14 красавіка памёр легендарны пісьменнік Анатоль Клышка. Яго хоч-няхоч ведалі ўсе дзеці, якія свае першыя веды чэрпалі з беларускага “Буквара”. У тым ліку і я таксама. І для мне гэта гонар. У Лідскім музеі, як узгадваюць мае калегі па працы, у свой час пісьменніка запрашалі на мерапрыемства, ён выступаў перад дзецьмі.
Але ж хто гэта мог падумаць, што мне пашанцуе з ім пабачыцца зноў? Падчас курсаў па перападрыхтоўцы кадраў у інстытуце культуры і мастацтваў я знайшоў час, праўда, позна вечарам, наведаць Анатоля Канстанцінавіча, загадзя стэлефанаваўшыся з ім. Між іншым, пакуль знайшоў пазначаны адрас (ніколі ў гэтым раёне Менска не быў), сцямнела. Але ж, вось гэты ж праспект Газеты “Звязда”, дом 9, кватэра 203.
Па якой прычыне мяне зацікавіла сустрэча з легендарнай асобай? Яшчэ ў 2014 годзе калі адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Таўлая, ён напісаў пісьмо да маёй калегі з Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасіі Аляксандраўны Каладзяжнай (аўтару кнігі пра В. Таўлая “Этапы жыццёвых дарог”), што рыхтуецца ў “Беларускім кнігазборы” Таўлаеў том, укладальнікам якога ён з’яўляецца і прапанаваў сваю падмогу, якую пастараўся б выканаць. Па падмогу так ніхто і не звярнуўся, бо, здаецца, ужо ўсё было вырашана з выданнем кнігі ў Лідзе. І вось,” Беларускі кнігазбор” выдаў гэтую кнігу. У верасні 2019 года падчас гучнага свята горада Ліды я сустрэўся з вядомым Міхасём Скоблам. Мне ён і перадаў адзін з экзэмпляраў гэтай кнігі з дарчым надпісам Анатоля Канстанцінавіча для Дома Таўлая.
Дык вось, загадзя запланаваўшы гэтую сустрэчу я прыбыў да Анатоля Канстанцінавіча з гэтай кнігай (як з дакументам), з кнігай, выдадзенай у Лідзе, “Этапы жыццёвых дарог” і набыў яшчэ такі ж адзін асобнік кнігазбораўскага выдання.
Адразу, пераступіўшы парог кватэры, я сустрэў па-сапраўднаму светлага чалавека. Ветлівага, спакойнага, радаснага чалавека! Вось ён які Клышка, які піша кніжкі! Яго светлы погляд, яго светлая заснежаная галава, светлая ўсмешка адразу паслабілі мяне, знялі напружанасць і, падалося, што мы знаёмы ўжо не адзін год. Шчырасць, адкрытасць, спагада была бачна адразу ў гэтага чалавека.
Творца мне распавёў пра сябе, падзяліўся малавядомымі цікавымі фактамі пра Валянціна Таўлая, якія маюць дачыненне да Ліды, іх у будучым я выкарыстаю ў навуковай дзейнасці (некаторыя з іх змешчаны ў кнігазбораўскім выданні). Пагу-тарыў я і з яго жонкай (таксама ветлівай жанчынай). Ад Дома Таўлая я падпісаў яму кнігу “Этапы жыццёвых дарог”, а мне, на набытым мною асобніку з “Беларускага кнігазбора” ён пакінуў дарчы надпіс: “Дарагому супрацоўніку Дома-музея Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесю Хітруну з найлепшымі пажаданнямі ў пошуках і даследаваннях жыццёвай і творчай дзейнасці выдатнага сына беларускай зямлі, паэта-рэвалюцыянера Валянціна Таўлая. Шчыра ад сэрца Ан. Клышка.19.12.19 г.”.
На маё пытанне, ці ведаюць суседзі з гэтага шматпавярховіка, што тут жыве вядомы Анатоль Клышка, ён адказаў зноў сціпла: “Які ж я вядомы?.. Ат, супакойся…”. Вось у такім маленькім дыялогу і пасапраўднаму бачна адданасць чалавека сваёй любімай справе на карысць народа. На развітанні я спытаў, ці маглі бы мы запрасіць яго на сустрэчу ў Ліду. Творца адмовіўся, маўляў, што стараецца ўжо менш прымаць удзел у сустрэчах…
Зрабіў я некалькі здымкаў, мяне з А. Клышкам сфатаграфавала яго жонка, зрабілі на сёння моднае сэлфі. І мы развіталіся з думкай, што яшчэ не раз сустрэнемся…
Сустрэнемся. Бо напісанае застаецца. Такія не забываюцца…
Так, роўна год назад, Анатоль Канстанцінавіч Клышка адзначаў сваё 85-годдзе. Па тэлефоне я павіншаваў яго, пажадаў яму моцнага здароўя, творчага даўгалецця… Прыемна, што ён не забыў мяне.
Не забуду і я… Нагадваць будуць фотаздымкі з ім, яго кнігі, сярод якіх ёсць дарчы надпіс і для мяне…
Алесь Хітрун.