Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
САКАВІЦКАЕ РЭХА

САКАВІЦКАЕ РЭХА

10 красавіка 2019, 19:49 Мова, ТБМ 33
САКАВІЦКАЕ РЭХА

Вясна… Пара прыгажосці, пара кахання, пара нараджэння новага жыцця і новых спадзяванняў. Менавіта на адзін з вясновых дней UNESKO прызначыла адметную дату – Міжнародны дзень Паэзіі, які ўвесь свет адзначае 21 сакавіка, роўна праз месяц пасля Міжнароднага дня роднай мовы.

З мінулага года Магілёўская абласная арганізацыя Саюза беларускіх пісьменнікаў сумесна з гарадской арганізацыяй ТБМ з ініцыятывы Тамары Аўсяннікавай пачала адзначаць гэтую дату конкурсам мастацкага чытання ўласных вершаў “Сакавіцкае рэха”. Ініцыятыву пагадзілася падтрымаць бібліятэка № 9, якой нядаўна прысвоена імя Янкі Купалы. Тут як бы імя абавязвае.

Адносна ўзросту ўдзельнікаў конкурс самы дэмакратычны: у ім могуць браць удзел і дашкольнікі, і людзі далёка не маладыя. Але творы на конкурс прымаюцца толькі на беларускай мове. Журы ацэньвае асобна тэкст твора і асобна мастацтва яго выканання. Пераможцаў вызначае па суме гэтых двух уражанняў.

У мінулым годзе паказацца на конкурсе асмеліліся толькі 8 чалавек. Перамагла студэнтка факультэта журналістыкі Крысціна Башарымава.

На гэты раз у аргкамітэт паступілі заяўкі ад 20 вершатворцаў, пераважна ад школьнікаў (!), але з’явіліся на конкурс толькі 11.

Журы ў складзе Таццяны Барысік (віца-лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройця), Алены Быкавай (актыўная аўтарка альманаха “Брама”), Галіны Жмачынскай (намесніца дырэктара бібліятэкі), Яраслава Клімуця (вядомы літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук) і Мікалая Яцкова (старшыня абласной арганізацыі СБП) уважліва выслухала ўсіх канкурсантаў і пайшло ў іншы пакой падводзіць вынікі.

За час працы журы слухачы, якія запоўнілі бібліятэчную залу, паслухалі “ненавукова-музычную” лекцыю “Паэзія спеўная, няспеўная і няпэўная”, якую прачытаў магілёўскі бард і па сумяшчальніцтве лекар Васіль Аўраменка з дэманстрацыяй спеваў розных жанраў пад гітарныя пераборы.

Затым вядоўца агучыў паэтычныя навіны Магілёва за мінулы год. Самыя цікавыя з іх: заахвочвальны прыз Паўлу Бракаву ў конкурсе “Экслібрыс”, які Саюз беларускіх пісьменнікаў прысвяціў 100-годдзю БНР, выданне К. Башарымавай, леташняй пераможцай “Рэха”, рускамоўнага зборніка сюррэалістых вершаў “Et cetera” і перамога Насці Мацюлінай у конкурсе “Магілёўскія зорачкі” з выдатным уласным вершам “Наказ”, які 6 лютага друкаваўся ў “Нашым слове” сярод тэкстаў, рэкамендаваных для Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

А тут і журы падаспела з вынікамі сваёй працы.

Трэцяе месца прысуджана самаму маладому ўдзельніку, пяцікласніку школы № 25 Арцёму Новікаву. Верш пра лемантар быў па-дзіцячы недасканалы, але хлопчык прачытаў яго так натхнёна, што выклікаў гучныя воплескі слухачоў і вось такую прыхільнасць журы.

На другім месцы навучэнка 10 класа ліцэя № 3 Ната Драздова. Ната займаецца ў літаратурным моладзевым клубе “Святліца”, якім кіруе Т. Аўсяннікава, прыйшла туды з рускамоўнымі творамі, не толькі паэтычнымі, а на “Рэха” вырашыла прад’явіць свае першыя беларускія вершы. І ў гэтым выпадку першы блін аказаўся зусім не камяком.

А перамог журналіст Павел Бракаў з мініпаэмкай “Абвінавачваецца свабода!”, прысвечанай апошнім дням Кастуся Каліноўскага. Менавіта гэты твор высока ацаніла і журы “Экслібрыса”.

Кожны ўдзельнік атрымаў каляровае пасведчанне аб сваім удзеле ў конкурсе. А пераможцы атрымалі дыпломы, салодкія падарункі ад фундатара конкурсу, індывідуальнага прадпрымальніка  Сяргея Дымкова і асобнікі апошняга выпуска альманаха “Брама”. “Браму” ў якасці заахвочвальнага прыза падарылі і тым удзельнікам, якія былі блізкімі да прызавых ацэнак, Мікалаю Сувораву і Ніне Канаплёвай.

Міхась Булавацкі,

Магілёў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Навукова-практычная канферэнцыя  "ХIІ Лідскія чытанні".
літаратура

Навукова-практычная канферэнцыя "ХIІ Лідскія чытанні".

26 красавіка 2025, 06:4016
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову
Мова

Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову

2 лютага 2022, 07:5516
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Далучайцеся да нас