На сядзібе ТБМ ў Менску прадстаўлены матэрыялы мастацкага пленэру 2015 года, у якім удзельнічалі Алесь Пушкін, Алесь Цыркуноў, Генадзь Драздоў, Андрэй Такінданг і Тарас Носаў. Да іх далучыліся творамі Уладзімір Анішчанка з Оршы і Алесь Марачкін з Менска.
“Многія беларусы трагічна і добраахвотна ваявалі з абодвух варагуючых бакоў, – напісаў у прадмове да выставы Алесь Пушкін. – Мастакі адчулі важнасць пленэру: братні народ пазнаецца ў змаганні за сваю будучыню! Ахвярныя шляхі беларусаў Міхася Жызнеўскага і Алеся Чаркашына, іх смерць за Украіну – вартая падзея, каб у форме жывапісна-дакументальнага пленэра зрэфлексаваць і засведчыць пра выключнае здарэнне ў грамадска-палітычным жыцці родных народаў. Гэта ахвярная смерць беларусаў ляжа падмуркам сапраўднай братэрскай будучыні і добрасуседства нашых народаў, бо браты пазнаюцца ў дапамозе ў цяжкіх выпрабаваннях.
Мы ж мастакі, сіламі мастацкай рэфлексіі, своечасовым выездам на месца баявых дзеянняў (вёскі – Пескі, Новогродыўка, Волмоваха, Велікоміхайліўка), дзе вяліся жорсткія баі, свежым мастацкім позіркам на рэаліі, не асветленыя нашымі СМІ, табуяванай і закрытай тэмы беларуска-ўкраінскіх адносін, засведчым каштоўнасць жыццёвага выбару лепшых сыноў Беларусі ў імя будучыні Украіны.
Мы верым, усведамляем і спадзяёмся, што гэтай сімвалічнай мастацкай падзеяй-пленэрам мы астудзім гарачыя галовы авантурыстам, пакажам гора, нянавісць, якія нясе вайна, прымусім жахнуцца і культурна пратэставаць супраць гэтага. Прапануем усім неабыякавым людзям нешта зрабіць разам, дамаўляцца і дапамагаць спыніць вайну на брацкай Украіне.”
– Мы пабывалі ва Украіне ў 2015 годзе, – успамінае творца. – Тады гэта было небяспечна, таму што тэрыторыя была замініравана, на зямлі ляжалі снарады, якія не разарваліся. Мастакі не адразу згадзіліся выправіцца ў рызыкоўнае падарожжа. Нам прадаставілі два мікраўтобусы. Мы наведалі пасёлак Пяскі за 3 кіламетры ад Данецка. Гэта – прыгранічная тэрыторыя, з другога боку знаходзіцца самаабвешчаная тэрыторыя ДНР.
Дом Культуры, школа, царква пасёлка Пяскі былі ўшчэнт разбураныя ад артылерыйскіх выбухаў. Разбітыя сцены, раскіданая бібліятэка, пакінутае абсталяванне ў кабінетах фізікі і працоўнага навучання ўяўлялі жахлівае відовішча.
Алесь Чаркашын з іншымі байцамі з батальёна жыў у будынку інтэрната сельскагаспадарчай школы. Светлы беларускі хлопец, хрысціянін, насіў пазыўны – Тарас. Алесь нарадзіўся ў Берасці, супрацоўнічаў з моладзевымі патрыятычнымі арганізацыямі “Край” і “Зубр”, пазней далучыўся да царквы і стаў сябрам БХД. Ён вучыўся ў Херсонскім тэалагічным каледжы на пастара і меў сярод яго навучэнцаў добрых сяброў. Песні, запісаныя сябрамі ў студыі і на вечарынах, былі выразам яго пачуццяў, праявай яго душы.
На сценах яго пакоя ў інтэрнаце віселі цытаты з Евангелля, а на дзвярах – герб Пагоня. Інтэрнат абстрэльваўся120-ціміліметровымі гаўбіцамі. У верасні 2015 года беларускі абаронца Украіны быў цяжка паранены, сцякаў крывёй і быў дастаўлены ў шпіталь, дзе пражыў яшчэ 14 дзён. Акрамя яго ў розны час загінулі яшчэ пяць байцоў батальёна, – успамінае Пушкін.
Мастак і яго сябры сустракаліся з яго паплечнікамі, распытвалі іх пра падзеі, пісалі партрэты байцоў. Украінскія пабрацімы Алеся Чаркашына перадалі ў Нацыянальны гістарычны музей у Кіеве яго гітару, беларускі сцяг і асабістыя рэчы.
Дапамогу мастакам у арганізацыі пленэру аказала беларуска-ўкраінская арганізацыя “Браты”, галава “Львівскай абласной спілкі художніків Украіны” Алег Мікіта, намеснік кіраўніка Нацыянальнага саюза мастакоў В. Зінчанка. Выстава “Білорусь з Україною в серці” пасля прэзентацыі ў амбасадзе Украіны ў Менску, была перавезена ў Кіеў і дэманстравалася ў 20-ці гарадах краіны: у Запарожжы, Чарнігаве, Кіраваградзе, Чаркасах і іншых гарадах. У лістападзе 2018 года творы вярнуліся да аўтараў.
Аўтарам ідэі пленэру, рэжысёрам-дакументалістам Антосем Цялежнікавым быў зняты і паказаны на Белсаце фільм “Пэндзлі замест аўтаматаў”.
Героі партрэтаў Алеся Пушкіна (Вінцэнт Гадлеўскі, Янка Быліна, Васіль Быкаў, Расціслаў Лапіцкі) – асобы, якія маюць моцны духоўны стрыжань і выражаюць маральны супраціў тым абставінам, у якіх яны жывуць. Сярод сучаснікаў мастак вызначыў Алеся Чаркашына, ацаніў подзвіг героя-рамантыка, якому было неабходна змагацца за ідэалы свабоды народаў.
Той факт, што лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення Беларусі не пашкадавалі свайго жыцця за гонар і свабоду Украіны, прымушае нас адстойваць і бараніць незалежнасць Беларусі, нашу зямлю, каштоўнасці культуры, гісторыі, мовы.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.
На здымках:
- Партрэт Алеся Чарка-шына;
- Падчас мастацкага пле-нэру.