Home
Культура

Калекцыянерка з Ліды сабрала больш за тры тысячы ёлачных цацак

Калекцыянерка з Ліды сабрала больш за тры тысячы ёлачных цацак

У калекцыі Марыны Яцко – савецкія ракеты, героі казкі “Руслан і Людміла”, цацка з партрэтамі Леніна і Сталіна і ўнікальная гірлянда, якая працуе з 60-х гадоў.

Разглядаць савецкія цацкі – гэта як заглыбіцца ў мінулае, асабліва для тых, хто памятае шкляныя шары і алюміневыя агуркі на ёлцы і яшчэ, як сам з’ядаў па начах павешаныя цукеркі, акуратна загортваючы потым пусты фанцік.

Марына Яцко жыве ў Лідзе і працуе на самай звычайнай працы – страхавым агентам. А вось хобі ў яе не самае звычайнае: яна калекцыянуе цацкі часоў Савецкага Саюза. Захапілася пяць гадоў назад, калі вырашыла ўпрыгожыць ёлку нечым арыгінальным:

– Убачыла ў інтэрнэце аб’яву пра продаж шкляных ружовых шароў. Хацела купіць адзін, а вярнулася дахаты з цэлай скрынкай, – распавядае лідзянка.

Марына села вывучаць, што яшчэ цікавенькага прадаюць на барахолках… і адкрыла для сябе новы свет. Многія цацкі даводзілася шукаць не на форумах, а ў вёсках. Адзін з рэдкіх набораў упрыгожванняў для ёлкі аддала бабуля мужа:

– У 1958 годзе яна купіла гэты набор, і потым не завешвала вокны – усе хадзілі і глядзелі на яе ёлку, – усміхаецца Марына.

Каб зразумець, чаму калекцыянеры вядуць паляванне за кожным асобнікам цацак з СССР, паспрабуйце ўспомніць, як вы пазбавіліся ад іх у дзяцінстве. Далікатныя ўпрыгожванні патрабуюць асцярожнага догляду: на многіх размалёўка змываецца нават вадой. Захоўваць іх трэба без трымальнікаў-вусікаў: яны шкодзяць шкло знутры.

Марына распавядае, што некаторыя цацкі з часам парэпаліся ці страцілі фарбу:

– Але рука не паднімаецца падфарбаваць ці заляпіць, баюся, зраблю горш, – кажа яна.

Цяпер яе калекцыя налічвае больш за тры тысячы цацак. Захоўваюцца гэтыя скарбы ў адмысловых цяжкіх скрынях тых жа часоў, асцярожна рассартаваныя па тэмах: садавіна і гародніна, жывёлы, казкі…

Дапамагаюць у нялёгкай справе дзве энцыклапедыі цацак – у іх апісаны ўсе калекцыі, які выходзілі,  і прыкладныя цэны на іх. Дастаць такую кнігу таксама нялёгка: кожную выпускалі ўсяго тысячай асобнікаў.

Хвілін праз дваццаць гутаркі пачынаю заўважаць у самых нечаканых месцах пары вачэй. Аказваецца, Дзяды Марозы так трывала мімікравалі пад светлы пакой, што іх проста амаль нерэальна знайсці. Колькі іх у кватэры, складана сказаць нават самой гаспадыні:

– Дзядуляў у мяне шмат, а вось са Снягуркамі заўсёды праблема. Унучку Дзеду Марозу прыдумалі толькі ў 1930-х, каб дзеці яго не баяліся, і выпускалі невялікімі партыямі, таму цяпер яны каштуюць нямала – па 200-300 рублёў і даражэй. У мяне ёсць адна Снягурка 1938 года. А гэты Дзед Мароз з рогам багацця – мой любімы! – калекцыянерка абдымае любімую цацку, як дзіця.

Зацвердзіць дызайн цацкі ў часы СССР было вельмі складана:

– Каб цацка выйшла ў свет, на фабрыцы збіраўся кансіліум, які абмяркоўваў эскізы мастака. Кожная цацка павінна была несці ідэалагічную нагрузку, патрыятычна выхоўваць дзяцей. Мода таксама ўплывала на дызайн: Сталіну падабаўся фільм “Цырк” – выйшла цыркавая серыя, прыйшоў да ўлады Хрушчоў – з’явіліся катахі кукурузы. Пасля палёту ў космас выйшла серыя са спадарожнікамі і касманаўтамі… Выходзіла і абаронная серыя з танкаў, самалётаў і нават паравозаў з надпісам “Сталін”, – распавядае Марына.

Самая дарагая цацка ў яе калекцыі – як раз блазан Вяткін з цыркавой серыі, у камплекце з якім ідзе сабачка Манюня. У адрозненне ад блазна, цэны на якога стартуюць ад 250 рублёў, Манюні выпусцілі куды больш, таму і каштуе сабачка ў 10 разоў танней.

Марына дастае скрынкі з асцярожна спакаванымі наборамі цацак і з бляскам у вачах распавядае пра кожную: вось Руслан і Людміла, вось Машанька і мачаха з “Марозка”, а вось – адвакат Гарох і сабака Трымай-Хапай з “Чыпаліна”…

А вось самі ёлкі былі наогул забаронены да 1937 года, пакуль улада не распавяла народу, што гэта свята шчаслівага дзяцінства, пра якое клапоціцца асабіста таварыш Сталін. Так ёлкі і апынуліся ў хатах. А мініялінкі з маленькімі цацкамі пачалі выпускаць у 1960-я гады, калі многія жылі ў маленькіх камунальных кватэрах.

“Камсамольская праўда”,

lida.info.

Previous article Каб душы адчулі пяшчоту і гармонію
Next article Да 100-годдзя БССР. Літаратурны вобраз кіраўніка першага ўрада БССР

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202116
Памёр прафесар Ян Чыквін
Культура

Памёр прафесар Ян Чыквін

Ліст 29th, 202215
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

сак 28th, 201915