы” ды “Падэспань” у выкананні ўзорнага фальклорнага калектыва “Скарбоначка” Дэмбраўскага Дома культуры і фальклору выклікалі зачараванне і шчырыя апладысменты. А народны фальклорны калектыў “Вяргіня” Ракавіцкага ДК вынес на суд гледачоў і журы дзве аўтэнтычныя песні – “Я ў гарэшнічку гарэшкі рвала” і “Ішоў Ванька канаваю”.

 

Больш за 60 канцэртных нумароў уключаў у сябе фестывальны марафон, але і на гэтым не перасталі бруіцца жыватворныя крыніцы Панямоння! Неўзабаве распачалося танцавальнае спаборніцтва “Спадарыня кадрыля”, дзе ўслед за нашай славутай “Дэмбраўскай кадрыляй” гарэзліва скакалі котчынскую і масці-шчанскую, лукскую кругавую і загорскую… Сёлета ўпершыню на Беларусі Гарадзенская вобласць ажыццявіла ўнікальны праект “ЭтнаБум”. З пачатку чэрвеня і да апошняга жнівеньскага дзянька  паўсюдна па выхадных праходзілі майстар-класы па беларускіх побытавых танцах. Вось і прадэманстраваў зараз творчы люд тое, чаму навучыўся. І гэта, скажу я вам, было цудоўна!

Каму ў сённяшні фестывальны дзень можна дужа паспачуваць, дык гэта… журы: ну паспрабуй вызначыць лепшых, калі літаральна кожны калектыў і кожны выступоўца – самародак! Перад тым, як будуць абвешчаны вынікі і названы пераможцы фестывалю, на сцэну выходзяць госці – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны гурт “Гасцінец” з аграгарадка Ракаў, што на Меншчыне.

Што тычыцца лідскіх калектываў, то лаўрэатамі II ступені сталі народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка”, дзіцячы інструментальны гурт “Крынічка” (Мажэйкаўскі Дом культуры), Наталля Шчалканогава, Алена Шчэліна (аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры), Аляксандра Філіпава, Данута Жыдзіс, Зінаіда Кавалеўская (Мінойтаўскі КДЦ); за пераемнасць народных трады-цый узнагароджана майстар па ткацтве аддзела рамёстваў Марыя Шылкоўская.

Пасля падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў, адбыўся канцэрт  знакамітага ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”.

 Падчас фэсту працавалі выстава “Ручнік – праз усё жыццё”, каларытныя фотазоны ў стылі этна, гандлёвыя рады, кавярні пад адкрытым небам – ды хіба ўсё пералічыш? Проста, гэта трэба бачыць!

 Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота  аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0715
Далучайцеся да нас