У белай зале Чырвонага касцёла ў Менску дзейнічае выстава творчых праектаў архітэктара Аляксандра Базевіча. Жыхары сталіцы змаглі пазнаёміцца з самім аўтарам і яго мілай жонкай Марыяй на адкрыцці экспазіцыі.
Прысутных дабраславіў на добры прагляд ксёндз Кірыл Бардонаў:
– Аляксандр Базевіч стварае аб’екты, якія служаць малітве, дарозе да Бога, асвячэнню чалавека: гэта каталіцкія і праваслаўныя храмы, аб’екты, якія служаць выхаванню дзяцей і моладзі, тым, каму патрэбна дапамога. Няхай праца архітэктараў і будаўнікоў спрыяе людзям на доўгія гады! -пажадаў святар.
Прыхаджане касцёла з цікавасцю выслухалі выступленні аўтара праектаў і пазнаёміліся з яго працамі. Наведаць мерапрыемства прыйшлі калегі і сябры творцы.
Аляксандр Францавіч Базевіч нарадзіўся ў Жодзішках у 1962 годзе. Смаргонскі край паўплываў на станаўленне яго светапогляду. Старадаўні “Віленскі край”, як яго называюць мясцовыя жыхары, дзе захавалася шмат помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны, паўздзейнічаў на выспяванне светапогляду будучага дойліда. Срэбная прыгажуня Вілія, 400-гадовы касцёл у Жодзішках, сядзіба Міхала Казіміра Агінскага вышэй па плыні ракі, рэшткі Крэўскага замка – усе навакольныя мясціны стваралі непаўторную атмасферу, якая спрыяла развіццю таленту і здольнасцяў.
Будучы архітэктар з дзяцінства быў зачараваны моцай і прыгажосцю храмаў, якія лучаць моцную энергію Святога Духа і Творчасці. Ён вывучаў таксама рысы народнага дойлідства, якія адбіліся ў маёнтках, броварах, корчмах, сядзібнай архітэктуры, і накіроўвалі да выбару прафесіі. У 1990 годзе Аляксандр Францавіч скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Ён набыў значны досвед і выпрацаваў творчы почырк пры ства-рэнні праектаў забудоў сацыяльнага прызначэння.
– У другой палове 80-тых гадоў перад праекціроўшчыкамі паўстала шмат пытанняў, бо многія заказчыкі зніклі, трэба было вызначыць, што будаваць, як жыць далей, – патлумачыў доктар архітэктуры прафесар БНТУ, Сяргей Аляксеевіч Сергачоў. – Аляксандр Базевіч не пакінуў архітэктуру, працягваў праектаваць катэджы, школы, але сэрца паклікала яго да стварэння культавых аб’ектаў. Трэба сказаць, што ў тыя часы яшчэ не было распрацавана нар-матыўнай дакументацыі на такія сучасныя забудовы, тэма была новай. Касцёлы ў майго калегі атрымліваюцца вельмі добрыя, у іх праяўляюцца рысы беларускай архітэктуры!
Аўтарству А. Базевіча належыць шэраг культавых забудоў (з іх – 27 касцёлаў). На выставе прадстаўлены праекты касцёлаў, якія ўпрыгожылі Беларусь у апошнія дзесяцігоддзі: касцёл св. Казіміра ў Стоўбцах, каталіцкі цэнтр св. Арханёла Міхаіла ў Смаргоні, касцёл Маці Божай Ружанцовай у Менску і іншыя.
Самым вялікім і складаным праектам А. Базевіча з’яўляецца цэнтр у Смаргоні, які выконвае адукацыйную, выхаваўчую і камунікатыўную функцыю. Ён атрымаў дыплом Беларускага саюза архітэктараў на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе архітэктурных твораў у 2001 годзе. Паспяхова былі выкананы архітэктарам праекты грамадскага прызначэння, такія, як бізнэс-цэнтр “Падол” у Гародні (1994-95), цэнтр фірмы ” Грэйп” у Салігорску, гандлёвы цэнтр “Сафія” ў Бабруйску (2008 ), шэраг аб’ектаў агратурызму: сямейны турыстычны комплекс у Заслаўі, турыстычная база на Браслаўскіх азёрах, экасядзіба “Налібоцкая пушча”, комплекс “Крэўскі маёнтак” на трасе Менск-Вільня, фальварак “Вяча” ў в. Дафарэнцыя Менскага раёна і іншыя.
– Аляксандр Базевіч належыць да тых сапраўдных майстроў, якія ствараюць гарманічнае навакольнае ася-роддзе, якое спрыяе чалавечай душы,- адзначыў сябар Беларускага саюза архітэктараў Дзяніс Олін.
Спадар Аляксандр знаходзіць падтрымку ў сваёй сям’і: яго жонка Марыя – архітэктар, яна піша выдатныя вершы на беларускай мове, у сужанцаў – дзве дачкі.
“Удзячна лёсу, што са мной ты побач,
Табе ўдзячна за душы цяпло,
Што здольны падзяліць са мною радасць,
Што сэнс жыцця – Спагада і Дабро!”–
напісала спадарыня Марыя.
Выстава будзе доўжыцца і прыцягне ўвагу наведвальнікаў.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.
1-2. На адкрыцці выставы;
- Праекты А.Ф. Базевіча.
Талент
Талент як сонца!
Яго не схаваеш нідзе…
Ён не згарыць,
Не патоне ў шумлівай вадзе…
Нельга яго падарыць, ні скарыць, ні прадаць…
Грэшна, таксама, у сэрцы закрытым трымаць…
Плённым хай будзе ў гэтый віхуры падзей,
Хай акрыляе і цешыць надзеяй людзей,
Крочыць уперад, змагацца з нягодай, каб жыць,
Верыць і марыць, і толькі як можна – тварыць!
Бо толькі сам Чалавек здольны вызначыць лёс,
Каб яго талент узнёсся да самых нябёс.
Марыя Базевіч.