“ДЗЯКУЙ ВАМ МЕДЫКІ!”, – абвяшчае на ўсіх мовах вялізнае светлавое табло на будынку гандлёвага цэнтра ў Гародні.
На прадстаўнікоў самай гуманнай прафесіі зараз ускладзены самы вялікі цяжар па пераадоленні пандэміі.
Цягам месяца мне давялося назіраць за энергічнымі і рашучымі дзеяннямі дактароў у эпіцэнтры падзей – адным з аддзяленняў пульманалогіі профільнага шпіталя ў прыгарадзе Менска.
Туды патрапілi каля 60 жанчын і мужчын, (а сярод іх былі і асобы стага веку) з пнеўманіямі, якія сталі, відавочна, вынікам ускладнення беларускага грыпу невысветленага штаму, пра распаўсюд якога не паведамлялася, але такі факт меў месца па ўсёй Беларусі.
У першыя дні жанчынкі моцна кашлялі, адчувалі слабасць, былі ўсхваляваныя сваім станам. Уначы маладая матуля кашляла праз кожную хвіліну, палохаючы суседак. Але праз некаторы час добра падабраныя антыбіётыкі, кропельніцы, добрае харчаванне, чыстая бялізна ачысцілі іх лёгкія, і дзяўчаты адужалі.
З пяшчотай да кожнай з іх падходзіла і выслухоўвала загадчыца аддзялення Ала Мікалаеўна Мартынюк, не менш рупілася маладзенькая, стройная і прыгожая тэрапеўт Дар’я Дмітрыеўна Чыстая. А гучны і бадзёры голас і своечасовы жарт Мікалая Савельевіча Пальчука падбадзёрваў і адганяў дрэнныя думкі. Акуратна, рэгулярна і ўважліва ставілі кропельніцы медсёстры Жанна і Ірына.
Моцна грукала ў дзверы і гучна прамаўляла працаўніца кухні: “Дзяўчаты, малако!” Кожныя чатыры гадзіны яна везла з грукатам кашу, супы і катлеты, запяканкі, кампот і гарбату, што таксама спрыяла выздараўленню пацыентаў.
З раніцы дзяўчыты заклапочана чыталі навіны на тэлефонах і планшэтах, а потым адкідалі элект-ронныя сродкі, адказвалі на тэлефанаванні родных, і каб не хвалявацца, браліся за любімыя кніжкі. А ўвечары ўсе дружна праглядалі кінастужкі з пазітыўным і жыцця-сцвярждальным зместам.
Сонейка пачало прыпякаць усё мацней, пад вакном цінькалі сінічкі, на галінкі дрэваў сядалі сойкі і дзятлікі. І нарэшце з’явіліся маладзенькія шпачкі, адметныя бліскучымі чыстымі пёркамі з залатымі кропелькамі. У канцы сакавіка дзяўчаты заўважылі ў небе клін журавоў і ўзрадаваліся!
Мужчыны адчулі прыліў энергіі, пачалі займацца фізічнымі практыкаваннямі ў бальнічным калідоры. Некаторыя з іх пачалі выходзіць прагуляцца пад хвоямі бараўлянскага лесу.
Многія пацыенты ўжо пачалі рыхтавацца да адпраўкі дадому. І раптам у апошні дзень перад выпіскай узняўся незвычайны вэрхал! Медсёстры і дактары, апрануўшы спецыялізаваную вопратку, пачалі ў заклапочанасці бегаць па аддзяленні. Высветлілася, што ў адной з пацыентак быў выяўлены каранавірус. Жанчына не паведаміла лекарам, што яе муж два дні таму прыехаў з Італіі. Імгненна пацыентку і яе суседку па палаце перавялі ў менскі інфекцыйны шпіталь. Усё аддзяленне разам з пацыентамі на 14 дзён зачынілі на каранцін. Усхваляваліся не толькі пацыенты, але і працэдурныя медсёстры, якія непасрэдна кантактавалі з хворай.
Дактары, медсёстры, нянечкі і раздатчыцы ежы засталіся начаваць у палатах. Удзень медперсанал працягваў лячыць хворых, пераадольваючы стомленасць і стрэс. Усю ноч гарэлі ў калідоры сінія кварцавыя лямпы, днямі старанна драілі падлогу санітаркі.
Медыкі вымушаны былі працягваць лекаваць пацыентаў і жыць у клініцы ў каранціне разам з імі да таго часу, пакуль не будуць паўторна ўзятыя пробы на каранавірус.
Нарэшце, 14 дзён прамінулі, і дзякаваць Богу, і медперсаналу, ні ў кога каранавірус не быў знойдзены, усе выйшлі чыстымі і здаровымі!
Жанчынкі і дзяўчаты адправіліся дадому шчаслівыя і бадзёрыя!
А дактароў чакае новае прыбыццё пацыентаў, новыя клопаты пра іх, нечаканыя павароты падзей у барацьбе за іх выздараўленне. Можна з усёй упэўненасцю засведчыць, што беларускія медыкі лечаць вельмі якасна і добрасумленна! Яны перамогуць усе хваробы пры пазітыўным настроі пацыентаў.
Эла Дзвінская,
Фота TUT.by, БелТА.