Нататкі з канферэнцыі
6 верасня ТБМ імя Ф. Скарыны правяло рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю “Нашы вякі – наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту спадчыны” з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў, каталіцкага касцёла, мясцовых дабрачынных фондаў, музеяў. На ёй абмяркоўваліся юрыдычныя, тэарэтычныя і практычныя пытанні захавання гістарычна-культурнай спадчыны.
У вітальным слове начальніца Упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Наталля Хвір перадала падзяку і добрыя словы ў адрас ТБМ ад міністра культуры. Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім зачытала віншаванне ўдзельнікам канферэнцыі з ЗША і пералічыла нормы заканадаўства, якія спрыяюць захаванню беларускасці.
Тэма захавання такіх галоўных каштоўнасцей, як беларуская мова, герб і сцяг прагучала ў выступленнях старшыні ТБМ Алены Анісім, заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь Міхаіла Іванавіча Пастухова.
Кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гістарычна-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Генадзь Ходар распавёў пра заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны. З яго выступлення ўдзельнікі канферэнцыі даведаліся, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 17 аб’ектаў сусветнай спадчыны, 635 аб’ектаў нацыянальнага значэння. Міністэрства культуры выступае дзяржаўным рэгулятарам палітыкі па захаванні гістарычна-культурнай спадчыны.
Доктар архітэктуры і прафесар БНТУ Георгій Патаеў зацікавіў прысутных аповедам пра 45 знакамітых паркавых ансамбляў Беларусі, лепшыя з якіх – Нясвіжскі і Гомельскі -захоўваюцца на еўрапейскім ўзроўні.
Пра жывую спадчыну Беларусі – традыцыйныя веды і практыкі як элементы ідэнтычнасці распавяла Ала Барысаўна Сташкевіч, прадстаўніца фонду “Культурная спадчына і сучаснасць”. Беларусь захавала ўнікальныя практыкі па бортніцтву, народнай медыцыне, кулінарыі, народных рамёствах. Гэты рэсурс можа дапамагчы ў развіцці крэатыўных індустрый рэгіёнаў.
На секцыйных пасяджэннях абмяркоўваліся тэмы зберажэння архітэктурнай і археалагічнай спадчыны, захавання мемарыяльных мясцінаў і літаратурных помнікаў.
У канферэнцыі ўзялі ўдзел вядомыя гісторыкі і краязнаўцы Павел Каралёў, Мікалай Півавар, Вітольд Ермалёнак і іншыя. Станіслаў Суднік распавёў пра практыку захавання памяці пра паўстанне 1863 года на Лідчыне. Пра замежны досвед паведамілі Георгій Патаеў, Алена Каховіч, Дзяніс Тушынскі.
Пра аднаўленне храмаў на Беларусі распавёў Яго Эксэленцыя біскуп Казімір Вялікаселец. Алег Анатольевіч Трусаў распавёў пра археалагічнае вывучэнне помнікаў беларускага мураванага дойлідства ХI-ХII cтагоддзя ў ХХ стагоддзі. Важнасць захавання недатыкальнасці зоны Курапатаў падкрэсліла сябра экспертнай групы ў абарону Курапатаў Зінаіда Антонаўна Тарасевіч. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел такія вядомыя папулярызатары шэдэўраў архітэктуры і мастацтва, як Юры Жыгамонт, Сяргей Харэўскі і іншыя.
Што перашкаджае захаванню ў належным стане многіх сядзібаў і паркаў, дапускае іх занядбанасць? Гэта малая колькасць спецыялістаў у галіне культурнай спадчыны – усяго 137 чалавек у рэгіёнах, і слабасць фінансавання. У выступленнях падкрэслівалася неабходнасць прыцягнення прыватных інвестараў для аднаўлення помнікаў архітэктуры і паркавых ансамбляў і стымулявання донараў.
ТБМ як грамадская арганізацыя шчыльна супрацоўнічае з дзяржаўнымі арганізацыямі, дабрачыннымі фондамі па пытаннях папулярызацыі гістарычна-культурных каштоўнасцей, духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа і пастаянна публікуе матэрыялы на гэту тэматыку на старонках газет ” Наша слова” і “Новы час”.
Юбілейная канферэнцыя ТБМ, арганізаваная намеснікам старшыні ТБМ Дзянісам Тушынскім, атрымалася плённай і змястоўнай.
Э. Оліна.