1 ліпеня, пасля цяжкай хваробы, адышоў у лепшы свет выдатны журналіст, літаратар і краязнавец Леанід Міхайлавіч Анціпенка. Яму было 84 гады. Ланід Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Цінькаў Крычаўскага раёна. Закончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага. Тры гады працаваў дырэктарам Рэкашыцкай школы Уздзенскага раёна. З 1963 года – літаратурны супрацоўнік, загадчык сельгасаддзела, намеснік рэдактара раённай газеты “Ударны фронт” Шклоўскага раёна. З 1975 года – рэдактар. З 1995 года – на пенсіі. Сябар Беларускага саюза журналістаў і ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з моманту ўтварэння адпаведнай структуры ў Шклоўскім раёне. Літаратурную дзейнасць пачаў яшчэ вучнем старэйшых класаў Бацвінаўскай сярэдняй школы Крычаўскага раёна, калі ў Чэрыкаўскай раёнцы была надрукавана яго байка “Мядзведзь і самакрытыка” (20 траўн\я 1954 года). Потым яго байкі, вершы, пародыі, апавяданні друкаваліся ў газетах “Магілёўская праўда”, “Звязда”, “ЛіМ”, “Чырвоная змена”, у часопісах “Вожык”, “Полымя” іншых перыядычных выданнях. Ланід Міхайлавіч – выдаў некалькі зборнікаў вершаў, прозы, эпіграм і пародый. Суаўтар калектыўных зборнікаў.
Так здарылася ў маім жыцці, што ў свой час я “захварэў” на краязнаўства. Шклоўская раённая газета “Ударны фронт”, калі рэдактарам працаваў Леанід Міхайлавіч, заўсёды шмат увагі ўдзяляла гэтай тэматыцы. З цягам часу з’явілася жаданне і мне самому паспрабаваць сябе ў якасці аўтара.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Першапачаткова свае паведамленні я рабіў па-руску і супрацоўнікі газеты перакладалі іх на беларускую мову. Гэта мяне неяк бянтэжыла. І вось, у чарговы раз, я завітаў у рэдакцыю ўжо з беларускамоўным артыкулам. Лявон Міхайлавіч, запрасіў у свой кабінет і пачаў моўчкі чытаць мой рукапіс. Я ўважліва паглядаў на рэдактара, які нахіліўшыся над маімі паперамі, пачаў амаль у кожным сказе выпраўляць памылкі. Хутка чырвоны колер ягонага пяра запоўніў усе мае аркушы, і я з напружаннем і сорамам чакаў, чым гэта ўсё скончыцца. Лявон Міхайлавіч па – ранейшаму моўчкі нешта абдумваў і нічога не гаварыў. Чакаючы адмоўнай рэакцыі я не вытрымаў і першы запытаў:
– Напэўна мне больш ніколі не трэба нічога пісаць?
І нечакана пачуў у адказ:
– Пішы! У цябе павінна атрымацца.
Такога прысуду я не чакаў.
Пасля гэтай падзеі я пачаў больш пільна цікавіцца беларускай гісторыяй, культурай, усім тым, што датычыць Беларусі. Беларуская мова, як увогуле беларушчына, зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне майго светапогляду. Набытыя веды дапамаглі мне задумацца над сэнсам жыцця, больш убачыць дабра і справядлівасці, шанаваць бацькоў, любіць і берагчы Радзіму. Асобнае месца на гэтым маім шляху належыць творчасці Лявона Міхайлавіча:
Мне Богу рана спавядацца,
Бо мала спраў, а больш надзей.
І можа, нават, гэтак стацца,
Што не памножыцца падзей,
А пойдзе ладам з ласкі Бога –
Яго штораніцы прасі.
Пакуль не збаўлены зямнога,
Цярпліва ты свой крыж нясі.
Калі абыдзешся без грэху
У гэтым немачным жыцці,
То адгукнешся ў небе рэхам,
За ім імкніся і ляці.
Ці магчыма, каб гэтыя словы Лявона Міхайлавіч, як і ўся яго творчасць, не закранула пачуццё чалавека?
Леанід Міхайлавіч Анціпенка пражыў жыццё так, што пра яго ніхто не можа сказаць кепскае слова. Ён быў вельмі ціхім чалавекам, які не ўлазіў ні якія канфлікты, быў рахманым, лагодным і працавітым.
Пахаваны Леанід Анціпенка 2 ліпеня на шклоўскіх могілках побач з жонкай Раісай.
А. Грудзіна.
Шклоўская раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы
імя Ф. Скарыны.