• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 14 красавіка 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
З павагай да народнай артысткі сінявокай Беларусі

З павагай да народнай артысткі сінявокай Беларусі

5 кастрычніка 2020, 23:52 Выданні 4
З павагай да народнай артысткі сінявокай Беларусі

Сярод яркіх жаночых вобразаў смелых і прыгожых беларусак, якія сёння напаўняюць медыяпрастору, сваё святло, лагоду і пяшчоту па-ранейшаму пралівае зорка Зінаіды Бандарэнкі.

Вобраз тэлезоркі, каралевы “Блакітных агенчыкаў”, абаяльнай і мілай жанчыны, пяшчотнай матулі, вядоўцы “Калыханкі”, шчырай сяброўкі з’ядноўваецца з сапраўдным вобразам Беларусі на старонках новай кнігі, створанай Аляксандрам Тамковічам, “Мой шлях да Беларусі”.

 

На пачатку верасня на загараднай сядзібе Янкі Грыба пад Дзяржынскам адбылася прэзентацыя летапісу жыццёвага і творчага шляху легенды беларускага тэлебачання, вядоўцы шматлікіх міжнародных фестываляў і канцэртаў, народнай артысткі Зінаіды Бандарэнкі.

Трыццаць гадзін дыктафонных запісаў спатрэбілася аўтару ідэі, журналісту і пісьменніку Аляксандр Тамковічу, каб ахапіць аддаленыя па часе перыяды жыцця вядомай асобы, занатаваць яе шчырыя і пранікнёныя аповеды. Гэта найярчэйшчы жаночы вобраз, створаны аўтарам кніг “Найноўшая гісторыя ў асобах”, “Лёсы”, “Жанчыны”, “Мазаіка жыцця” і іншых. Аляксандр Леанідавіч працаваў над кнігай два гады, збіраў сродкі для выдання праз краўдфандынгавыя платформы. Прадмову напісала Нобілеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч.

З аповеду гераіні чытач даведваецца, як сціплая дзяўчына з Уборак Гомельскай вобласці, якая перажыла вайну з матуляй Марыяй Піліпаўнай, пакутвала ў  куранях, перахварэла ў юнацтве на сухоты, паступова ператварылася ў сапраўдую кветачку – спачатку ў маладзенькую выпускніцу медвучэльні, а потым – у пачаткоўку-дыктарку Гомельскага тэлебачання. Падчас правядзення Дзён Гомельскай вобласці ў сталіцы маладзенькая дыктарка прышлася вельмі даспадобы менскім гледачам. Праз некаторы час,  калі яна была ўжо замужам за інжынерам-канструктарам “Гомсельмаша” Генадзем Кап’ёвым, яе запрасілі пераехаць у Менск, дзе яна хутка апынулася ў коле прафесіяналаў, якія спрыялі раскрыццю яе таленту. Вядомыя дыктары Тамара Бастун, Давенора Галкіна і рэжысёры студыі Сяргей Шпанаў і Савелій Замоўскі дэталёва абмяркоўвалі з ёй кожны выхад у эфір, былі настаўнікамі і педагогамі.

На шляху да прызнання шырокай аўдыторыі былі здымкі ў Астанкіна сярод дыктараў-прадстаўнікоў 15 рэспублік. На перадачы сярод іншых 15-ці удзельніц толькі адна Зінаіда Аляксандраўна прачытала верш на роднай мове:

“Беларусь мая, маці ласкавая,

Сінявокая азярніца,

Дай да рук тваіх прытуліцца,

Да тваіх ласкавых далоняў.

Ці ж маглі яны быць у палоне,

У няволі, за кратамі,

Гэтыя рукі твае крылатыя,

Гэты вочы празрыстыя?”

 

Беларускай Мадоннай называлі гледачы вядоўцу аўтарскіх канцэртаў кампазітара Ігара Лучанка ў Маскве. Пастаяннымі былі ў тыя часы камандзіроўкі  ў сталіцу СССР, вучоба на курсах дыктараў на Шабалаўцы, удзел у мерапрыемствах у канцэртнай зале “Расія”.

Запомніліся Зінаідзе Аляксандраўне канцэрты майстроў мастацтваў “Беларусь сіня-вокая” на спартыўным комплексе “Алімпійскі” ў Маскве, дзе зала ўмяшчала каля 20 тысяч гледачоў. Радкі верша Эдзі Агняцвет дапамагалі ёй передаваць пачуцці і настрой вялікай аўдыторыі:

“Я ў сэрцы ўсю цябе ўвабрала,

І  міла слухаць кожны раз

Гул Беларускага вакзала –

Сталіца сустракае нас.

Паклон вам ад зямлі крынічнай,

І хлебаробнай, і лясной,

Ад Беларусі будаўнічай,

Ад Беларусі баявой!”

 

На старонках кнігі дзясяткі фотаздымкаў сведчаць пра сустрэчы народнай артысткі з выбітнымі і знакавымі асобамі савецкай эпохі і часу незалежнай Беларусі: Максімам Лужаніным, Ігарам Лучанком, Эдуардам Зарыцкім, Пятром Клімуком і Ула-дзімірам Кавалёнкам, Нілам Гілевічам і Генадзем Бураўкіным, Святланай Алексіевіч. Зінаіда Аляксандраўна сустракалася з касманаўтам Юрыем Гагарыным, з мастаком Міхаілам Савіцкім, трохразовым алімпійскім чэмпіёнам Аляксандрам Мядзведзем і іншымі яркімі асобамі.

Шчаслівыя старонкі сямейнага жыцця адбіліся ў фотаімгненнях: маладыя і прыгожыя  Зінаіда Аляксандраўна і Генадзь Мікалаевіч Кап’ёў адпачываюць з маленькім сынам Сашам ў Сімеізе.

Незабыўныя ўспаміны засталіся ў народнай артысткі ад супрацы з Уладзімірам Мулявіным, Міхаілам Фінбергам і іншымі вядомымі дзеячамі культуры Беларусі. Асобны раздзел кнігі прысвечаны кіраўніку Белдзяртэлерадыё Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну, які ствараў сапраўднае нацыянальнае тэлебачанне, у бытнасць якога родная мова гучала ў жывым эфіры, літаратурна-мастацкую рэдакцыю ўзначальвала Вольга Іпатава, а Уладзімір Содаль шчыраваў у рэдакцыі навукова-пазнавальных праграм.

У адным з апошніх раздзелаў кнігі ідзе аповед не толькі пра дыктарскую працу тэлезоркі, але і пра яе ўдзел у аўдыёпраектах – запісах аўдыёдыска на вершы Ларысы Геніюш “Птушкі без гнёздаў”, стварэння аўдыёкнігі Рыгора Барадуліна “Лепей”, запіса твору С. Алексіевіч “Час сэканд-хэнд.” Не аднойчы Зінаіда Бандарэнка праводзіла дыктоўкі для гасцей свята ў Бычках і выступала на ўручэнні прэміі “За свабоду думкі”. Прыхільніца дэмакратычных каштоўнасцей, яна застаецца цягам многіх гадоў пастаяннай падпісчыцай “Народнай волі”.

З дзяцінства праз усё жыццё пранесла ў сваім сэрцы Зінаіда Аляксандраўна Бандарэнка агенчык праваслаўнай веры. Яе малодшы сын Уладзімір Кап’ёў скончыў дыстанцыйна Маскоўскі праваслаўны Свята-Ціханаўскі гуманітарны ўніверсітэт і вучыцца ў аспірантуры ў Менскай Духоўнай акадэміі. У Ксеніі і Уладзіміра Кап’ёвых – трое дзетак, любімых унукаў Зінаіды Аляксандраўны. З 1993 года Зінаіда Бандарэнка была вядоўцай Міжнароднага хрысціянскага фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа” ў Магілёве. Гэтыя фестывалі былі сапраўдным святам і праваслаўных, і католікоў. Успаміны народнай артысткі, запісаныя майстрам жывой гутаркі Аляксандрам Тамковічам, прасвятляюць душу. Гераіня ўвасабляе ідэал беларускай жанчыны.

Кніга “Мой шлях да Беларусі” распаўсюджваецца праз клопат Алеся Мазаніка, яе можна набыць у прыватным кніжным кіёску. Плануецца правесці сустрэчу чытачоў з галоўнай гераіняй кнігі і аўтарам літаратурнага запісу яе біяграфіі на сядзібе ТБМ у Менску ў лістападзе.

Эла Дзвінская, 

фота з архіва

Зінаіды Бандарэнкі.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рукапіснае Евангелле ад брата Якуба Коласа
Выданні

Рукапіснае Евангелле ад брата Якуба Коласа

21 лютага 2019, 11:0822
Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску
ТБМ

Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску

23 сакавіка 2020, 23:1221
Чытка п'есы "Дзюба ў дзюбу" Маліны Пшэслюгі
ТБМ

Чытка п'есы "Дзюба ў дзюбу" Маліны Пшэслюгі

19 лістапада 2019, 11:1120
На перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні будуць надпісы па–беларуску
Грамадства

На перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні будуць надпісы па–беларуску

13 жніўня 2019, 16:2119
Далучайцеся да нас