У менскім выдавецтве Зміцера Коласа свет пабачыла кніга “Янка Бялькевіч і яго “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны”.
Кніга прысвечана аднаму з найвыдатнейшых беларускіх мовазнаўцаў Янку Бялькевічу (1883-1960), першаму дырэктару Мсціслаўскага белпедтэхнікума ў 1925-1927 гадах, аўтару “Краёвага слоўніка Усходняй Магілёўшчыны”, беспадстаўна абвінавачанаму сталінкім рэжымам і пазбаўленаму волі ў 1930 годзе.
Кнігу пра Янку Бялькевіча падрыхтаваў краязнавец з Вілейшчыны Уладзімір Кажамяка. Гэта дзякуючы яму, на Беларусь зноў вярнулася забытае імя Янкі Бялькевіча. Складальнік кнігі напісаў да яе прадмову і апублікаваў свой вялікі артыкул “Наша радасць Янка Бялькевіч і яго “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны”. У кнізе змешчаны таксама артыкулы пра Янку Бялькевіча і яго ўнікальны слоўнік Веранікі Курцовай, Міколы Улашчыка, Леаніда Левановіча, Іллі Шалухі, Любові Уласавай, Святланы Вярэм’евай, Таццяны Новікавай і іншых аўтараў.
Пра беларускага лексікографа і лексіколага, аўтара вядомага “Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны” Янку Бялькевіча хораша неяк сказаў вершам Алесь Пісьмянкоў:
Я зноў аб галоўным,
Аб кроўным,
Я зноў пра свае карані:
Гартаю
Бялькевічаў “Слоўнік”,
Нібыта гасцюю
Ў радні.
Але Янка Бялькевіч быў родам не з Магілёўшчыны, а са Слонімшчыны, з вёскі Варонічы, дзе ён з’явіўся на свет 6 сакавіка 1883 года ў сялянскай сям’і.
Вёска Варонічы ўпершыню ўпамінаецца ў XVI стагоддзі, як сяло, казённая ўласнасць у Слонімскім старостве Вялікага Княства Літоўскага. У 1869 годзе ў Варонічах працавала народнае вучылішча, у якім вучылася 10 хлопчыкаў. Працавала там і школа граматы.
Напачатку ХХ стагоддзя ў Варонічах налічвалася 556 жыхароў. А ўжо ў 1921 годзе іх зменшылася да 248. А цяпер жыхароў у гэтай вёсцы можна палічыць на пальцах…
Нядаўна я пабываў у Варонічах, шукаючы вяскоўцаў з прозвішчам Бялькевіч. Там ужо няма людзей з такім прозвішчам. Але Бялькевічаў шмат жыве ў суседніх з Варонічамі вёсках Мяльканавічы, Сялявічы, Пасінічы і ў Слоніме. Аднак з тых апытаных вяскоўцаў, ніхто пра Янку Бялькевіча нічога не чуў і не ведае.
Дарэчы, перад пачаткам Першай сусветнай вайны сям’ю Бялькевічаў, як і тысячы беларускіх сем’яў, выгналі ў бежанства ў Расію. Бялькевічы апынуліся ў Саратаўскай вобласці. Там было цяжка, і ў 1919 годзе беларусы вярнуліся на Бацькаўшчыну. Янка Бялькевіч пачаў працаваць загадчыкам Вароніцкай беларускай школы, потым інспектарам бе-ларускіх школ Слонімскага павета. Шмат чытаў беларускіх выданняў з Вільні. Бежанства далося ім не дужа лёгка, як і астатнім беларусам, якія змаглі вярнуцца дамоў. А тут трэба было пачынаць жыццё па-новаму. Усё гэта бачыў малады 35-гадовы настаўнік. І вельмі жадаў, каб беларусы дома хутка абжыліся, каб мелі свой дом, зямлю, гаспадарку. Янка шчыра перажываў за ўсё і за ўсіх. Аднойчы ён нават напісаў верш “Жаданне”, які даслаў у Вільню ў рэдакцыю газеты “Незалежная Беларусь”. І верш надрукавалі ў першым нумары за 1919 год. Праўда, пра тое, што Янка Бялькевіч займаўся паэзіяй, ніхто ніколі не пісаў. Аказваецца, наш вядомы мовазнавец пачынаў свой шлях з паэзіі. Вось як гучаў той першы верш “Жаданне”:
Шчабячы, ты салавейка,
У зялёным гаі,
Залівайся як жалейка
Ў родным маім краі.
Прапяі ты, міла птушка,
Як жывуць на свеце
Беднай маёй Беларусі
Нешчаслівы дзеці.
Дзе яны цяпер блукаюць,
Па якіх дарогах,
І як яны абіваюць
Чужыя парогі?..
І якую яны зносяць
Пагарду, пакуту…
І як яны Бога просяць,
Каб змяншыў іх мукі.
Каб памог ім Бог сабрацца
Каля сваёй маткі,
Сваю ўласну збудаваці
Хоць маленьку хатку.
1919 г.
Для паглыблення сваіх педагагічных ведаў Янка Бялькевіч паступіў на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне толькі што адкрытага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён не прапускаў ніводнай лекцыі, выступаў на семінарах з грунтоўнымі навуковымі рэфератамі па пытаннях беларускай і рускай філалогіі, удзельнічаў у розных гуртках. Яшчэ студэнтам Янка Бялькевіч па заданні слоўнікавай камісіі Інбелкульта збірае лексічны матэрыял для тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, распісваючы на карткі творы Ядвігіна Ш. і Максіма Багдановіча. Адначасова студэнт Бялькевіч запісвае і сістэматызуе беларускія словы з іншамоўнымі каранямі, мяркуючы скласці слоўнік іх.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Янка Бялькевіч пачаў працаваць дырэктарам Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума. Па просьбе слоўнікавай камісіі Інбенкульта ён збірае і сістэматызуе матэрыялы для дыялектнага слоўніка ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. У вольны час ён выязджае ў раёны, запісвае новыя словы і правярае запісаныя. Напрыканцы 1926 года картатэка будучага слоўніка ўжо налічвала 15 тысяч лексічных адзінак. Часопіс “Наш край” (1928, № 12. С.50) паведамляў пра першыя поспехі Бялькевіча: “Словы на першыя літары слоўніка ўжо апрацаваны ўкладальнікам…”.
Паралельна з укладалннем слоўніка Янка Бялькевіч даволі часта выступае на старонках розных беларускіх выданняў. У прыватнасці, на старонках “Узвышша” ён друкуе рэцэнзіі на слоўнікі, рэзка выступае супраць ужывання ў беларускай літаратурнай мове слоў акаляць і акаляючы са значэннем рускіх окружать, окружающий (нататка “Аб слове акаляць“(Узвышша, 1928, № 2) і г.д.
У Янкі Бялькевіча было шмат планаў і задумак. Але ён хутка будзе арыштаваны ДПУ БССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Гэта здарылася 17 лютага 1930 года. І хоць вінаватым ва ўсім ён сябе не прызнаў, паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго саслалі на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Там працу над беларускай філалогіяй яму замянілі працай на лесапавале. А калі вызваліўся, выехаў у Данецкую вобласць, дзе выкладаў у школах рускую мову і літаратуру.
У 1948-1958 гадах працаваў у розных навучальных установах Жданава. Але і там, далёка ад Радзімы, Янка Бялькевіч не спыняў працу над слоўнікам. Ён вельмі хацеў вярнуцца на Беларусь, але да канца жыцця на гэта не атрымаў дазволу. Сэрца не вытрымала такой знявагі. За месяц да смерці яго рэабілітавалі, а ў кастрычніку 1960 года даследчыка нашай мовы не стала.
Клопаты аб выданні “Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны” пасля смерці Янкі Бялькевіча ўзялі на сябе яго жонка Ніна Мікалаеўна Улашчык і сын Узяслаў. І ў 1970 годзе ён пабачыў свет. Гэты слоўнік – адзін з самых поўных і грунтоўных з ліку ўсіх вядомых рэгіянальных (абласных) слоўнікаў беларускай дыялектнай мовы. Слоўнік Янкі Бялькевіча з’яўляецца багатым зборам лексікі жывой народнай мовы насельніцтва ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. Ён змяшчае каля 20 тысяч слоў.
Вялікае слоўнае багацце, сабранае Янкам Бялькевічам, даўно просіцца перавыдання, перавыдання не толькі слоўніка, а і іншых ягоных прац.
Да сённяшніх дзён не ўшанавана памяць пра Янку Бялькевіча на Слонімшчыне. Няма яму помніка, мемарыяльнай шыльды, няма вуліцы, якая б насіла яго імя… Гэты славуты беларускі лексікограф і лексіколаг застаецца пакуль невядомым для нашчадкаў.
Таму выхад кнігі “Янка Бялькевіч і яго “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны” пад рэдакцыяй Уладзіміра Кажамякі – гэта першая сур’ёзная цаглінка ў падмурак памяці пра гэтага таленавітага беларускага педагога і мовазнаўцу.
Сяргей ЧЫГРЫН.

