5 верасня ў Капылі ў 28 раз адбылося адбылося свята беларускага пісьменства і друку. Сюды прыехала шмат гасцей і наведвальнікаў. Сёлета Капыль адзначыў свае 1015-я ўгодкі (упершыню згадваецца ў грамаце Кіеўскага мітрапаліта пад 1006 годам).
Горад пры падрыхтоўцы да свята быў значна ўпрыгожаны, на сценах пошты і іншых будынкаў з’явіліся 3-D муралы з выявамі вядомых ураджэнцаў Капыльшчыны.
Аздоблена тэрыторыя вакол Капыльскага музея, і перад музеем ужо на самым пачатку свята адкрылі помнік капыльскаму рамесніку са славутым капылом у руках. Як сказалі на імпрэзе адкрыцця, правобразам рамесніка стаў Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), які працаваў у маладосці ў быдынку, дзе зараз і месціцца музей.
На пастаменце радкі Цішкі Гартнага:
Я рабочы-гарбар,
Рыцар працы цяжкой,
Я з жалезнай душой,
З сэрцам палкім, як жар…
… Не хачу, не прывык,
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар – працаўнік,
Я жыву – каб рабіць!
Былі добраўпарадкаваны месцы, дзе ўсталяваны інтэрак-тыўныя лаўкі, пазначаныя літарамі ў адпаведнасці з імёнамі пісьменнікаў: А – Алесь Адамовіч і гэтак далей, усяго 53 прозвішчы. На ўсе літары нанесены QR-коды, і з дапамогай мабільнага тэлефона можна будзе даведацца, якому пісьменніку прысвечана лаўка, і якія літаратурныя творы ён напісаў. Каля адной з такіх лавак мы сустрэліся з дачкой Яна Скрыгана Галінай Іванаўнай.
Каля іншай чытачоў сустракала супра-цоўніца Цімкавіцкай раённай бібліятэкі Вольга Уладзіміраўна Радкевіч і вучань гімназіі №1 Раман Марукін, які марыць стаць журналістам.
Падчас урачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства, была ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. Яна ўручалася ў шасці намінацыях: «лепшы зборнік паэзіі», «лепшы твор прозы», «лепшы твор публіцыстыкі», «лепшы твор для дзяцей і юнацтва», «лепшы твор літаратурнай крытыкі» і «дэбют». На прэмію прэтэндавалі 59 пісьменнікаў.
Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў павіншаваў пераможцаў конкурсу, сярод якіх былі Віктар Шніп, Алесь Карлюкевіч, Віктар Праўдзін, Валянціна Паліканіна і іншыя аўтары.
Між іншым, на свяце з прыемнасцю даведалася, што ў капыльскай раённай газеце “Слава працы” надрукаваў свой першы верш Станіслаў Суднік.
Свае разнастайныя зборы, краязнаўчыя выданні і альбомы, кнігі па мастацтве дэманстравалі на свяце раённыя бібліятэкі Барысава, Нясвіжа, Слуцка, Капыля і іншых гарадоў.
Выдавецтва “Беларусь” прадставіла новае выданне, прысвечанае Капыльшчыне, яе гісторыі, асобам, працоўным і культурным дасягненням. Над зборам матэрыялу некалькі гадоў рупіліся прадстаўнікі мясцовай рэдакцыіі “Слава працы”.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала электрон-ную прэзентацыю выданняўі выставу кніг, прысвечаную пісьменнікам з Капыльшчыны. Іх дэманстравалі Таццяна Анатольеўна Лаў-рык і Таццяна Лагаш.
“Электронны рэсурс Нацыянальнай бібліятэкі “Беларусь у асобах і падзеях” утрымлівае каля 30 тысяч адзінак інфармацыі пра асобаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё культуры, навукі, грамадска-палітычнае жыццё, спрыялі развіццю адукацыі, спорту, эканоміцы розных рэгіёнаў. А таксама ў энцыклапедыі ўтрымліваюццца звесткі пра арганізацыі, установы і прадпрыемствы, помнікі прыроды.
– Да Дня беларускага пісьменства мы падрыхтавалі прэзентацыю, у якой бачна, колькі знакамітых асобаў нарадзіліся на Капыльшчыне, – распавяла Таццяна Лагаш. – Капыльшчына з’яўляецца радзімай мастакоў Генадзя Галубовіча, Івана Пешкура, Пятра Родзіна.
– Капыльшчына дала Беларусі вялікую колькасць выдатных літаратараў. У нас ёсць інфармацыя пра Алеся Адамовіча, Цішку Гартнага, Кузьму Чорнага, Яна Скрыгана, Міколу Хведаровіча і іншых.
Супрацоўніца Цімкавіцкай раённай бібліятэкі Ірына Яўгенаўна Шкуцько была ўдзельніцай стварэння даследавання, прысвечанага фундатару Чырвонага касцёла Эдварду Вайніловічу, маёнткі якога знаходзіліся непадалёку ад Капыля. Пра яго памятаюць тут з удзячнасцю, бо ён адкрываў прыходскія школы, выдаткоўваў сродкі таленавітым вучням на далейшае навучанне, адорваў сялянаў у дні вяселляў. Такая памяць захавалася ў сям’і бібліятэкара Вольгі Радкевіч.
На свяце можна таксама было пазнаёміцца з цудоўнымі мастацкімі творамі навучэнцаў школы мастацтва г. Капыля. Майстры з Нясвіжскага, Барысаўскага, Менскага і іншых раёнаў дэманстравалі свае дэкаратыўныя вырабы, вышыўку, плеценыя паясы, мяккія цацкі, шматлікія сувеніры.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.