Home
Культура

Да 100-годдзя БССР. Літаратурны вобраз кіраўніка першага ўрада БССР

Да 100-годдзя БССР.  Літаратурны вобраз кіраўніка першага ўрада БССР

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч. Ён жа – Капылянін, Сымон Друк, Авадзень, Цішка Гартны. Некаторым сучаснікам здавалася, што вядомы грамадскі  дзеяч Жылуновіч – гэта іншы чалавек, які да публіцыста дачынення не мае. Мастацкі вобраз аўтара “Маніхвэста Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі”, абвешчанага 1 студзеня 1919 года, стварыў у сваёй дакументальнай аповесці “Без эпітафіі” (1989) Эрнест Ялугін. Пісьменнік распавёў пра сваю працу над біяграфіяй кіраўніка першага ўрада БССР.

 

– Эрнест Васільевіч, Зміцер Жылуновіч блізкі Вам як публіцыст, рэдактар газеты і часопіса. Што падштрухнула Вас даследваць яго жыццё і дзейнасць? Якія абставіны і асобы паспрыялі Вам у стварэнні кнігі пра яго?

– У канцы 80-тых гадоў я працаваў адказным сакратаром часопіса “Нёман”. Чытачоў зацікавілі мае эсэ пра Мікалая Ўлашчыка і Адама Мальдзіса, і мне даручылі напісаць пра Жылуновіча. Мне паспрыяў Аляксей Кароль, які працаваў у Інстытуце гісторыі партыі, падзяліўся сваімі знаходкамі Віталь Скалабан.

Калі я збіраў матэрыял, рабіць усё было даволі складана, бо яшчэ дзейнічала КПСС. Але перабудова задавала свой тэмп. Шмат матэрыялаў я здабыў у архівах, я сустракаўся з удзельнікамі падзей.

У свой час, калі Ніл Гілевіч і Алег Трусаў запрасілі мяне да рэдактарства “Нашым словам”, я зразумеў, якой важнай з’яўляецца газета як калектыўны арганізатар і натхняльнік у дзейнасці ТБМ. Сам я быў адказным сакратаром у чатырох рэдакцыях, пачынаючы з Мсціслаўскай раённай газеты.

Першы варыянт кнігі на рускай мове быў надрукаваны ў часопісе “Нёман” пад назвай “После небытия”. Мне важна было паказаць, што зрабіў Зміцер Жылуновіч як дзяржаўны дзеяч. Кніга выходзіла ў СССР вялікім накладам. Калі ўтварылася Рэспубліка Беларусь з ідэяй незалежнасці, узнятая тэма стала яшчэ больш актуальнай. Маю кнігу чыталі дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

– З кім Вам давялося сустрэцца падчас працы?

– Вялікую дапамогу аказала Галіна Жылуновіч, якая падрабязна распавяла пра бацьку і пазнаёміла з пісьмамі і сямейнымі рэліквіямі, дапамаглі В.У. Скалабан – аўтар дысертацыі пра дзейнасць Белнацкама і У.Д. Якутаў, – аўтар прац пра Аляксандра Чарвякова. Багаты гістарычна-літаратурны і чалавеказнаўчы матэрыял быў сабраны ў кнізе “Успаміны пра Цішку Гартнага”, укладальнікам якога была дачка пісьменніка, кандыдат філалагічных навук Г.З. Жылуновіч і вядомы зямляк Гартнага, доктар гістарычных навук, прафесар С.Х. Александровіч.

Акрамя таго, я знайшоў месца, дзе пахаваны Жылуновіч.

– Як гэта адбылося?

– Я тройчы наведваў Магілёўскую псіхалякарню, дзе знаходзіўся Жылуновіч у 1937 годзе. Я знайшоў трох сведак, якія распавялі мне пра падзеі 1937 года: урача і дзвюх санітарак шпіталя. Адна з санітарак па прозвішчы Звяркова была маладой дзяўчынай у той час. Яна трапіла туды за сваім бацькам, таму што сям’ю раскулачылі і бацька звар’яцеў ад роспачы, а маці і маленькае дзіця выкінулі на вуліцу, і ніхто не даваў ім прытулку. Старэйшая дзяўчынка прабілася да свайго бацькі і працавала ў шпіталі санітаркай.

Урэшце, бацька Звярковай памёр, і яго пахавалі ў той яме, дзе і Змітра Жылуновіча. Яна прыходзіла туды наведваць свайго бацьку. Яна паказала мне гэтае месца, бо выдатна яго ведала. Калі я быў удзельнікам здымачнай групы дакументальнага фільма па маёй кніжцы “Без эпітафіі”, то сведкаў знялі на кінакамеру. Сведкі паведамілі, што былі там і бачылі мёртвага Жылуновіча. У іх у той час была ўзята падпіска пра неразгалошванне. Афіцыйнай версіяй лекараў была гангрэна лёгкіх, але ёсць меркаванне, што гэта было самагубства.

Жылуновічу спецыяльна дазвалялася прыходзіць у кантору і чытаць газеты. Калі ён даведаўся, што ў Маскве ідзе суд над нацдэмамі, ён зразумеў, што яго можа чакаць такі лёс. Каб пазбегнуць магчымых катаванняў, ён пайшоў на мужны ўчынак, бо не хацеў патрапіць сведкам на працэс і не хацеў, каб знішчылі яго сям’ю.  Жонку Надзею Сцяпанаўну, сына і дачку як сям’ю ворага народа проста выслалі з Беларусі і не дазволілі ім жыць у вялікіх гарадах. У другое выданне кнігі, падрыхтаванае для   “Мастацкай літаратуры”, я дадаў усе новыя звесткі. Але яно, на жаль, не выйшла.

– У кнізе Вы паказалі Жылуновіча маладым гарбаром з Капыля, потым – карэспандэнтам “Нашай Нівы”, рэдактарам “Дзянніцы”, сак-ратаром Беларускага Нацыянальнага Камітэта, кіраўніком першага ўрада БССР.

– У мяне была задача не зрабіць гістарычную бухгалтэрыю, а стварыць вобраз. Я шукаю сацыяльныя і псіхалагічныя прычыны кожнай з’явы ў гісторыі. Я натхніў Генрыха Далідовіча, і ён у сваіх публікацыях развіў гэтую тэму, быў маім пераемнікам.

– Жылуновіч быў схіліўся да бальшавікоў? Чаму так здарылася? 

– Калі прачытаць іх праграму, яны абяцалі перадаць зямлю рабочым і сялянам, запэўнівалі, што рабочыя на заводах будуць самі выбіраць сваё кіраўніцтва і частку прыбытку размяркоўваць паміж сабой. Бальшавікам удалося пераканаць народ, што яны зробяць лепшым жыццё. У той жа час дзеячы БНР не маглі згуртавацца, спрачаліся паміж сабой.

– У БССР не было ніводнай поўнай праўдзівай публікацыі пра лёс кіраўніка яе першага ўрада да выхаду Вашай кнігі. Гэта сведчыць пра тое, што дзяржава была камуністычнай і рэпрэсіўнай сістэмай?

– Калі не ўдалося рэалізаваць ідэю БНР, Жылуновіч і Чарвякоў думалі пра тое, што трэба падтрымаць БССР, таму што незалежнай была абвешчана не толькі асобная вобласць яе, а ўся краіна, хаця і ў форме савецкай рэспублікі. Інстынктыўна яны разумелі, што ні адна імперыя не ўтрымліваецца вельмі доўга, у іх было спадзяванне, што наперадзе будзе нешта лепшае, як пісалі:  “Загляне сонца і ў наша ваконца”.

Жылуновіч спадзяваўся, што калі абвешчана нацыянальная рэспубліка, то з цягам часу пачнуць выкладаць усе прадметы на беларускай мове ў школах, будзе працаваць у кожным горадзе нацыянальны тэатр, возьмецца за культурную справу інтэлігенцыя і будзе створаны нацыянальны друк.

У 1925 годзе Жылуновіч вязе ў Берлін дзвесці тысяч марак і два пуды рукапісаў, каб выпусціць у свет падручнікі на беларускай мове і некалькі томікаў беларускага прыгожага пісьменства. Жылуновіч узначальвае Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, актывізуе выдавецкую працу, рупіцца пра паліграфічнае забеспячэнне.

– Вы стварылі розна-планавы партрэт Цішкі Гартнага.

– Ён заўсёды сачыў за сваім знешнім выглядам, любіў прыгожа апранацца. Як толькі дазволілі ўмовы, купіў шэры франтаваты касцюм-тройку. Насіў белыя накрухмаленыя каўнерыкі, гальштук-мушку, вялюравы капялюш з вузкімі палямі, прывезены з Германіі. У Капыль ён прыязжаў заўсёды ў самым лепшым касцюме, падарункі прывозіў не толькі радні, але і суседзям, дзяцей частаваў цукеркамі, пернікамі. Многім гэта падабалася. А нехта цішком зайздросціў. Так з’явіўся данос у ЦК. На першым плане фігуравала, што Жылуновіч прымаў удзел у пахаванні свайго швагра з царкоўнымі ўшанаваннямі, а следам – што быў апрануты па-буржуйску, нават пачапіў гальштук. У чэрвені 1924-га яго на год выключаць з партыі – “за адарванасць ад мас і абывацельскую псіхалогію”.

У 1928 годзе ён становіцца правадзейным членам Інбелкульта. У 1934-1936 працуе ў Інстытуце гісторыі БелАН, чытае лекцыі па гісторыі Беларусі. У сваю кніжку я ўключыў вершы Змітра Жылуновіча.

– Чаму народ з глыбокай хрысціянскай гісторыяй паддаўся агітацыі бальшавікоў і так лёгка згадзіўся на разбурэнне і рабаванне храмаў?

– Калі хрысціянская вера становіцца дзяржаўнай, яна зрастаецца з кіруючай ўладай. Для значнай часткі людзей вера асцыявалася з царскім самадзяржаўем. Бальшавікі абяцалі адабраць маёмасць цэркваў і манастыроў і аддаць сялянам. Прапаганда дзейнічала актыўна. Яны заклікалі рабаваць  храмы і знішчаць святароў, бо святары, быццам бы, падтрымлівалі белую армію.

Гутарыла

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

На здымках:

  1. Эрнест Ялугін;
  2. Кніга ” Без эпітафіі”.

 

Previous article Калекцыянерка з Ліды сабрала больш за тры тысячы ёлачных цацак
Next article Навагодні творчы вечар Баранавіцкага ТБМ

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202116
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Памёр прафесар Ян Чыквін
Культура

Памёр прафесар Ян Чыквін

Ліст 29th, 202215
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

сак 28th, 201915