Уводзіны
Гістарычна-культурная і духоўная спадчына беларускага народа фармавалася на працягу стагоддзяў і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Яна ўключае ў сябе мастацтва, літаратуру, адукацыю, навуку, народную творчасць і фальклор, іншыя матэрыяльныя і духоўныя даброты. Яе захаванне з’яўляецца перадумовай і ўмовай самабытнасці народа і нацыянальнага развіцця краіны.
Асаблівае месца ў культурным і духоўным жыцці народа займаюць такія атрыбуты нацыянальнай дзяржаўнасці, як герб і сцяг, а таксама мова тытульнай нацыі, якой аддаецца перавага сярод моў іншых нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржавы.
Ніжэй разгледзім асаблівасці гістарычнага развіцця нацыянальных сімвалаў беларускага народа, яго мовы, замацаванне гэтых каштоўнасцяў у заканадаўстве, а таксама праблемы, звязаныя з іх захаваннем і ўдасканаленнем у новых умовах.
Герб Беларусі
У беларускай гісторыі прынята лічыць, што сімвалам беларускай дзяржавы здаўна быў герб Вялікага Княства Літоўскага “Пагоня” – выява збройнага вершніка на кані ў руху, які ў правай руцэ трымае меч гарызантальна над галавой, а ў левай руцэ – шчыт, на белым полі якога намаляваны шасціканцовы залаты крыж.
Пасля ўваходжання ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай у 1569 г. герб “Пагоня” з мінімальнымі зменамі, нароўні з гербам Кароны Польскай, быў элементам Герба Рэчы Паспалітай, аж да яе ліквідацыі ў 1795 годзе.
У 1918 г. “Пагоня” стала гербам Літоў-скай Рэспублікі, а таксама Беларускай Народнай Рэспублікі. У савецкі перыяд у Літве і ў Беларусі герб “Пагоня” не выкарыстоўваўся. З 1988 г. “Пагоня” стала сімвалам нацыянальнага руху ў Літве і ў Беларусі.
10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацвердзіў герб “Пагоня” ў якасці Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.
14 траўня 1995 г. па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на які выносілася, сярод іншых, пытанне аб усталяванні новых дзяржаўных сцяга і герба. Па дадзеных Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, за станоўчае вырашэнне пытання прагаласавала 75, 1% выбаршчыкаў. У выніку герб “Пагоня” быў заменены гербам, які нагадвае герб БССР.
5 ліпеня 2004 г. быў прыняты Закон “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь”. Згодна з арт. 9 Закона, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі зялёны контур Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб аздоблены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы “Рэспубліка Беларусь”.
Я, як былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, раней неаднаразова выказваў меркаванне, што рэферэндум па ўказаных пытаннях не мог праводзіцца. Рашэнне аб прызначэнні рэферэндуму было прынята з прымяненнем фізічнай сілы ў дачыненні да дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, якія абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту. Да таго ж, вынікі галасавання выклікалі вялікія сумневы ў назіральнікаў ад палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый.
Выкладзенае дазваляе сцвярджаць, што дзяржаўны герб “Пагоня” захоўвае свой легітымны статус і можа быць адноўлены новым Парламентам (магчыма, на падставе рашэння Канстытуцыйнага суда аб незаконным характары рэферэндуму 1995 года).
Сцяг Беларусі
У гісторыю беларускай дзяржаўнасці ўвайшоў бел-чырвона-белы сцяг. Лічыцца, што эскіз гэтага сцяга падрыхтаваў у 1917 годзе Клаўдзій Душ-Душэўскі ў адказ на просьбу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу.
Пазней бел-чырвона-белую стужку масава ўспрынялі ў Менску. У снежні 1917 г. у час Усебеларускага з’езда гэты сцяг быў прызнаны нацыянальнай сімволікай Беларусі. Ён стаў дзяржаўным сцягам БНР. 3 прыходам на зямлю Беларусі Чырвонай Арміі ён быў забаронены.
У канцы 80-х гадоў бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам барацьбы за дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Пасля правалу путчу ГКЧП 24 жніўня 1991 г. дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла ў Авальную залу бел-чырвона-белы сцяг, дзе ён і застаўся. На наступны дзень дэпутат-касманаўт Уладзімір Кавалёнак прынёс у залу яшчэ адзін сцяг.
19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон “Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь”.
На рэферэндуме ад 14 траўня 1995 г. А. Лукашэнка прапанаваў замяніць Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь. На падставе дадзеных Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дзяржаўныя сімвалы краіны былі змененыя. Аднак, як вышэй адзначалася, гэты рэферэндум нельга прызнаць законным, а яго вынікі – юрыдычна значнымі.
Мова Беларусі
Яшчэ да абвяшчэння суверэнітэту Беларусі 26 студзеня 1990 г. Парламент краіны прыняў Закон “Аб мовах у Беларускай ССР”. У ім абвяшчалася, што дзяржава “забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця”, “праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі”, “забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў”, “стварае грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі”.
У мэтах развіцця палажэнняў Закона Савет Міністраў БССР прыняў Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў, у якой ставілася задача паэтапна перайсці на беларускую мову ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця.
Аднак з выбраннем на пасаду Прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі сітуацыя ў моўнай палітыцы кардынальна змянілася. Працэс беларусізацыі быў прыпынены. Пытанне аб мовах было вынесена на рэферэндум у наступнай рэдакцыі: “Ці згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?”. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, 83,3% грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, адказалі “так”; і толькі 12,7% адказалі “не”. Пасля рэферэндуму пераход на беларускую мову спыніўся і пачаўся зваротны працэс.
У ходзе перапісу насельніцтва Беларусі ў 1999 г. выявілася, што беларускую мову лічылі сваёй роднай 73,6% жыхароў краіны, у сем’ях на ёй мелі зносіны 37%. На перапісе 2009 г. сітуацыя ў моўнай сферы змянілася: беларускую мову ў якасці роднай прызналі 53,2% апытаных, пры гэтым у сем’ях на ёй мелі зносіны 23,4%.
Па стане на 1 лютага 2013 г. на беларускай мове ў школах навучаліся 138,4 тысячы ці 16,4% навучэнцаў, а ў ВНУ 0,7 тысяч ці 0,2% студэнтаў.
У цяперашні час сістэма сярэдняй адукацыі на беларускай мове мае фармальны характар. У буйных гарадах жадаючых вучыцца ў беларускіх класах практычна няма. Болыпасць школ з беларускай мовай знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, што дазваляе казаць аб наяўнасці беларускага складніка ў працэсе навучання.
У атласе моў ЮНЕСКА беларускую мову пазначаюць як vulnerable, гэта значыць, ўразлівую, аслабленую. На думку экспертаў, калі не прыняць экстраных мераў па падтрымцы гэтай мовы, то яна хутка адамрэ.
Як вядома, у Беларусі няма ніводнай ВНУ, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове. З такой ініцыятывай выступіла Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”. Пакуль зарэгістраваны прыватны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Выканаўцам абавязкаў рэктара стаў ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў. Вядзецца падрыхтоўка дакументаў для атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць, фарміруецца штат выкладчыкаў, вызна-чаюцца будучыя спецыяльнасці. З верасня 2018 г. дзейнічаюць падрыхтоўчыя курсы для навучэнцаў старэйшых класаў, а таксама студэнтаў, якія жадаюць вучыцца па-беларуску.
Яшчэ адна праблема, звязаная з выкарыстаннем беларускай мовы, заключаецца ў яе прыніжэнні ў дзяржаўным і грамадскім жыцці. У гэтай сувязі заслугоўвае падтрымкі ініцыятыва дэпутата Палаты прадстаўнікоў, цяперашняга старшыні ТБМ Алены Анісім па прыняцці законапраекта “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспублікі Беларусь”.
Я таксама падзяляю меркаванне А. Анісім аб тым, што “беларуская мова – аснова нацыянальнай бяспекі”. Сапраўды, шануючы сваю нацыянальную мову, беларуская нацыя зможа кансалідавацца, усвядоміць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, свае нацыянальныя каштоўнасці і ў выніку адстаяць сваё права быць самастойным народам.
Высновы і прапановы
Беларускі народ як нацыянальная еднасць з даўняй гісторыяй і культурай сфармаваў свае сімвалы ў выглядзе герба і сцяга, захаваў сваю самабытную мову.
Па выніках рэферэндуму 1995 года былі зменены дзяржаўныя сімвалы, і разам з беларускай мовай, статус дзяржаўнай атрымала рус-кая мова. Па шэрагу прычын рэферэндум 1995 года нельга прызнаць законным. Гэта пазбаўляе яго вынікі юрыдычнай сілы і захоўвае легітымнасць раней дзеючых палажэнняў.
У мэтах умацавання статусу дзяржаўных сімвалаў і дзяржаўнай мовы ў Рэспубліцы Беларусь прапаную ўнесці папраўкі ў артыкулы 17 і 19 Канстытуцыі, выклаўшы іх у наступнай рэдакцыі:
Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова як мова тытульнай нацыі.
Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін.
Артыкул 19. Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.
Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальна размешчаных палос роўнай шырыні: верхняй і ніжняй белага, сярэдняй – чырвонага колеру. Суадносіны шырыні сцяга і яго даўжыні 1: 2.
Дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца старадаўні герб Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых зямель, які ўяўляе сабой малюнак размешчанага на чырвоным фоне вершніка белага колеру, звернутага ў левы бок, з паднятым мячом і шчытом з крыжам.
Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца музычная кампазіцыя на верш Наталлі Арсенневай “Магутны Божа”.
Варыянт: Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца музычная кампазіцыя на верш Леаніда Пранчака “Жыве Беларусь!”.