Доўгія каронавірусныя вакацыі спынілі і да таго небагатае, культурніцкае жыццё на Дрысеншчыне, акрамя нейкіх афіцыйных святаў, што ладзіла ўлада. Але не толькі хвароба стала перашкодай гэтаму. Развіваецца і мацнее “штучная хвароба”, якая актыўна спрабуе змясціць наша жыццё ў некаму патрэбныя рамкі і інструкцыі, не даючы магчымасцей і дазволу на самаарганізацыю людзей, якія найлепш ведаюць пра свае патрэбы, прапануючы “адзіны рэцэпт “яе лячэння-забарону з вядомым дыягназам – гэта “палітыка”.
На жаль, гэта не разумеюць тыя “ідэалагічныя лекары”, якія, замест шырокага дыялогу, прапануюць грамадзянам толькі ролю паслухмяных слухачоў. Дарэмна. Такая “медыцынская кампанія” толькі пашырыць раскол і створыць большыя цяжкасці ў стасунках паміж людзьмі, значна зменшыць той вялікі патэнцыял, якім валодае наша грамадства. У розных сферах.
Бяру толькі культурна-гістарычны складнік кожнага рэгіёна. Якое багацце! Якія вялікія магчымасці дае такое багацце для супольнай працы розных груп людзей: настаўнікаў, работнікаў культуры, гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца гэтай справай, а разам даюць падставы для вялікага гонару кожнага насельніка за сваю малую Радзіму, за той куток, дзе мы жывём.
Дрысеншчына, у гэтым плане, вялікая Атлантыда, дзе цікавых знаходак і фактаў яе гісторыі хопіць не на адно пакаленне.
Пра гэта вялі гаворку мясцовыя краязнаўцы, паэты і пісьменнікі, мастакі, якія сабраліся ў Сусветны дзень паэзіі, каб не толькі пачытаць свае творы, але абмеркваць план культурніцкіх спраў на бягучы год, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці з-за кавіду і іншыя “вірусы”.
Антон Бубала, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея, ініцыятатар сустрэчы, знаны краязнаўца, вядомы паэт, узгадаўшы і пра надыйшоўны дзень веснавога раўнадзенства, адразу сыпануў вершамі:

Ах, як сарамліва,
нясмела як крочыць вясна,
Як хрусткія ранкі яна
асцярожна гартае –
Нібы не асмеліцца
кветкі рассыпаць яна,
Нібыта дазволу
на хмельныя гулі пытае.
Ды прыдзе свой час:
запалоніць сусвет салавей,
Рассыпле чаромха пялёсткі
па сцежцы да гаю,
І сэрца пакліча на шчасце
слязіну з-пад вей,
І вусны прашэпчуць
адвечную праўду: “Кахаю!”
І пасыпаліся пярлінкі імёнаў з караляў: Наталля Арсеннева, якая ў далёкім 1921 годзе пэўны час жыла ў маленечкай вёсцы Жоўніна і яе “Магутны Божа”, які стаў гімнам, Ігнат Храпавіцкі, адзін верш якога “Песня Дзвіны”, што перакладзены на некалькі моваў, дабыў яму сусветную славу. Але, акрамя гэтага, наш зямляк, які нарадзіўся ў Каханавічах і магілу якого знайшлі і даглядаюць сябры мясцовага клуба “Белыя вароны”, быў вядомым этнографам, чалавекам, які глядзеў далёка наперад і адным з першых выступіў супраць прыгоннага права.
З нашых землякоў – Эдуард Самуйленак з Бандзеляў, што пад той жа Расіцай, Тарас Хадкевіч, імя якога носіць раённая бібліятэка, Генадзь Героднік з Асвейшчыны, маці якога не прагаласавала “ЗА”, калі раскулачвалі суседзяў, і была рэпрасавана, вядомы партызанскі камандзір Іван Захараў і Генадзь Капусцёнак, якія прайшлі цяжкімі дарогамі вайны і пісалі пра гэта ў сваіх творах.
У гэтым шэрагу імёнаў -Эдуард Зубрыцкі, які ўвесь час адпрацаваў у раённай газеце “Дзвінская праўда”, выдаў некалькі паэтычных зборнікаў і даў дарогу ў мастацтва высокага слова Інзе Явіч, Івану Дзямінскаму, простаму рабочаму з будаўнічай арганізацыі, Аляксандру Мядзюта і Валянціне Мядзюта, Міхаілу Букевічу, Ірыне Багамолавай і іншым.
Новы час прыносіў новыя імёны – Мікалай Мікіценка, майстар вострага слова, Сяргей Пятроў, якога цікавіла далёкая і некалькі міфічная гісторыя краю, Пятро Квяцінскі, доктар вясковай амбулаторыі з вёскі Каханавічы, які лячыў не толькі лекамі, але і словам. І яго чарговая кніга – якраз пра людзей з яго мясцовасці і пра незвычайныя гісторыі, якія здарыліся з тымі людзьмі, што ўбачылі ў ім не толькі доктара, але і шчырага чалавека. Выйшла новая кніга Пятра Квяцінскага, прэзентацыя якой і адбылася якраз у Дзень паэзіі і на сустрэчы прагучала адно з апавяданняў.

Ульян Родзік, нараджэнец Асвейшчыны, таксама праэзентаваў свой паэтычны зборнік, уступам да якога сталі радкі яго верша:

Я вельмі шаную сваю Беларусь
З яе прыгажосцю лясоў і палёў.
І сэрца маё захлынецца журбой,
Калі не пачую я клёкат буслоў.
Пра сябе кажа, што ён не адносіць сябе да паэтаў, а проста выказвае свае пачуцці праз вершаваныя радкі. Часта піша для сяброў з нагоды юбілеяў, юбілейных датаў раёна, лірычныя вершы. Шчыра прызнаецца, што цяжкавата пакуль пісаць на роднай мове, але ён шчыра працуе над гэтым.
Паэзія і проза Чаславы Петрашкевіч – шчымлівыя і ўзнёслыя радкі-роздум пра наша жыццё, успаміны дзяцінства, прыгажосць роднай зямлі і яе лёс, лёс роднай мовы:

А родная – яна лагодная,
Да сэрца так ціхенька хінецца,
У чысценькім, зрэбным, гаротная,
Што мамінай змалку завецца.
А маміна – яна найзванчэйшая,
Зрадні, мо’ салоўку ў гаі,
Крынічкай спатоліць смагу,
Каб песняй узляцець над краем.
А мова – яна, як сонейка,
Ад люлькі і да магілы.
А мова – яна знявераным
У заўтра ўзмоцніць крылы.
Мінулым годам сябры ТБМ правялі прэзентацыі двух твораў Вячаслава Якімава, экс-суддзі нашага раёна, які выдаў дзве свае кнігі з такімі гістарычнымі падрабязнасцямі пра Гарадоччыну, што вызначыла яго не толькі як майстра слова, але і як грунтоўнага даследчыка. Варта сказаць, што абедзве кнігі выдадзены на роднай мове і ва ўступе да першай кнігі В. Якімаў грунтоўна патлумачыў такі падыход.
На пасяджэнні творчай гасцёўні-садружнасці мастацтваў, менавіта так мы вырашылі вызначыць фармат гэтага аб’яднання, бо плануем сустракацца не толькі з пісьменнікамі і паэтамі, але і ладзіць вандроўкі, наведваць мясціны, адкуль пачалі свой шлях у творчае жыццё нашы вядомыя землякі – творчыя асобы, знаёміцца з новымі творамі мастакоў раёна, сябрамі вядомых творчых мастацкіх аб’яднанняў, праводзіць вечарыны ўспамінаў і імпрэзы з вядомымі творчымі асобамі з суседніх рэгіёнаў.
Для нас заўсёды жаданымі гасцямі на творчых вечарыных былі Ірына Жарнасек, для якой вёска Расіца “Сталася яна ўжо часткай майго жыцця. І не толькі таму, што напісала я пра трагедыю Расіцы кнігу… Не хочацца казаць пафасных словаў, яны фальшывяць. А Расіца – гэта праўда пра нас і нашу зямлю. Пра яе трагічнае мінулае і пра такую супярэчлівую нашу сучаснасць”, Франц Сіўко, які выкладаў у СШ № 2 Верхнядзвінска і не раз быў удзельнікам творчых імпрэзаў.
І, канешне, наш шаноўны Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік, яко-га мы лічым сваім земляком і “Хатка бабкі Параскі” ў Цінкаўцах доўгі час была для нас месцам цёплых сустрэч і цікавых справаў. Ён часта казаў, што “…мы сталі донарамі Сусвету”, і з гэтым нельга не пагадзіцца.
А яго вялікі артыкул у “Краязнаўчай газеце” – “І поле маё будзе засеяна” – мусіць стаць праграмай дзейнасці для ўсіх, хто вывучае гісторыю свайго краю, якая закранула лёс не толькі многіх пакаленняў нашых дзядоў і прадзедаў, але захавала і шмат таямніц для нас сёняшніх грамадзян Беларусі.
А верш Ніла Гілевіча, які прагучаў напрыканцы сустрэчы, дае нам спадзяванні і надзею :
За векам век плыве-цячэ,
а мы ідзем-ідзем – і што ж?
О, як далёка нам яшчэ
да Беларусі.
Ужо нясцерп нам крыж пакут,
і мы крычым-крычым, але
не дакрычаліся пакуль
да Беларусі.
А можа быць, яна міраж,
і усё мы трызнім, бо чаму ж
не далятае голас наш
да Беларусі…
Відаць, пракляцця знак ляжыць
на нас ад роду, і таму
так цяжка шлях нам церабіць
да Беларусі.
За векам век плыве-цячэ,
а мы ідзем-ідзем – і што ж?
О, як далёка нам яшчэ
да Беларусі.
Равуць вятры, грымяць грамы, пыл засціць вочы нам, і усё ж,
і ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі!
А мы зараз думаем пра назву гэтага аб’яднання і плануем, праз мясцовыя сацыяльныя сеткі, аб’явіць нават конкурс на лепшую назву. Зразумела, з узнагародай для пераможцы!
P.S. Матэрыял толькі-толькі быў гатовы, а тут адказ шаноўнага Сяргея Сцяпанавіча наспеў:
“Ох, палымяная Валянціна Васільеўна! Рады Вашаму натхнённаму выгуку! Старажытная Одрыса свае стагоддзі растапырыла, булькоча, Праведніца словамі-выракамі! Горкія дымы развеюцца, а парасткі Вечнасці праб’юцца ў пупышкі – і настане росквіт не толькі галінак, а і Кроны нашай. “На святога Прыску праб”е лёд і пліска”. Дабра-вешчання! Звеставання! Гукання шчымліва-шчодрай Вясны! Ваш лявонпальска-цінкаўскі сусед Сяргей.
І ВАША ПОЛЕ БУДЗЕ ЗАСЕЯНА!”
От жа можа запаліць фіцілёк Сяргей Сцяпанавіч, што адразу хочацца брацца за справу!!!
Валянціна Болбат,
ТБМ, Верхнядзвінск.

