• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 13 красавіка 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
ПРА НАШУ РЭВАЛЮЦЫЮ

ПРА НАШУ РЭВАЛЮЦЫЮ

6 кастрычніка 2020, 09:32 Грамадства 8
ПРА НАШУ РЭВАЛЮЦЫЮ

Нататкі сацыял-дэмакарата

Жыццё дабягае канца. Трэба дарабіць тое, што ніхто за мяне не зробіць. Як даследчык, я жыву цяпер у часавых рамках 1900-1919. Працую з дакументамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Вымушаны каторы раз асэнсоўваць рэвалюцыйныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя. 

Ногі ўжо “не тыя”, і на дэманстрацыі я не пайшоў. А мітынгі я не люблю, бо навошта слухаць прамоўцаў, калі я і без іх ведаю, у чым і ў кім “прычына нашых крыўд і бед”. І ўсё ж 15 жніўня я не стрымаўся і паехаў на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім.

Мой скептыцызм, пра які я пісаў на пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі, не прапаў.

Вярнуўшыся з мітынгу, я пагаманіў па тэлефоне з маім партыйным таварышам і ацаніў бачанае адным словам. Якім? Пра гэта будзе пазней.

На пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі я пісаў: не бачу, за каго магу падпісацца ў час вылучэння кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі. Адмыслова пішу абодва словы з вялікай літары, на французскі лад, бо ў Францыі гэтае словаспалучэнне з’яўляецца ледзь не сакральным. Пасля таго, як гэты інстытут спаганены, дыскрэдытаваны, хацелася б бачыць у Беларусі сапраўды і Рэспубліку, і Прэзідэнта. Але не праглядваюцца постаці, якія б вартыя былі такога статусу. Няма Шарля дэ Голя, Жоржа Пампіду, Франсуа Мітэрана. І нават няма Жака Шырака, Нікаля Сарказі, Франсуа Аланда і Эманюэля Макрона, якія аўтарытэт гэтага інстытута абнізілі, але ўсё ж здолелі павесці за сабой большасць нацыі, большасць грамадзян. (Не забудзем, што і гэтыя паняцці народжаныя ў Францыі.)

З вуснаў і Віктара Бабарыкі, і Валерыя Цапкалы, і Святланы Ціханоўскай я не пачуў, што яны прапануюць народу (пра нацыю гаворкі няма, бо і нацыі няма). А менавіта – якую мадэль развіцця яны прапануюць. Сінгапурскую, з “дыктатурай рззвіцця”?

Цывілізацыйны выбар – прынцыповае пытанне. Яно фармулюецца гэтак: Еўропа ці Азіёпа? Яшчэ больш канкрэтна: вернемся мы ў Еўропу, станем мы – краіна, якая мела Магдэбурскае права, не ведала людажэрчага самаўладдзя, зведала досвед Рэнесансу, Гуманізму, проста Рэфармацыі і Каталіцкай Рэфармацыі – зноў еўрапейцамі? Ці так і будзем заставацца пад рукой краіны, у якой толькі мяняюцца назвы, але сутнасць застаецца адна: агрэсіўны дэспатычны рэжым, які не дае нармальна развівацца ні свайму народу, ні народам суседніх краін?

Зрэшты, некаторыя кажуць, што такая сутнасць самога расійскага народа: не можа ён без цвёрдай рукі, без Івана Жахлівага, без галавасека Пятра, без Мікалая Крывавага (я налічыў 16 масавых расстрэлаў пры “святым” цары), без Сталіна, без Пуціна… Калі гэта так, то чым мы адрозніваемся ад усходняга суседа, 26 гадоў трываючы дыктатуру? І ці патрэбная нам Еўропа? Каму патрэбная, той можа з’ехаць, а астатнім навошта яна тут?

…Абавязковае адступленне. Я не еўрааптыміст. Мне блізкая пазіцыя французскага сацыяліста Ларана Фабіуса, які рашуча выступіў супраць ратыфікацыі складзенай у духу лібералізму Еў-рапейскай канстытуцыі (і на рэферэндуме нацыя выказалася супраць ратыфікацыі). Я ведаю, як быў парушаны дэмакратычны прынцып далучэння да Еўрасаюза праз ратыфікацыю яго канстытуцыі на рэферэндумах у паасобных краінах. І мне блізкая пазіцыя тых брытанскіх лейбарыстаў, якія выказаліся за выхад сваёй краіны з гэтага Саюзу. Мне блізкая таксама пазіцыя таварышаў з Сацыял-дэмакратычнай партыі Ісландыі, Ра-бочай партыі Нарвегіі і Сацыялістычнай партыі Швейцарыі, якія спрычыніліся да пабудовы Еўропы ў сваіх краінах і не спяшаюцца ў Еўрапейскі Саюз.

Адзін з аўтараў і рэдактар праграмы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), у першапачатковы яе тэкст я не ўставіў пункт пра сяброўства Беларусі ў Еўрапейскім Саюзе. Ён быў устаўлены пазней і без мяне. Але свой пункт гледжання я не мяняю і кажу, што ўступленне Беларусі ў ЕС можа быць выкарыстана супраць Беларусі яе суседзямі з ЕС. Веданне гісторыі дае мне права не стамляцца і паўтараць, што па ўсім перыметры ў Беларусі няма сяброў – ёсць суседзі. Ёсць лепшыя суседзі і горшыя (наконт горшых суседзяў чытайце верш “Наша гаспадарка” Янкі Купалы). А з суседзямі трэба жыць па-суседску: вышэйшая ці ніжэй-шая, шчыльнейшая ці радзейшая агароджа ды павінна быць.

…Цяпер вяртаюся да пытання пра цывілізацыйны выбар. Нават калі не ўступаць у Еўрапейскі Саюз, Беларусі, як мне думаецца, трэба мець яго як саюзніка. Саюзнік ён непаслядоўны, ненадзейны, асабліва калі мець на ўвазе немцаў з іх пуцінферштэйн і французаў з сарказі-макронаўскімі рэверансамі Крамлю. Непаслядоўныя паводзіны ЕС і ў дачыненні да лукашэнкаўскага рэжыму. Каштоўнасці дэмакратыі, клопат аб правах чалавека не заўсёды знаходзяцца на першым плане. ЕС то ўводзіць санкцыі, то здымае іх, то адклікае амбасадараў, то вяртае іх… Такая сабе школа танцаў Саламона Пляра: “две шаги налево, две шаги направо, шаг вперед и две назад”.  

Паўтараю: ЕС – саюзнік ненадзейны. Але лепшага саюзніка ў Еўропе дэмакратычныя сілы Беларусі не маюць. Калі б тут былі вялікія радовішчы нафты і газу, тады, пэўна, Еўропа і ЗША інакш глядзелі б на Беларусь.

Гэта што тычыцца цывілізацыйнага выбару.

Я добра зразумеў, супраць КАГО дэманструюць дзясяткі тысячаў. А супраць ЧАГО? Супраць фальсіфікацыяў, дзікунскіх сцэнаў гвалту над безабароннымі людзьмі, судовых распраў, супраць катаванняў? Гэта выдатна. Супраць чаго яшчэ? Не чуў, што супраць пры-ватызацыі Беларусі, пра што добра напісаў Сямён Букчын, супраць карупцыі, супраць эксплуатацыі наёмых работнікаў… Ці мала супраць чаго яшчэ!

Пагатоў не чую і чамусьці не бачу, ЗА ШТО выходзяць людзі. Няма лозунгаў, як яны былі (і ёсць) у “старой” апазіцыі.

Тысячы людзей сабраліся каля станцыі метро Пушкінская – і ніводнага лозунгу, транспаранту. Ніводнага прамоўцы. Добра, гэта развітанне з чалавекам. Магчыма, там лозунгі і прамоўцы без патрэбы, але назаўтра выходзяць сотні тысяч і практычна ніякіх лозунгаў.  Затое прапагандоны пішуць праграму за Ціханоўскую.

Я адразу выказаў скепсіс адносна новых людзей у палітыцы, якія перш-наперш кляліся, што яны – не апазіцыя.

Яны здзіўлялі сваёю наіўнасцю. Сказаў бы мацней, але не буду ўжываць тое грэцкае слова, якое ўжыў Дастаеўскі, даючы загаловак свайму раману. Было такое ўражанне, што яны не ведаюць, у якой краіне жывуць, які ў гэтай краіне рэжым. Яны быццам не чулі, не бачылі, не чыталі пра жорсткія расправы ўлады са сваімі апанентамі, пра знікненне Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара. Яны, пэўна, не чыталі, што ўладу, маёмасць і грошы не аддаюць. Яны чамусьці не ведалі, што гэтая ўлада не спыніцца ні перад чым, каб утрымаць Беларусь у сваіх руках і высмоктваць з яе сокі, асуджаючы яе на доўгія гады стагнацыі.

Між тым улада прадбачліва запраторыла за краты правадыроў вулічнага пратэсту. І з дуру, з перапуду, з прышыбееўскай сваёй натуры, мякка сказаўшы, перастарался, “переусердствовала”. У тых, хто выйшаў 9-га на вуліцы, не было правадыроў. Таму не было ніякага мітынгу, ніякай дэманстрацыі – быў натоўп, гэта значыць – стыхійная, не арганізаваная, не кіраваная гурма.

Я казаў свайму таварышу: добра было б, калі б на пратэст людзі збіраліся не ў адной мясціне – гэта стварыла б праблемы карнікам. Здаецца, так і пайшло. Але бяда ў тым, што ў розных мясцінах сталіцы, збіраліся, зноўтакі, натоўпы. Выключэнне – той момант, калі людзі пачалі будаваць барыкады. Але ўлада (ведама, не без вонкавага ўплыву) спахапілася, аслабіла ціск.

Што 15-га на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім сабраўся натоўп, я ў той самы дзень сказаў свайму таварышу. Адна частка гэтага натоўпу крычала адно, другая – у той самы час – другое, і не было дружнага, адзінага голасу. Самае смешнае, што я пачуў, гэта кліч “Света, Света!”. Так і хацелся спытаць: а дзе ж тая Света?

Я прайшоў па вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна. Я ўзіраўся ў твары. Мала каму за сорак, і рэдка каму за пяцьдзясят гадоў, а такіх, як я, старых і зусім адзінкі.

Такая дэмаграфія. У сацыяльным плане гэта прэкарыят – людзі, здольныя ўтвараць часовыя асацыяцыі. Усякія прафсаюзы і партыі для іх аджылая непатрэбшчына, скоўваюць іх асабістую свабоду.   

Маё пакаленне пакінула ім у спадчыну вернутыя з нябыту бел-чырвона-белы сцяг і Купалаў кліч “Жыве Беларусь!”. Больш, здаецца, нічога. Гэта амаль суздром абрусачнае пакаленне – пакаленне, якое вучылася ў школе Замяталіна і Радзькова. Але і гэтая школа, колькі яе ні падганялі пад стандарты ўлады, з задачай не справілася, бо, акрамя школы, гэтых людзей вучыла сеціва. Вось чым тлумачыцца вінегрэт у галаве: ідуць у палітыку, ва ўладу і заяўляюць, што яны не апазіцыя, што яны не такія, як тыя, каторыя ў БСДП, АГП, Партыі БНФ… Яны думалі, што дастаткова ўкінуць бюлетэнь у скрыню – і справа зроблена. Яны абурыліся, калі іх падманулі. Такое ўражанне, быццам яны не ведалі, што ўлада трымаецца на хлусні, што іх абавязкова падмануць і што да гэтага трэба рыхтавацца загадзя.

…Пасля рэвалюцыйнага ўздыму наступае яго спад. Наступае рэакцыя. З’яўляецца Сталыпін ці пародыя на Сталыпіна. Законамі і асабліва законапрымяненнем робіцца ўсё, каб падагнаць прадстаўнічую ўладу пад патрэбы ўрада. Сістэма ўстаяла, умацавалася, прыціснула, загнала ў падполле ўсё, што ёй не падабаецца. У шэрагах рэвалюцыянераў з’явіліся капітулянты і ліквідатары. Многія падаліся ў прочкі. (Улада магла ў гэтыя жнівеньскія дні пераканацца, колькі людзей яна змусіла падацца за мяжу. А колькі яшчэ змусіць?) І ў той самы момант, калі сістэма дасягнула апагею, пачалася яе эрозія, распад. І супраць вярхоўнай улады паўсталі адфільтраваныя і, здавалася, надзейныя, дэпутаты, земствы і гарадское самакіраванне і нават генералітэт. Вялікую (Лютаўскую) рэвалюцыю зрабіў не пралетарыят, яна адыбалася “зверху”.

Вось так можна было б апісаць схему пасляжнівеньскага развіцця Беларусі, калі б я не ведаў, што ключ да вырашэння нашых праблем ляжыць у Маскве. І пакуль не пераможа рэвалюцыя ў Расіі,  рэвалюцыя ў Беларусі не пераможа, бо маскоўская контр-рэвалюцыя абавязкова дапаможа контррэвалюцыі менскай. Пра гэта я не раз казаў сваім тавары-шам сацыял-дэмакратам.

З расійскай рэвалюцыі 1989-1991 гг. найлепш скарысталі краіны Балтыі, рэспублікі Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Казахстан і нават Украіна з Малдовай, якім яшчэ доўга давядзецца адстойваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць. У гэтым ланцугу самым слабым звяном аказался сама больш нашпігаваная савецкай ва-еншчынай і агентурай Беларусь, у якой так і не склалася нацыя, а мелася насельніцтва.

Нацыі ў Беларусі няма і дасюль. Існы рэжым усе 26 гадоў робіць усё залежнае ад яго, каб нацыя і грамадзянская супольнасць не склаліся. Вось, бадай, галоўная прычына слабасці рэвалюцыйных сіл. У Беларусі задачы дэмакратычнай рэвалюцыі непазбежна супадаюць з задачамі рэвалюцыі нацыянальна-вызвольнай. (Чытайце, што пра ўзаемазалежнасць нацыянальнага і ўсякага іншага вызвалення пісаў Фрыдрых Энгельс.) Дзейныя рэжымы ў Бе-ларусі і Маскве не дапусцяць у нас ні дэмакратычнай, ні нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі.

Становішча Беларусі можна ўмоўна параўнаць са становішчам Польшчы ў 1980-х гг.  Маючы магутную “Салідарнасць”, маючы магутную незалежную Царкву, маючы на рымскім пасадзе Папупаляка, Польшча не магла вызваліцца ад “камуны” і ад абдымкаў Масквы, пакуль Масква сама не разняла рукі. У нас няма ні падабенства “Салідарнасці”, ні магутнай незалежнай нацыянальнай Царквы. І таму нам давядзецца чакаць, калі Масква аслабіць свае абдымкі або калі Маскве будзе не да Беларусі. Нам трэба чакаць пачатак новай рэвалюцыі ў Расіі.

Калі дэмакратычная рэвалюцыя 1989-1991 гг. прывяла да распаду савецкага квазісаюза, то чарговая рэвалюцыя ў Расіі, на думку многіх расійскіх гісторыкаў і палітолагаў, будзе суправаджацца распадам квазіфедэрацыі. Вось тады і настане час нацыянальна-вызвольнай і дэмакракратычнай рэвалюцыі ў Беларусі. І да яе трэба быць гатовымі.

Анатоль Сідарэвіч.

 

 

Тры абзацы ў дадатак.

Я, мусіць, не зграшу супраць ісціны, калі напішу, што праціўнікамі дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі і, ergo, у Беларусі з’яўляюцца Еўропа і Штаты. Тэарэтычны распад Расіі, як і фактычны распад СССР, выклікае ў іх толькі адно пытанне: каму дастануцца атамныя бомбы? Таму для Еўропы і ЗША лепш, каб рэвалюцыі не было.

І яшчэ адно. Вы заўважылі, што я не ўжываю словаспалучэнне “беларуская ўлада” і да яго падобныя? Я не ўпэўнены, што ўлада ў нас – беларуская.   

Я не разглядаю тут форсмажорную сітуацыю. Усе мы пад Богам ходзім. І калі Бог пакліча яго на суд, то гэта не азначае, што рэжыму прыйдзе канец. На месца аднаго знойдзецца другі, які таксама будзе задавальняць Маскву. Іншая справа, калі Бог пакліча маскоўскага валадара…

20 жніўня 2020 г.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рукапіснае Евангелле ад брата Якуба Коласа
Выданні

Рукапіснае Евангелле ад брата Якуба Коласа

21 лютага 2019, 11:0823
Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску
ТБМ

Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску

23 сакавіка 2020, 23:1220
На перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні будуць надпісы па–беларуску
Грамадства

На перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні будуць надпісы па–беларуску

13 жніўня 2019, 16:2120
У Пінску калядавалі, нягледзячы на пандэмію
Грамадства

У Пінску калядавалі, нягледзячы на пандэмію

19 студзеня 2021, 17:3419
Далучайцеся да нас