Не за гарамі 2023 год – год 525-годдзя нашага роднага Дзятлава. Здаецца, зусім нядаўна мы святкавалі 500-гадовы юбілей. Горад да яго тады падрыхтаваўся грунтоўна, было шмат зроблена для зручнасці яго жыхароў. Най-перш добраўпарадкаванне кранулася гістарычнага цэнтра, плошчы 17 верасня, касцёла і дамоў рамеснікаў, якія былі адрамантаваны, пафарбаваны, аздоблены кавальскімі вырабамі з жалеза (балконы, вароты і брамкі, вывескі). Забудова ажыла, але ў той жа час і не згубіла сваёй сярэдневечнай прывабнасці.
Усе, але асаблiва тыя, хто ўпершыню трапляе ў цэнтр нашага Дзятлава, атрымліываюць асалоду ад пачуцця нібы вяртання на 1-2 стагоддзі назад у мінулае. Тут часткова захаваліся і элементы радыяльнай забудовы сярэдневечных мястэчкаў, і невялікія крамы, і месцы дзе можна перакусіць (праўда іх малавата, ды і сервіс у іх, хоць і палепшыўся, але жадае быць на больш высокім узроўні).
На другім баку плошчы – і галоўны, самы старажытны помнік архітэктуры, узор віленскага барока, касцёл Успення Багародзіцы, збудаваны ў 1646 годзе на сродкі К. Сапегі. Парог гэтай культавай установы за гэты час пераступалі сотні тысяч людзей, у тым ліку і знакамітых жыхароў, і ўраджэнцаў, і гасцей Дзятлава. Тут, канешне ж, бывалі і фундатары пабудовы Сапегі, пісьменнікі, мастакі, навукоўцы. Крыштаф Ульдарык Радзівіл і Тамаш Жаброўскі, Ігнат Дамейка і Вінцэнт Дмахоўскі, Юліян Корсак і, па непацвержаных дакументальна дадзенных, Адам Міцкевіч. Пра ўсё гэта з захапленнем слухаюць турысты, асабліва замежныя. Але пасля аповедаў амаль усіх цікавіць пытанне: хто заснаваў Дзятлава? Як ён угаранаваны?
Адказваючы на гэтае пытанне дзятлаўчанам вельмі хутка не прыдзецца чырванець. Бо, як вядома, яшчэ ў 2018 годзе мне, пры падтрымцы аднадумцаў, удалося ініцыяваць ідэю стварэння ў Дзятлаве манументальнага помніка яго заснавальніку і першаму ўладару, слаўнаму ваяру-палкаводцу, гетману найвышэйшаму ВКЛ К.І. Астрожскаму.
На сённяшні дзень пройдзены ўсе асноўныя юрыдычныя этапы: узгадненне ў міністэрстве культуры і адміністрацыі Прэзідэнта, праведзены конкурс эскізных праектаў, выбрана і зацверджана месца ўсталявання манумента, жылкамунгасам запланаваны сродкі для праектнай дакументацыі пад пастамент помніка, у Белаграпрамбанку адкрыты рахунак для дабравольных ахвяраванняў. Прайшло ўжо амаль паўгода, а на гэтым рахунку сёння вельмі нязначная колькасць рублёў, ды і тыя амаль усе з маёй пенсіі. Пішу гэта не дзеля таго, каб пахваліцца, бо згодна са святым пісаннем, калі ахвяруе правая рука, то левая аб гэтым не павінна ведаць, а дзеля таго каб напомніць яшчэ раз жыхарам горада і раёна, што справа ахвяравання – і богадагодная і ўласцівая людзям нашага краю спрадвеку. Талакой у нас збіралі сродкі і будавалі храмы, капліцы, дарогі, масты, грэблі і іншыя грамадскія аб’екты.
Сёння гэтым у асноўным займаецца дзяржава.
2021 год аб’яўлены годам адзінства. Ці не найлепшы час людзям розных канфесій, рознага ўзросту, полу, дастатку, палітычных поглядаў згуртавацца і паспець зрабіць згодна з “пруткасцю” свайго кашалька ахвяраванне на такую патрэбную справу як манументальны помнік чалавеку, які заклаў у “падмурак” нашага горада першую цагліну, які фундаваў тут пабудову праваслаўнай царквы, а пасля быў шчырым і паслядоўным абаронцам праваслаўя ў ВКЛ, чалавеку, справу якога годна прадоўжыў сын Васіль Канстанцін Астрожскі, які пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, а постаць кананізавана праваслаўнай царквой.
Згодна са святым пісаннем аб богадагоднх ахвяраваннях прынята даваць дзесятую частку свайго заробку. Для адных гэта будзе, вобразна кажучы – рубель, а для іншых і лічба з некалькімі нулямі. Сёння асноўная маса дзятлаўчан жыве ад зарплаты да зарплаты, але ёсць і людзі больш заможныя. Па вялікім рахунку зрабіць пасільны ўклад у высакародную справу можа кожны. Тым больш, што ў нас практыкуюць штогадовыя суботнікі. Па рашэнні калектыву арганізацыі ці прадпрыемства частку сродкаў, заробленых на гэтых масавых мерапрыемствах, можна накіраваць на помнік Астрожскаму. Ёсць варыянты арганізаваць дадатковы суботнік, ці які- небудзь працоўны дэсант, а заробленыя сродкі ўкласці ў справу ўвекавечання заснавальніка нашага Дзятлава.
Вядома, что вучні карыстаюцца бацькоўскімі грашыма, але іншы раз гэтыя рублі трацяцца на якую небудзь жвачку ці чупа-чупс. Калі раз у месяц ці чвэрць, абысціся без такой забавы, то бацькоўскі рубель з гонарам можна аддаць на помнік. І першымі прыклад у гэтай справе павінны падаць на маю думку, сябры БРСМ, піянеры, а ва ўстановах і арганізацыях іх кіраўнікі і ідэолагі.
Вельмі спадзяюся, што прачытаўшы гэты артыкул, адклікнуцца прадпрымальнікі і бізнесоўцы, і не толькі тыя, хто сёння жыве і працуе ў нашым горадзе, але і тыя, хто тут нарадзіўся, жыў калісьці, вучыўся ў дзятлаўскіх школах, у каго захаваліся добрыя настальгічныя ўспаміны аб гэтым куточку Гарадзеншчыны. А такія людзі сёння жывуць і ў Гародні, і ў Менску, і іншых мясцінах Беларусі, за яе межамі ў бліжнім і дальнім замежжы.
Шаноўныя землякі! Раскажыце сваім сваякам, блізкім, знаёмым, якія сёння далёка ад родных мясцін пра ідэю стварэння помніка К.І. Астрожскаму, – дашліце ім нумар банкаўскага рахунка.
Агульнымі намаганнямі мы зможам зрабіць наша Дзятлава не менш прывабным для турыстаў, чым Ліда, дзе два гады таму паўстала перад замкам конная постаць Гедыміна, ці Слоніма, дзе не нашмат раней, заняў месца бронзавы Леў Сапега. А былая першая сталіца ВКЛ Наваградак яшчэ толькі вядзе размовы, каб яго ўпрыгожыў манумент першага караля ВКЛ Міндоўга.
Не толькі хлеб патрэбны чалавеку. Уявіце сабе, як праз 20-30 гадоў, вы ці вашы нашчадкі, гуляючы ў цэнтры Дзятлава са сваімі дзецьмі, унукамі змогуць з гонарам распавядаць ім пра Астрожскага, пра яго перамогі, заслугі перад праваслаўем і галоўнае, што дзякуючы яму існуе Дзятлава. Пры гэтым сціпла можна будзе нагадаць, што і іхні бацька ці дзядуля зрабіў пасільны грашовы ўклад, і, што магчыма, без яго руб-ля ці двух і не было б гэтага помніка. Ці не найлепшае патрыятычнае выхаванне?
Нагадваю, што нумар рахунка, на які трэба пералічваць сродкі на помнік:
УНП 50056293, р/р
BY37AKBB31320000000030000000
у ААТ “АСБ Беларусбанк”,
БІК АКВВВY2X.
Скульптурны камбінат г. Менска прадставіў планавую калькуляцыю праекта-пераможцы скульптара Паўла Лукі і арітэктара Алы Мацкевіч кошту вырабу ў бронзе помніка Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве, без ацэнкі добраўпарадкавання тэрыторыі і кошту п’едэсталу. Па цэнах 2020 года – гэта 124 тыс. бел. руб.
Шаноўныя суайчыннікі хачу закончыць свой зварот-артыкул радкамі з апошняй кнігі “Памілуй і ўзвысь. Малітвы” знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага: “Навучы, Божа рабіць добраславённыя дзеі, навучы не браць, а аддаваць. І слава спаткае тых, хто мала пра яе думае”.
Валерый Петрыкевіч, старшыня Дзятлаўскай арганізацыі ТБМ, краязнавец, адзін з ініцыятараў стварэння помніка К. І . Астрожскаму.