У справаздачны перыяд газета “Наша слова” выходзіла стабільна: кожны тыдзень, на 8 старонках фармату А-3. Па 52 выхады кожны год.
Падпіска на газету пастаянна падала, таму наклад вымушана паменшыўся да 1200 асобнікаў.
Сітуацыя з падпіскай рэгулярна даводзілася да кіраўніцтва ТБМ і кіраўнікоў мясцовых арганізацый шляхам публікацый вынікаў кожны квартал.
Акрамя падпіскі 15 асобнікаў “Нашага слова” паступае ў шапікі Гародні і 30 асобнікаў – у шапікі Ліды. Нас выпіхнулі з Берасця і Віцебска ў выніку чарговай рэформы Саюздруку. Абласным аддзяленням цяпер дазволена заключаць дамовы толькі з выданнямі сваёй вобласці. Нам неабходна было заключаць дамову з Менскам. Гэта цяжка было зрабіць, а паколькі прыбытку не было ніякага, то і сышлі з гэтых гарадоў. А былі часы, калі “Наша слова” прадавалася ў шапіках кожнага раённага цэнтра.
Газета не мела штатных карэспандэнтаў, таму змест яе вызначаўся матэрыяламі, якія паступалі ад няштатных карэспандэнтаў і чытачоў газеты. Пастаянна працавалі ў Менску Эла Оліна і Аляксей Шалахоўскі, пастаянна ішлі матэрыялы з Магілёва і Нясвіжа, сяды-тады паступалі з Гародні, Дзятлава, Баранавіч, Слуцка, Верхнядзвінска. Я хачу выказаць падзяку ўсім карэспандэнтам “Нашага слова” і, канешне, у першую чаргу спадарыні Эле Олінай, без якой я не ведаў бы, што рабіць.
Газета, колькі б мяне ні крытыкавалі, давала магчымасць выказацца кожнаму сябру ТБМ, у тым ліку і з крытыкай у адрас кіраўніцтва. Выразалася лаянка і экстрэмізм. Калі матэрыял не ставіўся, то былі для гэтага грунтоўныя прычыны, за кожны выпадак магу адказаць. У нас усе ведаюць пра свабоду слова і правы аўтара, карэспандэнта. Але ніхто і адным вухам не чуў пра правы і абавязкі рэдактара, адзін з якіх – не падставіць газету на пустым месцы.
У нас пастаянныя фінансавыя праблемы. Сёлета я пісаў ліст у Сакратарыят пра гэтыя праблемы. Мы былі на грані закрыцця. Дзе маглі зменшылі выдаткі. Закрылі сайт naszaslowa.by і рыхтаваліся перайсці ў электронны фармат. Сёння газету ў рэжыме ПДФ можна чытаць на сайце belkiosk.by на дзень-два раней, чым папяровы варыянт. Гэта я лічу апраўданым. На belkiosk.by газета “Наша слова” прадаецца па 40 капеек. Па падпісцы цана рэдакцыі – 39 капеек. Тое, што газета прадаецца на belkiosk.by, добра. Дрэнна, што і там купляецца яна вельмі дрэнна. Праз тыдзень пасля выхаду папяровага нумара газета ў ПДФ-фармаце з’яўляецца на сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org. На сайце nslowa.by выстаўляецца большасць матэрыялаў газеты ў фармаце артыкулаў, прыдатных для спампоўвання. Сайт носіць назву “Наша слова – штодзень”. Мы не захацелі ўжываць нейкае англійскае слова тыпу online.
Стварэнне паўнавартаснага сайта nslowa.by было дэкляравана на мінулым з’ездзе. Ранейшы сайт naszaslowa.by ужо маральна састарэў і, як было сказана, закрыты, бо не было грошай трымаць далей фактычна слабенькі дубль новага сайта.
У сайта былі два адміністратары, якія паўтара гады працавалі за невялікую плату. Астатні час працуюць, калі захочацца. Таму зараз задача абнаўлення сайта цалкам лягла на рэдактара. Неяк спраўляемся.
“Наша слова – штодзень” прад-стаўлена ў адной сацыяльнай сетцы facebook.
Створана вольная суполка “Наша слова – форум”. Мадэратар суполкі – сябар Лідскай гарадской рады ТБМ Алег Лазоўскі.
Што будзе далей. Рэальна цяжка сказаць. Прынамсі я падаў дакументы на ўключэнне газеты “Наша слова” ў каталог падпіскі на 2021 год. Няхай зараз шаноўны з’езд і вырашае, што далей.
Як і раней выдае газету “Наша слова” ўстанова інфармацыі “Выдавецкі дом ТБМ”.
Але УІ “Выдавецкі дом ТБМ” – гэта не толькі газета “Наша слова”.
Гэта яшчэ краязнаўчы літаратурна-мастацкі часопіс “Лідскі летапісец”. У рабоце 90-ты нумар. Часопіс выходзіць 1 раз на тры месяцы. Гэта брэд Ліды. Калі быў унутраны канфлікт і паўставала пытанне закрыцця ці перайменавання часопіса, у Міністэрстве інфармацыі сказалі: “Мы зробім усё, каб гэтага не дапусціць”.
На часопіс можна падпісацца. Пададзены дакументы на ўключэнне часопіса ў каталог падпіскі на 2021 год.
Часопіс прадаецца ў шапіках г. Ліды.
ПДФ-версію часопіса “Лідскі летапісец” можна купіць на сайце belkiosk.by за 1 рубель. На сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org можна знайсці бясплатна.
Гэта таксама літаратурна-мастацкі альманах “Ад лідскіх муроў”, які выходзіць адзін раз на тры гады. Выйшаў 9-ты выпуск. Сёлета гэта кніжка на 464 старонкі.
У справаздачны перыяд выйшлі літаратурныя зборнікі “Нясвіжскі ўток”, “Стольны град” (Наваградак), “Паланэз” (Слонім). Пакуль толькі першыя нумары, але спадзяёмся на працяг.
ПДФ-версіі часопісаў можна знайсці на сайтах nslowa.by, pawet.net, kamu-nikat.org.
Пад павевамі часу заснаваны ўжо не папяровы, а толькі электронны краязнаўчы, літаратурна-мастацкі часопіс “Нясвіжскія каеты”. Планавалася выдаваць яго адзін раз на квартал, але па факту мы гэтага не пацягнулі. У 2019 годзе выйшла 4 нумары (3 выпускі, 3-ці і 4-ты нумар здвоены). У 2020-м годзе практычна гатовы да публікацыі (вычытаны карэктарам) 5-ты нумар. І па ўсім відаць, што перыядычнасць гэтага часопіса будзе 1 раз на паўгода. Часопіс цяжка ідзе. Нясвіжскія ўлады яшчэ ні разу не дазволілі прэзентацыю “Каетаў…”. Яны і “Нясвіжскі ўток” не далі спрэзентаваць. 40 асобнікаў наогул арыштавалі, але і гэта пераадолеем. Праўда, ізноў праблема: каронавірус і рэвалюцыя.
“Нясвіжскія каеты” можна знайсці на тых жа сайтах. На belkiosk.by за грошы па 40 капеек. На сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org можна знайсці бясплатна.
Так выглядае перыядычны друк ТБМ, які абапіраецца на Ліду.
У Менску выходзіць часопіс ТБМ “Верасень”, які выдае сябар Рады ТБМ Эдуард Акулін.
Выходзіць газета, заснаваная Мен-скай гарадской аргапнізацыяй ТБМ “Новы час”.
У Слоніме выходзіць краязнаўчы электронны часопіс “Слонімскі край”, адзін з выдаўцоў яго – Сяргей Чыгрын, старшыня Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ.