Home
ТБМ

ЛІСТ АД РАДЗІВІЛА

ЛІСТ АД РАДЗІВІЛА

 Агульнанацыянальная дыктоўка  – гэта не праверка на ПРАВАпіс, 

а наша самаправерка на ПРАВА жыць з роднай мовай

і  карыстацца ёю штодня.

Валер Дранчук.

 

Вечарам 21 лютага электронная пошта высвеціла новы адрас: Мікалай Радзівіл. Здзіўленне і здагадка былі амаль адначасовыя –  так і ёсць: гэта яны, маладыя, і, як цяпер любяць казаць, крэатыўныя супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычна-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” даслалі сваё вітанне і фотаздымкі з ранішняй  сустрэчы.

На пачатку святочнага дня  старадаўні нясвіжскі будынак стаў першым месцам, дзе жыхары горада і раёна сабраліся дружнай грамадой, каб ушанаваць як найвялікшую святыню родную мову. Да іх далучыліся і гаспадары – навуковыя супрацоўнікі музея-запаведніка. Сяргей Клімаў, дырэктар установы, прапанаваў прасторную і зручную залу.

Асноўная ўрачыстая дзея – напісанне Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Дык, дзякуючы ёй, завіталі яшчэ сюды са сваімі мудрымі думкамі, слушнымі  парадамі Францішак Скарына і Леў Сапега, Цётка і Вацлаў Ластоўскі, Ніл Гілевіч і Алесь Разанаў, Леанід Лыч і Мікола Савіцкі. Сярод іншых прамовіў і Якуб Колас: “Не трэба рабіць так, каб наша роднае слова не мела сабе прытулку ў сваёй роднай краіне”. Не лішнім было б запісаць, як параіла пасля ў прыватнай гаворцы адна з удзельніц, павучальны і такі надзённы  ўспамін  Эльжбеты Радзівіл, што яе бацька  “заўсёды гаварыў з нясвіжцамі па-беларуску”.

 Музычны камертон сустрэчы ў Дзень роднай мовы – вечныя “Зорачкі” Сяргея Новіка-Пеюна. Гэты гукавы покліч нясвіжскіх дыктовак зноў спявалі ўсе разам. І ўдалае выслоўе-матыватар  Валера Дранчука, як і ў мінулагоднюю дыктоўку, было  навідавоку. Выдатна пасавала  месцу і часу, настрою і думкам выступленне старшага навуковага супрацоўніка музея-запаведніка “Нясвіж” Андрэя Блінца. Ён пазнаёміў удзельнікаў дыктоўкі са  сваім грунтоўным даследаваннем пра ўраджэнца Нясвіжчыны, “беларускага школазбіральніка” Язэпа Шнаркевіча. Ахвярная праца нашага земляка дзеля навучання на роднай мове – пакуль што недасяжны  ўзор для сённяшняга настаўніцтва, духоўны прыклад  для кожнага беларуса.

Адным словам, усё  было прасякнута клопатам  пра родную мову і шчырым жаданнем, каб мела яна ў краіне свой пачэсны пасад. Дык ці трэба дзівіцца, што адгукнуўся нават “Мікалай Радзівіл” .

Наталля Плакса. Нясвіж.

Previous article Святло, якое свеціць нам
Next article Роднаму слову гучаць вечна!

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202526
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202016
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201915