29 чэрвеня Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы і Дзіцячая мастацкая школа сумесна з Вольнаўскім сельсаветам правялі выязны пленэр, прысвечаны 215-годдзю з дня нараджэння беларускага мастацтвазнаўца, скульптара, жывапісца і майстра барэльефаў Рафала Ратшы Слізня (27/06/1804).
Мастачка і выкладчыца Анжаліка Вакуліч са сваімі навучэнцамі ўжо не ўпершыню прымае ўдзел у мастацкіх пленэрах рознага ўзроўню:
– З задавальненнем адправіліся ў творчую вандроўку на радзіму вядомага ў XIX стагоддзі земляка. У ліку беларусаў нямала тых, хто вызначыўся выдатнымі здольнасцямі і ўражлівымі дасягненнямі, якія ўвайшлі ў гісторыю дзякуючы сваім справам і ўчынкам. Нядаўна мы пабывалі на пленэры ў Польшчы і Літве, прытрымліваючыся слядоў годных прадстаўнікоў нашай нацыі: Кастуся Каліноўскага, Адама Міцкевіча, Францішка Скарыны, Максіма Гарэцкага, Станіслава Манюшкі, Уладзіслава Сыракомлі, Франці-шка Багушэвіча, Янкі Купалы, Вацлава Ластоўскага, кс. Адама Станкевіча, мастака Язэпа Драздовіча ды іншых беларускіх дзеячоў. Рабілі замалёўкі месцаў, прасякнутых духам гісторыі. Працавалі таксама на радзіме паэта А. Міцкевіча ў Завоссі. Цяпер вось адправіліся ў родныя мясціны Рафала Слізеня. Гэта быў не толькі вельмі таленавіты скульптар, але і надзвычай таленавіты архітэктар, які будаваў у правінцыі невялікія сядзібы і іншыя будынкі, займаўся планаваннем сядзібных паркаў. Рафал Слізень быў папулярнай і прывабнай асобай, з пачуццём гумару, празарлівы і дапытлівы…
Такія паездкі насычаюць ведамі і ўражаннямі.
Вучні зрабілі выдатныя скетчы Свята-Траецкай царквы у Вольна, з цікавасцю вывучаючы асаблівасці архітэктуры “віленскага” барока, малявалі на беразе пакручастай ракі Змейкі.
У пленэры таксама ўдзельнічалі баранавіцкі мастак Юры Лешык і літаратуразнавец ды журналіст Аляксей Белы.
– Мне было вельмі прыемна паўдзельнічаць у пленэры, – распавядае Юры Лешык. – У мяне засталіся вельмі добрыя ўражанні. Мы, беларусы, жывём на такой зямлі, якая мае мноства гістарычных мясцін, мноства архітэктурных помнікаў, звязаных са значнымі гістарычнымі асобамі. Але шкада, што мы жывём і не ведаем пра гэта.
Крыўдна, што большасць гістарычных помнікаў знаходзіцца ў разбураным і занядбаным стане. Нажаль, у дзяржавы няма грошай, каб аднавіць, захаваць ці падтры-маць у належным стане, тое, што мы маем.
Хочацца, каб ў нашых жыхароў было больш інфармацыі пра свой край, каб ездзілі не толькі ў іншыя землі, у Турцыю ці да Парыжа, а каб ганарыліся сваімі цікавымі мясцінамі і велічнымі асобамі роднай зямлі. Да гэтага павінен быць нейкі штуршок.
Я лічу, што трэба праз творчасць ісці да людзей, арганізоўваць выставы, пленэры, канцэрты, іншыя мерапрыемствы, звязаныя з мастацтвам.
І я з задавальненнем яшчэ паўдзельнічаю ў мерапрыемствах такога кшталту, калі яны будуць арганізоўвацца.
Удзельнікі пленэру наведалі вёску Бартнікі, дзе нарадзіўся Рафал Слізень. Там захаваўся панскі дом роду Слізняў. У гэтым доме ў 1841 годзе пасля вяртання са ссылкі з Уфы жыў Ян Чачот, сябар Адама Міцкевіча і пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры. Сюды ж прыязджаў пагасціць і Ігнат Дамейка, калі ў жніўні 1884 года прыехаў у Беларусь з Чылі. Там яго сустракаў Отта Слізень, родны брат Рафала.
Сам пленэр праходзіў у в. Вольна, дзе Рафал Слізень атрымаў пачатковую адукацыю ў базыльянскай школе, а за-тым пасля вяртання з Пецярбурга ў 1830 годзе і працаваў.
Айцец Мікалай распавёў удзельнікам пленэру пра царкву Святой Тройцы, першапачаткова пабудаваную ў 1768 годзе, якая на той момант была ўніяцкай. Царква мае нетрадыцайную для храмаў ляпніну з ваеннай тэматыкай і з’яўляецца гістарычнай і архітэктурнай каштоўнасццю вёскі Вольна.
Вольнаўскі сельсавет падрыхтаваў пачастунак для ўдзельнікаў пленэру. А бібліятэкар Тац-цяна Аляксандраўна Яроцкая расказала пра старадаўнія беларускія лялькі ручнога вырабу, якія сама і стварае.
Мы выказваем падзяку Ібрагімавай Наталлі Пятроўне, старшыні Вольнаўскага сельсавета, за падтрымку ідэі пленэру і дапамогу ў яе рэалізацыі.
Таццяна Кісель, Баранавіцкая філія
Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.