Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Вечарына памяці паэта, пісьменніка, барда Валерыя Скакуна

Вечарына памяці паэта, пісьменніка, барда Валерыя Скакуна

14 чэрвеня 2021, 21:59 Культура 33
Вечарына памяці паэта, пісьменніка, барда Валерыя Скакуна

25 траўня 2021 года ў сталічнай бібліятэцы № 1 адбылася вечарына памяці паэта, пісьменніка, барда Валерыя Скакуна, які быў удзельнікам і сябрам літаратурнага клуба “Экватар” з моманту заснавання суполкі. Ужо шэсць год, як Валеры пайшоў з гэтага свету, а калі б ён быў жывы, то 17 траўня 2021 года яму б споўнілася 60 год.

На мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы сталічных будаўніча-мантажнага і энергетычнага каледжаў разам з суправаджаўшымі іх выкладчыкамі, супрацоўнікі бібліятэкі № 1, сваякі Валерыя Скакуна, “экватарцы”, госці. Дарэчы, Менскі энергетычны каледж Валеры Скакун скончыў у 1981 годзе.

Напачатку імпрэзы слова ўзяла загадчыца бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога Лола Іназемцава. Яна прывітала ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, зазначыла, што ўсе яны прысутнічаюць у адной з самых старых бібліятэк Менска, якой восенню 2021 года споўніцца 110 год. Лола Юр’еўна паведаміла, што ёй вельмі радасна бачыць такую колькасць моладзі ў сваёй ўстанове і пажадала прысутным юнакам і дзяўчатам больш шчыльна далучыцца да друкаванага слова.

Вядоўцам вечарыны стаў кіраўнік літаратурнга клуба “Экватар”, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут, які быў сябрам Валерыя Скакуна на працягу дваццаці пяці год. Вячаслаў распавёў сабраўшымся пра свайго сябра, які пры жыцці працаваў па кантрактах на Поўначы, у Якуціі, у Казахстане на Байкануры, ва Узбекістане, аб’ехаў ледзь не ўвесь былы Савецкі Саюз, а ў 2005 годзе вярнуўся ў Беларусь, дзе і застаўся да самой сваёй смерці ў 2016 годзе.

Асобна Вячаслаў Корбут спыніўся на спартыўных дасягненнях Валерыя Скакуна, які яшчэ ў юнацтве стаў ўдзельнікам юнацкай зборнай Беларусі па лыжных гонках, удзельнічаў у шматлікіх лыжных спаборніцтвах і нават марафонах. Валеры быў добра знаёмы са многімі знакамітымі лыжнікамі, а з алімпійскай чэмпіёнкай Раісай Смятанінай нават разам удзельнічаў у некалькіх лыжных забегах.

Паэт, празаік, бард, Валеры Скакун пісаў на беларускай і рускай мовах. Ён быў аўтарам кніг: “Мяне вецер шукае” (2000 год, вершы), “Набытак” (2006 год, вершы), “На виражах судьбы” (2009 год, стихи), “Паўночны варыянт” (2012 год, проза), “За зацяненнем Поўначы” (2015 год, проза). Кніга “І вабіць дарога наперад…” (2017 год, вершы) была выдадзена пасмяротна сваякамі Валерыя Скакуна – да першай гадавіны сыходу аўтара з жыцця.

Вячаслаў Корбут прачытаў сабраўшымся шэраг вершаў з паэтычных зборнікаў Валерыя Скакуна, сярод іх быў і гэты паэтычны твор:

 

Так, мае пэўны тэрмін, плён

Усё, і будзе час вяртання.

Адчуеш, як званарны звон

Абудзіць мроі аб спатканні.

Дарогаю прайшлі гады,

Там знікнуў вобраз назаўсёды.

І толькі ўпартыя сляды

Мае зазначылі прыгоды.

 

Парыў натхнення і душы –

Да мары крочыў так упарта.

Пасля прыпомніцца ў цішы:

Што зроблена дарма, што варта.

 

Ўсяму рахунак будзе свой,

І тут не прагнем спачування.

Які б ні быў твой лёс, ён твой –

Ад забыцця і да прызнання…

 

Оперны спявак, бас, былы саліст Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Дзмітрый Максімавіч Марозаў зазначыў, вельмі пашкадаваў, што Валерый Скакун так рана пайшоў з жыцця. Спадар Марозаў дагэтуль вельмі добра памятае Валерыя, бо шмат разоў удзельнічаў разам з ім у выступленнях, што ладзіліся літаратурным клубам “Экватар” у самых розных установах і падраздзяленнях. У памяць Валерыя Скакуна Дзмітрый Максімавіч Марозаў выканаў перад прысутнымі некалькі класічных рамансаў на вершы Янкі Купалы і Мак-сіма Багдановіча.

Дарэчы, канцэртная брыгада літаратурнага клуба “Экватар” – у розным складзе – праводзіць выязныя выступленні на працягу ўжо амаль адзінаццаці год гісторыі суполкі. Валеры Скакун удзельнічаў у такіх канцэртах бадай да самай сваёй раптоўнай смерці 20 сакавіка 2016 года.

Да слова сказаць, канцэртная брыгада “Экватара” выступае не толькі ў Менску і ў Менскай вобласці, але і па ўсёй тэрыторыі краіны, і за адзінаццаць год скалясіла, бадай, ужо ўсю Беларусь. Шмат разоў суполка была ўзнагароджана Граматамі і Падзякамі з боку самых розных устаноў, і па колькасці ўзнагарод літаратурны клуб “Экватар” – гэта, напэўна, адно з самых тытулаваных літаратурных аб’яднанняў краіны.

Шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар”, паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская, канешне, выйшла да сабраўшыхся з экземплярам сайго любімага выдання за нумарам 9 (11). Інга зазначыла, што, нягледзячы на тое, што Валерыя Скакуна ўжо шэсць год, як няма на гэтым свеце, але творы ягоныя кожны год, па склаўшайся ўжо традыцыі, друкуюцца ў новым нумары альманаха “Літаратурны экватар”. Спадарыня Вінарская распавяла, што пасмяротна вершы Валерыя Скакуна ўвайшлі ў выданне, падрыхтаванае да друку Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, з якім шчыльна супрацоўнічае літаратурны клуб “Экватар”, – “Поэзия русского слова: антология современной русскоязычной поэзии Беларуси. Том 2″ (выдавецтва”Беларуская навука”, 2020 г.). Таксама спадарыня Інга расказала, што ў 2021 годзе Інстытут літаратуразнаўства распачаў працу над новай анталогіяй – на гэты раз, беларускамоўнай паэзіі. Прадстаўнікі літаратурнага клуба “Экватар” праз Інгу Вінарскую былі туды таксама запрошаны, і яна ў прызначаны тэрмін прадставіла ў Акадэмію навук вершы шасці аўтараў суполкі, сярод якіх былі і вершы Валерыя Скакуна (пасмяротна).

Інга прачытала прысутным некалькі сваіх вершаў, сярод якіх быў і гэты, прысвечаны, бадай, усім верным і адданым сябрам-паэтам і бардам:

 

Дружа наш прыязджаў ізноў,

Пад гітару спяваў для нас.

За сталом – цесны гурт сяброў.

Ўсе ад спраў адышлі на раз.

 

Так, паэты мы – соль нябёс…

Добра ўсё ж хоць калі забыць

Слова “нельга”, праблемаў стос

І размовы заплесці ніць.

 

Светла, лёгка, уздоўж спакой –

Спевам душы сяброў крані!..

Што ж, пашчасціла ў вечар той

Нам адчуць сябе зноў людзьмі…

 

Паэт Вячаслаў Данілаў распавёў прысутным, што добра памятае Валерыя Скакуна, што ў літаратурным клубе “Экватар” дагэтуль вельмі не хапае такога мужнага, моцнага і таленавітага чалавека, як Скакун. А пазнаёміўся Вячаслаў з Валерыем вельмі даўно, калі клуб “Экватар” толькі арганізоўваўся. Вячаслаў успомніў пра тое, як у сакавіку 2017 года суполка правяла вялікі канцэрт-рэквіем памяці Валерыя Скакуна – да першай гадавіны з дня ягонай смерці, і на канцэрце гэтым выступалі не толькі “экватарцы”, але і запрошаныя журналісты, літаратуразнаўцы, спевакі.

Вячаслаў Данілаў прачытаў сабраўшымся нізку сваіх лірычных сумных вершаў – у памяць свайго сябра і калегі Валерыя Скакуна.

Малады і таленавіты паэт і бард Кірыл Бандзерс – выканаўца ўласных песень пад гітару, музыку і тэксты для якіх піша ён сам. Гэта вельмі дарэчы было – пачуць у той вечар спевы пад гітару маладога хлопца, бо такім жа хлопцам з гітарай быў некалі і сам Валеры Скакун, калі пачынаў свой творчы шлях. Тут ёсць і яшчэ адна паралель: у Кірыла Бандзерса дастаткова нізкі, амаль брутальны голас. Прыкладна такі ж быў і ў Валерыя Скакуна, толькі яшчэ з невялікай хрыпатцой.

Кірыл Бандзерс выканаў перад гасцямі вечара, “экватарцамі”, супрацоўнікамі бібліятэкі № 1 і сваякамі Валерыя Скакуна шэраг сваіх аўтарскіх песень, сярод якіх была і песня з наступным тэкстам:

 

сьпявай мяне зямля

паводкай веснавой

дзе сонца вечаровае

з разьбiтай галавой

размажа чырвань болю

па мехавой вадзе

сьпявай мяне зямля

бо болей я нiдзе

 

запi мяне вада

рух рыбiных ратоў

i з лускай на руках

не адпусьцi дамоў

дзе воля там турма

я больш ня буду мець

паветрам выдзiмаць

грудзей уласных медзь.

 

Прафесійнай перакладчыцы і педагогу Кацярыне Матусевіч не прывыкаць размаўляць з моладдзю, бо Каця ўмее тую моладзь зацікавіць і ўцягнуць у размовы і дыскусіі. Прамова спадарыні Матусевіч была прысвечана патрыятычнай тэматыцы, а таксама яна кранулася тэмы чарнобыльскай аварыі, чарговая сумная гадавіна якой адзначалася не так даўно. Для Кацярыны чарнобыльская тэма вельмі блізкая, бо нарадзілася спадарыня як раз у зоне той страшэннай аварыі. А яшчэ Кацярына Матусевіч прачытала прысутным некалькі сваіх вершаў, прысвечаных любові да роднага краю.

Паэт і пісьменнік Юрась Нераток – чалавек вельмі цікавы. І справа тут нават не ў яркіх кашулях і экзатычных гальштуках, якія ён вельмі любіць насіць і якія адразу выдзяляюць яго з любой кампаніі, спадар Юрась – вельмі таленавіты і арыгінальны творца, часамі нават брутальны, але заўжды глыбокі і справядлівы. Юрась Нераток зазначыў у той вечар, што гэта вельмі добра, што літаратурны клуб “Экватар” не забывае сваіх пайшоўшых ужо з гэтага свету аўтараў і сяброў і праводзіць вечарыны іх памяці. Такая традыцыя заслугоўвае вялікай павагі. Яшчэ спадар Юрась казаў пра цяжар творчасці, якая шмат сіл забірае і можа нават скараціць жыццё. Але паэты не могуць не пісаць вершы:

 

…Цябе прывучыў ужо час,

што нельга публічна прарочыць,

што зло і дабро – толькі ў нас,

на нас – і знішчэнне, і творчасць.

…Ды толькі,

                каб тое спачатку дайшло,

напэўна, наогул цябе б не было.

 

Паэт і навуковец, кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Серж Мінскевіч добра ведаў і дагэтуль памятае Валерыя Скакуна. Гэты чалавек і цяпер выклікае ў Сержа вялікую павагу, таму, нягледзячы на сваю занятасць, спадар Мінскевіч прыйшоў на вечарыну памяці Валерыя. Серж зазначыў, што Скакун быў цэльнай натурай, вельмі шмат працаваў, ніколі нікога не па справе не пакрыўдзіў, паважліва і з цеплынёй ставіўся да жанчын, забяспечыў сваіх дваіх дзяцей: дачку Ганну і сына Валодзю.

Серж Мінскевіч выступіў перад прысутнымі са спевамі пад гітару на ўласныя творы. Прагучалі некалькі песень, сярод якіх былі палюбіўшыеся ўжо аматарам беларускай аўтарскай песні “Каўбой у пустэльні”, “Мы – пінгвіны” і іншыя.

Выступленне кожнага аўтара і выканаўца песень сабраная аўдыторыя цёпла вітала апладысментамі. Сваякі Валерыя Скакуна, якія прысутнічалі на тым вечары, і плакалі, і смяяліся, і апладзіравалі разам з усімі.

Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй усіх выступоўцаў і радзіны Валерыя Скакуна. А потым было чаяванне ў спецыяльнай зале бібліятэкі. Дарэчы, сваякі Валерыя прывезлі агромністы торт, зроблены на заказ у выглядзе вялікай кнігі, на якой вялікімі літарамі было напісана: “ВАЛЕРЫ СКАКУН”. Так што, можна сказаць, што торт быў імянны. А яшчэ, ува ўсіх было адчуванне, што дух пісьменніка і барда Валерыя Скакуна прысутнічаў у той траве-ньскі вечар у сталічнай бібліятэцы № 1 імя Талстога.

Інга Вінарская,

Вячаслаў Корбут.

 

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1417
Далучайцеся да нас