• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 8 сакавіка 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Тамары Талерчык – 85

Тамары Талерчык – 85

25 жніўня 2020, 16:06 Грамадства, Мова, ТБМ 1
Тамары Талерчык – 85

Актыўнай стваральніцы новай хвалі гарадзенскага ТБШ, Тамары Васільеўне Талерчык (у дзявоцтве – Падковіч), якая нарадзілася 15 жніўня 1935 года ў в. Петралевічы Слонім-скага раёна Гарадзенскай вобласці, споўнілася б 85 гадоў.

 

У 1953 годзе Тамара Талерчык закончыла СШ № 1 у Слоніме. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Менскім інстытуце замежных моў на факультэце ангельскай мовы. Тры гады выкладала нямецкую мову ў вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна. Працавала настаўніцай ангельскай мовы ў Карэліцкай і Наваградскай школах. З 1964 года і да выхаду на пенсію працавала ў СШ № 2  Гародні. На пятым дзясятку гадоў Тамара Васільеўна вырашыла атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю па роднай мове. У 1982 г. завочна скончыла Гарадзенскі ўніверсітэт беларускага аддзялення філфака.

Спадарыня Тамара нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, дзе было сямёра дзяцей. Яна была самай малодшай. У хаце збіраліся дзеці розных узростаў, арганізоўвалі танцы, спявалі песні, рабілі тэатральныя пастаноўкі. Родныя ў хаце размаўлялі толькі па-беларуску, таму любоў да роднай мовы яна захавала з дзяцінства. У СШ № 1 у г. Слоніме (якая тады лічылася беларускай) любоў да роднай мовы заклаў і настаўнік матэматыкі і класны кіраўнік Ракевіч Мікалай Антонавіч, які толькі адзін выкладаў па-беларуску. Пад час працы ў сістэме адукацыі Тамара Васільеўна праводзіла розныя школьныя мерапрыемствы – конкурсы, тэатральныя пастаноўкі. Разам з кіраўніком тэатра спадаром Фрыдманам, настаўнікамі, бацькамі і вучнямі, яны займалі прызавыя месцы сярод школьных тэатраў…

Напачатку 60-х гг. ХХ ст. трохі па-іншаму сустрэла спадарыню Тамару зрусіфікаваная Гародня. Усё неяк прыпынілася… Вельмі балюча ёй было бачыць дыскрымінацыю роднай мовы ў абласным цэнтры. Але дзякуючы лёсу, тут у СШ № 2 Тамара Васільеўна сустрэла заслужаную настаўніцу беларускай мовы Кулай Вольгу Піліпаўну, якая паўсюль і з усімі размаўляла толькі па-беларуску. Вучні з задавальненнем хадзілі на яе заняткі. У вольныя часіны хадзіла на яе ўрокі і спадарыня Тамара. Тут яна пажыццёва атрымала вірус “беларускасці”. Гэта падштурхнула Тамару Васільеўну, настаўніцу замежнай мовы, да паступлення на беларускае аддзяленне Гарадзенскага інстытута.

Пад час гарбачоўскай перабудовы яна разам са сваім мужам, Аляксандрам Сямёнавічам Талерчыкам, шматгадовым грамадскім актывістам пачала актыўна ўдзельнічаць у клубе “Паходня”. Сябры клуба прыбіралі старыя могілкі, на “Дзяды” і Радаўніцу ўскладалі кветкі на магілы вядомых беларускіх дзеячаў. Аднаўлялі беларускія Каляды, Купалле, нацыя-нальныя песні, танцы, віктарыны, удзельнічалі ў шматлікіх вандроўках па беларускіх месцах памяці. Але ў памяці гарадзенскіх актывістаў Тамара Талерчык застанецца найперш за стварэнне і актыўны ўдзел у ТБМ і ТБШ, папулярызацыю беларускай мовы і культуры.

На першым этапе Незалежнасці Беларусі ў Гародні намеснікам старшыні гарвыканкама быў Аляксандр Мілінкевіч. Тады, згодна з перапісам насельніцтва, прапарцыянальна нацыянальнаму складу, быў зацверджаны статус беларускіх школ. (80% – беларускія, 20% – рускія). У 1994/95 навучальным годзе з 35 школ было 27 беларускіх. Усяго 13115 вучняў вучыліся па-беларуску. Школы былі забяспечаны беларускімі падручнікамі. Але працэс павольнай і негвалтоўнай беларусізацыі 27 школ пачаў мяняцца ў 1994 годзе, асабліва пасля антыканстытуцыйнага рэферэндума 1995 г. пра “роўнасць беларускай і рускай моў”. Гвалтам сотні беларускіх школ па ўсёй краіне пераводзіліся на рускую мову. Ужо праз год у Гародні засталіся толькі тры беларускія школы з 27! Колькі слёз на вачах было ў соцень бацькоў з-за немагчымасці іх дзецям вучыцца па-беларуску! Сёння, як вядома, у Гародні няма ніводнай беларускай школы, акрамя беларускіх класаў у рускіх школах № 32 і № 34… Але, як і з адкрыццём Нацыянальнага ўніверсітэта,  гэта залежыць ад палітычнай волі адной персоны і яго найбліжэйшых памагатых ідэолагаў.

У той цяжкі для беларусаў перыяд антыбеларускасці ад кіраўніка Беларусі Тамара Васільеўна разам з мужам вырашылі аб’яднаць настаўнікаў і выкладчыкаў, якія ўжо нешта рабілі ў сваіх навучальных установах па стрымліванні працэсу русіфікацыі беларускіх школ. Была створана ТБШ і бацькоўскі камітэт беларускіх класаў. Старшынём быў абраны А.У. Мілінкевіч. Намеснікамі сталі Т.В. Талерчык (Ленінскі раён) і А.І. Крой (Кастрычніцкі раён). Але фактычным кіраўніком і каардынатарам ТБШ была Тамара Васільеўна. Тут яна сваёй кіпучай энергіяй не давала слабінку нікому. Гэта была вельмі цяжкая валанцёрская праца, якая хутка адбілася на здароўі многіх яго ўдзельнікаў. Кожнаму з Рады ТБШ даводзілася наведваць сотні кватэр і дзясятак школьных бацькоўскіх сходаў кожны год. Яшчэ трэба зыходзіць з таго, што знайсці талковых валанцёраў для такой спецыфічнай працы было вельмі цяжка, таму асноўны цяжар несла Рада ТБШ. Найбольшую актыўнасць з бацькоў праяўлялі звычайна тыя, хто на наступны навучальны год меўся аддаваць свае дзіця ў беларускі клас.

Кастрычніцкі РАНА (кіраўнік С.В. Цыганкова), дзе былі беларускія СШ № 26 і № 5, а дырэктары гэтых школ былі сябрамі Рады ТБШ, па паказчыках русіфікацыі апярэджваў Ленінскі раён. Загадам Кастрычніцкага РАНА ў першай беларускай шко-ле № 26 быў адчынены рускамоўны клас. Пасаду дырэктара СШ № 26 замест  В. Шаўцова заняла В.М. Ількевіч. Цяжка хварэў і памёр ад раку В.І. Шаўцоў, былы дырэктар СШ № 26, сябар Рады ТБШ – ён першы ў горадзе сваю школу зрабіў беларускай. Тамара Васільеўна таксама мела праблемы са здароўем і праз нейкі час не змагла актыўна працаваць у ТБМ і ТБШ з-за хваробы. Пакінулі гэты свет іншыя актывісты ТБМ і ТБШ. Некаторым сябрам, не хапіла звычайнага цярпення і аптымістычнага настрою, каб  працягваць працу па папулярызацыі беларускай мовы і стварэнні беларускіх класаў і груп. Песімістычны настрой часова апанаваў нешматлікіх актывістаў. Колькасць беларускіх класаў штогод змяншалася, але кожны год праца з бацькамі і настаўнікамі працягвалася, хоць і меншым складам. Актыўныя настаўнікі мелі праблемы і з працаўладкаваннем, але працягвалі працаваць у грамадскіх арганізацыях і друкаваліся ў розных СМІ. Аддзелы адукацыі адсочвалі кожны артыкул сваіх падначаленых. Тамара Васільеўна і іншыя дасылалі “балючыя” артыкулы ў “Народную Волю”, “Пагоню”, “Наша слова”, “Свой лад”, у іншыя СМІ. Актыўна працавалі па Ленінскім раёне В. Бойка, М. Мельнікаў (стваральнік грамадскага музея В. Быкава), Л. Маісеенка, А. Талерчык, С. Іоська, А. Пяткевіч, Т. Маліноўская, А. Астроўскі, А. Місцюкевіч, Л. Ермаловіч. Па Кастрычніцкім раёне – В. Біруля, А. Прысяч (дыр. СШ № 5), С. Марозава, І. Курчэўскі, Г. Гапонік, В. Касіла, М. Жукевіч, М. Маркевіч, А. Смалянчук, І. Навумаў, С. Тарасава, Г. Кургун, А. Воўчак і іншыя…

 

Шмат часу прайшло з тых “дзевяностых”, але праблема навучання на роднай мове засталася і на сёння. З пачатку 2000-х да 2010 было шмат спробаў ТБШ і ТБМ, бацькоў адкрыць хоць адзін новы беларускі клас у школе, ці беларускую групу ў садку, але аддзелы адукацыі не хацелі, а бацькі яшчэ не маглі актыўна адстойваць свае канстытуцыйныя правы  і іх было нешмат. З 2010 года наступіў новы грамадскі этап вяртання бацькоў і іх дзяцей да роднай мовы ў школах і садках. На сёння ў дзвюх школах і трох садках Гародні ёсць класы і групы навучання па-беларуску. Праца, пачатая пры актыўным дзеянні сям’і Талерчыкаў у сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя працягваецца. У ТБМ прыйшлі маладзейшыя людзі, якія займаюцца папулярызацыяй беларускай мовы і культуры, штогод выступаюць на бацькоўскіх сходах у навучальных установах, але валанцёраў увесь час не хапае. Старэйшыя актывісты змагаюцца з набытымі хваробамі падчас сяўбы на беларускай культурнай глебе. Пачынальніца новага ТБШ Тамара Васільеўна Талерчык таксама атрымала інсульт, праз нейкі час стан яе здароў’я трохі палепшаў, але 25 ліпеня 2012 года здарыўся абшырны інфаркт. Па словах Аляксандра Сямёнавіча Талерчыка медыкі рабілі ўсё магчымае, але выратаваць яе жыццё не ўдалося…Муж Тамары Аляксандр Талерчык таксама праз некаторы час адышоў у вечнасць… 25 ліпеня з’яўляецца сумным днём для беларускай культуры. У гэты дзень Беларусь страціла  народнага пісьменніка У. Караткевіча (1984), Н. Арсенневу (1997), Я. Брыля (2006).

У свой апошні шлях на вечны спачын праводзіла дэмакратычная грамадскасць Гародні спадарыню Тамару 27 ліпеня 2012 г. у дзень Незалежнасці Беларусі. У час развітання са спадарыняй Тамарай гучалі цёплыя словы на яе адрас спачатку каля дома на вул. К. Каліноўскага, дзе скончыўся яе зямны шлях, а пазней – на могілках у Аульсе, дзе пад беларускую малітву і спевы хору “Бацькаўшчына” Тамару Васільеўну пахавалі ў родную беларускую зямельку, накрыўшы бел-чырвона-белым нацыянальным сцягам. Яна была заўсёды з вельмі надзейным, вялікай дабрыні і ласкі мужам Аляксандрам. Узаемную любоў і спагаду Аляксандр і Тамара пранеслі праз усё сваё сямейнае жыццё. Ад іх, былых вяскоўцаў, сыходзіла сапрадная шляхетнасць, працавітасць і дабрыня, шчырасць і павага да бліжняга. Бадай, найважнейшае – яны былі аднадумцамі і ў любові да сваёй краіны, мовы, гісторыі і культуры. Свой творчы беларускі нацыяналізм яны неслі разам. Ад іх чалавечых адносін сыходзілі нябачныя промні светлыні. Прыгожая і цудоўная настаўніца, актыўны сябар ТБМ, шчырая патрыётка, арганізатарка новай хвалі ТБШ ў Гародні Тамара Васільеўна надоўга застанецца ў памяці шматлікіх гарадзенцаў.

Намеснік старшыні Гарадзенскай абласной

Рады

 ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”    Алесь Крой.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Дваццаць цытатаў Быкава, якія не прагучаць на цырымоніі закрыцьця Эўрапейскіх гульняў
Грамадства

Дваццаць цытатаў Быкава, якія не прагучаць на цырымоніі закрыцьця Эўрапейскіх гульняў

25 чэрвеня 2019, 12:3921
Памёр Бернарда Берталучы, рэжысёр "Апошняга танга ў Парыжы"
Культура

Памёр Бернарда Берталучы, рэжысёр "Апошняга танга ў Парыжы"

26 лістапада 2018, 14:5118
Бабёр ўсё жыццё захоўвае вернасць сваёй бабрысе. Але не ў Паўночнай Амерыцы
Навука

Бабёр ўсё жыццё захоўвае вернасць сваёй бабрысе. Але не ў Паўночнай Амерыцы

7 верасня 2020, 12:1318
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0617
Далучайцеся да нас