Home
ТБМ

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Мікола Гусоўскі. Песня пра зубра

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Мікола Гусоўскі. Песня пра зубра

Свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх,

Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай.

Лад алфавіту наш прашчур для ўласнай карысці

У грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак

Зладзіўшы з ім, іншаземцам, застаўся сабою.

Звычкі і побыт жывёл разнастайнай пароды,

Як і падзеі, апісаны ў граматах гэтых.

Што ж да зуброў, то такога магутнага звера

Шчасная доля, як дзіва часоў першабытных,

Толькі шчэ ў нас захавала, пад зоркай Палярнай.

Пліній, напрыклад, пісаў пра зубра і пра тура:

“Тур і бізон (па-мясцоваму – зубр) засталіся

Толькі ў лясах першабытных. Вучоныя кажуць, –

Сведчыць гісторык, – што лютасцю, злосцю і сілай

Роўнага звера не знойдзеш лясному асілку,

Што і ў лясах, і на выпасах ляхаў і росаў

Быў і застаўся царом над усімі звярамі”.

Значыць, ён ведаў пра тых і другіх, а вось людзі

У нас на радзіме шчэ лічаць, што свет іх не знае.

“Дзікі і люты, іх зубр – падабенства бізона,

Толькі даўжэйшая грыва”, – заканчвае Пліній.

Хоць і не многа, ды праўда. Хто ж болей захоча,

Хай пацікавіцца – кнігі і болей раскажуць.

Я ўжо наперад прадбачу – пярэчанні будуць:

Байкі дзіцячыя. Ведаем, чулі, чыталі!..

Хто цаліка не прамераў і нашага звера

У вочы не бачыў, вядома, такі не паверыць.

Сутнасць не ў гэтым. Галоўнае, як ты раскажаш.

Глупства ўсумняецца, мудрасць разумна сцвярджае.

Вам пра зуброў паляўнічы ў нас кожны раскажа,

Толькі спытай – прагаворыць да ранішніх пеўняў.

Previous article Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Next article БІЗНЭС ПАДТРЫМЛІВАЕ МОВУ

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202015
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202515