Працяг гісторыі невялічкай вёскі Балонаўкі на шляху Магілёў – Бабруйск недалёка ад Чачэвічаў
Яшчэ адным вялікім родам, пра які мы ўжо згадвалі, былі Маркоўскія: Мікола, Іванаў сын з сяла Глухі, як распавядалі, спачатку прыйшоў парабкам да Стрыжэўскіх, а пасля застаўся ў іх прымаком, узяўшы дачку Тодара Стрыжака. У Мікалая былі 2 дачкі і 3 сыны: Савелля, Стахван і Ян. У двух старэйшых было таксама па тры сыны, а Яна, як і амаль што ягонага гадка Амброжа Стрыжака, аддалі ў салдаты.
Савеллевы сыны: Ляксандра, Піліп і Тодар. Ляксандра пражыў даў-гое жыццё, каля 80-85 гадоў. Год нара-джэння невядомы, год смерці – 1936. Пры гэтым запісана, што нябожчык меў 95 гадоў. І гэта вельмі характэрна для тых часоў, калі пенсіі не налічваліся, і таму дакладны век старых не быў вядомы, але ён ніколі не заніжаўся, а дакладна завышаўся (“Мой бацька быў дужа стары, памёр у 100 гадоў!”) па прыблізна гэткай, вылічанай аўтарам схеме: калі ў метрычных ці актавых кнігах запісана, што чалавек памёр ва ўзросце ад 60 да 70 год, можна смела аднімаць 5 гадоў, ад 70 да 80 – 10 гадоў, ад 80 да 90 – 15 гадоў… Каранямі гэта сягае яшчэ ў часы паншчыны, якую мусілі служыць мужчыны ў веку ад 15 да 60, а жанчыны – ад 15 да 55. Таму ў кожным інвентары, у кожным перапісе ці люстрацыі людзі імкнуліся хоць троху ды застарыцца, каб не адрабляць на пана. Тое ж, уласна, адбывалася і ў савецкія часы: пасля вайны, калі большасць дакументаў пагарэла, узрост калгаснікаў запісвалі збольшага з іхніх уласных словаў і на аснове вонкавага агляду, у выніку чаго людзі самі сябе падстарвалі гадоў на 5-10. Выхаду на пенсію ў калгасах не было, але пасля 60 гадоў пераставалі выганяць на гужавыя работы (гэта тое, што пры прыгоне называлася згонамі). Напрыклад, мая прабаба Наста, нарадзіўшыся ў 1903 г., пасля вайны запісалася 1897-ым годам.
У Ляксандры былі 2 сыны: Ягор застаўся ў бацькавай хаце, а Марка аддзяліўся, пражыўшы таксама вельмі доўгае жыццё – 101 год. Ледзь не да апошніх дзён, хоць і цалкам аглу-шэлы, Марка быў пры памяці. Я яшчэ памятаю, як ён любіў паўтараць сваю ўлюбёную, напэўна, прывезеную з японскай ці імперыялістычнай вайны лаянку: “Ядроны халат!” Марка быў даволі граматны, да прыкладу, ён выступаў у якасці паверанага Кароўчына-Слабодскага таварыства землеўласнікаў, калі сяляне вёсак Балонаўка, Кароткія і Кароўчыня (раней – Кароўчына Слабада) у 1911 годзе вырашылі атрымаць з дзяржаўнага Сялянскага пазямельнага банка пазыку, каб купіць ва ўрочышчы Кавяшы на заходнім беразе Друці ладны кавалак зямлі ў памешчыка Цялесніна, уладальніка маёнтка Закупленне.
Ляксандравы дочкі ўдала выйшлі замуж: Агапа – за караўчаніна Тодара Ярашкевіча, у якога было 6 надзелаў зямлі плюс 8,5 дзес. купленай (у 1930 г. яго раскулачылі, а пазней пасадзілі як шкодніка), Саша – за чыноўніка Быхаўскай павятовай вайсковай камісіі Івана Кільчыцкага.
Другі Савеллеў сын – Піліп – узяў у жонкі прыгажуню Соню, чыя маці была ўдавою афіцэра з Мсціслаўскага павета, а пасля пайшла замуж за папа ў суседнім сяле – Балонавым Ся-льцы. Піліп рана памёр, пражыўшы з жонкай усяго 9 гадоў і пакінуўшы дачку Анюту і сына Ціму. Соня пасля ўзяла сабе прымака Якава Караткевіча з Кароткіх, ад якога нарадзіла Антолю і Сяргея. Якаў быў страшны весялун, але пры гэтым клапаціўся пра адукацыю сваіх дзяцей і пасынкаў. Ціма быў калекам (у яго была скручаная правая нага), Якаў аддаў яго вучыцца ў Гарадзецкае 2-класнае вучылішча, вазіў яго на калёсах ці заўжды сачыў за тым, каб пасынку нічога не бракавала. Ціма затым працаваў валасным пісарам у Гарадзішчы, сакратаром Глухскай валасной земскай управы, пасля рэвалюцыі – справаводам Гарадзішчанскага валвыканкама. Як і бацька, рана памёр. Сяргей жа быў спачатку жаніўся з папоўскай дачкой Насцяй, якую прывёз з салдатаў, але затым, уступіўшы ў партыю і рушыўшы па партыйнай кар’ернай лесвіцы, кінуў яе і ўзяў ідэалагічна правільную жонку.
У трэцяга Савеллева сына Тодара былі 2 сыны. Старэйшы Нікіпар, як казалі, быў дужа гуляшчы, і, калі ў 29 год яго насмерць заваліла дрэвам, людзі казалі, што гэта яго Бог пакараў. Але што цікава: адзіны стары драўляны крыж з надпісам, што дасюль захаваўся на балонаўскіх могілках, стаіць, прыхінуты да хвоі, менавіта над Нікіпаравай магілай: “Здесь погребенъ Никифоръ Феодоровъ Марковскій. 1909 г. Авг. 11 д.”. Такім чынам, малодшаму Мацвею засталася ўся бацькоўская спадчына – каля 50 дзесяцін зямлі. Каб даць рады вялізнай гаспадарцы, яны наймалі на сезон да 5 парабкаў. Раскулачвання яму нейкім цудам – праз перадачу большай часткі ўласнай зямлі ў калгас – пашчасціла пазбегнуць, але з калгаса ў 1933 годзе ён быў выключаны і жыў аднаасобнікам. Памёр у вайну ад “ціху” (тыфу).
Пра другога Мікалаевага сына Стахвана вядома мала, але багата хто згадваў Стахваніху, хоць нават імені ейнага гісторыя да нас не данесла: многія беззямельныя сяляне з Чачэвіч хадзілі пры панах і пазней у Балонаўку парабчыць, і Стахваніха лічылася самай добрай і лагоднай: акрамя грошай, заўжды ў канцы працоўнага тыдня накладала вялізную ношку ежы. У Стахвана таксама былі 3 сыны (гэта ледзь не генетычная традыцыя нейкая была ў Маркоўскіх): Захар’я, Апанас і Ладымір. Старэйшы Захар’я лагічна аддзяліўся першым, узяўшы ў жонкі Сашу-шляхцянку з Кароткіх, выбіраўся старастам Балонаўкі і Ка-роткіх (вёскі былі пэўны час аб’яднаныя ў адну грамаду (“вобчаства”)), меўшы надзельнай 10 дзесяцін зямлі, купіў яшчэ 60 у Кавяшах. Дачок ён вельмі ўдала аддаў замуж. Пра старэйшага сына Хведзьку ўжо пісалася раней: ён з-за даносу завідлівых землякоў быў арыштаваны ў 1938 годзе і праз некалькі месяцаў расстраляны ў Магілёве як польскі шпіён. У малодшага Захар’ева сына Паўла была мянушка Ціван, бо злыя языкі казалі, што Захар’іха нагуляла яго з панскім цівуном.
Ладымір – малодшы Стахванаў сын – застаўся жыць у бацькавай хаце, вывучыўся грамаце (прыгадваюць, як у старасці, ужо пры Саветах, ён на кожную несправядлівасць з боку ўладаў гразіў некаму ўяўлянаму кулаком і прыгаворваў: “От, шкарадзі! Я чару прашэнне напішу!” Жонку ўзяў сабе са знакамітай быхаўскай сям’і Бусловых. Патомствам Ладымір выдзеліўся сярод братоў: у яго быў толькі адзін сын Пятрок і ажно 5 дачок: Вольга, Прося, Анюта, Кацярына і Варка.
А ў сярэднага Стахванава сына Апанаса, які жаніўся з Марыляй Чар-няўскай, таксама караўчанцы, было, паводле завядзёнкі, 3 сыны: Іван, Ляксандра і Рыгор (мой прадзед). У вёсцы сям’ю гэтую клікалі Місцюкамі праз адзін смешны выпадак. Неяк Апанас паставіў пастку на тхара, але Максім Гейсцер, Аніськаў сын, таго тхара дастаў і пахваліўся некаму. Апанас прыйшоў да Максіма і кажа: “Аддавай майго тхара!” А той – нахабна ў адказ: “А які твой тхор?” Апанас аслупянеў ад такога пытання і толькі і змог, што адказаць: “Місцюк ты! Мой тхор вараны, белапысы! Цьху!” Ад гэтага дзіўнага старасвецкага слова і пайшла мянушка. І толькі нашмат пазней пасля таго, як я пачуў гэтую гісторыю, я даведаўся, што “місцюк” – гэта шкоднік, круцель, шэльма. Усе Апанасавы сыны прайшлі праз акопы імперыялістычнай вайны. Іван быў першым старшынём балонаўскага калгаса імя Сталіна. Рыгор у вайну быў паранены карцеччу ў Галіцыі ў 1916 годзе. Распавядаў такую гісторыю, якая адлюстроўвае стан агародніцтва ў Беларусі напярэдадні рэвалюцыі. Мабілізаваных пагрузілі ў Быхаве ў “сталыпіны” і павезлі ўсіх разам на “аўстрэйскі хронт”. Недзе ўжо ва Украіне выскачылі яны былі з вагона і ўбачылі жанчын, што на пероне прадавалі вёдрамі сімпатычныя чырвоненькія яблычкі. Так ім захацелася тых яблыкаў, што яны скінуліся разам і купілі ў прадавачак два вядры. Цягнік рушыў далей, салдаты абступілі вёдры і давай частавацца. Адзін укусіў, другі, трэці… Чырвоныя яблычкі аказаліся такімі паскуднымі, нясмачнымі, што маладыя быхаўцы адзінадушна выра-шылі высыпаць абодва вядры вонкі. І толькі ў 30-ыя гады Рыгор даве-даўся, што тыя “яблычкі” насамрэч былі памідорамі. Адляжаўшы пасля ранення ў вайсковым шпіталі ў Дзвін-ску (цяперашні Даўгаўпілс), Рыгор вярнуўся ў Балонаўку, быў выбраны сакратаром Балонаўскага сельскага камітэта, на пачатку 1920-ых быў накіраваны на вучобу ў Петраградскім універсітэце, але не вытрываў нястачаў і напаўгалоднага жыцця і вярнуўся дахаты (ягоная жонка – мая прабаба – любіла яго падкалоць: “Мамкін сынок!”), у 1923 годзе аддзяліўся ад бацькі, пабудаваў сабе хату на ўскрайку вёскі (яна і дасюль стаіць непадалёк ад берага рэчкі), пайшоў сватацца да Настасі Палавіковай, дачкі беднага Петрака, але нечакана атрымаў гарбуза, бо Настася ўжо была сасватаная за іншага. Прыйшоў дахаты і лёг. Ляжаў тыдзень, уперыўшыся ў столю, не еў, ні з кім не размаўляў. Сяброўкі Настасі даведаліся пра гэта, распавялі ёй… У рэшце рэшт, першаму жаніху аднеслі гарэлку, сала, прысмакі: адкупіліся, і Рыгор з Настасяй згулялі вяселле на Каляды 1926 года. Рыгорава маці Марыля, напаўшляхцянка, бывала, бурчэла, што, маўляў, узяў сабе галапузую Петракову дачку, без пасагу, на што зазвычай спакойны Апанас рэагаваў разважлівым, але дасціпным пытаннем: “А ты што прынесла за сабой? Гусь?” Пра Апанаса распавядалі, што ён у маладосці кахаў нейкую Гапку, але бацькі жанілі яго з Марыляй, бо яна лічылася шляхцянкай, няхай сабе і з не дужа багатай сям’і. Гапку ж аддалі замуж некуды далёка. І вось аднойчы Апанаса, ужо ў сталым веку, запрасілі на нейкую “бяседу” (застолле) – і выпадкова пасадзілі поруч з той самай Гапкай. Да самага скону ён тое прыгадваў: “Самае луччае, што ў мяне было, – гэта як я са сваёй любоўю разам чай піў”. Сканаў Апанас, уваліўшыся ў ваду позна ўвосень: моцна застудзіўся і памёр ад гарачкі.
Рыгор жа ў 1927 годзе стаў сакратаром Чачэвіцкага сельсавета і даваў добрай рады сваёй працы, аж пакуль у 1934 годзе не прыйшла па-станова ўраду пра тое, што калгаснікі беспадаткава маюць права трымаць толькі адну галаву буйнога рагатага быдла, а ўсе дадатковыя цяляты-бычкі абкладаліся вялізным падаткам ці канфіскаваліся ў калгас. Рыгор, даведаўшыся пра тое, што едзе адпаведная ўліковая камісія, пайшоў па Балонаўцы і папярэдзіў кожнага “хадзяіна”: “Рэжце! Рэжце!” Фактычна гэта быў расстрэльны артыкул. Ніхто з балонаўцаў яго не здаў. Але на ўсялякі выпадак ён звольніўся з пасады сакратара і, як распавядала бабуля, мо цэлы год уночы трывожна чакаў варанка. Стрэс і напружанасць у Рыгора былі такія жудасныя, што аднойчы, калі жонка Настася на досвітку пачала будзіць яго выходзіць па чарадзе пасціць каровы, ён усхапіўся і спрасонку знянацку паслаў яе на тры літары. Гэта быў першы і апошні раз, калі Рыгор ужыў мат у прысутнасці Настасі, але тая і гэтым – канешне, не без усмешкі – папракала яго да самага скону (яны абодва памерлі ў 1980 годзе з розніцай у два месяцы).
Трэці Стахванаў сын – Ян – рэкрутам ваяваў на Крымскай вайне, вярнуўшыся, атрымаў з казны 2 дзесяціны, узяў сабе бедную Агапу з Балонава-Сяльца, якая нарадзіла яму 7 дачок і аднаго сына Максіма, што рана памёр. У бацькавай малой хацінцы засталася малодшая Ліса, якая ўзяла прымака Грышку Чарняўскага з Кароўчыні і, нарадзіўшы адну дачку – Еньку (Яўгенію), заўчасна памерла. Грышка ўзяў сабе другую жонку са сваёй вёскі – Анюту Ярашкевічаву. У калгас не ўступаў, быў аднаасобнікам. Калі пачалася вайна, немцы загадалі выбраць у вёсцы старасту. Грышка як быў, так і застаўся “набрыддзю”, чужым, таму балонаўцы выбралі яго, каб не падстаўляць сваіх. Каб яго не забілі партызаны, ён на ноч выязджаў на лодцы на цэнтр балонаўскага возера і там хаваўся сярод трыснягу і пуховак. А рэальна кіравалі вёскай так званыя “тумары”, г. зн. верхаводы – браты Ляксандра і Павел Палавіковы, якія адказвалі за перамовы з акупацыйнымі ўладамі, нарыхтоўкі, арганізацыю хавання ў лесе ў часе карных аперацый.
(Працяг будзе.)
Анатоль Прасаловіч,
Магілёў.