Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Як Алегу Дзьячкову з Магілёва “з’явіліся новыя лідары”

Як Алегу Дзьячкову з Магілёва “з’явіліся новыя лідары”

10 лістапада 2020, 20:31 Грамадства 60
Як Алегу Дзьячкову з Магілёва “з’явіліся новыя лідары”

У артыкуле “Святлана Ціханоўская шануе беларускую мову і нацыянальную сімволіку” (“Наша слова”, № 41, 14.10.2020 г.) старшыня  магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў называе Віктара Бабарыку і Святлану Ціханоўскую альтэрнатыўнымі палітыкамі, папракае кіраўнікоў ТБМ Алену Анісім і Алега Трусава за “крытыканства” новых палітычных лідараў і за няўдзел старых лідараў у прэзідэнцкіх выбарах: “Дзе наш ТБМ-аўскі кандыдат? Дзе беларускамоўны кандыдат ад аб’яднанай апазіцыі? Няма… А раз так, то з’явіліся новыя лідары. І гэта вельмі добра. Асабіста я збіраўся галасаваць за В. Бабарыку, а паколькі яго адразу пасадзілі па палітычных матывах, то я галасаваў за С. Ціханоўскую. А так званая “старая гвардыя” маргіналізавалася і дэградавала. Яны так і не навучыліся працаваць з народам, і людзі за імі не пойдуць. Вельмі шкада, што і кіраўніцтва ТБМ засталося на ўскраўку грамадскага жыцця нашай краіны”. 

Паводле Дзьячкова, у неспрыяльных, жорсткіх умовах дыктатарскага рэжыму старая гвардыя маргіналізавалася і дэградавала, а будучыя новыя лідары Бабарыка і Ціханоўская ў гэты самы час вучыліся працаваць з народам.

Давайце пільна прыгледзімся, дзе навучаліся і чаму навучыліся новыя лідары Алега Дзьячкова!  

 

БАБАРЫКАВА НАВУКА

 

З ліпеня 2000 года па 12 траўня 2020 года Віктар Бабарыка вучыўся “працаваць з народам” на пасадзе кіраўніка Белгазпрамбанка.  0,097% акцый банка належыць Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці Рэспублікі Беларусь, астатняе – расійскім акцыянерам: 0,267% – ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, 49,818% – ААТ “Газпрамбанк”, 49,818% – ПАТ “Газпрам”.

“Газпрамбанк” – уваходзіць у тройку найбуйнейшых банкаў Расіі па ўсіх асноўных паказчыках і займае трэцяе месца ў спісе банкаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы па памеры ўласнага капіталу. Даччыныя банкі: “Кредит Урал Банк” (г. Магнітагорск, Расія), “Белгазпрамбанк” (г. Менск, Беларусь), Bank GPB International S.A. (Люксембург), Gazprombank (Switzerland) Ltd (г. Цюрых, Швейцарыя).

“Газпрам” – найбуйнейшая газавая кампанія свету і найбуйнейшая прамыслова-фінансавая кампанія Расіі. Газпрам эксплуатуе прыродныя рэсурсы, якія належаць усім расіянам. Ільвіная доля даходаў кампаніі асядае ў кішэнях акцыянераў Газпрама і сярод іх Бабарыка далёка не шараговы паразіт на целе расійскага народа. Газпрам – станавы хрыбет эканомікі Расіі, станавы хрыбет рэжыма Пуціна, станавы хрыбет “рускага свету” на ўсёй зямной кулі, а Белгазпрамбанк якраз прадстаўляе ў Беларусі фінан-савыя інтарэсы Газпрама, інтарэсы пуцінскага рэжыма, інтарэсы “рускага свету”.

Вось дзе навучаўся працаваць з народам дзьячкоўскі лідар Віктар Бабарыка!

Сёлета Расія як ніколі актыўна ўключылася ў беларускія выбары не для таго, каб замест дыктатуры ўсталяваць у нас дэмакратыю. У тым ліку па-гэтаму расійскія лялькаводы не парупіліся, каб іхнія лялькі ўмелі гаварыць па-беларуску. Бо навошта, калі нічога не памяняецца, адно ў кабінетах беларускіх чыноўнікаў замест партрэта Лукашэнкі будзе партрэт нейкага іншага маскоўскага намесніка з ліку “новых палітыкаў”. Болей за тое, маскоўскія паліттэхнолагі і іхні галоўны кандыдат-калабарант Бабарыка былі ўпэўнены, што ўжо няма аніякай беларускай Беларусі, а толькі тэрыторыя  і насельніцтва, якое спіць і бачыць сябе ў складзе адзінай і недзялімай імперскай Расіі: “Беларусь як самастойная краіна ўсяроўна прайграе – альбо ў палітычнай сферы, альбо ў эканамічнай. Як яна можа выйграць? Я не бачу перспектыў. А людзі выйграюць адназначна. Мне здаецца, стаўшы часткай Расіі, большасць з іх скажа радасна: “Нарэшце!”. Скажуць, паверце!” (В. Бабарыка).

Топавы расійскі банкір Бабарыка 20 гадоў смактаў кроў расійскага народа, 20 гадоў абіраў расіян, 20 гадоў прадстаўляў у Беларусі фінансавыя інтарэсы пуцінскага рэжыма. Таму не дзіўна, што Бабарыка 26 гадоў абыякава сузіраў, як маскоўскі стаўленік Лукашэнка і ягоныя сатрапы Цапкала, Латушка і ім падобныя шэйманы і макеі глумяцца з беларускага народа, як яны  будуюць краіну для свайго ўласнага жыцця. Таму не дзіўна, што Бабарыка “радасна” пагадзіўся выканаць даручэнне маскоўскіх заказчыкаў сцерці з геаграфічнай карты свету дзяржаву з назвай Беларусь.  

Вось чаму навучыўся ў Газпраме новы дзьячкоўскі лідар Віктар Бабарыка!   

 

НАВУКА ХЛУСНІ І КРЫВАДУШША

 

С. Ціханоўская – перакладчыца англійскай мовы, хатняя гаспадыня. У адрозненні ад Бабарыкі, Ціханоўскай банальна не хапае грошай.  Шуру Балаганаву, герою булгакаўскага рамана “Залатое цяля”, для поўнага шчасця патрабавалася 6400 савецкіх рублёў, а сям’і Ціханоўскіх – 900 тысяч даляраў ЗША: “Калі б былі такія грошы – у сям’і ці ў Сяргея – дык напэўна ён бы не змагаўся за нейкія правы простага народа” (7.06.2020 г. Расійскі тэлеканал “Дождж”. Ціханоўская пра знойдзеныя ў мужа, ці падкінутыя яму, 900 тысяч даляраў). Такіх грошай сям’я Ціханоўскіх, напэўна, і па сёння не мае, затое Алег Дзьячкоў з горада Магілёва ў дадатак да Бабарыкі мае яшчэ аднаго “новага лідара”.

Спачатку сям’я Ціханоўскіх агітавала за сумленныя выбары без Лукашэнкі. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай (яе муж Сяргей) у апошні свой дзень на свабоде заявіў: “На выбары, у якіх будзе ўдзельнічаць Лукашэнка і якія будзе лічыць Ярмошына, я адназначна людзей клікаць не буду. Таму што як у такіх (выдзелена мною. – М.В.) выбарах можна выйграць?… А тыя патэнцыйныя кандыдаты, якія клічуць на выбары і кажуць, што там можна сумленна выйграць і сфальсіфікуюць толькі маленькі працэнт – яны або хлусы, або падлы” (29.05.2020, г. Гродна). Потым, не зважаючы на гэта, Святлана Ціханоўская і людзей клікала на “такія” выбары, і сама ў іх удзельнічала ў якасці хлуслівага кандыдата!

Спачатку сям’я Ціханоўскіх агітавала за “краіну для жыцця” простых людзей. Блогер Ціханоўскі ганіў і высмейваў крывапіўцаў кшталту Бабарыкі і Цапкалы, якія на людскіх слёзах і горы пабудавалі краіну для свайго ўласнага жыцця. Потым, не зважаючы на гэта, Святлана Ціханоўская аб’ядналася з бабарыкамі і цапкаламі!

Відавочна, што, насамрэч, Святлана Ціханоўская ніколі не змагалася і не змагаецца за “нейкія” правы простага народа. Відавочна, што ў неспрыяльных, жорсткіх умовах дыктатарскага рэжыму Святлана Ціханоўская навучылася адно хлусіць і крывадушнічаць.

 

НОВЫЯ ЛІДАРЫ З’ЯВІЛІСЯ НЕ РАЗАМ…

 

З цытаты Алега Дзьячкова (гл. пачатак артыкула) вынікае, што новыя палітычныя лідары “з’явіліся” перад ім не разам, не адначасова. Спачатку з’явіўся Бабарыка. Адзін. Без Святланы. Самотнага Бабарыку 18 чэрвеня  пасадзілі па палітычных матывах, а 14 ліпеня па гэтых жа палітычных матывах Бабарыку не зарэгістравалі кандыдытам у прэзідэнты. А вось Святлану Ціханоўскую 14 ліпеня па тых самых, вышэйназваных, палітычных матывах – увага! – зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты і, такім чынам, дазволілі Ціханоўскай змагацца за “нейкія” правы простага народа, а проста-му хлопцу з Магілёва дазволілі за яе галасаваць! Менавіта 14 ліпеня Святлана і з’явілася перад Дзьячковым.

Калі б простаму хлопцу з простага народа замест Бабарыкі і Ціханоўскай падсунулі нейкіх іншых “новых лідараў”, дык, бясспрэчна, вынік для Алега Дзьячкова быў бы гэтакім жа.

ГАЗПРАМ БЛЫТАЕ КОЛЕРЫ

 

Паводзінам “простага народа” (тэрміналогія С. Ціханоўскай) ёсць навуковае тлумачэнне. Мы ведаем, што неба – блакітнае, а трава – зялёная. Калі хтосьці б-чыць неба і траву ў іншых колерах, дык зноў жа мы ведаем, што гэты  чалавек – дальтонік. Але, здараецца, блытаюць колеры і людзі  са здаровым зрокам. Падчас науковых доследаў група адпаведна паінфармаваных людзей адзін за адным называе штосьці іншым колерам, напрыклад, чырвонае – жоўтым. Адзін чалавек з групы не азнаёмлены з умовамі доследу і наогул не ведае, што гэта менавіта дослед. І! Хто-ніхто з такіх не паінфармаваных паддаецца на хітрыкі даследчыкаў і следам за ўсімі называе чырвонае жоўтым, мяркуючы, што “ўсе” не могуць зблытаць колер.

На маю думку, у грамадскім жыцці нашай краіны праводзіцца падобны дослед і зусім не з навуковымі мэтамі. Адпаведна паінфармаваныя недзяржаўныя так званыя “дэмакратычныя СМІ” яшчэ за колькі год таму спакваля пачалі “раскручваць” Бабарыку як беларускага мецэната. Мецэнат – асоба, якая добраахвотна і на безвыплатнай аснове траціць свае ўласныя грошы на развіццё навукі і мастацтва. Бабарыка выдаткоўваў на культурніцкія праекты ў Беларусі не свае, а газпрамаўскія грошы. Такім чынам, “дэмСМІ” хлусілі пра “мецэната” Бабарыку, хлусілі свядома і, зразумела, хлусілі не на безвыплатнай аснове, не за дарма. Бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пачаўся ўжо маштабны дослед над беларусамі. 

 

МАШТАБНЫ ДОСЛЕД

 

Спачатку блогер Сяргей Ціханоўскі праехаў па гарадах і мястэчках Беларусі, намацаў самыя болевыя кропкі беларусаў, потым “даследчыкі” падключылі галоўных гульцоў – Валерыя Цапкалу і Віктара Бабарыку, якія адпаведна 8 і 12 траўня  заявілі пра сумесны з Аляксандрам Лукашэнкам удзел у прэзідэнцкіх “выбарах”, пра ўдзел у “свяце беларускай дэмакратыі” (пазней да іх далучылі і Святлану Ціханоўскую).    

У інтэрв’ю   “Беларускаму Радыё Рацыя” апазіцыйны палітык (так ён названы гэтым СМІ), кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад аб’яднаных дэмакратычных сіл  на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што Цапкала і Бабарыка асобы “з біяграфіяй, з дасягненнямі” (21.05.2020) і што “Самыя вялікія шанцы быць су-р’ёзным супернікам для Лукашэнкі мае Бабарыка” (22.05.2020). Неба – блакітнае, трава – зялёная. Памочнікі, топавыя дыпламаты і топавыя банкіры Пуціна для ўсіх сумленных людзей –  рускаміраўцы. Для Мілінкевіча яны – асобы з дасягненнямі.    

Следам за Мілінкевічам вялікая група адпаведна паінфармаваных беларускіх грамадскіх дзеячоў і журналістаў праз такія ж самыя “дэмСМІ” (газеты, сайты, тэлеграм-каналы) пачалі блытаць колеры – пачалі называць Бабары-ку альтэрнатыўным палітыкам і новым лідарам беларускага народа, дэмакратам і апазіцыянерам. Да апошняга дня выбараў, да 9 жніўня, яны замоўчвалі фактар Расіі. Самыя-самыя з гэтай групы, кшталту палітычнага эксперта беларускай рэдакцыі “Радыё Свабода” Валерыя Карбалевіча, пераконвалі беларусаў, што “лялькаводы ад Газпрама, а можа быць і вышэй” – гэта выдумка лукашэн-каўскай прапагандысцкай машыны, што сёлета пуцінская Расія ўпершыню не ўмешваецца ў беларускія выбары і дае нам магчымасць самім рашаць свой лёс.

Яшчэ ў траўні кумірам многіх беларусаў быў блогер Сяргей Ціханоўскі, а праз месяц паддоследныя сваім выратавальнікам і месіяй бачылі Бабарыку, не ўспрымалі крытыку на адрас Бабарыкі, не ўспрымалі ніякія рацыянальныя довады і, болей за тое, бэсцілі “старую гвардыю”, кшталту, “а што Пазняк зрабіў за 26 гадоў?!”. Опа! Аказваецца, мала быць у вымушанай шматгадовай эміграцыі, мала быць самаахвярным, мала нястачы і нядолі, мала зведаць рэпрэсіі і турмы, мала быць забітым рэжымам. Каб за-ваяваць павагу, давер і пашану некаторых беларусаў, трэба дваццаць гадоў павучыцца “працаваць з народам” у газпрамаўскім банку ці ўмець смажыць катлеты для мужа-крымнашыста! Пасля зняволення Бабарыкі на кароткі час успыхнула “зорка” Валерыя Цапкалы. Лукашэнка таксама “не спаў у шапку” і дапусціў да ўдзелу ў “выбарах” самае слабае звяно гэтага новага расійскага ланцуга на шыю беларусаў – Святлану Ціханоўскую. Потым, па “пстрычцы” расійскіх паліттэхнолагаў, шэранае качаня Ціханоўская пераўтварылася ў белую лебядзь у атачэнні “пераможніцы” Веранікі Цапкалы і бабарыкінскай “неверагоднай” Марыі Калеснікавай, а 9 жніўня хлопец з Магілёва (не хлус і не падла) Алег Дзьячкоў следам за “новымі лідарамі” пашыбаваў на фальшывыя выбары з фальшывымі кандыдатамі… каб не застацца “на ўскрайку…”. Але…

 

ЗА НОВУЮ БЕЛАРУСЬ

 

Маскоўскія імперцы і іх тутэйшыя памагатыя – так званыя “новыя лідары” – усё ж пралічыліся! Хцівым “даследчыкам” не дапамаглі іхнія хітрыкі. Беларусы не хочуць быць часткай крымінальнай пуцінскай Расіі, не хочуць быць часткай хоць якой іншай дзяржавы. Амаль трохмесяцовы пратэст паказвае, што беларусы выступаюць за новую, дэмакратычную, вольную і незалежную Беларусь, а не за “прэзідэнта Светку”. Жыве Беларусь!

Міхась Варанец,

г. Слонім.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0218
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3418
Далучайцеся да нас