Home
Выданні

Праца над кнігай – гэта “раскопкі” ў архівах

Праца над кнігай – гэта “раскопкі” ў архівах

Мінулы год для вядомага краязнаўца на Віцебшчыне Міхася Баўтовіча быў  годам  завяршэння і выхаду на чытацкую аўдыторыю кнігі “Кнігадрук Полацка”.

– Больш дзесятка гадоў я працаваў над матэрыяламі і па  драбніцах збіраў звесткі пра кніжную спадчыну полацкіх езуітаў, якія і склалі аснову гэтага выдання. Па водгуках навукоўцаў гэта,  бадай, першае выданне такога кшталту, а тое,  што кніга выйшла ў такім выглядзе, я, найперш, абвязаны Алесю Аркушу, выдаўцу “Полацкага ляда”, якое дало жыццё не толькі маёй працы. Калі археоалагам, для  іх адкрыццяў,  трэба перакапаць тоны зямлі, я шмат “капаў” архівы для таго, каб як найбольш дэталёва ўнікнуць ў тое, чым вызначалася выдавецкая дзейнасць ордэна езуітаў у Беларусі XVIII – пач. ХІХ ст.

Міхася Баўтовіча на сустрэчу ў Верхнядзвінск  запрасіла мясцовая суполка ТБМ,  а да арганізацыі сустрэчы спрычыніўся і Цэнтр дзяцей і моладзі у памяшканні якога і прайшла творчая вечарына з удзелам настаўнікаў і вучняў гарадскіх школ, а таксама грамадскіх актывістаў, мясцовых краязнаўцаў.

На пачатку вечарыны арганізатары сустрэчы падзякавалі настаўнікам, якія 21 лютага зрабілі цудоўнае Свята роднай мовы: ім былі ўручаны падзякі ад ТБМ і Цэнтра дзяцей і моладзі, паэтычны зборнік вершаў К. Севярынца з асабістым аўтографам, які да гэтай падзеі даслаў адмысловы верш: 

ХТО Ў ХАЦЕ ГАСПАДАР

Ману за праўду сеюць фарысеі,

Пра “ущемление” крычыць імперскі дух.

У рускай мовы ёсць свой дом – Расея,

У беларускай – толькі Беларусь.

У нас народ гасцінны, як вядома,

Ды рускай мове скажам так, як ёсць,

Няхай тут пачуваецца, як дома.

Але не забывае, што ўсё ж тут – госць.

 

– Кнігадрук у Полацку ў часы, калі тут існаваў езуіцкі калегіюм, які пазней быў перайменаваны ў акадэмію, – кажа М. Баўтовіч, быў вельмі багатым.

Больш дзесятка гадоў аўтар “Кнігадрук Полацка” шукаў звесткі аб кнігах, якімі езуіты карысталіся пры выкладанні ў калегіюме і акадэміі і высветліў, што навучанне ў Полацку вялося, збольшага, па еўрапейскіх выданнях, якія адаптоўваліся да мясцовых ўмоваў.

У кнізе “Кнігадрук у Полацку” апісана амаль 500 выданняў, якія выйшлі ў Полацку ў другой палове   XVIII – першай палове XIX стагоддзя. Толькі ўжо лічбы гавораць пра тое, якая вялікая праца была праведзена даследчыкам. Сваю размову аб выданні Міхась  Баўтовіч суправаджаў мультыпрэзентацыяй з выявамі выданняў полацкіх езуітаў таго часу.

Аўтар распавядае пра тое, што :

– Кніга змяшчае апісанне выданняў, што выйшлі з-пад варштата полацкай друкарні. Вопіс храналагічна падзелены на дзве часткі. У першай частцы апісаныя кнігі, што выдалі сябры Таварыства Ісуса (1774-1820), у другой – выданні манахаў ордэна Божай Маці школаў пабожных (1824-1829). Колькасць згадак, сабраных у працэсе пошуку, для аднога запісу вагалася ад адной да адзінаццаці (у сярэднім 3-4). Змясціць усе згадкі пасля кожнага апісання не ўяўлялася магчымым, бо гэта надзвычай пашырыла б аб’ём кнігі. Таму крыніцы, дзе згадвалася канкрэтнае полацкае выданне, абіраліся паводле прыярытэту.

Кніга Міхася Баўтовіча  можа быць цікавай не толькі даследчыкам, але і шырокаму колу аматараў гісторыі Беларусі, і каторы раз усім нам  нагадвае пра багатую гісторыю нашай Радзімы.

Валянціна Болбат,

ТБМ, Верхнядзвінск.

Previous article Сведчанне сталасці беларускага кнігазнаўства
Next article Музей этнаграфіі ў Гарадзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202116
Памёр прафесар Ян Чыквін
Культура

Памёр прафесар Ян Чыквін

Ліст 29th, 202215
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202014