Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Валерый Счасны: “Малевіч даў мне свабоду творчасці, а Драздовіч – нацыянальную ідэю”

Валерый Счасны: “Малевіч даў мне свабоду творчасці, а Драздовіч – нацыянальную ідэю”

21 ліпеня 2021, 22:03 Культура 34
Валерый Счасны:  “Малевіч даў мне свабоду творчасці, а Драздовіч – нацыянальную ідэю”

Мастаку Валерыю Счаснаму, жыццёвы і творчы шлях якога быў звязаны з Віцебскам, а дзяцінства і  сеняшняе жыццё з Верхнядзвінскам, споўнілася 70 год.

 

БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

Нарадзіўся В. І. Счасны ў Верхнядзвінску, прафесійную адукацыю атрымаў у Віцебску. У 1973 г. закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў А. Някрасава. З 1976 г. удзельнічае ў мастацкіх выстаўках. Працуе ў графіцы (акварэль), а таксама ў афармленчым мастацтве.

Валерый Счасны – лаўрэат прэміі ЛКСМ Віцебшчыны, член Беларускага саюза мастакоў з 1993 г. У 1988 г. В. І. Счасны стаў адным з сяброў творчага аб’яднання віцебскіх мастакоў “Квадрат”, аб’яднання беларускіх мастакоў “Пагоня”.

 

З “Квадрата” мы і пачынаем размову.

СЧАСНЫ: “Квадрат” стаў як бы лагічным фіналам нашай творчай тусоўкі: мастакі кантактавалі паміж сабой, дзяліліся планамі, і ў нейкі час Аляксандр Малей унёс прапанову  зарэгістраваць творчае аб’яднанне, што давала б нам магчымасць ладзіць свае выставы, бо мы былі не вельмі заангажаваны ў афіцыйным мастацтве, гэтак жа як і ў афіцыйным Саюзе мастакоў. Назва таксама нарадзілася спантанна. “Квадрат”, прапанаваў я. На гэтым і сышліся. Чаму “Квадрат”? Гэта як памяць пра віцебскага мастака  Казіміра Малевіча, бо няма больш дасканалай і чыстай формы, як квадрат.

КАР.: Вы  землякі з Аляксан-драм Малеем…

СЧАСНЫ: Мы нават сядзелі за адной партай ў школе!  І ў нас была адна настаўніца – Валянціна Аляксандраўна Радзіёнава, дзякуючы якой мы рабілі першыя крокі ў мастацтве. Менавіта яна ўцягнула нас у гурток выяўленчага мастацтва, відаць, як прафесіянал, убачыла нашыя здольнасці, і з таго часу мы разам з Аляксандрам сталі “школьнымі мастакамі” і заўзята афармлялі ўсе школьныя мерапрыемствы і насценгазеты. Дарэчы, усе яе тры сыны таксама заканчвалі мастацка-графічны факультэт.

А пра нас ўжо таксама ўсе ведалі, што будзем паступаць, як казалі, “на худграф”. Было гэта ў 1968 годзе і ў нас была мэта – вучыцца ды-зайну. Пасля года вучобы мы паехалі паступаць ў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай, сёння гэта – Санкт-Пецяр-бургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А. Шцігліца. Праўда наша “самастойнасць” магла закончыцца прызывам у армію, але,  дзякуючы дэкану В. Шаталаву, нам далі магчымасць давучыцца ў інстытуце і атрымаць дыпломы.

І вось 10 чэрвеня мы адкрылі сумесную выставу з Аляксандрам Малеем ў Віцебску. Аляксандр Малей – таксама юбіляр.

КАР.: Як склаўся творчы шлях пасля заканчэння інстытута?

СЧАСНЫ: Вучобу я скончыў у 1973 годзе, і паколькі тады было дзяржаўнае размеркаванне на працу, я  быў накіраваны ў Віцебскі абласны аддзел адукацыі, а адтуль – у абласны Дом піянераў, дзе выкладаў у студыі выяўленчага мастацтва і маімі вучнямі былі вядомыя на сёння мастакі – Сяргей Кухто і Надзея Пашкевіч. Да таго часу сваёй працы я стаўлюся з вялікім імпэтам, бо гэта быў важны перыяд у маёй творчасці. Амаль 20 год аддадзена Віцебскаму  камбінату мастацтва, а, пераехаўшы ў Верхнядзвінск, працаваў у школе мастацтваў, у Цэнтры для дзяцей і моладзі.

КАР.: З часу Вашай працы ў школе мастацтваў хочацца згадаць пра цікавы праект – гэта пленэр “На хвалях натхнення”, да якога, да гонару, давялося спрычыніцца і мне. Нажаль, гэта было, як кажуць, першы і апошні раз…

СЧАСНЫ: Так, ён быў прымеркаваны да Дня горада і ў ім, калі не памыляюся, брала ўдзел 5 мастацкіх школ вообласці. Наша школа мастацтваў ўзяла на сябе ўвесь клопат па яго арганізацыі і правядзенню, і яе калектыву, і дырэктару – Шугалю Яўгену Давыдавічу – давялося нямала  папрацаваць, каб быў вынік. І ён быў: на свяце горада было выстаўлена больш за паўсотню прац выхаванцаў школ мастацтваў, удзельнікаў пленэру. Ды ў мясціны, дзе праходзіў пленэр, знакавыя для Верхнядзвіншчыны – вёска Цінкаўцы, дзе некалі быў сядзіба-музей “Хатка “Бабкі Параскі” Сяргея Сцяпанавіча Панізніка, які меў званне “Народны”, сядзіба Нітаслаўскіх на Вопытнай, пярлінка нашага раёна – Расіца, дзе тры дні нас гасцінна сустракаў пан Чэслаў Курэчка…

КАР.: Яшчэ да адной вялікай творчай падзеі з Вашым удзелам, але, на жаль, таксама ў мінулым, хачу ўзгадаць пленэр “У пошуках Атлантыды”. Але пошук Атланты-ды працягваецца…

СЧАСНЫ: Так, які дзякуючы Кацярыне Мясніковай, жыве і зараз. Мінулым годам, дзякуй раён-наму Таварыству беларускай мовы,  мы адзначалі юбілей – 15-годдзе. Памятаю і першы пленэр, калі 10 дзён, каля паўтара дзесятка мастакоў працавала ў нашым раёне, а потым сваю сядзібу ў Лявонпалі, на Мёршчыне, нам гасцінна аддаў у карыстанне Сяргей  Сцяпанавіч Панізнік.

КАР.: Да сказанага Вамі дадам, што якраз тады ў нас была магчымасць зрабіць першыя крокі для стварэння мастацкай галерэі ў раёне, бо мастакі гатовы былі аддаць некаторыя свае працы ў падарунак раёну.

СЧАСНЫ: А вось правесці выставу твораў, якія былі напісаны падчас пленэру “У пошуках Атлантыды” мясцовыя улады не рызыкнулі, але прайшла ў Полацку, куды ганаровым госцем быў запрошаны Сяргей Сцяпанавіч Панізнік, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна, якія зрабілі свой унёсак у правядзенне пленэру. Дарэчы,  у пленэры прымаў удзел і Алесь Пушкін і, дзякуючы разуменню памежных службаў, не ўзнікала пытанняў адносна знаходжання мастакоў у памежнай зоне, а таксама пры наведванні  імі Расіцы, Сар’і, Асвейшчыны…

КАР.: У адным з інтэрв’ю з культуролагам Аксанай Кузінай  на пытанне пра  тое, якую падзею Вы б вызначылі маркерам таго, што змяніла Ваша жыццё, вы сказалі, што гэта – Салаўкі.

СЧАСНЫ: Так. Гэта было яшчэ ў 1974 годзе, калі мой сябар, мастак і архітэктар Уладзімір Цяцер-кін,  зрабіў такую прапанову: паехаць туды на пленэр. Салаўкі тады толькі- толькі прыадчыняліся, і паехаць туды  без спецыяльнага дазволу было нельга. Але нам пашанцавала, бо на цеплаходзе, які хадзіў  раз на тыдзень з Архангельска на Салаўкі, ехаў выкладчык маскоўскай ВНУ для праверкі працы будатрада МГІМА.

І мы ўбачылі, што на храмах былі пяцікутныя зоркі і стаяў пах лагераў, усе падвалы і вежы былі адчынены, і была магчымасць хадзіць усюды і глядзець.

На Салаўках  зямля зліваецца з небам.

КАР.: Ведаючы Вас, як вельмі сціплага і не рызыкоўнага чалавека, знаёмячыся з фактамі Вашай біяграфіі, бачу, што памыляюся… Вы адзін  рызыкнулі “скарыць Эльбрус”!

СЧАСНЫ: Так, на Каўказ я паехаў адзін. Праўда, перад гэтым вясной мы з  групай былі  на Прыэль-бруссі на спартыўных спаборніцтвах: я займаўся ў секцыі па горнаму турызму. Так што горы ведаў і быў пад вялікім уражаннем ад таго, што ўбачыў там. Але з пуцёўкай вырашыць пытанне было проста немагчыма, а я хацеў трапіць у альпіністычны лагер. Прыслухаўшыся да парады: прыедзеш, патупаеш там, нешта дапаможаш зрабіць, глядзіш і трапіш на другую змену. Але не ўдалося, і я застаўся практычна без сродкаў. Але цудам неяк прыладкаваўся да маскоўскага будаўнічага атрада інстытута імя Баўмана, студэнты якога вялі будаўніцтва ліній электраперадач да Лядовай базы на Эльбрусе і папрацаваў з імі. Разам даехаў да Масквы, а на дарогу да Віцебска грошы яны мне далі таксама.

Замалёўкі з Каўказа сталі матэ-рыялам для маёй дыпломнай работы,  якая адразу пасля экзамена, дзіўна некуды знікла (смяецца).

КАР.: Той, хто бачыў Вашыя карціны, звяртае ўвагу на тое, што на іх шмат крыжоў…

СЧАСНЫ: Я – пастаянны ўдзельнік драздоўскіх плэнераў, адзін з якіх праходзіў у вёсцы Бабруйшчына Глыбоцкага раёна. І там на могілках ёсць крынічка, а па-над ёй-каплічка, а ў ёй – праваслаўны абраз і стаіць скульптура каталіцкага святога. І вернікі абодвух канфесій ходзяць да крынічкі па ваду, бо яна лічыцца святой вадой. Як бачым, у гэтым месцы вернікі не падзяляюць сябе на розныя канфесіі, іх яднае гісторыя і кроў Хрыста, і магчыма, і язычаскае пакланенне вадзе. І гэта стала тэмай яднання хрысціянскіх канфесій ў маёй творчасці. Так узнікла праца “Два крыжы”, у якой злучаны дзве тэмы – нацыянальная ідэя і адзіная рэлігія. Так нарадзіўся мой канструктывізм, у падмурку якога ляжыць ідэя экуменізму.

КАР.: Адзіная рэлігія. Ці паспрыяла гэта таму, што  Вас пачалі  прымаць вернікі, царква?

СЧАСНЫ: Першыя некалькі абразоў напісаў для іканастаса Верхнядзвінскай Свята-Мікалаеўскай царквы. Гэта  стала пачаткам супрацы з католікамі-францішканцамі: мне давялося ўдзельнічаць у праектаванні і рэканструкцыі будынкаў пад касцёлы ў Бярозаўцы,  Гняздзілаве, Уражайным. Для гэтых храмаў я рабіў не толькі праекты інтэр’ераў, але і алтароў.

У 2015 годзе будаваў новую капліцу ў Докшыцах, працаваў над абразом Дабраславеннага Мечыслава Багаткевіча для касцёла Святой Дзевы Марыі з Верхнядзвінска, які быў закатаваны немцамі ў 1942 годзе.

КАР.: Вы – удзельнік шматлікіх выстаў… Распавядзіце пра гэта.

СЧАСНЫ: Калі пералічваць усе выставы, у якіх я браў удзел, не хопіць месца ў газеце (смяецца).

Першая выстава, у якой я браў удзел, прайшла ў далёкім 1976 годзе ў Віцебску  і была прысвечана, на той час – гэта традыцыя, 60-годдзю Кастрычніка. У 1980 г. – “На Буратскім участку БАМа”, а ў 1987годзе – першая выстава творчага аб’яднання “Квадрат” і ў гэтым  жа годзе яна  была адкрыта ў Каўнасе. Крыху пазней “Квадат” эскпанаваў свае працы ў Ленінградзе, а затым – выстава “Квадрата”, прысвечаная А. Малевічу, на-ступная выстава з нагоды яго юбілею “130 – Малевічу”. Выстаўляліся мае працы ў Польшчы, Маскве, Іспаніі,  і гэта ўсё з удзелам ТА “Квадрат”.

Я – пастаянны ўдзельнік мастацкіх пленэраў імя Я. Драздовіча, І. Хруцкага. Да 625-годдзя Верхнядзвінска была адкрыта мая персанальнная выстава. Зараз, дарэчы, у  Віцебску адкрыты дзве мае юбілейныя персанальныя  выставы, а да гэтага, у  2001 і 2016 гг. працавалі персанальныя выставы ў Віцебску і Менску.

Бліжэй да сённяшняга часу – у 2019 годзе ў Варшаве працавала выстава  “Віцебскія мастакі ў палацы А. Малевіча”, рэспубліканскі праект “Фармат” у Менску, “100 год УНОВІС” у Віцебску.

Гэты год для мяне юбілейны,  і можна ўбачыць мае працы ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы – “Пламя багрового огня” і ў абласным мастацкім музеі -“Шлях”, якая была адчынена 10 чэрвеня.

Агулам давялося браць удзел  ў не меней чым 30 творчых выставах не толькі ў Віцебску, Менску, але і за межамі Беларусі.

Мастацкія творы Валерыя Счаснага ёсць у калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Віцебскім і Полацкім мастацкіх музеях,  краязнаўчым музеі імя І. Чэрскага ў Валынцах, раённым краязнаўчым музеі, а таксама ў Расійскай таварна-паліўнай  біржы, у прыватных калекцыях.

КАР.: Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, сябар Беларускага саюза мастакоў напісаў пра Валерыя Счаснага так:

“Зварот да гісторыі і традыцый славутай Віцебскай мастацкай школы, вяршыняў “Віцебскага рэне-сансу” творчай практыкі “Сцвяр-джальнікаў Новага мастацтва” (УНОВІС) сталі падставай для шэрагу жывапісных палотнаў.

…Крыж – адзін з самых старажытных сімвалаў чалавецтва -паўстае ў яго творчасці як сімвал вышэйшых і сакральных каштоўнасцяў, сімвал Хрысціянства, Жыцця і Веры. …У яго творах крыж – гэта адначасова Знак Часу і Знак Вечнасці, Знак Бессмяротнасці і Шлях да Яднання.

…Вобраз крыжа сапраўды паўстае ў палотнах Валерыя Счаснага сімвалам энергіі дабра, а крыжовы арнамент выступае як своеасаблівы ябярэг мастака.

Тэма трансфармацыі язычніцтва ў хрысціянства, адзінства верыгалоўная тэма яго творчасці.

 

Падчас адкрыцця юбілейнай выставы Валерыя Счаснага ў абласным мастацкім музеі, па  ініцыятыве раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, я сустрэлася з Аляксандрам Малеем і запрасіла яго на юбілейную вечарыну сябра Валерыя Счаснага, якое ён з задавальненнем прыняў і прыехаў разам з жонкай Людмілай. Вечарына прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, куды прыйшлі сябры, работнікі культуры, жыхары горада.

Пасля вечарыны ўсе наведалі яшчэ адну выставу, якая адкрылася ў Цэнтры дзяцей і моладзі намаганнямі яго супрацоўнікаў, тут зараз працуе В. Счасны.

Раённая арганізацыя ТБМ звярнулася ў мясцовы выканкам з прапановай узнагародзіць Граматай выканкама мастака Валерыя Счаснага, які нямала пашчыраваў для нашага раёна, і ў ліку асаблівых набыткаў – канцэпцыя і праца над экспазі-цыяй раённага краязнаўчага музея ў Верхнядзвінску.

Падарункам ад мясцовых актывістаў ТБМ нашым мастакам -землякам стала кніга  пра Ефрасінню Полацкую Сяргея Тарасава, сустрэча з якім прайшла тыднем раней у Верхнядзвінску.

У  творчых працах Валеры Счаснага шмат крыжоў,  якія  запрашаюць жыць адной суполкай увесь Сусвет.

Валянціна Болбат, 

ТБМ, Верхнядзвінск.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4718
Абраны старшыня Гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Культура

Абраны старшыня Гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

26 красавіка 2021, 23:0017
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
ТБМ

ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ

1 чэрвеня 2021, 07:0716
Гарбуз- цудоўны суперфуд
Грамадства

Гарбуз- цудоўны суперфуд

31 кастрычніка 2018, 00:2416
Далучайцеся да нас