Абмежаванні, звязаныя з каронавірусам, абумовілі і ўскладнілі грамадскую актыўнасць ў раёне: здароўе людзей – найпершы клопат, і таму публічныя мерапрыемствы перасунуты на больш позні час. Але сябры грмадскіх арганізацый, як дазваляе магчымасць і сама сітуацыя, не засталіся ўбаку аб агульных справаў і выступілі інфармацыйным рэсурсам для раённага выканаўчага камітэта і раённай бальніцы для збору сродкаў на платформе Моламола: падрыхтавана лагістычнае пісьмо, у якім пакрокава распісана тое, што трэба зрабіць для рэгістрацыі на платформе. Напісаны ліст для раённай бальніцы для размяшчэння на платформе для збору сродкаў, дадзены кантакты асобаў (Андрэй Стрыжак, Ірына Траццякова), якія займаюцца гуманітарным праектам дапамогі медыцынскім установам, медыкам, людзям пажылога ўзросту. Перададзены кантакты групы, якая займаецца гэтымі справамі ў Віцебску.
Прымалі ўдзел грамадскія актывісты і ў акцыі #Дзякуй, доктар. Каронавірус ў нашым раёне пайшоў з вёскі Жыгулі ад дальнабойшчыка. Дачка кіраўнічкі арганізацыі шматдзетных сямей “СемьЯ” Вольга Васіленка, якая нарадзілася ў гэтай вёсцы, а зараз індывідуальны прадпрымальнік і жыве ў Санкт-Пецярбургу, зрабіла свой унёсак у дапамогу раённай бальніцы, куды перададзена амаль 10 тысяч хірургічных масак, медыцынскіх пальчатак, нарукаўнікаў і дэзінфіцыруючай вадкасці на сумму 500 тысяч расійскіх рублёў. Груз перададзены якраз напярэдадні Вялікдня. Пэўныя складанасці з-за закрыцця мяжы з Расіяй узніклі якраз тут, але стараннямі старшыні раённай арганізацыі шматдзетных сямей і маці Вольгі – Наталлі Васіленкі, яе мужа Аляксандра, дабрачынны груз на мяжы быў перагружаны на транспарт з Верхнядзвінска і перададзены ў медыцынскую ўстанову.
Акрамя таго, жанчыны з раённай арганізацыі “Беларуская жаночая ліга” арганізавалі збор сродкаў для набыцця для медыкаў – вадкага мыла, дэзінфіцыруючых сурвэтак і мыйных сродкаў, пальчатак, туалетнай паперы, пячэння, цукерак для медыкаў, якія пастаяння знаходзяцца ў бальніцы. Першай, хто адгукнуўся на заклік падтрымаць медыкаў, стала Святлана Шук, свой ўнёсак зрабіла Тамара Кецкіна, сяброўка жаночай арганізацыі, асабісты транспарт для паездкі ў Полацк для набыцця неабходных тавараў прадаставіла Надзея Іванеева, я асабіста таксама выдаткавала пэўную суму. Падрыхтавалі для медыкаў і 20 смачных абедаў, а дапамогу нам аказала індывідуальная прадпрымальніца – Вольга Кліманская, якую наша арганізацыя кансультавала падчас яе “перыпетый” з адкрыццём самастойнай справы. Агулам сабралі каля 350 рублёў. Дзякуй за падтрымку нашай ініцыятывы абласному грамадскаму аб’яднанню “Самакіраванне і грамадства” і асабіста Хрыстафору Жаляпаву, які днямі перадаў нам яшчэ і 50 масак, якія мы аддадзім для сацыяльных работнікаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама для Цэнтра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Не забыліся і пра працяг акцыі “Добры сусед”, якая распачыналася ў самым праблемным мікрараёне нашага горада – на Гейжанава, і якая гэтай вясной сёння святкуе маленькі юбілей – 4 гадочкі. Колькі было тады спадзяванняў на тое, што яна абудзіць мясцовых жыхароў на агульныя справы па добраўпарадкаванні месцаў агульнага жыцця, неяк падштурхне супольнасць і мясцовыя ўлады да дыялогу і агульных справаў, бо чалавечы рэсурс багаты на ідэі і ініцыятывы. Атрымалася?
Далёка не ўсё і, як аказалася, справа не ў людской інертнасці, хаця такі фактар прысутнічае, а ў тых чыноўніках, якія павінны быць завадатарамі такіх спраў. Цікава было б правесці “круглы стол” па гэтай праблеме, але з’явілася другая, больш сур’ёзная і, відаць, доўгачасовая – хвароба. І, нягледзячы на абмежаванні ў кантактах, “Добры сусед” выйшаў на прыдамовую тэрыторыю і зрабіў рамонт птушыных дамкоў, пафарбавана Дошка аб’яваў, пасаджаны кветкі. Вясна распачала свой сезон.
Валянціна Болбат,
ТБМ, Верхнядзвінск.