СТВАРЭННЕ СВЕТУ
Мастаку Аляксею Марачкіну
(Алесю Мары)
Навобмацак, як невідушчы, час брыдзе –
На зрэнках бельмы ці сусвет заблёны?
Туман пальчаткаю надзелі клёны
І паркі гуртам распусціліся ў смузе.
Што ёсць, надалей будзе што –
не разабраць:
Свядомасць спараджае цмяных віззяў,
Гаспод, напэўна, гэтаксама трызніў,
Перш чымся пэндзаль ці разак
у рукі ўзяць.
Так, сонмы вобразаў лунаюць прад вачмі
У кожнага жывога працай творцы,
Пакуль на палатно не лягуць фарбы.
Але суладдзе адшуканае калі,
Ён робіцца азораным празорцам,
Які свет новы ўвасабляе ўпарта.
ПЕРАПРАВА ЦЕРАЗ НЁМАН.
СНЕЖАНЬ 1812 г.1
Над пераправай нудны плач завеі.
Снег засціць вочы – не зірнуць назад
Туды, дзе золак цмяна бранзавее
Па-над пажарышчамі курных хат.
Парад расстайны хвацкага швадрона:
На эпалетах стыне серабро,
Бег прыпыніў пад люстрам лёду Нёман,
Бы пад мундзірамі выгнанцаў кроў.
Ушчэнт пасечаным і зваяваным
Цяпер што засталося? – Толькі сніць,
Як галасы званоў святое Ганны
Віталі нас у лепшай са сталіц.
Як “касцюшкоўкі” зіхацелі ў промнях
І прапарцы луналі на вятры,
Як перад рагатыўкамі з Пагоняй
Масква свае схіліла купалы…
П’яніў галовы марнаю надзеяй
Кароткачаснай перамогі хмель,
Але штодня з адчаем цверазелі
Пад небам заінелым, як шынель.
Завеі плач хвастае нашы спіны
Скрозь боль пякучы кінуты пагляд –
Да папялішчаў спляжанай Айчыны
З чужых краёў ці вернемся назад?
1 Падчас вайны 1812 г. грамадзяне коліш-няга Вялікага Княства Літоўскага, спадзяючыся, што Напалеон паспрыяе адраджэнню іхняй дзяржавы, сфармавалі чатыры ўланскія палкі. Яшчэ адным, 8-м уланскім палком Герцагства Варшаўскага, камандаваў князь Дамінік Геранім Радзівіл. Тыя, хто не загінуў падчас кампаніі ў Расеі, з рэштай войска імператара пайшлі за Нёман на захад і працягвалі ваяваць на баку Банапарта ў 1813-14 гг.
МАНАЛОГ АФІЦЭРА ДЫВІЗІІ СМЕРЦІ
З ВОЙСКА БУЛАКА-БАЛАХОВІЧА
Сыпле снег на пагоны,
заняўся халодны світанак,
Хоць даўно адыграў
для швадрона пабудку гарніст,
А ў кішэні мундзіра
грэе сэрца доўгачаканы
Акурат перад рэйдам
пасыльным прынесены ліст.
У ім сум, і надзея,
й атрамант, размыты слязамі,
І чуваць скрозь радкі
голас незледзянелай душы.
Няма як адказаць,
што ў свінцовую, згубную замяць
Да крыжоў на грудзях
йшчэ драўляны не выслужыў крыж.
Зрэшты, годзе пра гора,
бо ў памяці – водбліскі лета,
Калі з ёй перайшлі
на наднёманскай строме на “ты”,
Званы Фары спявалі
па-над закаханымі ветла
І без справы стаялі
ўкол места пустыя фарты.
Што з таго засталося?
Бадай, крушні Замка старога,
Пад фарсістай кубанкай
непазбыўная шэрань лягла,
Завірухі вайны
замялі да каханай дарогу,
Але свечка чакання
гарыць у вакне давідна…
Час прыспеў выпраўляцца,
каб стоячы не перамерзці, –
На загад волю даць
шаблям у бальшавіцкіх тылах
У засмужаны ўсход
валанцёры Дывізіі смерці,
Сцяўшы вусны й пачуцці,
панура ідзём на рысях.
Неба колеру нашых
шынялёў у бітвах злінялых,
Толькі сівер не вечны –
паўстане ўсцяж новая рунь.
Над швадронам уланаў,
над роднай зямлёю лунае
Штандар бел-чырвон-белы,
падняты на сцюжы ўгару.
У ВЯНОК ВІНЦЭНТУ ГАДЛЕЎСКАМУ
“Рэлігія, наказуючы паважаць бацькоў,
не менш, канешне, наказвае паважаць Бацькаўшчыну”.
Айцец Вінцэнт Гадлеўскі.
1.
Адвэнт скончыўся. Калядны вечар.
Зорка сведчыць грэшным узышла –
Нарадзіўся той, каго прыняць смерць
Пан Айцец, каб збавіць нас, паслаў.
Той, які на здзек укрыжаваны,
Бацьку ўпрошваў дараваць сляпым
І паўстаў над смерцю зваяванай…
Уваскрошанне.
Ерусалім.
2.
Плён малы з душпастырскага чыну –
Нават Збаўцу аб свабодзе не ўмаліць,
Як Найлітасцівым даная Айчына
У крыві распнутая хрыпіць.
Перад ворагам не ўкленчы і ў пакутах –
Хай прыцвічыць да зямлі свінец…
Крыж, як сведчанне Ідэі Неўміручай.
Наваколле Менска.
Трасцянец.
ЧАКАННЕ
Пладамі ўбраліся сады –
Чакаюць Яблычнага Спаса,
Са жніўнем хмарыстым сам-насам
Пладамі ўбраліся сады.
Каб і спачылыя дзяды
Адчулі, што жыццё не згасла,
Пладамі ўбраліся сады –
Чакаюць Яблычнага Спаса.
ГРОНКА РАДЗІМЫ
Аблятае кастрычнік,
пакорліва ў часе няспынным
Адыходзячы ў невараць
занач ссівелай раллёй,
І свіціцца ярчэй
скрозь смугу жырандоля рабіны,
Бы гартоўнае сэрца
Радзімы, давечна маёй.
Робіць зацемкі вецер
на перыстых бачынах вышы,
Як маўчаць разам з болем
буслянак, няўтульна-пустых,
На франтоне касцельным
дажджамі прамытыя нішы,
Дзе спрабую дарма
ўгледзець рэпрэсаваных святых2.
Сад разложысты, скуль
да дзяцінства бадай што тры крокі,
Перагортвае метрыку
продкамі ўбранай зямлі,
Чые душы з двароў
за Бярэзіну і Налібокі,
Запаліўшы грамнічкі,
у скрушных чаўнах адплылі.
Захад бровы насупіў –
нядоўгае сонца на спадзе,
Ды гарыць жырандоля,
а памяць нясцішна крывёй
Гулка тахкае ў скронях:
“Не смей ні пакінуць, ні здрадзіць!” –
Гэта б’ецца ўва мне
гронка сэрца Радзімы маёй.
2 Скульптуры апосталаў з нішаў фран-тона Валожынскага касцёла св. Язэпа былі зняты і вывезены бальшавікамі (імаверна, як і арган, у Летуву) за часам Хрушчова.
ПАДАРОЖНАЯ КАЛЫХАНКА
Ноч, як мора, ложак – човен,
Снамі казачнымі повен.
Хвалі плёскаюць аб борт –
Пакідай да ранку порт.
Станеш юнгам паслухмяным,
А каток твой – капітанам.
Што малы ён, не глядзі –
Ёсць цяльняшка і вусы.
І вусаты-паласаты
Прэч ад штормаў, ад піратаў
Спраўна човен павядзе
Сам па зорыстай вадзе.
Без кампаса і без картаў
Там, дзе поўня – выспа скарбаў,
Дзе фарватэр да яе –
Срэбны промень у імгле.
Засталіся ва ўспамінах
Капры, Рым і Сан-Марына –
Было колісь і сплыло
Разам з сонечным святлом.
Выпраўляйся ў падарожжа –
Дома ці сядзець прыгожай? –
Адплывай у дзіўны край
Сноў салодкіх – засынай…
АДЗІНАЕ СЛОВА
Растануць дымам у паветры словы,
Але праз сорам не падняць вачэй,
А на сумёце попел тытунёвы
Паніклыя пагляды апячэ.
Нагаварылі кепікаў бяздумна,
Насачыняўшы безлічна грахоў,
І крыгу крыўдаў не растопім сумнай
Усмешкаю раскаяння свайго.
Каб пачуццё не выдзьмула завея,
Даткнуся да дрыготкага пляча,
Па словах ледзяных хай нас сугрэе
Адзінае з магчымых – “Выбачай…”
НА КУПАЛЛЕ
Будзе ноч і насеннем
рассыплюцца зоры над намі,
І пачуцці запаляцца
жарсцю ў крыштальнай расе,
Тады часу рака
дзве душы, пераплёўшы, вянкамі
У нязнаную прышласць
на хвалях сваіх панясе.
На зямлі целам кінутым
болей не знойдзецца месца,
Мы – ў далоні далонь –
перакрочым засветны парог;
І спагадлівы княжыч
ва ўсмешцы маёй адаб’ецца,
Млечны Шлях – на тваіх
белых, рыхтык лілеі, грудзёх.
Між быццём ды лятункам,
патонем, як між берагамі,
Адкуль гульняў гармідар
і спевы далёка чуваць,
Там прыполле цямрэчы
ліжуць вогнішчы языкамі,
А вясёлай сябрыне
ніколі нас не адшукаць.
Ззянне папараць-кветкі
на досвітку згасне ў тумане,
Дзве душы рэчка часу
ўтрымае на бурнай вадзе,
Каб у прышласць плылі,
пераплёўшыся шчыльна, вянкамі,
Калі з зораў насення
ўзбуяе народжаны дзень.
ЛЁДЗІСТЫЯ БЕРАГІ
На лёдзістыя берагі
Нясу зіхоткія надзеі
Туды, дзе розум цверазее –
На лёдзістыя берагі.
Каб сіверы засцераглі
Іх ад начніцаў і людзей, я
На лёдзістыя берагі
Нясу зіхоткія надзеі.