Намаганнямі сяброў Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ, з дапамогай газеты “Наша слова” ў лютым 2021 года быў надрукаваны першы нумар раённага літаратурнага альманаха “Ятранка”.
Адбор твораў, укладанне, прадмову і рэдакцыю іх зрабіў краязнавец, журналіст, даследчык літаратуры, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў са Слоніма Сяргей Чыгрын. Амаль усе тэксты на камп’ютары на грамадскіх пачатках набрала і адрэдагавала супрацоўніца Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык. Ідэйна натхняў і падштурхоўваў усю працу аўтар гэтага артыкула. Доўга шукалі назву. Выбар спынілі на “Ятранцы”. Так называецца правы прыток ракі Моўчадзь. Гэтая рачулка бярэ пачатак з крыніцаў каля вёскі Ярошычы ў Наваградскім раёне, за паўтара-два кіламетры ад легендарнага возера Свіцязь і на працягу 31 кіламетра цячэ паміж паўднёва-заходніх схілаў Навагрудскага ўзвышша аж да Наваельні, дзе і аддае свае воды Моўчадзі. Напаўняюць Ятранку дзясяткі крыніцаў, у тым ліку жывой і мёртвай вадой з сусветнавядомай Косіцкай крыніцы. Аддаюць свае воды Ятранцы і некалькі кароткіх бызыменных рачулак, а таксама больш значныя Мутніца і Лапушанка.
Здавён вада Ятранкі прыводзіла ў рух механізмы вадзяных млыноў. Калісьці іх было звыш дзесяці. Рачной вадой паілі жывёлу, палівалі агароды, мылі і паласкалі ў ёй бялізну. Летам працавіты люд прыбярэжных вёсак змываў надвячоркам пот пасля палявых работ, а дзятва дык бавіла час каля вады і ў вадзе з ранку і да самага вечара.
Пра тое, якое месца ў жыцці прыятранскіх вёсак мела гэтая рэчка, цудоўна, запамінальна, па-майстэрску, як сапраўдны класік, з непаўторнай цеплынёй распавёў у апавяданні “Жывая вада” наш зямляк, ураджэнец вёскі Варакомшчына, знакаміты беларускі пісьменнік Вячаслаў Адамчык (гэтым апавяданнем і пачынаецца раздзел “Проза” нашага альманаха). Нават той, хто ні разу не быў на Дзятлаўшчыне ці ўвогуле ў Беларусі, прачытаўшы “Жывую ваду”, закахаецца ў яе, захоча прыехаць сюды, каб на свае вочы ўбачыць гэты цуд нашага краю.
Напэўна, хараство прыроды ў прыбярэжжы Ятранкі, яе чыстыя крынічныя воды, дзе і сёння, нягледзячы часам на празмерную хімізацыю сельгасвытворчасці, непрадказальную “ўзброенасць” і хітрыкі сучасных браканьераў-рыбакоў, можна ўбачыць чырвонакніжных стронгу і харыюса, маляўнічыя пагоркі Наваградскага ўзвышша з шатамі змешаных хваёва-лісцёвых лясоў і пералескаў, багатых суніцамі, чарніцамі, брусніцамі, малінамі, ажынамі і іншымі ягадамі, рознымі грыбамі і арэхамі, не магло не натхняць мясцовы люд не толькі на штодзённую звыклую сялянскую працу, але і на творчасць.
Мы ўжо ўзгадалі, што Варакомшчына дала натхненне і дарогу ў жыццё пісьменніку Вячаславу Адамчыку. У Рабках вырас навуковец, літаратуразнавец і крытык, пісьменнік Вячаслаў Чамярыцкі. У Заполлі, што ўжо ў Наваградскім раёне, убачыла свет, расла і сталела вядомая пісьменніца Ніна Тарас, у суседняй Ятры прайшло дзяцінства сусветнавядомага акадэміка, даследчыка беларускай мовы і культуры, старажытнай рускай і беларускай палеаграфіі (навука, якая вывучае старажытныя рукапісы), аўтара бясцэннай працы – трохтомнага выдання “Беларусы” Яўхіма Карскага.
Без перабольшвання можна сцвярджаць, што прыгажосць родных мясцін натхняла і жыхароў Наваельні, у прыватнасці, разьбяра па дрэве, паэта Яўгена Мацвеева, прафесара-фізіка Віктара Анішчыка, доктара матэматычных навук з Данілавіч Эдуарда Груду і многіх іншых.
Раздзел “Проза” змяшчае і тры апавяданні вядомай на Дзятлаўшчыне ды і далёка за яе межамі сяброўкі Саюза беларускіх пісьменнікаў Леанарды Юргілевіч.
Ільвіную долю старонак альманаха займае раздзел “Паэзія”. Сюды ўключана па некалькі вершаў паэтаў, што нарадзіліся і жылі ў раёне ці нейкім чынам іх лёс быў звязаны з нашым краем, пачынаючы з 20 стагоддзя і да нашых дзён. Найперш тут творы людзей, якія адышлі ў лепшы свет, а гэта Ігнат Дварчанін і Сяргей Хмара, Язэп Крыга і Малады Дубок, Нікіфар Жальба і Віталь Губарэвіч, Мікола Грышан і Яўген Мацвееў, Алег Аблажэй ды тройка зачэпіцкіх паэтаў – Гарасім Прамень, Васіль Струмень, Пятрусь Граніт, а таксама творцаў-сучаснікаў – Георгія Шундрыка, Веры Хрышчановіч, Лідзіі Нічыпар, Міхаіла Лук’янчыка, Алены Абрамчык, Раісы Лакізы, Алы Нікіпорчык, Кастуся Ільюшчыца ды Ірыны Касянковай.
Завяршаецца альманах раздзелам “Краязнаўства”. У сваіх артыкулах Фёдар Красюк, Дзмітрый Кузьма і Валерый Петрыкевіч адкрываюць новыя, малавядомыя факты з жыцця Адама Міцкевіча, генерала Яна Канопкі і заснавальніка Дзятлава Канстанціна Астрожскага.
У канцы красавіка адбыла-ся першая прэзентацыя нашага альманаха ў Дзятлаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі. А пятага траўня – адразу два такія ж мерапрыемствы. Спачатку ў Доме культуры пасёлка Гезгалы, а пазней – у раённай бібліятэцы. У гэты дзень да нас далучыліся і пісьменнікі з Гародні і Слоніма на чале са старшынём абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўным рэдактарам альманаха “Новы замак” Янкам Трацяком, а таксама паэтам Мечыславам Курыловічам і журналістам-пісьменнікам Уладзімірам Хільмановічам ды Сяргеем Чыгрыном са Слоніма. Яны разам з намі прэзентавалі дзявяты нумар свайго штогадовага альманаха.
Выбіраючы назву для свайго выдання, мы неяк прапусцілі, што ў раёне даўно і паспяхова дзейнічае ансамбль народнай песні “Ятранка”. Неспадзявана атрымаліся дзве “Ятранкі”. Канешне ж, запрасілі і іх на прэзентацыі. Са-мадзейныя артысткі-прыгажуні сваімі самабытнымі строямі, прыгожымі вяночкамі на галовах, а самае галоўнае, імпэтнымі прафесійнымі спевамі беларускіх народных песень задавалі тон і падымалі настрой не толькі слухачам, але і выступоўцам. Кароткія прамовы пра сябе, пра свае творы, пра планы на будучыню мелі Вера Хрышчановіч і Алена Абрамчык, Дзмітрый Кузьма і Міхаіл Лук’янчык, Валерый Петрыкевіч, а таксама Сяргей Чыгрын і ўсе гарадзенцы.
Паэтка з Гезгалаў Вера Хрышчановіч сваю біяграфію распавяла прысутным вялікім прыгожым вершам, а завя-ршыла выступ кароткай паэтычнай сатырай у стылі Кандрата Крапівы “Пра казла”. Дарэчы, пачуўшы гэтую байку, Янка Трацяк адразу ж папрасіў даслаць гэты твор ды і іншыя ў “Новы замак”. Прэзентацыю ў Гезгалах і Дзятлаве завяршаў лідскі бард Сяргей Чарняк. Ён напісаў музыку і выконваў пад гітару песні на словы паэтаў, чые творы змешчаны ў альманаху “Ятранка”. Прэзентацыі заканчваліся агульным здымкам і падарункамі. Усе бібліятэкі нашага раёна атрымалі экземпляры “Ятранкі”, а Гезгалаўская і раённая – дзявяты нумар “Новага замка”. Раённая арганізацыя ТБМ мае намер па адным асобніку альманаха перадаць у бібліятэкі школ раёна. У каго ёсць жаданне набыць “Ятранку” ў асабістую бібліятэку, той за невялікія грошы зробіць гэта ў гістарычна-краязнаўчым музеі. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на помнік К.І. Астрожскаму, заснавальніку Дзятлава і фундатару пабудовы нашай праваслаўнай царквы.
Завяршыць артыкул хочацца словамі падзякі ўсім тым, хто нам дапамагаў у арганізацыі прэзентацыі. Гэта ў першую чаргу Шыцько В.В. і Ганне Харлінскай, а таксама членам ансамбля, Наталлі Маліноўскай, дырэктару РЦК, супрацоўніцы Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алене Абрамчык, раённай і гезгалаўскай бібліятэк, дырэктару гезгалаўскага ДК і ўсім аўтарам твораў, якія прымалі ўдзел у прэзентацыі, ды той сотні, а можа, і болей чалавек, што не згубілі цікавасці да беларускага мастацкага слова.
Спадзяюся, што такія сустрэчы хоць каго-небудзь натхняць напісаць нешта сваё, падымуць аўтарытэт роднага друкаванага слова.
Валерый Петрыкевіч, краязнавец, старшыня Дзятлаўскай раённай
філіі ТБМ.