Менавіта так можна сказаць у адносінах на Галіны Пятроўны Загурскай, па адукацыі – настаўніцы фізікі і матэматыкі, але менавіта літаратурная творчасць прынесла ёй найбольшую вядомасць. І, магчыма, славуты Лявонпаль, які даў нашай краіне не аднаго вядомага творцу, падзяліўся з ёю сваімі схаванымі скарбамі. Наш славуты Сяргей Панізьнік, які таксама з Лявонпаля, не абмінуў цёплымі словамі Галіну Пятроўну, даслаўшы на яе адрас віншавальны верш з нагоды творчай сустрэчы паэткі, мастачкі, якая прайшла ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы Верхнядзвінска.
Часта прыгадваюцца словы Сяргея Сцяпанавіча пра тое, што ” Наш край – донар Сусвету”, ну, а Лявонпаль тады – мясціна, якая нарадзіла і выхавала сапраўдных творцаў, а лявонпальская зямля і да гэтага часу – невычэрпная крыніца натхнення.
У творчай біяграфіі для Галіны Пятроўны 2000 год стаў пачаткам пачатку, калі з-пад пяра выйшлі першыя радкі, а ў 2005 годзе выйшла яе кніга “З далоняў сэрца”, двума гадамі пазней – “Да зямлі прытуліцца”. На сустрэчу Галіна Пятроўна прывезла шчымлівы відэааповед пра свой родны куточак, у якім гучалі яе вершы на фоне прыгожых краявідаў маленькай радзімы:
У кожнага ёсць месца на зямлі –
Куточак самы любы, самы мілы,
Дзе дні шчаслівыя
дзяцінства адгулі,
І дзе мацнелі для палёту крылы.
Такі куточак ёсць і ў мяне –
Лявонпаль, маё любае мястэчка.
І колькі год яшчэ ні праміне,
Імкнуцца буду да яго на стрэчу.
Яе вершы хутка пачалі з’яўляцца на старонках беларускіх творчых выданняў – часопісе “Маладосць”, “Краязнаўчай газеце” і ў 2005 годзе яна становіцца сябрам народнага літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”, якое рэдагавала больш за 10 год, а ў 2015 годзе яна прызнаецца лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.
Займаецца перакладамі на беларускую мову паэтаў з Расіі, і ў 2017 годзе яна – у ліку пераможцаў міжнароднага перакладчыцкага праекта “Берагі сяброўства: Беларусь – Расія”, і ў гэтым жа годзе свет пабачыла яе новая кніга вершаў “У месяцовым перламутры”. На яе вершы мясцовыя аўтары напісалі песні.
Некалькі гадоў Галіна Пятроўна – творчы натхняльнік паэтычнага конкурсу сярод школьнікаў Полацкага раёна, які праводзіла на-роднае літаратурнае аб’яднання “Наддзвінне”.
Але, як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. І гэта зноў пра Галіну Пятроўну Загурскую. Яна – аўтар цудоўных пейзажаў. У яе карцінах – дарагія сэрцу краявіды роднай прыроды, дарагой сэрцу Міёршчыны, Полаччыны.
Малюе Галіна Пятроўна з дзяцінства і падчас вучобы ў школе яна была галоўным мастаком школьнай насценгазеты. А калі ўжо з’явіўся вольны час ад асноўнай працы, яна занялася мастацтвам, і яе першую мастацкую выставу акварэлі ацэньвалі калегі і навучэнцы ліцэя будаўнікоў у 2005 годзе. У наступны год адбылася выстава ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур Полацка, у 2007-м – у Цэнтральнай бібліятэцы Наваполацка, у 2009-м – у Літаратурным музеі імя У. Караткевіча ў Віцебску. Яе малюнкі “Колеры жыцця” ацэньваў Полацк, карціны выстаўляліся на сумеснай выставе “Інсіта-2012” у Віцебску да 100-годдзя Марка Шагала, затым “Трапяткія імгненні” ў Полацку. Школай для Галіны Пятроўны стаў яе ўдзел ў дзейнасці народнага клуба самадзейных мастакоў “Белае палатно” Полацкага гарадскога палаца культуры. Прафесіяналы адзначаюць “…гарманічны каларыт яе карцін, шчырасць, душэўнасць”.
На сустрэчу з Галінай Пятроўнай ў раённую бібліятэку прыйшлі яе аднакласнікі, якія зараз жывуць ў Верхнядзвінску, каб успомніць пра агульных сябраў, школьныя гады і павіншаваць яе.
Галіна Пятроўна ўручыла зборнік сваіх вершаў цэнтральнай раённай бібліятэцы з абяцаннем зрабіць выставу сваіх пейзажаў ў нашым горадзе. Чакаем наступнай сустрэчы з цікавым чалавекам, чакаем новых вершаў і новых мастацкіх твораў!
Валянціна Болбат,
ТБМ, Верхнядзвінск.