Home
Культура

Каб душы адчулі пяшчоту і гармонію

Каб душы адчулі пяшчоту і гармонію

У белай зале Чырвонага касцёла, упрыгожанай белымі зоркамі і блакітнымі званочкамі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, адкрыў сваім дабраславеннем выстаўку карцін Уладзіміра Ісачанкі “Там дзе жыве душа”, прысвечаную Божаму Нараджэнню.

– Усё, што стварыў Госпад на добрае, на радасць нам мастак перадае ў фарбах. Ён адчувае сэрцам жыццё і дыханне прыроды, перадае яе прыгажосць, паказвае хараство чалавека. Глыбокая тэматыка яго карцін датычыцца  падзей Новага Запавету. Дабраслаў, Божа, рукам майстра і яго сям’і! – сказаў ксёндз-пробачш.

Уладзімір Паўлавіч Ісачанка нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Кас-цюкоўка на Гомельшчыне. “Маё дзяцінства прайшло на рацэ, якая ўпадае ў Сож. Увесь час дзецьмі мы бавілі на рыбалцы. Бацькі працавалі на шклозаводзе імя Ламаносава бліз Гоме-ля”,- успамінае мастак. 

У 1975 годзе Уладзімір скончыў Менскае мастацкае вучылішча імя Глебава, а ў 1983 годзе – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Ён вучыўся ў Г. Ігнаценкі, А. Малішэўскага, У. Тоўсціка. Спадар Уладзімір працуе ў станкавым жывапісе, жанры пейзажу, нацюрморта, партрэта, кніжнай графікі. Мастак жыве ў вёсцы Вялікі Трасцянец, назірае за прыродай, робіць эцюды і замалёўкі з натуры. Знакавымі вобразамі для яго нацюрмортаў становяцца каштаны, яблыкі, бульба. 

– Усе мае карціны – розныя, – кажа мастак.- Аднойчы я захапіўся цеплынёй адносін паміж мамай і дачушкай, і хутка перанёс сюжэт на палатно. Так нарадзілася карціна “Чысты чацвер”. Іншы раз мы з сынам Паўлам каталіся на лыжах па садзе і нечакана ўбачылі зайца. Вушасціка я вырашыў пакінуць на карціне.

– У пейзажах Уладзіміра Ісачанкі адчуваецца пяшчота і гармонія, увага да навакольнага свету, – сказаў госць выставы, мастак Васіль Касцючэнка.- Добры, светлы, неабыякавы Уладзімір перадаў цішыню рэк Беларусі.

Улюбёная тэма Уладзіміра Ісачанкі – святыя крыніцы. Некалькі падобных прац, якія адлюстроўваюць чысціню і спакой водных багаццяў Беларусі, прадстаўлены ў белай зале Чырвонага касцёла.

– Я люблю падарожнічаць, спыняцца ў святых месцах, ля крыніц. Уражанне ад убачаннага я ў хуткім часе наношу на паперу. У маім жыцці так здарылася, што некалькі гадоў я пражыў у праваслаўным манастыры ў Чарнігаве па рэкамендацыі мітрапаліта Філарэта. Я убачыў зусім іншы, Божы свет, займаўся рэстаўрацыяй. Гэты перыяд дапамог мне перажыць цяжкасці і выстаяць. Зараз я з вялікай радасцю ў душы пішу выявы Маці Божай. З 60-ці абразоў і карцін на духоўную тэматыку я ўпершыню прадставіў сёння 8 прац.

Адна з карцін майстра называецца “Адпачынак у Егіпце”. Незвычайная па кампазіцыі карціна прымушае гледача паразважаць над тым, у якіх умовах знаходзілася святая сям’я падчас уцёкаў у Егіпет. Рэалістычны партрэт апостала Паўла паказвае яго стомленым і натруджаным місіянерскімі падарожжамі. Вобразы святых пакутнікаў напоўнены містыцызмам і адвечным духоўным святлом. Апошнія гады мастак працуе пераважна над стварэннем праваслаўных абразоў.

 

У мастацкім асяроддзі Уладзімір Ісачанка лічыцца адным з лепшых малявальшчыкаў. Яго творы, выкананыя ў рэалістычных традыцыях, адпавядаюць высокаму узроўню ў перадачы навакольнай рэчаіснасці.  У.П. Ісачанка з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

 

Previous article Алег Трусаў распавёў пра свой шлях да беларускай мовы і стварэнне Універсітэта імя Ніла Гілевіча ў Верасні №19
Next article Калекцыянерка з Ліды сабрала больш за тры тысячы ёлачных цацак

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202116
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

сак 28th, 201915
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202515