Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дому Таўлая – 10 гадоў. Пляменнік паэта ўдзельнічаў у будаўніцтве БелАЭС

Дому Таўлая – 10 гадоў. Пляменнік паэта ўдзельнічаў у будаўніцтве БелАЭС

14 снежня 2020, 23:39 Культура 43
Дому Таўлая – 10 гадоў. Пляменнік паэта ўдзельнічаў у будаўніцтве БелАЭС

Аднаго інтэрв’ю, каб раскрыць няспынную пошукавую дзейнасць Дома Таўлая ў Лідзе, які нядаўна адзначыў сваё 10-годдзе, аказалася недастаткова, і днямі мы зноў запрасілі да гутаркі куратара Дома Таўлая, навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алеся ХІТРУНА.

 

Дачка апраўдала спадзяванні бацькі

 

У апошні час, дзякуючы інтэрнэту, Алесь Хітрун даследаваў заходнебеларускія часопісы і газеты, якія выходзілі ў 20-30-х гадах, і знайшоў у іх вершы і артыкулы Валянціна Таўлая, надрукаваныя пад рознымі псеўданімамі. Няпростая была задача вызначыць іх аўтарства, ведаючы, што псеўданімаў у паэта было дзесьці каля дваццаці. Напрыклад, у часопісе “Калоссе” за 1938 год змешчаны верш “Перамога”, падпісаны псеўданімам Паўлюк Сірата. У часопісе “Беларускі летапіс” за 1939 год ёсць артыкул пра кампазітара Міхала Забэйда-Суміцкага, падпісаны псеўданімам А. Горны. Таўлай быў добра знаёмы з гэтым кампазітарам, як і з Рыгорам Шырмам, Генадзем Цітовічам.

Вядома, што паэт збіраў народную музыку, валодаў добрым музычным слыхам, часам выстукваў пальцамі на прывезеным у Менск пасля вызвалення Наваградка піяніна роз-ныя мелодыі. Да музыкі хацеў далучыць з самых ранніх год і сваю дачку Галіну. Лечачыся ў І клінічнай бальніцы Менска ў 1947 годзе, ён прасіў жонку Лідзію ўключаць маленькай Галінцы перад сном радыёпрыёмнік. Дарэчы, Галіна Таўлай у далейшым атрымала вышэйшую музычную адукацыю, апраўдаўшы спадзяванні бацькі.

Што датычыцца Забэйды-Суміцкага, пра якога пісаў Валянцін Таўлай, у 1938 годзе, у час гастрольнага тура, музыкант прыязджаў у Ліду. А ўвогуле, выступаў ён у многіх гарадах, у тым ліку, у Празе, Парыжы, Лондане, Нью-Ёрку.

Пасля смерці Таўлая было напісана нямала песень на яго вершы. Напрыклад, беларускі кампазітар Леанід Шурман напісаў сем такіх песень і адну – на верш Максіма Танка, прысвечаны памяці Валянціна Таўлая. Копіі гэтых раздруковак таксама ёсць у доме-музеі ў Лідзе, яны перададзены самім кампазітарам. Але шкада, што няма ахвотных ажывіць гэтыя творы. Алесь Хітрун марыць аб тым, каб яны загучалі ў сценах дома паэта.

 

Таўлай тады смяяўся  ад шчасця…

 

Жывучы ў Лідзе і працуючы ў рэдакцыі газеты “Уперад”, Валянцін Таўлай пісаў артыкулы і вершы для гэтай газеты. У Доме Таўлая ёсць фотарэпрадукцыя яго артыкула “Ліквідаваць самацёк у падрыхтоўцы да зімы” (1940, пад псеўданімам М. Гарустовіч). Вядома, што ў той жа перыяд (1939-1941 гг.) у газеце “Уперад” працавала яшчэ адна заходнебеларуская паэтэса – Ніна Тарас. Яе вершы таксама змяшчаліся ў газеце. У Доме Таўлая захоўваецца пісьмо Ніны Тарас 1966 года тагачаснаму дырэктару Лідскага краязнаўчага музея Мікалаю Іванову, у якім яна расказвае пра “лідскі” перыяд свайго жыцця, пра Валянціна Таўлая.

Так, паэтэса піша, што спачатку Таўлай утойваў ад яе, што ён паэт, пазней дзяліўся з ёй сваімі вершамі, творчымі задумамі. Таўлай вёў у газеце літаратурную старонку, працаваў з маладымі літаратарамі Лідчыны. Ніна Тарас узгадвае першамайскую дэманстрацыю 1940 года ў Лідзе, якую яна і Валянцін Таўлай разам назіралі з балкона рэдакцыі і па-добраму пасмейваліся над вершамі адно аднаго, якія былі змешчаны ў першамайскім нумары газеты “Уперад”. Таўлай тады смяяўся ад шчасця.

Рэдакцыя на той час размяшчалася па вуліцы Савецкай, у раёне Архістраціга-Міхайлаўскага кафедральнага сабора. Вядома, што падчас вайны гэты будынак быў знішчаны.

А ў перадваенны перыяд паэт рыхтаваў сябе да вялізнай творчай працы, збіраў шмат фактычнага матэрыялу, дакументаў.

Бываў Таўлай у Лідзе і ў гады нямецкай акупацыі, заходзіў на кватэру да Ніны Тарас, якая праз яго наладжвала сувязь з партызанамі. Ніна Міхайлаўна, між іншым, прыязджала да яго на Наваградчыну па чарговыя партызанскія заданні. У будучым паэтэса прысвяціла Таўлаю два вершы.

Дзёрзкая, з сівой пасмай у чорных валасах…

У траўні бягучага года шэраг матэрыялаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Валянціна Таўлая, перадаў у дом-музей Мікалай Мікалаевіч Грабёнкін – сын Мікалая Іванавіча Грабёнкіна, які разам з Таўлаем прымаў удзел у партызанскім руху на Навагрудчыне. Дык вось, разам з іншымі матэрыяламі была перададзена газетная выразка з “ЛіМа” за 1969 год. Там змешчаны ўрывак з аповесці Уладзіміра Калесніка “Кірмаш” (у “Полымі” за 1964-1965 гады твор быў надрукавана пад назвай “Аповесць пра Таўлая”, асобным выданнем не выходзіла). Падзеі ў гэтым урыўку адбываюцца ў першыя месяцы вайны, калі Таўлай пакінуў Ліду і пераехаў у Наваградак. На кірмашы ў Наваградку паэт сустрэўся са сваім сябрам па Гарадзенскай турме Васілём Ражко. У гутарцы з сябрам Таўлай згадвае сваю першую жонку, яўрэйку Кіру Брант, з якой жыў у Лідзе. Кіра са слоў Таўлая паўстае перад чытачом дзёрзкай, з сівой пасмай у чорных, па-хлапечы стрыжаных валасах. Паэт верыў, што яна засталася ў жывых і хаваецца ад немцаў у надзейным месцы (а так яно і было). Гэта чарговы доказ таго, што яна не была расстраляна немцамі ў Лідзе, як у свой час лічылі даследчыкі. Аб тым, што яна выжыла, пісаў і Максім Танк. Згадвае паэт у аповесці “Кірмаш” і сваё першае каханне – Кацярыну Главінскую, якой ён прысвяціў верш “Таварышу маёй вясны”.

Доўгі час тут палілася печ

– А цяпер, – працягвае нашу гутарку Алесь Хітрун, – я хацеў бы расказаць пра будынак у Лідзе, у якім у 1939-1941 гадах жыў Валянцін Таўлай і які зараз называецца Домам Таўлая.

Як вядома, з 1944 года і да сярэдзіны 70-х гадоў у гэтым будынку месціўся скурна-венералагічны дыспансер. Звесткі па тагачаснай гісторыі будынка я сабраў дзякуючы цяперашняму загадчыку СВД Міхаілу Лебядзеўскаму, а той, у сваю чаргу, карыстаўся летапісам установы, які вёў адзін з яго папярэднікаў – Сяргей Якаўлевіч Бялько, што стаяў ля вытокаў арганізацыі дэрматалагічнай дапамогі на Лідчыне. Копіяй даведкі з летапісу падзяліўся з намі Міхаіл Пятровіч. Фотаздымкамі падзялілася Ірына Аляксандраўна Данілецкая, якая некалі працавала ў ды-спансеры санітаркай. Стала вядома, напрыклад, што побач з гэтым (тады драўляным) будынкам быў яшчэ адзін – лабараторыя. У 1958 годзе стацыянар СВД пашырыўся з 15 да 35 ложкаў, ён пачаў абслугоўваць, акрамя Лідскага, яшчэ некалькі раёнаў.

З сярэдзіны 70-х да 2006 года ў гэтым будынку размяшчаўся спортаддзел. Аб гэтым перыядзе мне шмат чаго расказала Валянціна Іванаўна Волкава, якая каля трыццаці гадоў з’яўлялася галоўным спецыялістам спортаддзела. Яна ж перадала фотаздымкі на адпаведную тэму. Так, ад Валянціны Іванаўны я даведаўся, што да канца 80-х гадоў, да капітальнага рамонту, туалета ў будынку не было – ён быў на дварэ, як і пры жыцці Валянціна Таўлая, і падчас працы СВД. Доўгі час у гэтым доме палілася печ. У час рамонту драўляны будынак быў абкладзены цэглай. Аднойчы гісторык і археолаг Алег Трусаў прызнаўся мне, што падчас рэканструкцыі паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка была выкарыстана крамлёўская цэгла. Цяпер ходзіць легенда, што тая цэгла, якая засталася, была выкарыстана для абкладкі будынка спортаддзела (цяперашняга Дома Таўлая) напрыканцы 80-х гадоў.

Важна адзначыць, што мемарыяльная дошка, якая гаварыла аб тым, што ў гэтым доме жыў Валянцін Таўлай, вісела на будынку і тады, калі ён не з’яўляўся літаратурным музеем. Іх, дошак, нават было дзве. І Алесь Хітрун хоча адшукаць хаця б адну (тая, што вісіць ля ўвахода ў Дом Таўлая цяпер, такім чынам, ужо трэцяя).

“Піянерскія” фота Галіны Таўлай

Некалькі слоў куратар Дома Таўлая сказаў і пра сваю даследчыцкую работу, звязаную з роднымі Валянціна Таўлая.

Выйсці на стрыечнага пляменніка Таўлая Алега Уладзіміравіча Колтуна, які родам з Масквы, Алесю дапамог лідскі мастак Уладзімір Сяргеевіч Мельнікаў. Алег Колтун – унук Міхаіла Антонавіча Жыгмунта, які з’яўляецца братам роднай маці Валянціна Таўлая Марыі Антонаўны. Міхаіл Жыгмунт займаў высокую пасаду на Беларускай чыгунцы, быў рэпрэсаваны ў 1938 годзе і памёр у лагеры пад Нарыльскам у 1942 годзе. Алег Колтун да нядаўняга часу прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве АЭС, што паблізу Астраўца.

Што датычыцца дачкі паэта Галіны Таўлай, сёлета Святлана Чарняўская (жонка Міхася Чарняўскага, які некалі займаўся археалагічнымі раскопкамі ў Лідзе) перадала ў Дом Таўлая фотаздымкі, на якіх Галіна Таўлай – яшчэ дзяўчынка-падлетак. Справа ў тым, што дачка паэта была аднакласніцай Святланы Чарняўскай. Разам яны ў далёкім 1959 годзе адпачывалі ў Крыме, у піянерскім лагеры “Артэк”. Гэтыя моманты і адлюстраваны ў фотаздымках. Да іх перадачы ў літаратурным музеі ў Лідзе меліся толькі “дарослыя” фота Галіны Таўлай.

Замест пасляслоўя

– А завяршыць гэтае інтэрв’ю, як і папярэдняе, – адзначае ў канцы нашай гутаркі Алесь, – я зноў хацеў бы згадваннем аб магіле Таўлая на вайсковых могілках у Менску, па вуліцы Казлова, 11. Ля магілы паэта пахавана яго прыёмная дачка Лена (дачка яго другой жонкі Лідзіі Сяргееўны), якая загінула напрыканцы 1945 года пад коламі аўтамабіля, перабягаючы дарогу. На магілцы дзіцяці няма ніякага надпісу – і мы, супрацоўнікі Дома Таўлая, хочам змясціць на ёй шыльду, каб людзі ведалі, хто пахаваны побач з паэтам. Дух паэта, упэўнены, аддзячыць нам і за гэты ўчынак.

Аляксей КРУПОВІЧ.

 На фота: 1) Ніна Тарас паэтэса, карэспандэнт лідскай газеты “Уперад”; 2) Валянцін Таўлай з першай жонкай Кірай Брант у Лідзе, 1941 г.; 3) Міхаіл Антонавіч Жыгмунт – брат роднай маці В. Таўлая – Марыі Антонаўны; 4) Першая мемарыяльныя дошка, якая змяшчалася на будынку спортаддзела напрыканцы 1986 года; 5) Валянціна Іванаўна Волкава падчас працы на пасадзе галоўнага спецыяліста спортаддзела (цяпер Дома-музея).

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Верабей чырыкае для дзяцей
літаратура

Верабей чырыкае для дзяцей

21 лістапада 2025, 18:3421
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0918
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
Незабыўны Альберт Паўловіч
літаратура

Незабыўны Альберт Паўловіч

21 лістапада 2025, 13:3817
Далучайцеся да нас