Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Імі ганарыцца старажытны Мсціслаў

Імі ганарыцца старажытны Мсціслаў

12 мая 2020, 08:33 Навука 22
Імі ганарыцца старажытны Мсціслаў

Старажытнаму Мсціславу шанцуе на краязнаўцаў, якія рупліва вывучаюць яго гісторыю. Сярод іх варта згадаць выбітных даследчыкаў, дактароў гістарычных навук, археолагаў Міхася Ткачова і Леаніда Аляксеева.

 

Прафесар Міхась Ткачоў, карэнны жыхар г. Мсціслава, дзе ён нарадзіўся 10 сакавіка 1942 г. у сям’і настаўнікаў. Яго бацька загінуў на фронце і гадавала яго маці Дамініка Сямёнаўна. Ужо ў школьныя гады М. Ткачоў пачаў цікавіцца гісторыяй роднага горада, асабліва XIX – першай паловы XX ст. Маючы цікавасць да гісторыі, ён у 1959 г. паступае на гістфак БДУ, але ў адпаведнасці з тагачаснымі правіламі мусіў першы год вучыцца завочна і працаваць паляводам у мясцовым калгасе ў гарадскіх ваколіцах. Але ў 1960 г. ён вяртаецца ў Менск, на дзённае аддзяленне і трапляе ў асяроддзе беларускіх патрыётаў, а таксама знаёміцца з выдатным беларускім гісторыкам, як мусіў жыць у Маскве Мікалаем Улашчыкам. Менавіта яму Ткачоў прысвяціў сваю апошнюю кнігу “Замкі і людзі”. Так сталася, што маці М. Ткачова і мая бабуля Ганна Васільеўна Мяжэвіч сябравалі, таму я добра ведаў як самаго Міхася, так і яго малодшых братоў ад другога шлюбу яго маці. Адзін з іх, Алесь Каралёў, таксама стаў гісторыкам і краязнаўцам і жыў у Жодзіна, а другі, Віктар, мой аднакласнік, трагічна загінуў, калі вучыўся ў чацвёртым класе. Будучы яшчэ студэнтам М. Ткачоў сабраў цікавыя матэрыялы пра гісторыю роднага горада, якія былі надрукаваны ў нашай сумеснай кнізе.

У раздзеле “Мсціслаў – не аднаго сціснуў” вышэйзгаданай кнігі М. Ткачоў на аснове пісьмовых крыніц расказаў пра гісторыю горада ў XIV- ХVІІІ стст.

У гэтыя часы Мсціслаў з 1528 г. стаў уладаннем вялікага князя ВКЛ і цэнтрам староства, потым цэнтрам ваяводства і ў 1634 г. атрымаў Магдэбургскае права. Асаблівы ўдар па горадзе быў нанесены падчас вайны 1654-1667 гг. Калі да вайны тут жыло ад 20 да 30 тысяч чалавек, то пасля – толькі некалькі сотняў.

Наступны раздзел кнігі напісаны М. Ткачовым мае назву “У складзе Расійскай імперыі”. Паводле дадзеных за 1776-1777 гг. у горадзе жыло 6137 чалавек, Мсціслаў моцна пацярпеў у 1812 г. ад ваенных дзеянняў, а ў 1853 г. лепшая частка горада згарэла. Далёка ад Мсціслава прайшла і чыгунка, што правяло да эканамічнага заняпаду горада. М. Ткачоў паведамляе, што ў 1880 г. з 1060 жылых дамоў толькі 12 былі мураваныя.

Потым ідзе раздзел “Напярэдадні новай эпохі”, дзе даследчык апавядае пра жыццё горада ў пачатку XX ст. і рэвалюцыю 1905-1907 гг. Перад Першай сусветнай вайной у горадзе было 11093 жыхары, з іх больш за тысячу рамеснікаў. У раздзеле “У віхуры грамадзянскай вайны” ідзе гаворка пра падзеі 1917-1920 гг., а пра жыццё горада ў складзе БССР гаворыцца ў раздзеле “Мсціслаўшчына ў 20-30-я гады”. У лістападзе 1925 г. у горадзе адкрылі педтэхнікум, дзе рыхтавалі настаўнікаў для беларускіх школаў. Першы набор студэнтаў склаў 142 чалавекі. З 1926 г. заняткі тут пачалі праводзіць на беларускай мове, а сама ўстанова атрымала назву Белпедтэхнікум. Тут вучыліся вядомыя беларускія пісьменнікі Юлій Таўбін, Змітрок Астапенка, Ганна Сапрыка і Аркадзь Куляшоў. У снежні 1925 г. горад наведаў Якуб Колас.

Пра лёс горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны М. Ткачоў распавядае ў раздзеле “Змаганне з фашызмам”. У ліпені 1941 г. горад занялі фашысты, тут дзейнічала падполле, а ў вёсцы Пячкавічы ўзнік першы партызанскі атрад. 28 верасня 1943 г. горад быў вызвалены ад ворага.

У сваіх навуковых працах Міхась Ткачоў таксама пісаў пра гісторыю Мсціслава і Мсціслаўшчыны.

Да 60-годдзя М. Ткачова (памёр 31 кастрычніка 1992 г.) яго сябры і ўдзячныя вучні выдалі навуковы зборнік. У г. Мсціславе ёсць вуліца, названая ў гонар Міхася Ткачова, а на будынку былой школы, дзе ён вучыўся, ёсць мемарыяльная дошка ў яго гонар.

 

Другі знакаміты даследчык мсціслаўскай гісторыі – вядомы савецкі і рускі археолаг Леанід Аляксееў (15.01.1921 – 22.03.2008 г.). Нарадзіўся ў Растове-на-Доне. У 1948 г. скончыў Маскоўскі ўніверсітэт і быў накіраваны па размеркаванні ў г. Гародню, дзе працаваў у абласным музеі і апрацоўваў археалагічныя калекцыі з даваенных раскопак Язэпа Ядкоўскага і Зыгмунта Дурчэўскага. У 1950 г. Л. Аляксееў стаў першым аспірантам па спецыяльнасці “Археалогія” ў Інстытуце гісторыі АН БССР. Потым ён вяртаецца ў Маскву, дзе з 1953 г. працуе ў Інстытуце археалогіі АН СССР і ў 1955 г. абараняе кандыдацкую дысертацыю “Полацкая зямля ў ХІ-ХІІІ стст.”

У 1959 г. Л. Аляксееў пачаў шматгадовыя раскопкі на тэрыторыі былога мсціслаўскага замка, дзе знайшоў шмат унікальных знаходак, у тым ліку і берасцяную грамату XIII ст., якую датаваў 1219 г. У Мсціславе Л. Аляксееў пазнаёміўся з мясцовым краязнаўцам Пятром Урублеўскім, выхавацелем мсціслаўскай школы глухіх дзяцей. Выкладчыкі і навучэнцы гэтай школы працавалі на раскопках пад кіраўніцтвам Л. Аляксеева, ад якога ў знак удзячнасці атрымалі некаторыя экспанаты для свайго школьнага музея, які ў 1967 г. атрымаў назву Народнага.

Л. Аляксееў сябраваў з М. Ткачовым і пасля яго заўчаснай смерці прысвяціў яму сваю кнігу з эпіграфам: “Светлай памяці даследчыка беларускага мінулага і яго помнікаў, натхнёнага змагара за Новую Беларусь Міхася Аляксандравіча Ткачова прысвячаю”. Добра ведаў ён і знакамітага беларускага гісторыка Мікалая Улашчыка, сябра Міхася Ткачова, які жыў і працаваў у Маскве. Яму ён прысвяціў сваю кнігу па гісторыі беларускага краязнаўства

У гэтай кнізе Л. Аляксееў напісаў пра дзейнасць Уладзіміра Краснянскага, які ўпершыню надрукаваў манаграфію пра гісторыю Мсціслава ў 1912

У 1982 г. Л. Аляксееў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Смаленская зямля ў XI-XIII стст.” У 2006 г. выйшла апошняя фундаментальная праца Л. Аляксеева, у якой ён падрабязна апісаў свае раскопкі ў Мсціславе.

Ён адносіў Мсціслаў да даменнага горада смаленскіх кня-зёў і асобны параграф прысвяціў царкве-данжону старажытнага Мсціслава.

Маю спадзеў, што памяць Леаніда Аляксеева ў г. Мсціславе ўшануюць і назавуць адну з гарадскіх вуліц у яго гонар.

Алег Трусаў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5421
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5017
На 72-м годзе ад інсульту памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара
Грамадства

На 72-м годзе ад інсульту памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара

20 мая 2021, 00:3716
Далучайцеся да нас