Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Беларускамоўны лекар не спыніцца ў працы на карысць дабра, праўды і справядлівасці

Беларускамоўны лекар не спыніцца ў працы на карысць дабра, праўды і справядлівасці

1 снежня 2020, 20:17 Грамадства 7
Беларускамоўны лекар не спыніцца ў працы на карысць дабра, праўды і справядлівасці

Беларускі дзіцячы рэаніматолаг-анестэзіёлаг, які вядомы сваёй грамадзянскай пазіцыяй, Андрэй Мікалаевіч Вітушка знаходзіўся ў жніўні  ў ІЧУ на Акрэсціна. Ён прышоў у міліцыю разам з жонкай, каб вызваліць свайго непаўнагадовага сына Мірона,  і  быў затрыманы.

Калегі-медыкі  на наступны дзень арганізавалі акцыю салідарнасці  з Андрэем Вітушкам  і  з іншымі ля будынка медуніверсітэта.

Спадар Андрэй  заўсёды быў упэўнены, што, спалучаючы высокі прафесіяналізм, дбайнае  і  ўважлівае стаўленне пацыентаў  з агульным культурным узроўнем, заснаваным на падмурку нацыянальных каштоўнасцяў, беларускія лекары дасягнуць лепшых вынікаў.

Але на гэтым тыдні лекар даведаўся  пра непадаўжэнне кантракту з боку РНПЦ “Маці і дзіця”. Андрэй Вітушка з’яўляецца адным з лепшых спецыялістаў у сваёй галіне, ён – кандыдат медыцынскіх навук  і  сваю дысертацыю абараняў па-беларуску. Доктар Вітушка стаў адным з герояў зборніка артыкулаў пра медыкаў “Дабру вечна перамагаць!”, выдадзенага ў 2014 годзе ў выдавецтве ” Кнігазбор”. І сёння ён варты падзякі і падтрымкі.

 

– Андрэй Мікалаевіч, Вы шмат гадоў прысвяцілі  працы ў клініцы “Маці і дзіця”. Вы  патрапілі  туды зусім маладым?

– Гісторыя пачалася ў 1999 годзе, калі я, студэнт 4 курса медуніверсітэта, прыйшоў у аддзел кадраў 7-ай гарадской клінічнай бальніцы ўладкоўвацца на пасаду медбрата ў вольны ад вучобы час (на начныя дзяжурствы). Хацелася быць бліжэй да клінічнай медыцыны, адчуваць яе атмасферу. Мне адразу сказалі: “Схадзі ў рэанімацыю нованароджаных – там заўжды патрэбны людзі!” Я мала ведаў пра нованароджаных, вучыўся на лячэбным факультэце (у гэты перыяд не было педыятрычнага) і рыхтаваўся быць нейрахірургам. Тады я яшчэ не здагадваўся, што прыйшоў у тое месца, дзе знайду сябе.

Сястрынская праца ў рэанімацыі складаная. Заўжды вялікая нагрузка, выдатная трэніроўка ўвагі, хуткасці рэакцыі і мультызадачнасці. Многія доўга не вытрымліваюць, таму мне сказалі, што вельмі патрэбны работнікі.

Паступова я зразумеў, у якое незвычайнае месца патрапіў – туды, дзе людзі ў літаральным сэнсе аддаюць свае сілы і энэргію для жыцця іншых – меншых і слабейшых. І палюбіў гэтую працу і людзей!

У 2001 годзе я  атрымаў дыплом і стаў лекарам ў рэанімацыі нованароджаных. Неўзабаве шпіталь пераўтварыўся ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Маці і дзіця”. Я вельмі ўдзячны сваім настаўнікам: найперш, загадчыцы аддзялення Аксане Якаўлеўне Свірскай. Гэта мая мама ў прафесіі. Яна дапамагла мне і многім вырасці з учарашніх студэнтаў у спецыялістаў. А таксама ўдзячны іншым старэйшым калегам – іх шмат, я баюся каго-небудзь не назваць.

Паступова я зразумеў, што трапіў у самую дынамічную галіну педыятрыі. Сапраўднае шчасце – назіраць і ўдзельнічаць у яе прагрэсе ў свеце і Беларусі. Быць часткай каманды, якая ўпарта працуе над тым, каб больш дзяцей выжывалі і раслі здаровымі. Бачыць поспехі і няўдачы гэтай каманды, ганарыцца дасягненнямі і працаваць над памылкамі, каб рабіць лепшымі вынікі нашай дзейнасці.

Неверагоднае адчуванне  –  з радасцю ісці на працу і радасна вяртацца дадому!  Я скончыў аспірантуру для таго, каб адказаць на пытанне, як мы лепш можам папярэдзіць цяжкія кровазліцці галаўнога мозга ў глыбоканеданошаных дзяцей – паталогіі, якая за хвіліны мяняе жыццё самога дзіцяці, робячы яго інвалідам, і мяняе жыццё ягонай сям’і. Таксама імкнуўся пастаянна вучыцца ў сваіх калег сусветнага ўзроўню, каб быць не горш за іх, бо нашыя дзеці гэтага вартыя, а мы на гэта здольныя.

– Вы не аднойчы ўдзельнічалі  ў стажыроўках за мяжой, павышалі сваю кваліфікацыю ў  ЗША, дзе  знаёміліся з сістэмай аховы здароўя жанчын і немаўлят, бралі ўдзел у семінары па перынаталогіі  ў Аўстрыі, сустракаліся з замежнымі калегамі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Наша паездка ў ЗША ажыццяўлялася  дзякуючы праграмме  “Сommunity connection” Агенцтва ЗША па Міжнародным развіцці. Праграма называлася “Здароўе мацярок і дзяцей у ЗША” і ахоплівавала тры тыдні.

Тады мы пабывалі  ў гарадзе Шарлот у штаце Паўднёвая Караліна. Наведалі клініку сусветна вядомага ўніверсітэта Дзюка, дзве  клінікі  ў невялікіх гарадах, а таксама медыцынскі цэнтр “Carolines” і прыватны прэсвітарыянскі шпіталь. Важным было знаёмства з грамадскімі арганізацыямі, якія працуюць у накірунку змяншэння колькасці абортаў і клапоцяцца пра цяжарных і маладых матуль, якія трапілі ў цяжкае жыццёвае становішча.

У Зальцбургу праходзіў семінар па перынатальной медыцыне, арганізаваны ўстановай “Адкрыты медыцынскі інстытут” пры садзей-нічанні медыцынскага ўніверсітэта г. Граца. Вя-домыя амерыканскія і аўстрыйскія аўтарытэты  ў неанаталогіі і перынаталогіі дзяліліся сваім досведам са спецыалістамі з 21 краіны свету. Усе лекцыі былі цікавымі, іх чыталі бліскучыя выкладчыкі, інфармацыя была карыснай для практычнай працы. Такія семінары арганізоўвала праграма  “Адкрыты медыцынскі інстытут”, якая дзейнічае з 1993 года пад патранажам Аўстрыйскага федэральнага міністэрства адука-цыі, навукі і культуры, а таксама Амерыкана-аўстрыйскага фонду. У іх бяруць удзел медыкі з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

– У сваёй паўсядзённай практыцы і побыце Вы карыстаецеся беларускай  мовай. Як склалася ў Вас такая патрэба і перакананне?                            

– Да вытокаў прыгожай беларускай літаратурнай мовы я далучыўся праз маю бабулю Яўгенню Сцяпанаўну, якая паходзіла з Вязынкі. Яна была звычайнай даяркай, вельмі добрым і мудрым чалавекам. Я заўсёды ездзіў да яе ўлетку, не аднойчы хадзіў пешшу па тых мясцінах.

З 16-ці гадоў я шукаў кола сяброў, паплечнікаў і знайшоў іх у “Задзіночанні беларускіх студэнтаў”. Там жа сустрэў і сваю будучую жонку Крысціну. Наш сын Мірон мае аднолькавыя з намі каштоўнасці, ён вучыўся ў 23-яй менскай беларускамоўнай гімназіі, а зараз займаецца ў ліцэйскім гістарычным класе пры БДУ.

Беларуская мова дае нам сілы і энергію для жыцця. Для мяне, як для лекара, усё зра-зумела: калі чалавек валодае роднай мовай, абапіраецца на гісторыю, ведае свае карані, ён адчувае сябе больш упэўненым, і гэта надае яму душэўную раўнавагу і спакой. А значыць, змяншае стрэс і прадаўжае жыццё!

У 2001 годзе была створана і дзейнічала Асацыяцыя беларускіх медыкаў. Яе дзейнасць пачыналася з суполкі Задзіночання беларускіх студэнтаў у БДМУ. Мы неаднаразова ладзілі канферэнцыі па беларускай медычнай адукацыі, у дзельнічалі ў міжнародных сустрэчах. З таго моманту мне стала зразумела, што медыцынская тэрміналогія на беларускай мове ўжо распрацавана  і слушна ўжываць яе ў паўсядзённай працы.

– Вы шмат часу праводзіце на дзяжурствах у клініцы, напэўна, Вам хацелася б больш часу быць з сям’ёй?

– Больш за ўсё ад майго жыццёвага выбару дасталося маёй сям’і – заробкі лекара-рэаніматолага заўжды былі сціплымі. У жыцці я меў некалькі развілак, каб выбраць больш прыбытковы занятак, не звязаны з медыцынай. Але я ўпарта вяртаўся назад – у рэанімацыю нованароджаных РНПЦ “Маці і дзіця”. Бо там мой быў дом, маё пакліканне.

Цяпер я даведаўся, што праз месяц мяне там не будзе. Начальнік аддзела кадраў прыйшла сама а 7-ай раніцы да мяне на дзяжурства, каб самастойна ўручыць мне “уведомление”.

Зараз  я адкрыты для прапановаў працы. Хачу толькі спакойна сустрэць Каляды з роднымі. Упершыню за шмат год без недасыпу пасля дзяжурстваў. Шмат чаго ўмею. Добра разбіраюся ў медыцыне, умею, зразумела, тлумачыць розныя яе аспекты. Пішу добрыя прафесійныя тэксты. Валодаю ангельскай, польскай і крыху нямецкай.

Не збіраюся спыняцца ў працы на карысць святла, дабра, праўды і справядлівасці! Таму што гэта мой абавязак. Як доктара і чалавека.

– Як зараз адчувае сябе Ваша жонка?

– Яна яшчэ не пераадолела наступствы моцнага стрэсу, які перажыла за двое сутак на Акрэсціна. Там яна знаходзілася ў значна горшых умовах, чым я, на жаль. І траўмуючая сітуацыя ў краіне пакуль не змянілася да лепшага…

Гутарыла Эла Дзвінская.

Фота аўтара  і  з архіва Андрэя Вітушкі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3621
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3118
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0418
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Далучайцеся да нас