• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 24 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
СВЯТЛО МАГІЛЁЎСКАЙ “СВЯТЛІЦЫ”

СВЯТЛО МАГІЛЁЎСКАЙ “СВЯТЛІЦЫ”

12 мая 2020, 08:50 Выданні 9
СВЯТЛО МАГІЛЁЎСКАЙ “СВЯТЛІЦЫ”

Пабачыла свет восьмая кніжка “Святло “Святліцы”” гарадскога літаратурнага клуба Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” г. Магілёва. На жаль, з-за пандэміі каранавіруса прэзентацыю мы правесці не змаглі. Мы раз’яднаны тэрытарыяльна, але духоўна разам.

Кожны сябар клуба мае сваю творчую індывідуальнасць і выказвае свае думкі ў адпаведнай літаратурнай форме. Таму ў кнізе ёсць творы на любы густ: вершы, замалёўкі, публіцыстыка.

Некаторыя сябры клуба ўжо маюць свае кнігі. Ната Солтан – аўтар кнігі вершаў “Ощущение”. Аліна Мірная разам з Дар’яй Літвінавай напісалі кнігу фэнтэзі “Мой друг – мой враг”, якая размешчана на сайце Wattpad. Апрача твораў, у зборніку ёсць невялікая інфармацыя аб аўтарах і фотаздымкі.

На пытанне, чаму кніжка называецца “Святло “Святліцы””, кіраўнік клуба Тамара Аўсяннікава адказала: “Пад такой назвай была першая публікацыя аб клубе ў лістападзе 2012 года ў літаратурна-мастацкім бюлетэні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў “Дняпроўская строма”. Мне і сябрам клуба спадабалася назва, якой мы абавязаны Мікалаю Яцкову, старшыні Магілёўскага аддзялення СБП”.

– Тамара Пятроўна, чым адрозніваецца восьмая кніжка ад папярэдніх сямі?

– Адрозніваецца новымі прозвішчамі і творамі. Дарэчы, творы некаторых аўтараў прысутнічаюць у некалькіх зборніках, таму што многія сябры клуба займаюцца па тры-чатыры гады і нават больш. Структура ўсіх кніжак прыблізна аднолькавая. Назва кнігі, прадмова, верш для ўзору, а таксама творы, што адкрываюць кнігу і завяршаюць яе, прадстаўлены па-беларуску. На жаль, большасць аўтараў – рускамоўная. Вокладкі ўсіх кніг, апрача трэцяй, аформлены таксама аднолькава, адрозніваюцца толькі колерам і новым фотаздымкам. Ідэя вокладкі належыць мастаку Максіму Камарову. Восьмую аформілі Таццяна Архіпава і Давід Вэнцэк.

– Скажыце, калі ласка, вершы якіх аўтараў увашлі ў кнігі як узоры, і па якім прынцыпе Вы іх выбіралі?

– Выбірала на свой густ тыя вершы і тых аўтараў, якія мне блізкія. Хацелася, каб творы былі рознапланавымі. У першую кнігу ўключаны верш Максіма Багдановіча “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы”. Выдатны ўзор верлібра:

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?”

 

Тым больш, што сённяшняя моладзь да класічных рыфмаваных вершаў звяртаецца рэдка. 

У другую кнігу ўвайшоў верш Ніла Гілевіча “Санет”:

Паэт – круху вар’ят. Абавязкова!

Без гэтага паэзіі няма.

І не бярыся за пяро дарма,

Калі не здольны

                      ашалець ад слова…

Тут і форма, тут і тэма паэта і паэзіі.

Тэму паэта і паэзіі па-свойму працягвае верш Яўгеніі Янішчыц “Падставіць голасу лісток…” Палічыла неабходным уключыць творы паэтаў з Магілёўшчыны: Алексея Пысіна “Пяць патронаў”, Міхася Стральцова “Пад шоргат кропель дажджавых…”, Аркадзя Куляшова “Бывай…”.

У шостай кнізе – цудоўны верш Р.М. Рыльке “Баюся людскіх я дакладных слоў…” у перакладзе з нямецкай Васіля Сёмухі. У восьмую кнігу ўвайшоў лірычны верш Петруся Броўкі “Пахне чабор…”

– Тамара Пятроўна, за восем гадоў ці многа было беларускамоўных аўтараў? Каго Вы можаце назваць сёння.

– Не так многа. Беларускамоўным аўтарам у “Святліцу” прыйшоў толькі Аляксей Карпенка, паэт перспектыўны. Ён друкаваўся ў часопісах “Дзеяслоў”, “Верасень”, альманаху “Брама” і ў газетах. Настасся Падрабінкіна – двухмоўная. Але перавагу аддае беларускай мове. Друкавалася ў часопісах “Верасень” і “Маладосць”.

Многім я прапаноўвала праверыць свае здольнасці на роднай мове. Не ва ўсіх атрымалася. У якасці паэтаў паспяхова выступілі Алена Быкава, Крысціна Башарымава, Ната Драздова. Лізавета Дзеручэнка. Яны друкаваліся ў часопісе “Верасень” і ў альманаху “Брама”. У восьмай кнізе з вершамі на беларускай мове прадстаўлены Мілада Паўлава і Вольга Шпакоўская, дзяўчаты прынялі ўдзел у конкурсе “Сакавіцкае рэха – ІІІ”. Мілада Паўлава стала пераможцам. Я не называю ўсіх – у кожнай кнізе ёсць творы на беларускай мове.

Што тычыцца сяброў клуба, якія выбралі журналістыку, тут значна лягчэй. Кожны разумее, што журналіст у Беларусі абавязаны ведаць дзве мовы, таму нататкі пісалі і па-беларуску і па-руску. У трох апошніх кнігах пададзены бібліяграфічны паказа-льнік друкаваных работ. І трэба сказаць, ён значны.

– Тамара Пятроўна, ці задаволены Вы вынікам сваёй працы?

– Творчы чалавек заўсёды чым-небудзь незадаволены. Я рабіла ўсё, што ад мяне залежала, працавала з тымі, хто прыходзіў. Магчымасці не ва ўсіх аднолькавыя. Я не рыхтавала паэтаў. Проста дапамагала зразумець паэзію. Праца была скіравана на развіццё здольнасцей, на самапазнанне, на эмацыянальны стан падлеткаў. Былі тыя, хто мяне не пачуў, не захацеў ці не змог пачуць. У цэлым – задаволена. І кніжка – вынік маёй працы і працы сяброў клуба.  Яе можна хваліць, можна крытыкаваць, бо ёсць за што, калі прад’яўляць патрабаванні, як да мастацкіх твораў.

– А што для Вас было самым складаным у працы?

– У цэлым, складанасцей не было. Калі гаварыць аб асобных сітуацыях, то яны заўсёды ёсць. Напрыклад, маці двух цудоўных дзяўчынак трэцяга класа і пятага, якая называла сябе верніцай, прад’явіла мне прэтэнзію ў сувязі з разглядам на занятках верша Якуба Коласа “Савось-распуснік” і забараніла дзецям вучыць яго на памяць. Верш зняважыў яе рэлігійныя пачуцці і выяўляў, на яе думку, жорсткасць.

Верш “Савось-распуснік” я вучыла ў чацвёртым класе, помню яго, люблю. Ён цікавы ў плане мастацкага чытання, а таксама з выхаваўчага боку. Дарэчы, яго мы падрыхтавалі з Міладай Паўлавай. Яна ў мінулым навучальным годзе прыняла з ім удзел у гарадскім конкурсе чытальнікаў “Магілёўскія зорачкі” і заняла першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі.

 

– Тамара Пятроўна, у папярэдніх кнігах былі яшчэ водгукі, а ў восьмай – няма. Чаму? І якія водгукі Вас радуюць?

– Водгукі пісалі тыя, хто хацеў, я не прымушала, толькі прапаноўвала. У восьмай кнізе няма спецыяльна выдзеленай старонкі, таму што новых сяброў клуба ў гэтым навучальным годзе трое. Іх адносіны да клуба выказаны ў інфармацыі аб аўтарах.

Якія радуюць? Усе. Калі чалавеку былі цікавымі і карыснымі заняткі ў клубе, – гэта не можа не радаваць.

З Вашага дазволу прывяду некалькі водгукаў з кніг розных гадоў:

Алена Быкава: “У “Святліцы” творчая атмасфера. Кожны яе ўдзельнік унікальны. Для мяне – гэта тое месца, дзе я адчуваю сябе ўтульна. Я вельмі рада, што скарыстала свой шанец. Заняткі ў клубе сталі добрым штуршком для маёй творчасці і самаўдасканалення, значным крокам наперад”. 

Ганна Папікян: “Для мяне “Святліца” – гэта знаёмства з невядомым і радасць адчування новага ў сабе”.

Алена Воінава: “Заняткі ў “Святліцы” дапамаглі мне перш за ўсё перасіліць сваю прыродную сарамлівасць, пашырылі мой кругагляд і мелі карысць пры напісанні водгуку і вусным выказванні на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры”.

Ната Драздова: “Я люблю наш клуб, таму што ён дапамог мне раскрыцца і зразумець, чаго я хачу ад сябе ў гэтым жыцці”.

Аліна Шынялёва: “Святліца” змяніла маё жыццё… Цяпер я ведаю, што буду паступаць на факультэт журналістыкі”.

У “Святліцы” я першы год. Кнігу чакала з нецярпеннем, бо гэта першая кніга, у якой апублікаваны мае творы, і яна будзе мне нагадваць пра шчаслівы час, калі я з цікавасцю і карысцю для сябе займалася ў літаратурным клубе .

Сябры клуба і я разам з імі выказваем удзячнасць Тамары Пятроўне за магчымасць быць яе вучнямі, за вынік нашай працы – кнігу “Святло “Святліцы””.

Кацярына ШЭЙНІКАВА,

сябра літаратурнага клуба “Святліца”.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Свята Дня Незалежнасці
Грамадства

Свята Дня Незалежнасці

18 жніўня 2019, 21:5218
Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі  ТБМ
Мова

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ

11 сакавіка 2020, 22:1218
“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ
Мова

“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ

4 лютага 2020, 09:0617
У Гародні з'явіўся помнік апекуну горада святому Губерту
Культура

У Гародні з'явіўся помнік апекуну горада святому Губерту

29 верасня 2020, 18:3516
Далучайцеся да нас