Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Аўтар лепшага беларускага сучаснага “Буквара” пакінуў гэты свет

Аўтар лепшага беларускага сучаснага “Буквара” пакінуў гэты свет

26 красавіка 2021, 22:38 Грамадства, Культура, Мова 109
Аўтар лепшага беларускага сучаснага “Буквара” пакінуў гэты свет

З сумам успрыняла грамадскасць вестку пра адыход Анатоля Клышкі, аўтара лепшага беларускага Буквара.

Анатоль Констанцінавіч Клышка  беларускі празаік, журналіст, крытык, перакладчык, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі нарадзіўся 16 красавіка 1935 года ў  в. Данэйкі (цяпер – у Баранавіцкім раёне Берасцейскай вобласці), вучыўся ў Наваградскай педагагічнай вучэльні, працаваў карэктарам у наваградскай газеце “Звязда”, адказным сакратаром рэдакцыі газеты “Физкультурник Белоруссии”.

Анатоль Канстанцінавіч скончыў у 1958 годзе філалагічны факультэт БДУ, з’яўляўся супрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, з 1958 года быў інструктарам па справах друку ЦК ЛКСМБ, стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР  у 1960 годзе. З 1958 года Анатоль Клышка вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР, з 1960 года працаваў у рэдакцыі часопіса ” Полымя”, з 1961 па 1963 год быў старшым рэдактарам сцэнарнага аддзялення кінастудыі “Беларусьфільм”. З 1971 года ён быў загадчыкам лабараторыі навучання грамаце, а затым – аддзелам навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981-83 гадах ён загадваў рэдакцыяй выдавецтва  “Юнацтва”, а з 1986 па 1990 год узначальначальваў аддзел крытыкі часопіса “Полымя”. Анатоль Канстанцінавіч Клышка даследаваў развіццё беларускай паэзіі, вершаскладання, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.

Буквар А. Клышкі быў створаны з улікам дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі. У ім рэалізоўваліся прынцыпы навучання чытанню і пісьму. Густоўна аформлены “Буквар” Анатоля Клышкі атрымаў залаты мядаль на міжнароднай выставе ў Лейпцыгу (1977).

– Той найвыдатнейшы “Буквар” стаў ці не самай тыражнай беларускай кнігай, – напісаў Міхась Скобла. – У пару майго школьніцтва яго разавы наклад даходзіў да 150.000 асобнікаў. 37 гадоў прамільгнула, а я і сёння помню і ўсе малюнкі буквароўскія, і тэксты!

Анатоль Канстанцінавіч стварыў вялікую колькасць дапаможнікаў па чытанні і пісьме для вучняў падрыхтоўчых і пачатковых класаў.  Прыгожымі, змястоўнымі і цікавымі былі яго падручнікі для вучняў “Чабарок” і “Верасок”, працягальным і захапляльным –  ілюстраваны слоўнік для дзетак  “Чую, бачу, гавару”.  У 2017 годзе А. Клышка выдаў кнігу “Францыск Скарына, Або як да нас дайшла кніга” для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

– Дабрадушны, заўсёды жыццярадасны, па-маладому цікаўны да ўсяго на свеце, спадар Анатоль і на дзявятым дзясятку не сядзеў склаўшы рукі, – успамінае Міхась Скобла. – То дасканаліў свой легендарны “Буквар” (выходзілі новыя перавыданні, іх было больш за 40), то перакладаў з арыгінала Марцыяла, то даследаваў жыццёвы і творчы шлях Валянціна Таўлая. Светлая памяць рупліваму творцу і вялікаму настаўніку!

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас