Вядомы оперны артыст Ілля Сільчукоў, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, які ствараў высакародныя вобразы, выконваючы галоўныя мужчынскія ролі ў пастаноўках “Іаланта”, “Чароўная флейта”, “Яўгеній Анегін”, “Травіята”, “Севільскі цырульнік”, у кастрычніку быў вымушаны сысці з Нацыянальнага Акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, але працягвае служыць сваім талентам беларускаму народу. Восенню ён запісаў моцны кліп з песняй “Магутны Божа”, удзельнічаў у відэазвароце дзеячаў культуры.
Пасля паездкі да бацькоў у Злучаныя Штаты Амерыкі спадар Ілля вярнуўся ў Менск і працягвае несці духоўнае музычнае служэнне ў евангельскай царкве “Святло Ісціны”. Тут артыст выступіў са спевамі на Вялікдзень разам з групай музычных слу-жыцеляў.
Адораны артыст з’яўляецца ўладальнікам медаля Францыска Скарыны (2015), лаўрэатам III прэміі Міжнароднага конкурсу вакалістаў у г. Портафіні (Італія, 2017), дыпламантам, уладальнікам Belvedere Preis і Helikon Preis XXX Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Ганса Габара “Бельведэр” (Аўстрыя, Вена, 2011 г.), лаўрэатам I прэміі ХХІ Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. Шнайдэр-Трнаўскага (Славакія, г. Трнава, 2010 г.), лаўрэатам I прэміі I Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. Магамаева (Расія, г. Масква, 2010 г.) і іншых міжнародных конкурсаў.
Спадар Ілля ў мінулым годзе быў адным з герояў кнігі “ЛІНІІ СВЯТЛА”, якая выходзіла ў выдавецтве ” Кнігазбор”. Мы гутарылі са спадаром Іллём у чэрвені мінулага года і вось зноў адбылася новая сустрэча.
– Спадар Ілля, у Вашай сям’і захоўваюцца трывалыя традыцыі веры. Падзяліцеся, калі ласка, гэтым досведам.
– Гэтыя традыцыі ідуць ад маёй прабабулі Марфы. У вёсцы Вязьма Магілёўскай вобласці існавала з пачатку ХХ стагоддзя евангельская царква. У канцы 20-тых гадоў пачаліся рэпрэсіі супраць вернікаў. Мая прабабуля захавала веру і перадала сваім чатыром дзецям. Мой прадзед Іван Барысавіч загінуў у 1941 годзе пад Смаленскам. Прабабуля Марфа не выходзіла больш замуж, выхоўвала дзяцей адна. Дзеці выраслі свядомымі хрысціянамі, надзейнымі людзьмі, у іх – шматдзетныя сем’і. Мой дзед Яўгеній Іванавіч Сільчукоў стаў пастарам евангельскай царквы ў Слуцку ў 60-тыя гады. Але ў Хрушчоўскія часы ганенні абрынуліся на вернікаў. У 1961 годзе было прынята заканадаўства пра рэлігійныя культы, іх царква была падзелена (частка яе пайшла на саступкі ўладам, а частка засталася “катакомбнай”).
Дзед быў двойчы асуджаны па артыкуле “За антысавецкую прапаганду і паклёп на савецкую рэчаіснасць”, па якім ён атрымаў па 5 і 10 гадоў зняволення. Дзеці яго, у тым ліку, мой тата, выраслі без бацькі. Я ўдзячны свайму дзеду за маральны прыклад. Ён зрабіў свой выбар на карысць Бога, не здрадзіў сваім перакананням. Ён жыве зараз ў Слуцку, захоўвае жывы светлы розум, пастаянна чытае Біблію, ён – яркі суразмоўца. Я памятаю, як зімовымі вечарамі мы едзілі за горад на рэпетыцыі царкоўнага хора, як багаслужэнні разганяла міліцыя. Маму выключылі з трэццяга курса з інстытута. Цяпер гэта ўсё ў мінулым. Але я вырас у атмасферы, калі трэба мець маральныя арыентыры ў жыцці і быць гатовым за іх адказваць.
Мой дзед не азлобіўся супраць тых, хто яго прыцясняў, у ім адчуваецца ласка Божая. З яго я браў прыклад трывалых маральных паставаў. У мяне ў сям’і ёсць такія крэмені, добрыя прыклады для мяне!
– І голас таксама дастаўся ад іх?
– Мая бабуля Алена Мітрафанаўна Сільчукова вельмі добра спявала, і мой прапрадзед Барыс быў запявалам у палку ў Першую сусветную вайну. Ён спяваў так, што на другім баку Друці было чутно. Голас – гэта Божы дар, і трэба прыкладаць намаганні, каб развіваць яго. Я вырас на рэпетыцыях царкоўнага хору. Рэпетыцыі ладзіліся ў Воўкавічах пад Менскам, бацькі бралі мяне з сабой, ішлі пешшу два кіламетры ад станцыі. Тады я першы раз сустрэўся з музыкай. Я ўдзячны Богу за сям’ю, за бацькоў, якія аддалі мяне ў музычную школу з сямі год, падтрымлівалі маю адукацыю.
– Бацькі далучалі Вас да Слова Божага?
– З маленства мама чытала мне дзіцячую Біблію, гісторыі запалі ў сэрца, потым была нядзельная школа, удзел у царкоўных летніках, на якіх я пачаў чытаць Біблію самастойна. Шлях мой з Бібліяй доўжыцца ўжо 20 гадоў.
Для мяне Біблія – навігатар у жыцці, каб мець сістэму каардынат. Лічу, што кожнаму беларусу трэба прачытаць хоць раз у жыцці Біблію, і з гэтага могуць пачацца добрыя перамены. Будзе добра, калі народ звернецца да Слова Божага.
– У Вашай біяграфіі быў эпізод, калі Вы адмовіліся ехаць з бацькамі за мяжу і засталіся ў Менску, каб вучыцца ў Кансерваторыі.
– Так. На пачатку 2001 года бацькі павінны былі пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША, а ў мяне знайшоўся выдатны педагог Пётр Васільевіч Рыдзігер. Мы з ім вырашылі, што я застануся на Беларусі, каб атрымаць музычную адукацыю, бо ў іншай краіне яна была б пад пытаннем. Са мной разам былі мае бабуля і дзядуля, цёця, яны падтрымлівалі мяне, і я не быў самотным. А два мае браты з’ехалі ў ЗША і там жывуць зараз.
Спачатку я займаўся ў ліцэі, дзе быў выкладчыкам Сяргей Рыгоравіч Косцін, (мой педагог па вакале), спяваў у хоры. У 1999 годзе ён адвёз мяне на мой першы ў жыцці конкурс, на “Убельскую ластаўку”. У гэтым конкурсе мяне пабачыў іншы мой педагог Адам Асманавіч Мурзіч. Па заканчэнні ліцэя я паступіў да яго ў вучэльню імя Глінкі. А пасля я скончыў Кансерваторыю ў Пятра Васільевіча Рыдзігера ў 2005 годзе і асістэнтуру ў 2007 годзе. У 2011 годзе я прайшоў моладзевую праграму Зальбурцкага музычнага фестывалю.
– Ваша сям’я таксама шматдзет-ная?
– Так, у нас трое дзяцей. Старэйшаму сыну мы хацелі даць імя, якое нясе сэнс. Лука – імя евангеліста. Луцый – той, які нясе святло. Лучана Павароці… Дачку мы назвалі Алівія – тая, якая нясе мір. Нашаму малодшаму сыну Лаўрэну два гады. Мая жонка Таццяна – салістка Нацыянальнага акадэмічнага опернага тэатра, мае меца-сапрана. Зараз яна даглядае дзіця.
– Спадар Ілля, прыгадайце, калі ласка, якой была Ваша першая роля ў тэатры.
– Калі казаць пра студэнцкі тэатр, маёй першай роляй была роля музыканта Шанара ў оперы “Багема” Пучыні. Выпускной працай з Беларускай акадэміі музыкі быў “Яўгеній Анегін”. Летам 2005 года мы выступалі ў пары з Юрыем Гарадзецкім (Ленскім), нам тады было па 24 гады, і мы былі як раз ва ўзросце герояў Пушкіна.
Мне пашанцавала з тыпам голасу. Барытон – такі голас, які дазваляе выконваць ролі герояў з арыстакрытычнымі рысамі, якія звычайна носяць фракі, належаць да вышэйшага свету. Сюжэтная лінія барытона трывае да канца оперы. Тэнар у адрозненне ад яго – звычайна больш малады, імпульсіўны персанаж, заўсёды горача закаханы.
– Вы ўдзельнічалі ў шматлікіх кон-курсах салістаў за мяжой. Ці лёгка гэта было?
– У маім жыцці было больш за 25 конкурсаў. Усе яны – частка творчага росту. У 15-ці з іх я быў у якасці прызёраў, у іншых вылятаў пасля першага туру. Крок за крокам складваўся мой музычны лёс. Каб тварыць у агульнаеўрапейскім кантэкце, трэба ездзіць, слухаць, адточваць майтэрства. Калі малады спявак хоча развівацца, ён павінен рабіць інвестыцыі ў свой талент. На конкурсах мы вучымся адзін ад аднаго.
– Раскажыце, калі ласка, пра Ваш удзел у оперных пастаноўках за мяжой. Вы ўвасабляеце на сцэне сферу высокіх пачуццяў.
– У мінулым годзе я наведваў Тулузу ў Францыі. Там у старэйшым тэатры Дю Капітоль, якому больш за 300 гадоў, я ўдзельнічаў у пастаноўцы “Любоўны напой” Даніцэці. Думаю, што восенню зноў удасца выйсці на сцэну ў Францыі.
– Вы бралі чынны ўдзел у святкаваннях 200-гадовага юбілея Станіслава Манюшкі. Што гэта значыла для Вас?
– Манюшка – наш гонар. Можна сказаць, самы знакаміты мінчук у свеце! У Менску ён вучыўся, працаваў.
Мы з Віктарам Іванавічам Скорабагатавым і Беларускай капэлай праводзілі цыкл імпрэз “Чытыры стагоддзі беларускай вакальнай традыцыі,” у якім цэлая частка была прысвечана Станіславу Манюшку. З Аляксеем Фраловым у некалькі гарадах мы выконвалі праграму “Хатні спеўнік Станіслава Манюшкі”.
– Спадар Ілля, зараз артысты перажываюць няпросты час.
– Так. Многія тэатры ў Італіі, Францыі зачынены па прычыне эпідэміі кавіду. Але дзеячы культуры ў еўрапейскіх краінах атрымліваюць дапамогу ад урадаў. Мы, на жаль, такую дапамогу не атрымліваем.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.