Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
БЕЛАРУСКІ САЛАВЕЙ

БЕЛАРУСКІ САЛАВЕЙ

26 красавіка 2021, 22:57 Культура 47
БЕЛАРУСКІ  САЛАВЕЙ

135 гадоў з дня нараджэння Змітрака Бядулі

Неацэнны ўклад у стварэнне і развіццё сучаснай беларускай літаратуры ўнёс паэт, публіцыст і празаік Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіча Плаўнік) , які нарадзіўся 23 красавіка1886 года ў мястэчку Пасадзец (цяпер Лагойскага раёна) у беднай яўрэйскай сям’і.

УСПАМІНАЮ камандзіроўку ад “Сельской газеты”, у якой доўгі час працаваў, у Лагойскі раён. Разам з вядомым журналістам Міколам Васьковым мы рыхтавалі сцюдзёнай зімою чарговы выпуск летапісу адзінаццатай пяцігодкі (усяго іх выйшла 117, па колькасці раёнаў, сёння на адзін, Дрыбінскі, больш). Яшчэ ў райкаме партыі (а як жа без яго?!) прыстаўлены да нас інструктар аддзела прапаганды і агітацыі Зміцер (во супадзенне!) прапанаваў: “А давайце пачнем з…музея Змітрака Бядулі”. “Што, у іх ёсці такая ўстанова?” – пераглянуліся мы здзіўлена і зацікаўлена, ды, як жа інакш, з ахвотай пагадзіліся.

Гэта аказаўся музей Пасадскай сярэдняй школы. Прозвішча часовага экскурсавода цяпер не ўспомню, затое перадаю яму (дай Божа, жывы)  праз гады палкае прывітанне і вялікую падзяку. Знакамітаму земляку тут быў прысвечаны асобны цікавы раздзел. Асаблівую ўвагу прыцягнулі арыгінал першага пасмяротнага збору твораў, выдадзенага ў 1946 годзе і бюст, які зрабіў і сам прывёз у вёску сябар класіка, наш вядомы скульптар Заір Азгур.

 ПАСЛЯ я даведаўся, што экспанаты ўпрыгожыла кніга “Успаміны пра Змітрака Бядулю”, якая ўбачыла свет у 1998 годзе. І я яе, хоць і з вялікай цяжкасцю, усё ж, знайшоў!  У ёй надрукаваны і ўражанні жонкі Купалы Уладзіславы Францаўны. Яна піша, што пазнаёмілася з Бядулем у 1912 годзе, яшчэ да ягонага прыезду ў Вільню. Ужо тады ён вылучаўся сярод маладых пісьменнікаў як надзвычай здольны і своеасаблівы лірык у прозе, глыбокі знаўца чалавечай душы. Многія з яго апавяданняў завучваліся моладдзю на памяць і перадаваліся з вуснаў у вусны. Мова чаравала сваёй мяккасцю і сакавітасцю. Была вельмі блізкай да народа, адначасова высокакультурнай і здольнай выказаць самыя тонкія адчуванні.

Калі Уладзіслава Францаўна прыйшла ў Вільні ў беларускую кнігарню на вуліцы Завальная, 7, яна ўбачыла “маладога, вельмі сарамлівага хлопца”, якога акружылі яе знаёмыя. “Ён быў апрануты ў вясковую куртачку, паверсе – пелярына (кароткая накідка на плечы –Ул. Б.), а на галаве – нейкі смешны капялюш. Гэта надавала яму паўвясковы, паўгарадскі выгляд.” Бядуля адразу стаў неадлучнай часткай віленскага беларускага асяроддзя. З Купалам ён сустрэўся ўпершыню ў 1913-ым, калі той вярнуўся з Пецярбурга. У рэдакцыі “Нашай нівы” яны амаль заўсёды былі разам. Рэдакцыя, удакладняе жонка Купалы, знаходзілася на Віленскай, 29, на другім паверсе, у двух маленькіх простых пакойчыках. Тут яны жылі і працавалі. Уладзіслава  часта іх наведвала. ” Як цяпер бачу, – піша яна, – узнімаюся я на другі паверх, а насустрач, па цёмных усходах, ідзе ўніз Бядуля з вялікім чайнікам: “Як маешся, Станкевічанка? Ідзі, а я зараз прынясу чай.”  Жылі будучыя класікі сціпла. “…звычайна куплялі па пяць капеек “абрэзкаў” у каўбаснай краме і хлеба – гэта была іх вячэра. …я  часам прыносіла з сабой “складчыну” – булкі і бутэрброды. Купала бурчэў і казаў, што ён не галодны, а Бядуля чырванеў, паўтараючы: “Што гэта ты робіш, Станкевічанка?”. Яны рэдка калі елі гарачую стрaву – на гэта не хапала грошай. Купала (ён быў рэдактарам, а Бядуля – сакратаром) вельмі паважаў сябра “за таленавітасць і працаздольнасць”.

 У1921 – 1926 гадах  Луцэвічы жылі з Бядулем на адной кватэры. “Перш – на Савецкай вуліцы, у гістарычным доміку 1 з’ез-да РСДРП, а  затым – на Правіянцкай (цяпер Захарава. – Ул. Б.), 35. Перад жонкай Купалы яшчэ больш раскрылася глыбокая душа Бядулі. “Ён быў вельмі просты, чулы і мяккі (за апошняе, дарэчы, Купала яго папракаў.-Ул. Б.). Часта сядзеў начамі і працаваў.” Калі Уладзя казала, што пара спаць, адказваў: скончу работу, потым пайду…

ПРЫ падрыхтоўцы  артыкула я звярнуў увагу на такі абуральны факт. Асобныя вершы, напісаныя паэтам у 1909 – 1910 гадах нідзе тады так і не надрукавалі. І сёння для мяне гэта зусім незразумела. Вось услухайцеся:

На горне душы першы верш я каваў,

Мне молатам гора служыла;

 Зык песні паўночнай у сэрцы хаваў,

І сэрца свой боль гаварыла…

Ці вось гэта:

 Начлежнікі пяюць.

Над вогнішчам туман.

А спеў– вясёлы сум. А галасы– рачулкі.

Плывуць адтуль з кустоў,

                                        з асрэбраных палян

Частушкі – як званкі,

                                частушкі – як бразгулкі.

 

Першай “спахапілася” “Наша ніва”, і толькі ў 1911-ым надрукавала першы паэ-тычны твор “Мой спеў”. Затым прозвішча паэта пачало з’яўляцца ў друку ўсё часцей. А праз два гады, у Пецярбургу, у выдавецтве “Загляне сонца і ў наша аконца” пабачыў свет зборнік лірычных мініяцюр у прозе, якія мела на ўвазе Уладзіслава Францаўна, “Абразкі”. Каб вы ўявілі іх змест, прывяду радкі толькі з імпрэсіі “Нашто мне”. “Кож-нае слова маё – шчыры ўспамін убогай вёскі. Кожны радок маёй песні – малюнак перажыванняў гаротнага, простага беларуса. Хата мая не пад шнур будавалася, жыта маё прадаецца без вагі і меры – дабра свайго я нікому не шкадую…”

Паступова паэзія Бядулі станавілася адметнай з’явай у літаратуры. Свае мастацкія вобразы паэт ткаў з нечаканых, пры гэтым, выразных метафар, параўнанняў і спалучэнняў. А ў прыродзе і пачуццях чалавека шукаў красу і гармонію. Увасабленнем сапраўднай паэзіі і хараства для яго з’яўлялася “чыстая краса”. Таму зусім невыпадкова паэтам “чыстай красы” Бядуля назваў Максіма Багдановіча. Гэтым самым аддаў яму даніну найвышэйшай павагі. Назваў яшчэ “жрацом хараства”, які “вянкамі вяс-новых паэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэння”. Скажу пры гэтым з асаблівай павагай: ён першым з пісьменнікаў адгукнуўся ў друку на смерць вялікага паэта:

 …Далёка ад роднай мяжы

Пайшоў наш паэт той адвечнай дарогай,

Што йдзець аж да Самага Бога.

Бо полымя сэрца паліла – не грэла.

Ў тым полымі сэрца згарэла…

 

ЧАТЫРОХТОМНІК, які выйшаў у 1952 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, змясціў усяго (!) восем вершаў 1917-1920 гадоў напісання.

Астатнія не траплялі і ў ніякія іншыя выданні. Справа тут вось у чым. Лютаўская рэвалюцыя ўпершыню ў нашай гісторыі забяспечыла нам права на свабоду слова і палітычную дзейнасць. На карыстанне род-най мовай без усялякіх абмежаванняў. Абудзіла ў нас надзею на сапраўдную Волю. Паэт – змагар пісаў:

На мовах на розных аб Волі святой,

Аб дзіўным, аб заўтрашнім дне

Гаворуць – гамонюць. Не вераць сабе.

І людзі, як быццам у сне.

Гэй, воля пануе на белым, на свеце,

Аб Волі пяюць нават дзеці

 ………………………………………………………

Усім адзін Бог –  гэта Воля!

Ідуць і лікуюць. Бы рынуўся бор…

 

Ну хто мог у вядомы час такое надрукаваць? Між іншым, калі Бядуля пачуў заклікі да помсты і расправы за рабства і здзекі мінулага, ён імгненна адчуў: прынцып “вока за вока” можа прывесці да новых сацыяльных катаклізмаў, пахаваць гэтую самую волю:

О, Воля, ты толькі, як промень, зірнула,

О, Воля, ты нас абманула…

Таму ён нарадзіў для ідыёлагаў і правадыроў такія словы:

 Дык кіньце вы помсту, не робце руінаў, –

Пад біч зноў падставіце спіны.

 

Слушнае, як паказаў час, папярэ-джанне. Але не пачулі, не захацелі пачуць…

 

ПАСЛЯ Лютаўскай, пра якую сказаў, рэвалюцыі і да самага заканчэння грамадзянскай вайны на рэдкасць актыўна пачала выпрацоўвацца нацыянальная ідэя. Праблема яе паўстала ў нас сёння вельмі актуальна. Дык вось адным з самых найактыўнейшых за яе змагароў на працягу ўсяго свайго жыцця быў менавіта Змітрок Бядуля. Яго вельмі трывожыла будучыня Беларусі. У сувязі з гэтым не магу не расказаць пра два вершы: “Тры сцежкі” і ” Беларускі шлях”. Нашы дарогі адвеку вялі нас ці на захад, ці на ўсход. Ёсць жа, сцвярджае і настойвае Бядуля, трэцяя , свая, родная, ні на кога не падобная. Толькі на ёй мы застанемся самімі сабою, зберажэм усё, што набылі. Таму ў першым вершы:

Ідзі, беларус, толькі сцежкай сваёй!

 Сцежкай сваёю

Да Сонца ідзі!

 

А ў другім – заклік перастаць аглядвацца на кагосьці, на некага спадзявацца. Трэба самім пракладваць свой уласны светлы шлях:

Ачніцесь, бедныя ратаі,

Бо шчасце – будучыня краю

У вашых жа руках!

Ідзіце ўсе, усе без конца

Пад беларускім ясным сонцам

На беларускі шлях!

 

ЧАЦВЁРТАГА красавіка 2016-га пайшоў з жыцця наш вядомы старэйшы літаратуразнавец Уладзімір Казбярук. Ён пераклаў на расейскую мову “Скарб” Змітрака Бядулі. Ён жа  стаў аўтарам цікавай і шмат у чым пазнавальнай прадмовы да “Выбраных твораў” класіка. Яны выйшлі ў “Беларускім кнігазборы” ў 2006 годзе. Уладзімір Міхайлавіч трапна зазначае, што  з паэзіяй вельмі цесна паводле свайго зместу пераплятаецца публіцыстыка Бядулі. Гэта сапраўды так. Як і вершы, пра якія я казаў вышэй, мяне да глыбіні душы ўсхваляваў, да прыкладу, артыкул “Хрыстос васкрос!” “Паўстала к жыццю, –  піша публіцыст, – і наша айчына, наша Бацькаўшчына Беларусь. Больш за трыста год панавала над ёй смяртэльная ціша.

Але жыватвор-ны дух адвечнага жыцця завітаў і над ёю. Бе-лая Русь уваскрэсла і цвёрда стала на грунт дзяржаўнай незалежнасці.

Толькі дзяржаўная незалежнасць прынясе нам збавенне ад гістарычных мук і нацыянальнага здзеку. Толькі ў пяшчотах нацыянальнай культуры мы атрымаем магчымасць стаць поплеч з асвечанымі народамі З. Еўропы.

Нацыянальнасць – рэч неўмірушчая, нацыянальнасць – гэта крыніца жыцця, пачатак поступу, культуры і бязмежнага развіцця. Нацыянальнасць –  само жыццё і яго несмяртэльнасць у межах нашага ўяўлення. Жыве нацыя – жыве і чалавецтва”.

 Сучасна гучыць цвёрдае слова май-стра і ў артыкуле “Адносіны Беларусі да суседніх народаў”. Ён знаходзіць у нашай колішняй гісторыі абгрунтаванне права на нашу незалежнасць, на ператварэнне мовы ў дзяржаўную. Упэўнены, “што ўсе народнасці, жывучыя цесна з намі на нашай зямлі, пойдуць нам насустрач у нашай дзяржаўнай будове і не будуць нам шкодзіць у нашым нацыянальным руху, бо шавінізм у нас месца не мае і мець не можа.

Наша ідэя такая, каб у нацыянальным смысле кожны народ быў сам сабою, і гэтым ён і выпаўніць свой прыродна- этычны доўг”.

 

СТВАРАЎ Бядуля і цікавую, запамінальную, эмацыянальную прозу. Веда-юць многія такія апавяданні, як “Пяць лыжак заціркі”, “На Каляды к сыну”, “Туляга”, “Малыя дрывасекі”.

Мне найбольш запомніліся два першыя. Спачатку – “пра зацірку”. Вясной, калі ўсе прыпасы ўжо скончыліся, а шчаўя яшчэ няма – у вёсцы такая галадуха, што “нечым нават муху накарміць”. У хаце ж сялянкі – шмат дзетак і хворы, з-за чаго не працуе, муж. Гаспадыня выенчыла ў суседа фунт (каля 460 грамаў. – Ул. Б.) мукі,  і,  на вялікую радасць сямейцы,  зварыла на вадзе зацірку. У хаце- свята! Як толькі пачалі есці, завітала суседка, якую, жанчына запрасіла за стол. Дзеці з мужам – па лыжцы- другой, а яна – усе, што засталіся, пяць! І ўсе засталіся галодныя, і скончыліся радасць і шчасце… “Шчасце, – адзначае аўтар, – не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце”.

Цяперака – пра сына. Іншая, старая, сялянка  сабрала апошнія сілы і накіравалася ў горад яго праведаць. Той за час, што не бачыліся, стаў адвакатам, начальнікам і не пажадаў сустрэцца. Загадаў падначале-ным адправіць яе, адкуль прыехала… Гэтулькі гадоў прайшло, а мы ўсё ніяк не можам задумацца над чалавечай існасцю…

Разам з аповесцю “Салавей” (дарэчы, сучаснікі называлі Бядулю “беларускім салаўём), аўтабіяграфічным творам “У дрымучых лясах”, фантастычнай аповесцю-казкай (калі не чыталі, дык чулі!) “Сярэбраная табакерка”, раманам “Язэп Крушынскі” вышэйназваныя рэчы адметна ўзбагацілі нашу літаратуру, з’явіліся яе надзейным здабыткам.

У савецкія часы, як і многім, сапраўднаму патрыёту Беларусі “давялося мяняць арыенціры”, прыстасоўвацца да новай сітуацыі. Нягледзячы на яе, ён застаўся ў сваёй шматграннай творчасці верным жыццёвай праўдзе. У яго было шмат цікавых задумак і памкненняў, ды жыццё абарвалася ўсяго ў 54 гады.

 

ПАВОДЛЕ ўспамінаў брата, Мацвея Плаўніка, якія надрукаваны ў той жа кнізе, дзе і нататкі жонкі Купалы, у чэрвені 1941 года Змітрок знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Хойніцкім раёне. Марыя Ісакаўна адпачывала з двума дзецьмі ў Пухавічах, у Доме творчасці пісьменнікаў.

Брат вярнуўся ў Менск, і разам з маці яны пайшлі да Барысава, адтуль цягніком – у Піжму Горкаўскай вобласці. Самуіл уладкаваўся ў мясцовую рэдакцыю. Праз доўгі час стала вядома, шо сям’я – у вёсцы Старыя Бурасы на Саратаўшчыне. Там уз’ядналіся і паехалі ў Казахстан.

 Далей я скарыстаўся малавядомай каму сёння інфармацыяй.  За 12 кіламетраў ад Уральска, на станцыі Семігаловы Арол Бядуля выйшаў з іншымі з вагона “размяць косці”. Нечаканы гудок – і ён пабег з хворым сэрцам да свайго месца. Паступова стаў асядаць на зямлю… Апошняе, аб чым па-прасіў жонку – даць яму апошнюю папя-роску. Зрабіў некалькі характэрных зацяжак і замоўк, назаўжды…

Пахаваць ва Уральску дапамагла трупа Віцебскага коласаўскага тэатра ( ён знаходзіўся там з гастролямі.- Ул. Б.) Наколькі ведаю, раней ішла гаворка пра перапахаванне класіка айчыннай літаратуры на радзіме. На вялікі жаль, тады не атрымалася. Ура! уральцам, якія стварылі ў сябе выдатны  Музей Змітрака Бядулі. З экспазіцыямі я знаёміўся, калі наведваў перад напісаннем гэтага артыкула Музей гісторыі беларускай літаратуры. Ура! беларусам, якія даўнішнюю задуму здзейснілі хоць у 21 стагоддзі.

Што тычыцца музея Пасадскай школы, то яго (паведамілі лагойскія сябры) перавялі разам з дзецьмі і настаўнікамі ў суседні Крайск. У некалі квітнеючым мястэчку дажываюць свой век пенсіянеры-землякі, старая (дзякуй Богу, што працуе) крама, фундамент знішчанай хаты-пяцісценкі Плаўнікаў, ды шыльдачка на будынку былой школы, куды прывёз нас сцюдзёнаю зімою інструктар райкама Зміцер…

Уладзімір Барысенка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5418
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Далучайцеся да нас