Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Яму былі ўласцівы міласэрнасць, чалавечнасць, адкрытасць на міжканфесійны дыялог

Яму былі ўласцівы міласэрнасць, чалавечнасць, адкрытасць на міжканфесійны дыялог

25 студзеня 2021, 23:38 Грамадства 18
Яму былі ўласцівы міласэрнасць, чалавечнасць, адкрытасць на міжканфесійны дыялог

Адышоў на вечны спачын былы кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, які больш за 35 гадоў служыў яе адраджэнню і развіццю.

У Менску і ў Жыровічах прайшло развітанне з мітрапалітам Філарэтам, Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Яму было 85 гадоў. Пахавалі мітрапаліта ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры 15 студзеня.

Як напісана ў Бібліі, па адыходзе чалавека, які прысвячае сябе служэнню Усявышняму, больш адкрываюцца велічныя справы яго і памяць пра яго захоўваецца з роду ў род (Сірах, 39).

Кірыл Вахрамееў, сын выкладчыка Маскоўскай музычнай вучэльні, выхаванец Маскоўскай духоўнай семінарыі, у 1959 годзе прыняў манаства з імем Філарэта Міласцівага. У 1961 годзе ён атрымаў ступень кандыдата багаслоўя, з 1961 года загадваў аспірантурай пры Маскоўскай духоўнай акадэміі, у 1963 годзе ён быў узведзены ў сан архімандрыта, а затым, у 1975 годзе – у сан мітрапаліта.

10 кастрычніка 1978 года ён быў прызначаны  мітрапалітам Менскім і Беларускім.

Да таго, як Уладыка ўзначаліў Беларускую Праваслаўную Царкву, у ёй было 340 прыходаў і 1 епіскап, а зараз на беларускай зямлі існуе больш за 1, 5 тысячы праваслаўных пры-ходаў і дзейнічаюць 15 епіскапаў.

Мітрапаліт Філарэт спрыяў будаўніцтву новых храмаў і рэканструкцыі старых, дзякуючы яго намаганням былі адкрытыя духоўныя школы, аднавіла дзейнасць семінарыя ў Жыровічах. Ён спрыяў вяртанню беларускай мовы ў багаслужэнне, перакладу Святога Пісання на беларускую мову, выдавецкай дзейнасці Праваслаўных брацтваў, узначальваў Сінадальную біблейскую камісію.

С 1978 года па 2013 уладыка Філарэт нёс служэнне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Мітрапаліт Філарэт падтрымліваў экуменічныя кантакты з прадстаўнікамі іншых канфесій, спрыяў развіццю багаслоўскай думкі, аднаўленню выдання царкоўных і прыходскіх газет і часопісаў (“Царкоўнае слова”, “Ступені” і іншых), правядзенню канферэнцый і чытанняў на духоўныя тэмы, прыкладваў намаганні, каб навучэнцы Інстытута тэалогіі маглі праходзіць стажыроўкі ў еўрапейскіх краінах.

Мітрапаліт Філарэт выконваў цэлы шэраг грамадскіх абавязкаў.

З сакавіка 1990 па 1995 ён быў народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. З 19 ліпеня 1990 года ён быў членам камісіі Сінода РПЦ па пераадоленні наступстваў на ЧАЭС.

Мітрапаліт Філарэт дабраславіў устанаў-ленне помніка Ларысе Геніюш на тэрыторыі праваслаўнага храма ў Зэльве. У яго бытнасць кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы паўсталі помнікі Еўфрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму і іншым духоўным асобам і асветнікам.

Падчас яго дзейнасці ў Еўропе Мітрапаліт Філарэт  накіраваў служыць у Лейпцыг пратаіереяў Ф. Поўнага і У. Башкірава, якія пераймалі еўрапейскі досвед дзейнасці кан-фесійных клінік, душпастарства і сацыяльнай дапамогі, вынікам чаго стала будаўніцтва ў Менску першага на Беларусі рэабілітацыйнага цэнтра пры храме св. Іова – Дома Міласэрнасці.

– Дзякуем Госпаду за архіпастырскае служэнне Мітрапаліта Філарэта, за ягоную хры-сціянскую адкрытасць на міжканфесійны дыя-лог, які спрыяў пабудове адносінаў узаемнай павагі паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі, – прамовіў на развітанні айцец Сергій Гаек.

– Гэта быў высока інтэлігентны, адкрыты для дыялогу святар, са здаровым пачуццём гумару, што дапамагала ў пошуку выйсця са складаных сітуацый, – падзяліўся ўспамінамі міт-рапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. – Чалавек малітвы, заклапочаны справай духоўнага адраджэння. Яго адрознівала надзвычайная чалавечнасць. Ён навучыў нас адкрытасці ў адносінах з іншымі веравызнаннямі і майстэрству весці дыялог з людзьмі розных поглядаў і перакананняў, з прадстаўнікамі розных слаёў грамадства.

 У жніўні 2020 года ўладыка Філарэт выступіў са зваротам аб захаванні міру ў краіне, дзе асабліва звярнуў увагу на каштоўнасць чалавечага жыцця.

У снежні 2020 года мітрапаліт Філарэт быў шпіталізаваны ў  сувязі з каронавіруснай інфекцыяй. Ён адышоў у вечнасць 12 студзеня 2021 года. Развітацца з уладыкам і пакланіцца яму прыйшлі вернікі з кветкамі  ў менскі кафедральны Свята-Духаў сабор.

Падрыхтавала Эла Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Навукова-практычная канферэнцыя  "ХIІ Лідскія чытанні".
літаратура

Навукова-практычная канферэнцыя "ХIІ Лідскія чытанні".

26 красавіка 2025, 06:4016
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову
Мова

Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову

2 лютага 2022, 07:5516
Далучайцеся да нас